Маладафронтаўцаў будуць судзіць за фота і ўскладанне кветак на Дзень волі
Актывісты “Маладога фронту” Дзяніс Урбановіч, Максім Урбановіч і Віталь Трыгубаў атрымалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па артыкуле 23.34 КаАП за правядзенне “несанкцыянаванага пікету”. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале арганізацыі.
Такім пікетам міліцыянты з РУУС Маскоўскага раёна Мінска палічылі ўскладанне кветак 25 сакавіка да будынку, дзе была абвешчана незалежнасць БНР, і фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам, зроблены тады ж.
Прычым Максіму Урбановічу ў віну ставіцца тое, што ён трымаў нават не сцяг, а шалік з гербам “Пагоня” і надпісам “Беларусь жыве вечна”.
Калі будзе суд – пакуль невядома.
Гэта не першы выпадак, калі ўскладанне кветак расцэньваецца як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. У кастрычніку мінулага года тых жа маладафронтаўцаў – Дзяніса Урбановіча і Віталя Трыгубава асудзілі на 40 базавых велічынь штрафу кожнаму за ўскладанне кветак да помніка Янкі Купалы. Пратакол тады таксама быў складзены на падставе фота, зробленага актывістамі каля помніка.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96