viasna on patreon

Касацыйная скарга на забарону кнігі Алеся Бяляцкага будзе разглядацца 31 сакавіка

2014 2014-03-27T13:41:10+0300 2014-03-31T17:31:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-kniha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай»

Кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай»

Гродзенскі абласны суд 31 сакавіка разгледзіць касацыйную скаргу Таццяны Рэвяка на рашэнне суда Ашмянскага раёна пра забарону кнігі “Асьвечаныя Беларушчынай”, якое праваабаронца лічыць незаконным і расцэньвае як цэнзуру.

Сябра “Вясны” Таццяна Рэвяка і юрыст Павел Сапелка, які прадстаўляе яе інтарэсы ў судзе, не намераны пагаджацца з рашэннем суддзі суда Ашмянскага раёна Таццяны Емельяновіч. У касацыйнай скарзе ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Гродзенскага абласнога суда яны на гэты конт паведамляюць: “Суд прызнаў, што змест кнігі А. Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай” можа нанесці шкоду палітычным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнай бяспецы і маральнасці грамадзянаў. Пры гэтым суд не прыводзіць ні адной фразы з гэтай кнігі, якая, на яго думку, можа нанесці шкоду названым каштоўнасцям. Як следства, дадзенае рашэнне суда пры існуючым мытным рэжыме перашкаджае ўвозу і распаўсюду кнігі А.Бяляцкага на тэрыторыі Мытнага саюза, у тым ліку, Беларусі, гэта значыць, стварае абмежаванні для азнаямлення з яе зместам той аўдыторыі, на якую разлічаны гэты мастацкі твор - людзей, якія цікавяцца літаратурай і гісторыяй Беларусі”. Праваабаронцы расцэньваюць рашэнне суда наўпрост як цэнзуру. “Прызнаючы кнігу А. Бяляцкага прадукцыяй, якая можа нанесці шкоду палітычным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнай бяспецы і маральнасці грамадзянаў, суд прыняў рашэнне ў дачыненні да яго права на выказванне свайго меркавання (шляхам стварэння літаратурнага твора), абмежаваў гэта права”.   

У якасці парушэння ў скарзе прыводзіцца і той факт, што сам аўтар кнігі Алесь Бяляцкі як зацікаўленая асоба не быў прыцягнуты судом да ўдзелу ў грамадзянскім працэсе. “Гэта з'яўляецца парушэннем патрабаванняў п. 19 Пастановы Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 24 снежня 2009 г. № 11 "Аб прымяненні судамі заканадаўства, якое рэгулюе абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў пры разглядзе скаргаў на неправамерныя дзеянні (бяздзейнасць) дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і службовых асобаў", у адпаведнасці з якой суд разглядае скаргу з удзелам заяўніка (грамадзяніна, прадстаўніка юрыдычнай асобы), які падаў яе, і кіраўніка дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі або службовай асобы, дзеянні якіх абскарджваюцца, альбо іх прадстаўнікоў, а ў неабходных выпадках і з удзелам іншых зацікаўленых у зыходзе справы асобаў”.

Таксама праваабаронцы заяўляюць, што рашэнне пра забарону кнігі суддзя Таццяна Емельяновіч прымала ў парушэнне працэсуальных нормаў: “выснова суда пра тое, што змест друкаванага выдання можа нанесці шкоду палітычным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнай бяспецы і маральнасці грамадзянаў, не пацверджаная дастатковымі і пэўнымі доказамі. Адначасова, гэтая выснова суда не адпавядае ўстаноўленаму судом факту непрымальнасці доказаў - экспертных заключэнняў”.

“Заключэнні, на якія спаслаўся суд, не з'яўляюцца афіцыйнымі дакументамі, паколькі выдадзеныя не дзяржаўнымі органамі, а неіснуючым органам - "экспертнай камісіяй". Ні экспертная камісія, ні ўніверсітэт, супрацоўнікамі якога з'яўляюцца сябры камісіі, дзяржаўнымі органамі не з'яўляюцца. Гэтыя заключэнні аспрэчваліся мной, а дзяржаўны орган належных доказаў правамернасці выдачы дакументаў і праўдзівасці іх зместу не прадставіў. Правамернасць выдачы дакументаў якраз і была ацэненая судом - яны прызнаныя недапушчальнымі ў той якасці, у якой былі прадстаўленыя дзяржаўным органам.

Названыя дакументы нельга было класці ў аснову рашэння і як прыватныя дакументы, паколькі яны аспрэчваліся мной, а іншымі доказамі не пацвярджаліся.

Названыя дакументы атрыманыя з парушэннем закона - Мытнага кодэкса МС, які ўстанаўлівае парадак правядзення экспертызы.

Нягледзячы на тое, што сябры камісіі Ягорычаў У.Я. і Хілюта В.У. з'яўляюцца спецыялістамі ў вобласці, адпаведна, гісторыі і права, іх даследаванне не можа быць прынятае судом як доказ, паколькі не выяўлена ні ў адной з прадугледжаных ГПК працэсуальных формаў”, - тлумачыцца ў касацыйнай скарзе, якую накіравала ў суд Таццяна Рэвяка.

Нагадаем, 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай” былі канфіскаваныя ў праваабаронцы Таццяны Рэвяка на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны Лог” 3 ліпеня 2013 года. Зборнік літаратуразнаўчых эсэ і нарысаў, што выйшаў у свет за час зняволення аўтара, Ашмянская мытня накіравала на экспертызу, якую праводзіла незаконна створаная “экспертная камісія”. Па выніках правядзення дзвюх экспертызаў мытня забараніла выданне да ўвозу ў Беларусь. Таццяна Рэвяка  абскардзіла гэтае рашэнне мытні ў судзе. 

 

Інфармацыя для журналістаў: Паседжанне ў Гродзенскім абласным судзе ў панядзелак 31 сакавіка распачнецца ў 09:30 і будзе праходзіць у залі №1 (1-ы паверх). Суд знаходзіцца ў Гродне па адрасе: вул. Карбышава, 20.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства