Гародня: Адзінаццаць пацярпелых амапаўцаў блытаюцца ў паказаннях, суд здымае матэрыяльныя пазовы Дапоўнена
У Кастрычніцкім судзе Гародні 5 ліпеня працягваецца разгляд крымінальнай справы Андрэя Сакалоўскага. Яго вінавацяць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 342 КК РБ (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 КК РБ (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Справу разглядае суддзя Маргарыта Ланцэвіч. Дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Віктар Нічыпарук.
Справу маніторыць правааабаронца Раман Юргель.
Па матэрыялаў следства, 6 верасня 2020 года на вуліцы Гарнавых у Гродна Сакалоўскі, знаходзячыся ў счэпцы грамадзян, аказаў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам АМАПа, з групай асобаў перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі выконваць іх абавязкі. У ходзе групавых дзеянняў актыўна, з помсты, меў намер прычыніць боль 11 пацярпелым амапаўцам, пагражаў іх асабістай бяспецы.
Андрэй Сакалоўскі сябе вінаватым не прызнае.
На папярэднім судовым пасяджэнні дапытвалі пацярпелых амапаўцаў. Яны блыталіся ў паказаннях, супярэчылі сваім ранейшым паказанням, адмаўляюцца ад сваіх ранейшых матэрыяльных патрабаванняў да абвінавачванага.
У справе гарадзенца - адзінаццаць пацяперпелых амапаўцаў
Пацярпелыя блытаюцца ў паказаннях
Допыт пацярпелага Віктара Духоўскага. Адказвае на пытанні пракурора па падзеях 06.09.20. Падышоў натоўп людзей з лозунгамі, плакатамі, спрабавалі прайсці ў цэнтр, рушылі на нас. Людзей папярэджвалі аб незаконнасці, але яны ўсталі ў счэпку, спрабавалі хапаць за форму, маску, нанесці ўдары, перашкаджалі праезду транспарту. Па медычную дапамогу не звяртаўся.
“Два разы ў счэпцы ішлі на нас, агрэсіўна хтосьці заводзіў натоўп. Сакалоўскага не памятаю, каб затрымліваў. Я цяпер у судзе кажу, што Сакалоўскі правакаваў людзей на ўжыванне гвалту! Я ў РАУС яго не дастаўляў. Калі яго затрымалі ў РАУС, то ён вінаваты і яго не адпусцілі б. Пазоў не заяўляў. Сакалоўскі гвалту да мяне не прымяняў, але заклікаў людзей біць міліцыю, правакаваў натоўп, каб прарвацца ў цэнтр. Пагроз мне не выказваў”.
Допыт пацярпелага Андрэя Вавілонава. Шостага верасня ён працаваў на раёне, было шмат людзей ня згодных з выбарамі. Людзі сабраліся былі на мітынг з БЧБ сцягамі, з плакатамі. Людзі станавіліся ў счэпку і ішлі на сілавое сутыкненне. Сакалоўскі там знаходзіўся, вылучаўся, быў у белай кепцы, масцы, высокі.
Адвакату адказвае, не памятае, хто Сакалоўскага затрымліваў. Адвакат паказвае матэрыялы справы пракурору і пацярпеламу.
- Вы следчаму кажаце, што былі ў Кастрычніцкім РАУС, а цяпер, што вы былі на Гарнавых. Супярэчнасці ёсць.
- Супярэчнасцяў няма, я кажу паслядоўна праўду.
Адвакат кажа што будзе хадайнічаць аб прызначэнні псіхіятрычнай экспертызы, паколькі пацярпелы паведамляе новыя дадзеныя і не разумее пытанні адваката.
Суддзя, дык вы былі на Гарнавых?
- Так.
- Калі?
- Быў, час не памятаю.
Допыт пацярпелага Ігара Мілько.
Кажа, што цялесных пашкоджанняў яму не наносілі, хапаліся за форму і маску. Сакалоўскага не затрымліваў, гвалту ён не ўжываў. Пазову не вылучаў да абвінавачанага.
Суддзя:
У абвінавачванні паказана, што да вас ўжылі гвалт і былі пагрозы гвалту, патлумачце...
- Натоўп дзейнічаў, але не канкрэтна Сакалоўскі.
Допыт пацярпелага Аляксандра Дзербука.
"Група інфармавання папярэджвала грамадзян пакінуць тэрыторыю, яны не рэагавалі, выказвалі незадаволенасць, крычалі, усталі ў счэпку і пайшлі па тратуару, прарваліся праз нас. Мяне схапіў грамадзянін у белай майцы, я пачаў праводзіць затрыманне, ён пачаў упірацца, штурхацца, вырваўся ад мяне, я зноў яго стаў затрымліваць. Сакалоўскі абхапіў мяне, я зрабіў загін рукі яму, даставіў яго да аўто, ён вырываўся. Потым высветлілі, што гэта Сакалоўскі. Я асабіста фізічна яго затрымліваў. Я глядзеў потым відэа і яго апазнаў, ён быў актыўным. Цялесныя пашкоджанні былі".
Сёння ў судзе працягваецца допыт пацярпелых. Падтрымаць Сакалоўскага прыйшло 30 гарадзенцаў.
Амапавец Міхаіл Аскерка.
Калона рухалася па вул. Гарнавых, былі БЧБ сцягі, крычалі лозунгі. Людзі не рэагавалі, стаялі ў счэпцы, нас штурхалі, наносілі ўдары. Я адчуваў фізічны боль, ад каго не ведаю. Пазоў Сакалоўскаму не прад’яўляў.
Адвакат зачытвае пратакол допыту Аскеркі. Маецца шмат супярэчнасцяў.
Пацярпелы Васіль Петрусенка кажа, што ў той дзень быў каля ўніверсама Брэст, а на вул. Гарнавых не дзяжурыў. Суддзя абвясціла пацярпеламу пастанову Кастрычніцкага суда - прыняць адмову Петрусенка, а вытворчасць па матэрыяльным пазове спыніць.
Судддзя:
- Вы адмаўляецеся ад пазову ад паказанняў па Берасці?
- Так. Я не ведаю, мяне так апытаў следчы.
Адвакат:
- Вы ж падпісалі дакументы па справе, вам патлумачылі правы і абавязкі і вас папярэджвалі аб крымінальнай адказнасці за ілжывыя паказанні па арт. 401 КК РБ. Прычым тут падзеі ля ўніверсама Брэст, калі абвінавачваюць Сакалоўскага па падзеях на вул. Гарнавых.
- Я гэтыя паказанні, даваў па іншай справе!
Адвакат:
- Аскерка, чаму вы нідзе не расказваеце пра Сакалоўскага? Вы пра Брэст кажаце ўсюды ўжо ў трэцяй справе, і 14 чэрвеня вы ўпершыню кажаце пра падзеі на Гарнавых.
Аскерка:
- Не ведаю, чаму так атрымалася, калі следчы мяне дапытваў, то дапытваў мяне толькі па Берасці. Пытайцеся ў следчага Сарокі.
Адвакат, заявіла хадайніцтва аб выкліку следчага Сарокі для ліквідацыі супярэчнасцяў.
Суддзя задаволіла хадайніцтва адваката.
У суд не з'явілася 6 сведак. Пракурор апавяшчае матэрыялы першага тома крымінальнай справы Андрэя Сакалоўскага. Пералічвае: скрыншоты на 29 лістах, 4 дыскі запісаў, датычныя падзей каля Брэста пракурор прапускае, паколькі яны не маюць ніякага дачынення да гэтай крымінальнай справы.
Пракурор прапускае, моўчкі гартаючы, пратаколы допытаў сведак па ўніверсаме "Брэст", і пр. Я. Купалы, якія не маюць дачынення да гэтай справы.
Дзяржабвінаваўца просіць далучыць да матэрыялаў справы копію прысуду ў дачыненні да Сакалоўскага з Савецкага райсуду г. Мінска 18.12.2020 на тэрмін 3 гады, з адтэрміноўкай на 2 гады.
У судзе абвешчаны перапынак да 12 ліпеня. Пачатак у 10.45.