viasna on patreon

Экспертыза забароненай кнігі Бяляцкага адмененая Дзяржаўным мытным камітэтам... да новай экспертызы

2013 2013-11-12T12:40:54+0300 2013-11-13T10:31:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-kniha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай»

Кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай»

Сябра Рады ПЦ “Вясна” Таццяна Рэвяка атрымала адказ на сваю скаргу з Дзяржаўнага мытнага камітэта. Яна абскарджвала парушэнні з боку службовых асобаў Ашмянскай мытні пры прызначэнні экспертызы сканфіскаванай у яе кнігі Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай” і парушэнні “экспертнай камісіі”, якая прыйшла да высновы, што кніга “можа нанесці ўрон іміджу Рэспублікі Беларусь”.

Намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Сяргей Барысюк паведамляе: “ДМК Рэспублікі Беларусь пацвердзіў правамернасць дзеянняў службовых асобаў Ашмянскай мытні пры ажыццяўленні мытнага кантроля. Разам з тым, улічваючы Вашую нязгоду з заключэннем экспертаў, а таксама адсутнасцю канкрэтных высноваў экспертаў па пытаннях, пастаўленых Ашмянскай мытняй у рашэнні аб прызначэнні мытнай экспертызы, ДМК Рэспублікі Беларусь даручыў Ашмянскай мытні, кіруючыся артыкулам 143 Мытнага кодэкса Мытнага саюза арганізаваць у як мага больш кароткія тэрміны правядзенне паўторнай мытнай экспертызы… ДМК Рэспублікі Беларусь пацвярджае правільнасць прынятага Ашмянскай мытняй рашэння… і адмаўляе ў задавальненні Вашай скаргі”.

Навошта ўлады пайшлі на такую паўмеру? Калі не ўстаноўлена парушэнняў з боку супрацоўнікаў мытні, то ў сувязі з чым прызначаная паўторная экспертыза? Гэтае пытанне Таццяна Рэвяка ставіць у новай скарзе ў Дзяржаўны мытны камітэт.

“Мяне не задавальняе тое, што мытны камітэт не даў ацэнку дзеянням супрацоўнікам Ашмянскай мытні. Нібыта прызначэнне вось гэтай паўторнай экспертызы звязанае толькі з тым, што мне не спадабалася папярэдняя, а не з тым, што было парушана заканадаўства і ў парадку прызначэння экспертызы і ў парадку яе правядзення, - тлумачыць Таццяна Рэвяка. – Таму мая скарга накіравана якраз на тое, каб прадухіліць падобныя незаконныя дзеянні ў далейшым не толькі ў дачыненні да мяне, але і да іншых людзей, якія могуць апынуцца ў такой сітуацыі, не маючы дастатковага досведу, падрыхтоўкі ці ўпартасці, каб змагацца за тое, каб дзяржаўныя органы дзейнічалі згодна з законам, а не з чыімсьці жаданнем-нежаданнем ці тэлефоннымі званкамі…

У той жа час праваабаронца не выключае, што яе ўпартасць у дадзенай справе можа выклікаць агрэсіўную рэакцыю: “Стаіць пытанне пра экстрэмізм, якога не было выяўлена ў кнізе Алеся Бяляцкага згодна з папярэдняй экспертызай. Я не выключаю, і ў гэтым маё глыбокае апасенне, што будзе нейкі элемент помсты за вось гэтую ўпартасць і штосьці “экстрэмісцкае” будзе прыцягнута да ацэнкі гэтай кніжкі. Але я ўсё ж спадзяюся на здаровы сэнс”.

Разам з тым у перапісцы з Дзяржаўным мытным камітэтамТаццяна Рэвяка, хоць і патрабавала, але не атрымала адказу наконт ліста пра “акалічнасці справы”, які ў сваёй даведцы згадала “экспертная камісія”.  Праваабаронца ў чарговы раз просіць даслаць ёй копію гэтага ліста, нейкім чынам паўплываўшага на лёс кнігі палітвязня Алеся Бяляцкага.

Нагадаем, 40 асобнікаў зборніка літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ “Асьвечаныя Беларушчынай” былі канфіскаваныя ў праваабаронцы Таццяны Рэвяка 3 ліпеня гэтага года на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны Лог”, калі яна везла іх з Вільні ў Беларусь. Ашмянская мытня накіравала кнігу на экспертызу, перад якой былі пастаўлены пытанні пра наяўнасць  у кнізе заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці альбо яе прапаганды; пра наяўнасць інфармацыі, якая б магла нанесці палітычную ці эканамічную шкоду дзяржаве альбо дзяржаўнай бяспецы, здароўю ці маральнасці грамадзянаў Беларусі. З 24 па 30 ліпеня “экспертная камісія” з двух навукоўцаў  Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта праводзіла экспертызу, па выніках якой прызнала, што кніга “Асьвечаныя Беларушчынай” “можа нанесці ўрон іміджу Рэспублікі Беларусь”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства