viasna on patreon

Касацыйны суд падтрымаў забарону кнігі Алеся Бяляцкага

2014 2014-03-31T13:01:06+0300 2014-04-02T11:50:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/reviaka-ablsud-31.03.14.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронцы Віктар Сазонаў, Таццяна Рэвяка і Павел Сапелка ля Гродзенскага аблсуда. 31.03.2014

Праваабаронцы Віктар Сазонаў, Таццяна Рэвяка і Павел Сапелка ля Гродзенскага аблсуда. 31.03.2014

31 сакавіка Гродзенскі абласны суд, разгледзеўшы касацыйную скаргу Таццяны Рэвяка, пакінуў у сіле рашэнне пра забарону кнігі Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай”.

Па словах праваабаронцы Таццяны Рэвяка, якая падавала касацыйную скаргу на прысуд Ашмянскага раённага суда, калегія суддзяў па грамадзянскіх справах прыняла рашэнне за тры хвіліны, што сведчыць пра тое, што яно было прынятае загадзя. Пры гэтым старшынюючы ў паседжанні суддзя Аляксандр Калеснік [выпраўлена - рэд.паводзіў сябе агрэсіўна і па-хамску. Ён не дазволіў заяўнікам падчас паседжання выказацца ў поўным аб’ёме і данесці да суда свае меркаванні.  

- Я ўпершыню сутыкнулася з такім хамствам у судзе. Суддзя Калеснік [выпраўлена - рэд.] перабіваў мяне, задаваў пытанні і не даваў выказацца ў адказ, паводзіў сябе вельмі эмацыйна і нават неадэкватна ў некаторых момантах. Такія паводзіны суддзі сведчаць не толькі пра нізкі юрыдычны ўзровень, але і пра перадузятасць у стаўленні да гэтай справы, - распавядае Таццяна Рэвяка. – Нашых аргументаў суд  не чуў, паколькі не бачыў у гэтым сэнсу. Суддзя не жадаў ацэньваць гэтую касацыйную скаргу з пункту гледжання таго, як кніга можа нанесці шкоду палітычным ці эканамічным інтарэсам, дзяржаўнай бяспецы, здароўю і маральнасці насельніцтва – ён усё зводзіў да пытання аб тым, што вынятыя ў мяне асобнікі былі для асабістага ці неасабістага карыстання. Хоць у рашэнні пра рээкспарт кнігі галоўнае заключалася ў тым, што кніга з’яўляецца “шкоднай”, нягледзячы на тое, з якой мэтай яна ўвозілася ў Беларусь.

Юрыст Павел Сапелка, які прадстаўляе інтарэсы Таццяны Рэвяка ў судзе, наконт агрэсіўных паводзінаў суддзі Калесніка [выпраўлена - рэд.] адзначыў, што яны як заяўнікі ў гэтым грамадзянскім працэсе апынуліся ў бяспраўным становішчы. 

- І мы б маглі паспрабаваць сваім голасам уплываць на суд, аднак нас закон у гэтай частцы не абараняе. У такім выпадку нас маглі б прыцягнуць да адказнасці за непавагу да суда. Аднак суд чамусьці не праявіў павагі да нас, не выслухаў нашыя юрыдычна абгрунтаваныя меркаванні. А адказнасць суда за непавагу да заяўнікоў не прадугледжана законам, - заўважае Павел Сапелка. – І, магчыма, праз тое, што суд чагосьці не дачуў, у яго і з’явілася такая павярхоўная выснова. Хоць людзі, якія прысутнічалі ў судовай залі, чамусьці зразумелі, што мы хацелі давесці да суда.

Сёння скаргу на забарону кнігу Алеся Бяляцкага касацыйная інстанцыя разглядала першай, таму ў зале было шмат грамадзянаў, якія чакалі разгляду па сваіх грамадзянскіх справах.

- Мы атрымалі вялікую маральную падтрымку вялікай залы, - дадае Тацяна Рэвяка. - Людзі з зацікаўленасцю слухалі гэтыя судовыя спрэчкі, і бачна было, што іх радавала тое, што заяўнікі даюць адпор хамству суда. Таксама людзі, якія не ўпершыню сутыкаюцца з суддзёй Калеснікам [выпраўлена - рэд.], адзначылі, што ён звычайна сябе так не паводзіць.

Матывы, па якіх касацыйная скарга праваабаронцаў не была задаволеная, будуць выкладзеныя ў вызначэнні суда, з якім яны змогуць азнаёміцца праз пяць дзён у судзе Ашмянскага раёна.

 

Нагадаем, 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай” былі канфіскаваныя ў праваабаронцы Таццяны Рэвяка на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны Лог” 3 ліпеня 2013 года. Зборнік літаратуразнаўчых эсэ і нарысаў, што выйшаў у свет за час зняволення аўтара, Ашмянская мытня накіравала на экспертызу, якую праводзіла незаконна створаная “экспертная камісія”. Па выніках правядзення дзвюх экспертызаў мытня забараніла выданне да ўвозу ў Беларусь. Таццяна Рэвяка  абскардзіла гэтае рашэнне мытні ў судзе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства