viasna on patreon

Справа Сакалоўскага: амапаўцы адмаўляюцца ад матэрыяльных патрабаванняў Дапоўнена

2021 2021-07-12T12:21:00+0300 2021-07-12T16:12:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sakalouski-04.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Кастрычніцкім судзе Гародні 12 ліпеня працягваецца разгляд крымінальнай справы Андрэя Сакалоўскага. Яго вінавацяць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 342 КК РБ (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 КК РБ (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Справу разглядае суддзя Маргарыта Ланцэвіч. Дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Віктар Нічыпарук.

Справу маніторыць правааабаронца Раман Юргель.

Па матэрыялах следства, 6 верасня 2020 года на вуліцы Гарнавых у Гродна Сакалоўскі, знаходзячыся ў счэпцы грамадзян, аказаў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам АМАПа, з групай асобаў перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі выконваць іх абавязкі. У ходзе групавых дзеянняў актыўна, з помсты, меў намер прычыніць боль 11 пацярпелым амапаўцам, пагражаў іх асабістай бяспецы.

Андрэй Сакалоўскі сябе вінаватым не прызнае.

На папярэдніх судовых пасяджэннях дапытвалі пацярпелых амапаўцаў. Яны блыталіся ў паказаннях, супярэчылі сваім ранейшым паказанням, адмаўляюцца ад сваіх ранейшых матэрыяльных патрабаванняў да абвінавачванага.

Гародня: Адзінаццаць пацярпелых амапаўцаў блытаюцца ў паказаннях, суд здымае матэрыяльныя пазовы

У суд не з'явілася 6 сведак. Пракурор апавяшчае матэрыялы першага тома крымінальнай справы Андрэя Сакалоўскага. Пералічвае: скрыншоты на 29 лістах, 4 дыскі запісаў, датычныя падзей каля Брэста пракурор прапускае, паколькі яны не маюць ніякага дачынення да гэтай крымінальнай справы.

12 ліпеня пацярпелыя з'явіліся на пасяджэнне суда для прагляду відэазапісу, прагляду і апытання суддзёй і адвакатам.

Дзяржабвінаваўца апавяшчае пратакол агляду запісу: відэа дыск з камеры відэаназірання з вул. Гарнавых за 6 верасня. На відэазапісе бачнае няўзгодненае масавае мерапрыемства, дзе Сакалоўскі бачны ў натоўпе людзей з дзіцём. Зафіксавана таксама сутыкненне людзей і барацьба паміж Сакалоўскім і АМАПам. Сакалоўскі затым ідзе да прыпынку грамадскага транспарту.

5 пацярпелых - Вавілонаў, Белы, Латкоў, Аскерка, Дмухоўскі - праглядаюць відэа. Яны ў чорных балаклавах.

Адвакат запытвае, хто сябе ўбачыў на відэа і апазнаў?

Усе пяцёра сябе ўбачылі і апазналі. Кажуць, што ўбачылі Сакалоўскага.

Адвакат просіць кожнага з пацярпелых, назваць свае дзеянні ў адносінах да Сакалоўскага.

Белы: “Я стаяў у першым ланцугу. Сакалоўскага на відэа магу апазнаць”.

Адвакат удакладняе ў Белага:

 - Дзе Сакалоўскі вам наносіць цялесныя пашкоджанні, дзе гэта на відэа? Пазоў падтрымліваеце?

- Так.

Адвакат: "Але Сакалоўскі вам не наносіў ўдары, а ў вашым пазове паказана, што менавіта Сакалоўскі прычыніў вам цялесныя пашкоджанні? Ёсць разыходжанні ў вашых паказаннях і ў пазове! Вы адмаўляецеся ад пазову?"

- Я адмаўляюся ад пазову!

Суддзя абвясціла пастанову: прыняць адмову ад пазову Белага, вытворчасць па пазову спыніць.

Далей пытанні адваката пацярпеламу амапаўцу Латкову.

- Па якіх прыкметах вы апазналі сябе на відэа?

- Пазнаў сябе.

- Сакалоўскі на відэа прычыняў вам пабоі, пашкоджанні?

- Ён адштурхоўваўся, я штурхаў, затрымліваў Сакалоўскага іншы супрацоўнік.

- У пазове, вы паказалі, што Сакалоўскі наносіў вам ўдары. Што адпавядае рэчаіснасці, вашы паказанні ў судзе, у пратаколе або ў пазове? Вы падтрымліваеце пазоў?

- Так. Пры затрыманні Сакалоўскі ўпіраўся. На відэа, ёсць фрагмент, дзе я яго затрымліваю.

Латкоў зноў глядзіць відэа, шукае той момант.

Латкоў паказвае фрагмент, дзе Сакалоўскі, нібыта штурхае амапаўца Латкова, у чорным, у балаклаве.

Адвакат:

- А ў чым вашыя пакуты ад дзеянняў Сакалоўскага. Вы не зафіксавалі пабоі, да лекара не звярталіся?

- Пабоі не фіксаваў, да лекараў не звяртаўся, дакументальна пазоў не магу пацвердзіць.

Адвакат: “У вас розныя тлумачэння ўсюды. Чаму вы не сфармулявалі свае іскавыя патрабаванні?  Чаму следчаму аб гэтым не гаварылі?

- Следчы сказаў мне, што дасцё паказанні, што ўсюды былі ў той дзень у горадзе.

Адвакат:

- Суд не можа вас дакладна ідэнтыфікаваць, вы былі ў чорным. Ад пазову вы адмовіліся ў мінулы раз. Следчы з вамі размаўляў без балаклавы, то якія вашы паказанні з'яўляюцца сапраўдныя?

- Усе сапраўдныя. Паказанні мае былі толькі па Берасці.

- А якое дачыненне вы маеце да справы Сакалоўскага?

- Спытайцеся ў следчага.

Пасля прагляду відэазапісу пацярпелым Ігарам Мінько, пракурор запытаўся пра ягоныя дзеянні і Сакалоўскага.

Адвакат супраць пытання, бо на папярэднім допыце Мінько сказаў у судзе, што не бачыў яго. На відэа таксама не апазнае Сакалоўскага. Пазову не прад’яўляў.

Паколькі сёння на суд не з’явіліся пацярпелыя Лісаў і Базылевіч, суддзя пастанавіў выклікаць іх паўторна і працягнуць судовае пасяджэнне ў 14-45 15 ліпеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства