viasna on patreon

Адміністрацыйны пераслед у красавіку ў графіках і лічбах (інфаграфіка)

2020 2020-04-30T20:04:00+0300 2020-04-30T14:44:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_matalok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У красавіку 2020 года вялікая частка грамадска-палітычнага жыцця Беларусі перайшла ў анлайн-рэжым. У прыватнасці ў Мінску не адбылося шэсце “Чарнобыльскі шлях”, якое традыцыйна праводзілася 26 красавіка – у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але пры гэтым узмацніліся пратэстныя настроі ў Брэсце, на якія ўлады ўпершыню за два гады акцый супраць завода АКБ адрэагавалі даволі жорстка – арыштамі на доўгія тэрміны. Акрамя таго, у краіне працягваецца адміністрацыйны пераслед журналістаў-фрылансераў на Гомельшчыне і Магілёўшчыне.

У адносінах да грамадзян, большая частка з якіх актывісты і журналісты, у красавіку было складзена 14 адміністрацыйных пратаколаў па "палітычных" артыкулах. Агульная колькасць судоў – 9. 6 чалавек атрымалі штрафы агулам на 135 базавых велічынь (3645 рублёў).

Удзельнікі акцый супраць працы акумулятарнага завода ў Брэсце Дзмітрый Бекалюк, Аляксандр Кабанаў і Дзмітрый Андрасюк за выказванне сваёй пазіцыі на мітынгу-шэсці 12 красавіка атрымалі па 15 сутак арышту кожны (45 агулам).

Больш за ўсё (4 з 9) судовых пасяджэнняў па палітычна матываваных адміністрацыйных справах прайшло ў Брэсце. Гэта ўжо ўзгаданыя суды над праціўнікамі завода АКБ Бекалюком, Кабанавым, Андрасюком, а таксама штрафы актывісту Міхаілу Галузе за распаўсюд улётак. 2 суды прайшло ў Гомелі – над журналісткай Ларысай Шчыраковай і над Ігарам Мазейкам за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

Па артыкуле 23.34 КаАП (удзел ці арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства) ў гэтым месяцы судзілі берасцейскіх актывістаў, а таксама актывіста з Мазыра Уладзіміра Неўмяржыцкага (агулам 4 суды). Мазырскі раённы суд паўторна разгледзеў яго адміністрацыйную справу за ўдзел у снежаньскай акцыі супраць інтэграцыі і зноў асудзіў яго на 30 базавых велічынь (810 рублёў). Таксама па гэтым артыкуле былі складзеныя пратаколы на актывістаў “Маладога Фронту” Дзяніса Урбановіча, Максіма Урбановіча і Віталя Трыгубава за сумеснае фота з бел-чырвона-белым сцягам, якое яны зрабілі на Дзень волі ля будынку заснавання БНР. Суд па гэтай справе прызначаны на 7 траўня.

Апошні месяц у розных гарадах краіны актыўна праходзілі сустрэчы грамадзян, арганізаваныя блогерамі з праекта “Краіна для жыцця”. Менавіта за асвятлення адной такой сустрэчы ў Гомелі ўпершыню за больш чым паўтары гады аштрафавалі журналістку-фрылансерку Ларысу Шчыракову (за парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП). Па гэтым жа артыкуле складзены пратакол на яшчэ аднаго гомельскага журналіста – Андрэя Толчына, якога да гэтага больш за год не прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама пратаколы за “працу без акрэдытацыі” складзены на магілёўскіх журналістаў Дар’ю Чульцову і Міхася Аршынскага.

Для пераследу па палітычных матывах працягваецца выкарыстоўванне артыкулаў аб распаўсюдзе экстрэмізму (17.11 КаАП) і нацысцкай сімволікі (17.10 КаАП). Так, гамяльчук Ігар Мазейка быў аштрафаваны на 405 рублёў (15 б.в.) за публікацыю ва “Вконтакте” фільма блогера Nexta “Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы”, які занесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Іван Красоўскі з Заслаўля атрымаў 270 рублёў штрафу (10 б.в.) па артыкуле 17.10 КаАП за публікацыю ў адным з тэлеграм-чатаў карцінкі-калажу, дзе ўтрымлівалася выява сцягу Трэцяга рэйху. У той жа час у Мазыры яшчэ да суда міліцыя спыніла справу аб распаўсюдзе экстрэмізму супраць кіраўніка мясцовай філіі “Руху за Свабоду” Рыгора Крывіцкага, на якога да гэтага ажно чатыры разы перапісвала пратакол.

Таксама ў красавіку асудзілі за “дробнае хуліганства” (арт. 17.1 КаАП) праваабаронцу “Вясны” і юрыста Прафсаюза РЭП з Баранавічаў Аляксандра Вайцешыка. “Дробнае хуліганства” заключалася ў тым, што яшчэ напрыканцы лютага Вайцешык спрабаваў трапіць на пасяджэнне агракамбіната “Сноў” у Нясвіжы, каб прадстаўляць інтарэсы былога работніка гэтага прадпрыемства. Але міліцыянты і дружыннікі не пусцілі яго ў залу, а пазней і затрымалі, абвінаваціўшы ў тым, што ён нібыта штурхнуў дружынніка. На разглядзе справы ў судзе Баранавічаў і Баранавіцкага раёна суддзя праігнаравала ўсе хадайніцтвы Вайцешыка і вынесла рашэнне выключна па паказаннях міліцыянтаў.


Праваабарончы цэнтр “Вясна” вядзе статыстыку ўжывання артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэнняў, якія выкарыстоўваюцца для палітычна-матываванага пераследу грамадзян. Па меркаванні праваабаронцаў такімі звычайна з’яўляюцца артыкулы 23.34 КаАП (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), ч. 2 арт. 22.9 КаАП (праца журналістаў без акрэдытацыі), 23.4 КаАП (непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы), 17.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і іншыя.

Інфармацыя ў артыкуле прадстаўлена ў адпаведнасці з дадзенымі, якімі валодае ПЦ “Вясна” на 30 красавіка 2020 года.


  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства