viasna on patreon

Экспертызу кнігі “Асьвечаныя Беларушчынай” суд прызнаў непрымальнай, але кнігу забараніў

2014 2014-02-11T12:05:00+0300 2014-02-17T14:19:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/reviaka-kniha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Таццяна Рэвяка

Таццяна Рэвяка

11 лютагаў судзе Ашмянскага раёна суддзя Таццяна Емельяновіч агучыла рашэнне па выніках разгляду грамадзянскай справы сябры ПЦ «Вясна» Таццяны Рэвяка супраць Ашмянскай мытні.

Праваабаронца падавала ў суд пазоў з нагоды забароны мытнікаў на ўвоз на тэрыторыю Беларусі кнігі літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ “Асьвечаныя Беларушчынай” Алеся Бяляцкага. Пасля дзвюх “экспертызаў” выдання мытнікі запатрабавалі ад Таццяны Рэвяка рээкспартаваць 40 асобнікаў, канфіскаваныя ў яе на беларуска-літоўскай мяжы, на тэрыторыю Літвы, дзе была выдадзена кніга.

10 лютага грамадзянская справа была разгледжана ў судзе. Падчас паседжання суддзёй былі заслуханы бакі, вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы, адбыліся судовыя спрэчкі бакоў, выступілі сведкі з боку праваабаронцаў - Сяржук Сыс і Андрэй Палуда, якія засведчылі, што Таццяна Рэвяка везла кнігі не для продажу, а для распаўсюду сярод сяброў і знаёмых Алеся Бяляцкага.

 

Паводле агучанага сёння судовага рашэння, скарга Таццяны Рэвяка не задаволена.  

Як распавяла праваабаронца, у судовым рашэнні яна не знайшла нічога ўцямнага і напісала заяву на атрыманне матывацыйнай часткі. Пакуль жа сваю матывацыю суддзя Таццяна Емельяновіч патлумачыла на словах.

- Суддзя сказала, што прызнае экспертызы па кнізе непрымальнымі, але прыняла іх да ўвагі як меркаванне спецыялістаў. Рашэнне яна прымала сыходзячы з унутраных перакананняў. У выніку кніга забаронена, - распавяла Таццяна Рэвяка.– Але сам факт, што экспертызы прызнаныя непрымальнымі, вельмі паказальны. Гэта пацвярджае, што Ашмянская мытня парушала закон.

На гэтых парушэннях Таццяна Рэвяка акцэнтавала ўвагу суддзі падчас свайго выступу 10 лютага:

“3-га верасня я атрымала чарговае паведамленне з Ашмянскай мытні, дзе ўказвалася, што экспертыза праведзена ЭКСПЕРТНАЙ КАМІСІЯЙ у складзе супрацоўнікаў Гродзенскага ўніверсітета – Ягорычава Уладзіміра і Хілюты Вадзіма.
Хацела б задаць пытанне прадстаўнікам Ашмянскай мытні: “Хто гэтыя людзі ў дадзенай справе? Якім чынам яны тут з’явіліся? Хто ім даручаў правядзенне мытнай экспертызы, калі такім правам надзелены толькі мытныя органы? Хто іх папярэджваў і ці папярэджваў увогуле пра адказнасць за дачу ілжывага заключэння?”. Гэтыя пытанні я задавала вам на працягу нашай шматмесячнай перапіскі, задавала Дзяржаўнаму мытнаму камітэту, куды звярталася са скаргамі на незаконныя дзеянні Ашмянскай мытні. І адказу на гэтыя пытанні я не атрымала да гэтага часу.  
У прызначэнні і правядзенні экспертызы былі дапушчаны яшчэ шэраг парушэнняў, якія падрабязна выкладзены ў маёй скарзе…
Дадзеныя парушэнні былі абскарджаны мной у Дзяржаўным мытным камітэце, адкуль атрымала паведамленне пра даручэнне Ашмянскай мытні правесці паўторную экспертызу.
З вынікамі дадзенай экспертызай я змагла азнаёміцца толькі пасля папярэдняга судовага паседжання, яна таксама была даслана мне з Ашмянскай мытні згодна з маім запытам.

