viasna on patreon

Мазырскаму актывісту паўторна прысудзілі штраф за акцыю ў падтрымку незалежнасці

2020 2020-04-23T16:00:57+0300 2020-04-23T16:00:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/neumiarzicki_mazyr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Неўмяржыцкі ў судзе. Фота з сайта palesse.press

Уладзімір Неўмяржыцкі ў судзе. Фота з сайта palesse.press

Мазырскаму актывісту Уладзіміру Неўмяржыцкаму паўторна прысудзілі штраф за акцыю ў падтрымку незалежнасці. Праваабаронцы перакананыя, што суддзі проста выпраўляюць уласную блытаніну, паведамляе palesse.press. 

30 студзеня актывісту Беларускага нацыянальнага кангрэсу Уладзіміру Неўмяржыцкаму суддзя суда Мазырскага раёна Дзмітрый Мазай, паводле артыкула 23.34 КаАП прысудзіў штраф за ўдзел у акцыях пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расіі 20 і 21 снежня 2019 года ў Мінску.

Гэтае рашэнне актывіст абскардзіў у Гомельскім абласным судзе. Суддзя Васіль Бягун пакінуў рашэнне раённага суда без зменаў. Пры гэтым у сваім рашэнні Васіль Бягун доўга апісваў дзеянні Неўмяржыцкага, але потым зрабіў выснову, што сукупнасць доказаў дала падставы прызнаць вінаватым у здзяйсненні правапарушэння чамусьці Уладзіміра Няпомняшчых з Гомеля.

21 красавіка справу нечакана адправілі на новы разгляд у суд Мазырскага раёна. Уладзімір Неўмыржыцкі сам не мог зразумець, чым выкліканы новы перагляд у судзе першай інстанцыі. Але падчас пасяджэння высветлілася, што старшыня Гомельскага суда адмяніў рашэнне свайго падначаленага Васіля Бегуна і пастанавіў накіраваць справу зноў у суд Мазырскага раёна для разгляду іншым суддзёй.

Як прайшоў новы суд?

Гэтым разам справу пераглядала суддзя Элеанора Ярмоленка. Яна адразу адхіліла хадайніцтва Неўмяржыцкага пра тое, каб вяліся выдэаздымкі пасяджэння, а потым і выдаліла з залы мясцовага відэаблогера Youtube-канала «Мозырь для жизни», які працягваў здымаць на тэлефон.

Неўмяржыцкі настойваў на тым, што права выказваць сваё меркаванне мірным шляхам яму дае Канстытуцыя Беларусі і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, а абмежаванні, якія накладзеныя мясцовым законам «Аб  масавых мерапрыемствах», не падмацаваныя неабходнасцю абароны дзяржаўных, грамадскіх інтарэсаў, абароны здароўя, маральнасці грамадства і правоў іншых асобаў. Ён прасіў спыніць справу ў сувязі з сыходам тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

Тым не менш, Элеанора Ярмоленка прыняла рашэнне прызнаць актывіста вінаватым і зноў прысудзіць Уладзіміру Неўмяржыцкаму штраф у тыя ж самыя 30 базавых вялічынь, які раней прызначыў суддзя Дзмітрый Мазай.  

«Я – свабодны чалавек, і маю права выказваць свае меркаванні свабодна, не пытаючы ні ў каго на гэта дазволу. І я буду гэта рабіць, нягледзячы на карныя захады з боку дзяржавы», – пракаментаваў новы суд Уладзімір Неўмяржыцкі.

Праваабаронца
Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Целяпун. Фота з сайта palesse.press

На судовым пасяджэнні прысутнічаў праваабаронца «Вясны» Уладзімір Целяпун, які дапамагаў Неўмяржыцкаму складаць скаргі па ранейшых прысудах і абараняцца ў судзе. 

«Суддзі з абласнога суда, якія ў выніку судовых канвеераў над удзельнікамі мірных сходаў без нармальнага разбіральніцтва панапісвалі бязглуздзіцы ў сваіх рашэннях, вырашылі выправіць уласныя памылкі і правесці новую серыю судоў па той самай справе. Пакуль не ведаю, ці будзе Уладзімір Неўмяржыцкі абскарджваць гэтае рашэнне, але тое, што яно незаконнае і антыдэмакратычнае – відавочна!»


 Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства