У справе гарадзенца - адзінаццаць пацяперпелых амапаўцаў
У Кастрычніцкім судзе Гародні, сёння, 14 чэрвеня, пачаўся разгляд крымінальнай справы Андрэя Сакалоўскага. Яго вінавацяць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 342 КК РБ (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 КК РБ (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Справу разглядае суддзя Маргарыта Ланцэвіч. Дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Віктар Нічыпарук.
Справу маніторыць правааабаронца Раман Юргель.
Пракурор апавяшчае абвінавачанне: 6 верасня 2020 года на вуліцы Гарнавых у Гродна Сакалоўскі, знаходзячыся ў счэпцы грамадзян, аказаў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам АМАПа, з групай асобаў перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі выконваць іх абавязкі. У ходзе групавых дзеянняў актыўна, з помсты, меў намер прычыніць боль 11 пацярпелым амапаўцам, пагражаў іх асабістай бяспецы.
Андрэй Сакалоўскі сябе вінаватым не прызнае.
Пракурор дапытаў пацярпелых і сведак. Дарэчы, пацярпелым амапаўцам змянілі асабістыя дадзеныя.
Пацярпелы Іван Іваноў знаходзіцца за шырмай. Адказвае на пытанні пракурора: просіць кіравацца паказаннямі дадзенымі раней на допыце. Адказвае, што забыўся пра тыя падзеі.
- Грамадзяне, якія былі не згодныя з вынікамі выбараў ішлі праз стары мост на несакцыянаванае масавае мерапрыемства. Інфармацыйная група паведамляла ім, што мерапрыемства несанкцыянаванае.
АМАП перакрыў праход, каб людзі не прайшлі да філармоніі, яны ішлі счэпкай, выкрыквалі лозунгі, штурхалі мяне... а потым яшчэ і каля універсама “Брэст".
Пракурор зачытвае пратакол допыту пацярпелага амапаўца Іванова, ад 20.12.2020 года.
"... Грамадзяне ішлі з БЧБ сцягамі, плакатамі. Некаторыя былі затрыманыя, іншыя сталі разыходзіцца".
На пытанне адваката адказваў, што людзі ішлі па праезнай частцы вуліцы і тратуары. На вуліцы Гарнавых некалькі разоў сутыкаліся з грамадзянамі.
У судзе дапытваюць пацярпелага амапаўца Аляксандра Белага. Ён нічога не памятае, прайшло шмат часу.
Паўтарае паказанні папярэдняга пацярпелага Іванова. Людзі не рэагавалі на папярэджанні.
"Людзі штурхалі нас, упіраліся, асабіста я нікога не затрымліваў.".
Адказвае адвакату, што Сакалоўскага не ведае, не бачыў!
Адвакат:
Дык які фізічны боль і пабоі вам прычыніў Сакалоўскі і пры якіх абставінах? –
- Не памятаю!
- Куды Вы звярталіся з рапартам аб збіцці? Хуткую дапамогу выклікалі?
Не! Не скардзіўся, не выклікаў.
Андрэй Сакалоўскі: Пратаколу аб маім затрыманні няма
Пытанне суддзі да Белага:
- Ад вас 9 чэрвеня паступіла іскавая заява ў суд, з падрабязнасцямі інцыдэнту і аб спагнанні 1 000 рублёў ў якасці маральнай шкоды.
Белы:
"Пазоў падтрымліваю, я пісаў!".
Суддзя пытаецца ў Белага, як так атрымалася, што пазоў пададзены 9 чэрвеня, пару дзён таму, а сёння не памятаеце нічога, прэтэнзій да Сакалоўскага вы заявілі, што не маеце.
"Ну як там напісана, так і ёсць!"
У судзе абвешчаны перапынак да 14.30.
У судзе працягваецца допыт пацярпелых амапаўцаў.
Амапавец Павел Латкоў тлумачыць, што на дзяжурстве убачылі натоўп людзей з б-ч-б сімволікай, якія ідуць па Гарнавых у цэнтр, да старага маста. Бачыў, як калега затрымліваў абвінавачанага.
“Мне нанеслі ўдар у твар. З натоўпу гучалі пагрозы. Памятаю, што затрымліваў лысага грамадзяніна, шчыльнага целаскладу.”
Адвакат, пытаецца, а ў чым была агрэсіўнасць людзей?
- Былі непрыемныя выказванні ў адрас супрацоўнікаў, гучалі нейкія лозунгі. Яны ішлі прарываць ачапленне.
Адвакат:
- Дык, а навошта вы перашкаджалі людзям ісці, яны былі без дручкоў, з балонікамі ж? Вы перакрылі тратуар, каб людзі не прайшлі і людзі пайшлі на праезную частку?
- Мяне штурхалі. Людзі праводзілі мітынг. Кіраўніцтва дало каманду, каб не дазволіць людзям прайсці ў цэнтр горада. Камянёў і палак у людзей не было. Сакалоўскі супраціўляўся, вырваўся пры затрыманні, размахваў рукамі, я праводзіў яго ў аўтазак.
10 чэрвеня Павел Латкоў таксама падаў пазоў і просіць спагнаць з абвінавачанага 1 000 рублёў на карысць абласнога дома дзіцяці.
Абвінавачаны Сакалоўскі пазоў не прызнае.
Допыт пацярпелага амапаўца Юрыя Базылевіча.
"6 верасня мы ўбачылі людзей, якія ідуць па тратуары, ўбачыў лысага з татуіроўкай, ён сарваў маску з мяне і я пайшоў у аўтобус амапу. Бачыў счэпку. Нас абражалі людзі рознымі словамі. Адказвае адвакату, што потым па фота даведаўся, што там быў Сакалоўскі. Ён, стаяў у счэпцы ў першым шэрагу."
Наступны пацярпелы – амапавец Андрэй Скрабутан. Ягоныя паказанні паўтараюць папярэднія. Аднак ён адмовіўся ад раней пададзенага матэрыяльнага пазову ў памеры 1 000 рублёў.
Пацярпелы Скрабутан блытаўся ў паказаннях, казаў, што Сакалоўскага апазнаў па фота і відэа ў СК, калі з яго сарвалі маску. Пазоў напісаў 8 чэрвеня, яго у судзе зарэгістравалі 11 чэрвеня.
Пазоў яму дапамагалі скласці супрацоўнікі міліцыі, але прозвішча не сказаў.
Суддзя выдалілася ў дарадчы пакой, пасля чаго прыняла адмову ад пазову Скрабутана і вырашыла вытворчасць па пазову спыніць. Рашэнне апратэставанню не падлягае.
Далей дапытваюць пацярпелага амапаўца Андрэя Аскерку:
- 6 верасня мы прыбылі на вуліцу Гарнавых, людзі нас абражалі, крычалі, былі з БЧБ сцягамі. Мы затрымлівалі актыўных удзельнікаў. Грамадзяне накіроўваліся да моста, перакрывалі тратуар і дарогу. У пратэстоўцаў былі вуды з сцягамі, бутэлькі былі.
Адказвае на пытанне адваката:
- Пагрозы былі ўсім супрацоўнікам.
Адвакат:
- А Сакалоўскага бачылі?
- Так, бачыў, яго вялі ў аўтазак.
- А затым Сакалоўскага адпусцілі, пратакол складалі?
- Усё па правілах робім.
- Вас Сакалоўскі спрабаваў ударыць?
- Не магу адказаць, там такіх стаялі сотні. Пагроз мне асабіста ён не выказваў, фізічнай болі не прычыняў.
Суддзя, перапытвае, ці быў гвалт непрасрэдна да пацярпелага?
- Ну ён падбухторваў натоўп на супрацьпраўныя дзеянні.
Адвакат:
- Вы ў пазове пішаце, што ён прычыняў вам фізічны боль і маральныя пакуты, а на следстве і ў судзе чаму гэтага няма?
- Я не мог вызначыць асоб.
Суддзя:
- Дык гвалт ён Вам прычыняў? Сакалоўскага бачылі ў гэтай счэпцы?
- Я за ім пастаянна не назіраў. А гвалт быў ад натоўпу або ад счэпкі? - ад усіх.
Адвакат:
- Вы казалі на следстве, што Сакалоўскі ўдараў не наносіў, а ў пазове кажаце, што ён наносіў цялесныя пашкоджанні. Дык біў вас Сакалоўскі, ці не біў?
- Так, Сакалоўскі біў.
Адвакат:
- Растлумачце чаму ў вас супярэчлівыя паказанні?
- Я забыўся тады ўказаць на гэты факт.
Адвакат:
- Дык дзе вы нахлусілі?
У судзе абвешчаны перапынак да 10.45 22 чэрвеня.