І што самае дзіўнае – яна паўтарае ўсе тыя парушэнні, якія былі дапушчаны і пры прызначэнні, і пры правядзенні першай экспертызы. Яны падрабязна апісаныя ў маёй дапоўненай скарзе. На падставе чаго яна праводзілася? Аказваецца не на падставе рашэння аб прызначэнні мытнай экспертызы, а на падставе незразумелага ліста Ашмянскай мытні. Што гэта за дакумент? Якую юрыдычную сілу ён мае? Што датычыць адзнакі, што эксперты папярэджаны пра адказнасць за дачу заведама ілжывых заключэнняў, то яна не засведчана подпісамі экспертаў… 
На якой падставе выносіцца Ашмянскай мытняй рашэнне аб унясенні кнігі “Асьвечаныя Беларушчынай” у пералік тавараў, да якіх ужываецца забарона ці абмежаванне на ўвоз згодна з Раздзелам 1.3 адпаведнага пераліку? Да якой катэгорыі з пералічаных у дадзеным пераліку (парнаграфічных, экстрэмісцкіх, тэрарыстычных, нацысцкіх ці нейкіх іншых) адносіцца інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў выданні? Я з усёй адказнасцю магу заявіць, што да ніводнай з пералічаных катэгорый кніга Алеся Бяляцкага не адносіцца.
І самае галоўнае: што ў такім выпадку стала падставай для прыняцця рашэння пра рээкспарт кнігі? Адказаў на гэтыя пытанні я так і не атрымала. А яны з’яўляюцца вызначальнымі для прыняцця рашэння па дадзенай справе. І я ўпэўненая, што дапучшаныя парушэнні пры ажыццяўленні экспертыз, а таксама іх высновы робяць іх абсалютна юрыдычна нікчэмнымі і не могуць класціся ў аснову рашэння аб рээкспарце.
Падчас 7 месяцаў перапіскі з Ашмянскай мытняй я прааналізавала аналагічныя справы па прызначэннні экспертыз адносна друкаваных выданняў і прыйшла да высновы, што Ашмянская мытня ажыццяўляе СІСТЭМАТЫЧНЫЯ парушэнні закона.
Другі важны аспект дадзенай справы – гэта прызнанне вынятых у мяне кніжак таварам не для асабістага карыстання. Сваё рашэнне на дадзены конт канкрэтнымі доказамі мытня не абгрунтавала”.

 

Юрыст Павел Сапелка, які прадстаўляў інтарэсы Таццяны Рэвяка ў судзе, паведаміў, што рашэнне суддзі Таццяны Емельяновіч, паколькі з’яўляецца незаконным і неабгрунтаваным, будзе абскарджана ў касацыйным парадку ў Гродзенскім абласным судзе.

- Унутраныя перакананні павінны быць заснаваныя на належных доказах, - кажа Павел Сапелка. – Абскарджанне незаконных дзеянняў службовых асобаў праводзіцца па крыху іншых правілах, чым астатнія грамадзянскія справы: заяўнік не павінен даказваць сваю рацыю. Абавязак даказвання кладзецца на дзяржаўны орган. Ашмянская мытня не прадставіла пераканаўчых доказаў, якія можна ацаніць як адносімыя і дапушчальныя, таму рашэнне суда незаконнае.

На далейшае развіццё справы юрыст глядзіць з аптымізмам:

- На кожным этапе абскарджання мы мелі нейкія невялікія перамогі. І ў выніку спадзяемся прымусіць мытню адказна падыходзіць да прыняцця рашэнняў у межах сваіх кампетэнцыяў, хоць ніхто не чакае, што гэта будзе лёгка.

Да ацэнкі рашэння суда Ашмянскага раёна праваабаронцы ПЦ “Вясна” вернуцца, калі атрымаюць матывацыйную частку.        

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства