Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2024
Коратка:
- Стабільна высокі ўзровень палітычна матываваных рэпрэсій захоўваецца ў Беларусі цягам апошніх некалькіх гадоў. Па-ранейшаму, палітычна матываваны крымінальны пераслед застаецца актуальнай пагрозай для ўсіх, хто браў удзел у пратэсных акцыях або крытычна выказваўся адносна палітычнай сітуацыі ў краіне альбо ў адрас чыноўнікаў рэжыму, падтрымліваў пратэсныя структуры.
- З лета 2020 года праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі 3 531 чалавек, з іх 627 жанчын. На канец верасня 2024 года ў Беларусі ў месцах няволі знаходзіліся 1 317 палітвязняў, з іх 169 жанчын, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 46 чалавек. Яшчэ ў дачыненні да 19 былых палітвязняў, імёны якіх раней не былі вядомыя праваабаронцам, вылучаныя патрабаванні аб іх рэабілітацыі.
- Праваабаронцы: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір Лабковіч,Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк і Анастасія Лойка, адвольна асуджаныя да пазбаўлення волі, адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях.
- Па-ранейшаму некалькі палітвязняў, якія ўтрымліваюцца доўгі час у рэжыме інкамунікада: Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак, Ігар Лосік, Уладзімір Кніга з лютага-сакавіка 2023 года пазбаўленыя кантактаў са знешнім светам, у тым ліку ўнутры калоній. Паступаюць таксама звесткі аб перыядычнай ізаляцыі іншых палітвязняў.
- Працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян за рэалізацыю грамадзянскіх правоў: у верасні "Вясна" атрымала інфармацыю аб не менш чым 429 выпадках палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, з іх – не менш за 176 адміністрацыйных спраў, разгледжаных судамі.
- Уладамі працягваюць папаўняцца спісы асобаў і фармаванняў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, экстрэмісцкіх матэрыялаў.
- У межах 57-й сесіі Рады па правах чалавека ААН прайшоў інтэрактыўны дыялог з удзелам групы незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (у адпаведнасці з рэзалюцыяй СПЧ 55/27). "Вясна" распавяла, пра што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
- Урад Літвы 30 верасня афіцыйна перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе матэрыялы, якія тычацца здзяйснення прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. Пракурор Карым А. А. Хан заявіў, што яго Упраўленне правядзе папярэдняе расследаванне для вывучэння запыту ў рамках юрысдыкцыі МУС і вызначыць на падставе устаноўленых законам патрабаванняў, ці маюцца разумныя падставы для пачатку расследавання.
- Праваабаронцамі "Вясны" рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты прымянення катаванняў і забароненых відаў звароту ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе, а таксама пераследу і пазбаўлення волі па палітычных матывах; пазбаўлення зняволеных належнага ўзроўню медыцынскай дапамогі.
Палітычна матываваны пераслед. Палітычныя зняволеныя
На канец верасня ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваліся 1 317 палітвязняў. Сярод іх 169 жанчын.
Акрамя таго, вядома пра 2 214 былых палітвязняў, з іх 477 – жанчыны, якія цалкам адбылі пазбаўленне і абмежаванне волі (1 230 чалавек), былі вызваленыя ў выніку адмены або змены меры стрымання, амністыі або акта памілавання, альбо памерлі ў зняволенні. Такім чынам, сумарная колькасць палітвязняў і былых палітвязняў перавысіла 3,5 тысяч чалавек.
Праваабаронцам вядома як мінімум пра 5 947 асуджаных па палітычных матывах – як да пазбаўлення волі, так і да іншых відаў пакарання; іх рэальная колькасць большая, паколькі ўлады старанна хаваюць сапраўдны маштаб пераследаў.
У верасні праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 46 чалавек. Таксама праваабарончая супольнасць запатрабавала рэабілітацыі 19 былых палітвязняў, імёны якіх сталі вядомымі праваабаронцам ужо пасля іх вызвалення.
4 верасня стала вядома, што паводле ўказу № 343 "Аб памілаванні асуджаных" на волю выйшлі 30 палітвязняў, асуджаных да пазбаўлення волі паводле пратэстных артыкулаў. Паведамлялася, што сярод іх сем жанчын і 23 мужчын. Справы памілаваных палітвязняў у парушэнне закона разглядала так званая "камісія па вяртанні" Генеральнага пракурора Андрэя Шведа.
16 верасня 2024 года стала вядома, што паводле ўказу Лукашэнкі на волю выйшлі яшчэ 37 палітвязняў, асуджаных паводле пратэстных артыкулаў. Паведамлялася, што сярод іх шэсць жанчын, а таксама людзі з хранічнымі захворваннямі, з інваліднасцю, пенсіянеры.
Агульная вядомая колькасць палітвязняў, вызваленых у парадку памілавання ў 2024 годзе, – 115 чалавек. Таксама А. Лукашэнка памілаваў немца Рыка Крыгера, якога ў ліпені асудзілі да смяротнага пакарання. Акрамя таго, пяць палітвязняў-украінцаў былі вызваленыя ў парадку абмену з удзелам уладаў Расейскай Федэрацыі.
У дачыненні да палітвязняў працягваецца ціск і ў месцах несвабоды. У якасці меры ціску ў дачыненні да палітвязняў актыўна выкарыстоўваецца падаўжэнне тэрміну пазбаўлення свабоды з дапамогай абвінавачванняў у злосным непадпарадкаванні па арт. 411 КК:
Суд Першамайскага раёна Мінска ў верасні разгледзеў чарговую крымінальную справу супраць палітвязня Змітра Дашкевіча. Гэтым разам актывіста абвінавацілі паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), а таксама ч.1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Пры гэтым артыкул за "непадпарадкаванне" дадалі наўпрост падчас суда па арт. 342 КК. У выніку суддзя Анастасія Кулікпрызнала яго вінаватым і прызначыла яшчэ адзін год і тры месяцы калоніі.
У мінулым месяцы стала вядома, што раней асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 КК палітвязняволенага фігуранта "справы Аўтуховіча" Віктара Снегура. Калі менавіта яго судзілі і якое рашэнне прыняў суд — пакуль невядома. 11 кастрычніка 2024 года Мінскі абласны суд будзе разглядаць апеляцыю на прысуд. Судовы працэс будзе ўзначальваць Алег Лапека.
Супраць палітвязня Сяргея Раманава распачалі новую крымінальную справу. Паводле інфармацыі"АЧК-Беларусь", 25 верасня палітвязня прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 КК і дадалі яшчэ два гады пазбаўлення волі. Пры гэтым, у сакавіку 2023 года Раманаву ўжо дадалі 11 месяцаў зняволення па гэтым артыкуле. Сяргея, які толькі ў траўні выйшаў з ПКТ, дзе правёў паўгода, зноў адправілі туды ў ліпені на пяць месяцаў.
У Наваполацку 5 верасня адбыўся суд над палітвязнем Тамазам Піпіяй. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Хрыпач прызначыла палітвязню яшчэ адзін год і шэсць месяцаў зняволення ў дадатак да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Паводле чарговай-трэцяй справы паводле арт. 411 КК супраць Паліны Шарэнды-Панасюк у верасні скончыліся следчыя дзеянні. Стала вядома, што жанчыну перавялі з ІЧУ Рэчыцы ў СІЗА Гомеля. Калі блізкія патэлефанавалі ў Гомельскае СІЗА, каб даведацца пра здароўе палітвязня і магчымасці перадаць перадачу — ім адказалі, што Паліна змешчаная ў карцэр на 10 дзён, паведаміла "Берасцейская Вясна". Суд над жанчынай пачнецца 14 кастрычніка.
Палітвязень Мікалай Дзядок, асуджаны да пяці гадоў калоніі, мусіў выйсці з турмы 25 красавіка 2025 года, але супраць яго распачалі новую крымінальную справу паводле ч.1 арт. 411 КК.
Суд Ленінскага раёна Магілёва 27 верасня разгледзеў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК супраць палітвязня Рамана Марусава, якому раней узмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Справу разглядала суддзя Таццяна Рахманенка, але прысуд пакуль невядомы.
Палітвязня Максіма Матырку ўжо раней асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі " паводле арт. 411 КК. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў горацкую калонію № 9. Стала вядома, што 10 верасня ў судзе Горацкага раёна разглядзеом справу аб пераводзе Максіма на турэмны рэжым. Працэс вяла суддзя Алена Шляхціцава.
Па даных праваабаронцаў, па стане на 11 верасня 2024 года як мінімум 86 палітвязняў перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 51 пачалі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК. Не менш чым 137 палітвязням пагоршылі ўмовы ўтрымання за парушэнне ўнутранага распарадку калоніі. "Вясна" распавяла, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з іх прызнаныя "злоснымі парушальнікамі рэжыму".
Пад палітычна матываваны пераслед трапляюць сем'і палітвязняў, а таксама людзі, якія аказвалі дапамогу палітвязням. Так, асноўнай прычынай хвалі ператрусаў, допытаў і затрыманняў 23 студзеня 2024 года сталі прэтэнзіі спецслужбаў да дапамогі сем'ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз ініцыятыву INeedHelpBY. Большасць з тых, хто трапіў пад пераслед — жанчыны і сваякі палітвязняў. Частку з іх асудзілі па адміністрацыйных артыкулах за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці" па арт. 24.15 КаАП, а супраць некалькі дзясяткаў чалавек распачалі крымінальныя справы за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Паводле інфармацыі" Вясны", каля 30 чалавек цяпер пад вартай у СІЗА. У верасні за салідарнасць з палітвязнямі судзілі мінімум 16 жанчын. "Вясна" распавяла пра вынікі студзеньскага рэйду праз сем месяцаў і пераслед за салідарнасць з палітвязнямі.
Працягваюцца затрыманні беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы ў Беларусь. Паводле інфармацыі"Вясны", з пачатку 2024 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя не менш за 55 чалавек, супраць 17 з якіх распачалі крымінальныя справы. Пры гэтым лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў.
Так, 20 верасня суд Ленінскага раёна горада Магілёва вынес прысуд па ч.1 арт. 342 КК у дачыненні да Льва Іўчына і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, а таксама штраф у памеры 30 базавых велічынь. Льва затрымалі па вяртанні з-за мяжы.
Больш за тры гады ў няволі за сваю праваабарончую дзейнасць знаходзяцца актывісты "Вясны" Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч.
Алесь Бяляцкі сёлета чацвёрты раз сустрэў свой Дзень народзінаў у зняволенні. З нагоды 62-годдзя Алеся побач з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Вільні 25 верасня адбылася акцыя салідарнасці. У дзень яго нараджэння да віншаванняў далучыліся міжнародныя і беларускія арганізацыі розных напрамкаў дзейнасці, грамадскія актывісты, палітыкі і журналісты.
Знаходзіцца ў няволі за сваю праваабарончую дзейнасць і Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta. Вядома, што Насту ў канцы верасня перавялі з гомельскай калоніі ў СІЗА-1 для ўдзелу ў судзе над актывісткамі, якіх абвінавачваюць па палітычных артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Чатыры гады таму, 17 верасня 2020 года, палітзняволеная праваабаронца "Вясны" Марфа Рабковабыла адвольна затрыманая. Па гэты дзень яна незаконна знаходзіцца ў зняволенні. У чацвёртую гадавіну яе затрымання абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і "Вясна" зноў заклікаюць да яе неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама да вызвалення астатніх чатырох затрыманых членаў "Вясны" і ўсіх праваабаронцаў, адвольна пазбаўленых волі ў Беларусі.
У Гомельскім абласным судзе 30 верасня пачаўся суд над праваабаронцай "Вясны" Аленай Маслюковай. Ёй інкрымінавана ч.1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), але сутнасць абвінавачвання невядомая нават самой праваабаронцы. Справу ў закрытым рэжыме разглядае Сяргей Багінскі.
Не менш за сем адвакатаў пазбаўленыя волі па палітычных матывах.
Катаванні і жорсткае абыходжанне
Палітвязень Ігар Аліневіч зноў змешчаны ў штрафны ізалятар, што азначае ўтрыманне ў негуманных умовах і без сувязі са знешнім светам. Падчас папярэдняга змяшчэння ў ШІЗА ён трымаў галадоўку і быў шпіталізаваны.
Трывожныя навіны сталі вядомыя пра палітвязню Марыю Калеснікаву, якая год таму была шпіталізаваная з папраўчай калоніі для аперацыі: паведамляецца, што Марыя мае крытычна нізкую вагу (45 кг пры росце 175 см) фактычна галадае ў калоніі, праз адсутнасць умоў для захавання строгай дыеты.
У ліпені 2024 года стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк хворая "хранічным панкрэатытам сярэдняй цяжкасці" — вельмі небяспечнай для здароўя хваробай, лячэнне ад якой ускладняецца ва ўмовах зняволення. Пра дыягназ сваякам стала вядома з афіцыйнага адказу адміністрацыі папраўчай калоніі № 24, дзе жанчына яшчэ нядаўна адбывала пакаранне. У верасні муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда напісаў пра рэзкае пагаршэнне стану здароўя Паліны. Яна пакутуе ад рэзкіх боляў збоку жывата, але медыцынскую дапамогу ёй не аказваюць, даюць толькі абязбольвальныя.
Сталі публічна даступнымі фотаздымкі і відэа Юрыя Зянковіча пасля двух гадоў адбыцця пакарання ў папраўчай калоніі: палітвязень выглядае вельмі схуднелым і выматаным.
Кірыл Іваноў, хворы на эпілепсію, падзяліўся дэталямі жорсткага затрымання восенню 2023 года: ён сутыкнуўся са збіваннем і прымяненнем электрашокера.
Палітвязень Аляксей Кірэеў, які адбыў свой тэрмін пазбаўлення волі, распавёў пра наступствы знаходжання ў негуманных умовах у ВК-15: ён схуднеў на 15 кг і страціў зрок на адно вока.
Палітвязень Ягор Яўстратаў, які адбыў свой тэрмін пазбаўлення волі, распавёў пра жорсткае затрыманне:
"Пры затрыманні супрацоўнікі "Алмаза" выкарыстоўвалі помпавыя стрэльбы з гумовым дробам. У асноўным усе стрэлы прыйшлося на мяне, але, ведаю, што патрапіла і яшчэ ў кагосьці. Праз гэта мне спатрэбілася медыцынская дапамога, таму перад ізалятарам я спачатку трапіў у лякарню... Мы ляжалі на зямлі — яны падыходзілі глядзелі на нас. Для іх гэта было ўсё як відовішча: то з рукі кроў цячэ, то там кроў... Неўзабаве нам залілі вочы слёзатачывым газам, і прыйшоў, верагодна, кіраўнік аперацыі. Ён прайшоўся і назваў чатырох чалавек, пасля чаго іх паднялі і кудысьці адвялі. Уласна, гэта былі тыя самыя супрацоўнікі міліцыі".
Негуманныя ўмовы ў СІЗА №1:
"Ложкаў — 12, а нас у камеры — 14. Двое ноччу не спяць, але потым днём маглі адаспацца".
І пра штрафны ізалятар у ПК-1:
"ШІЗА ў калоніі — зброя індывідуальнага паражэння. Ствараюцца ўсе ўмовы, каб падарваць здароўе чалавека. Калі ў калоніі адбываліся збіванні, то гэта абавязкова здаралася менавіта ў ШІЗА, далей ад вачэй сотняў асуджаных ".
Іншы палітвязень, які таксама адбыў тэрмін пазбаўлення волі, падзяліўся гісторыяй затрымання ў кастрычніку 2020 года падчас мірнай дэманстрацыі: у выніку непрапарцыйнага прымянення сілы супрацоўнікамі АМАП ён атрымаў чэрапна-мазгавую траўму.
Палітвязень, які адбыў тэрмін пазбаўлення волі ў ПК-2 у Бабруйску, правёў 10 месяцаў у ШІЗА і ПКТ і распавёў пра ўмовы там:
"Там заўсёды мокра і холадна. Праз гэтае спаць па начах немагчыма, асабліва ў міжсезонку. У гэты час ты рыхтуешся, што на сутках будуць бяссонныя ночы. Днём ужо таксама не паспіш, таму што ўсюды ўсталявалі відэакамеры. Міжсезонка — проста пекла. Непазбежна саджаеш сваё здароўе, таму што там хварэюць усе: тэмпература, гемарой. Людзі не выходзяць адтуль здаровымі, таму што холадна і пастаянныя скразнякі. Выйсці з ШІЗА здаровым нерэальна ".
Парушэнне свабоды асацыяцыі
16 верасня КДБ прызнаў "Беларускую нацыянальную моладзевую раду" («ЯRАDА») экстрэмісцкім фарміраваннем: нібыта асацыяцыя "ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць з-за мяжы і ўяўляе сабой парасонавую арганізацыю, якая аб'ядноўвае больш за 30 моладзевых арганізацый і ініцыятыў, якія функцыянуюць на беларускім кірунку". Гэта падвяргае небяспецы крымінальнага пераследу ўсіх датычных да легітымнай дзейнасці моладзевай арганізацыі.
Працягваецца масавая прымусовая ліквідацыя НДА: паводле інфармацыі Lawtrend, «страты ў грамадскім сектары Беларусі, пачынаючы з пост выбарнага перыяду 2020 года, складаюць ужо не менш за 1 777 інстытуцыяналізаваных форм некамерцыйных арганізацый (грамадскіх аб'яднанняў, прафесійных саюзаў, палітычных партый, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, рэлігійных арганізацый)».
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў
Крымінальны пераслед за ажыццяўленне правоў на свабоду мірных сходаў і свабоду выказвання меркаванняў не спыняецца. У верасні суды працягвалі выносіць прысуды па артыкуле 342 КК за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.
"Вясне" вядома пра не менш чым 28 чалавек, якіх прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за “актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (артыкул 342 КК).
12 верасня суд Брэсцкага раёна асудзіў 11 чалавек да абмежавання і пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года.
Прыцягваюць да адказнасці сем'ямі. Ганну і Генадзя Васілюкоў суд Ленінскага раёна горада Браста асудзіў да пазбаўлення волі за ўдзел у пратэстах 10 жніўня 2020 года. Падчас вынясення прысуду, Генадзь ужо адбываў пакаранне за ўчыненне злачынства, прадугледжанага арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі).
У судзе Бярозаўскага раёна 5 верасня абвясцілі другі за апошні час прысуд за ўдзел у акцыі пратэсту з 10 на 11 жніўня 2024 года ў горадзе. Паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) да паўтара года калоніі асудзілі адразу чатыры чалавекі — Мікалая Кулака, Ігара Яўменава (Куля), Андрэя Рыбакова, Віктара Данілюка. Справу разглядала Людміла Рудзіна. Пра гэта піша "Берасцейская Вясна".
Адміністрацыйны пераслед
У верасні "Вясна" атрымала інфармацыю аб не менш чым 429 выпадках палітычна матываваных рэпрэсій, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, з іх не менш за 176 адміністрацыйных спраў, разгледжаных судамі. 130 спраў разгледжаны па арт.19.11 КаАП (за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі).
Звяртаем увагу, што вынікі адміністрацыйнага пераследу і колькасць затрыманняў, звязаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам, часта невядомыя праваабаронцам альбо паступаюць з затрымкай з-за атмасферы страху і пагрозы дадатковых рэпрэсій. Гэтыя даныя нельга ацэньваць як паказчык змены ўзроўню рэпрэсій, асабліва на кароткіх адрэзках часу і без уліку умоваў для збору інфармацыі, якія ўвесь час змяняюцца.
Пераслед журналістаў і супрацоўнікаў СМІ
Па стане на 30 верасня пазбаўленыя волі 33 журналісты і супрацоўнікі СМІ.
3 верасня журналістку Алену Цімашчук уключылі ў пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Яна працавала пазаштатнай журналісткай на "Зялёным партале" і ў "Брэсцкай газеце", а таксама карэспандэнткай у "Брэсцкім Весніку". Яе абвінавацілі ў "дыскрэдытацыі Беларусі" (369-1 КК), "распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варожасці" (ч.3 арт. 130 КК), "уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання" (ч. 3 арт. 361-1 КК). Брэсцкі абласны суд 3 чэрвеня 2024 года прызнаў яе вінаватай па ўсіх трох артыкулах і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў, а таксама штрафам у памеры 46 000 рублёў. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карасінскі.
16 верасня па памілаванні выйшаў на волю Андрэй Толчын, якога 21 сакавіка 2024 года асудзілі да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму па абвінавачваннях у "паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі" (арт. 367 КК) і с"адзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК).
26 верасня суд горада Пінска і Пінскага раёна пачаў разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да Яўгена Мікалаевіча, які абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 342 КК. 10 жніўня 2020 года Яўген падчас выканання прафесійных абавязкаў быў затрыманы. У дзень затрымання быў збіты супрацоўнікамі міліцыі ў прыбіральні Пінскага гарвыканкама і аўтазаку.
Парушэнне правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам
Заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам па-ранейшаму выкарыстоўваецца рэжымам А. Лукашэнкі выключна для палітычна матываванага пераследу палітычных апанентаў і іншадумцаў за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў.
У верасні спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў папоўніўся дзвюма пазіцыямі; усяго за тры гады (першае рашэнне прынята 21 верасня 2021 года) было прынята 239 адпаведных рашэнняў КДБ і МУС.
У пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, за жнівень унесена 101 чалавек, у тым ліку 22 жанчыны. Усяго ў пераліку імёны 4 476 чалавек.
У рэспубліканскі Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесены прызнаныя экстрэмісцкімі на падставе 87 судовых рашэнняў тэлеграм-каналы, Youtube і Tik-Tok каналы, старонкі ў сацыяльных сетках і іншыя крыніцы і носьбіты інфармацыі.
Акрамя гэтага, у мінулым месяцы Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Полк Каліноўскага "тэрарыстычнай арганізацыяй". Адпаведнае рашэнне было прынята па заяве генпракурора Андрэя Шведа.