viasna on patreon

"Выйсці здаровым нерэальна". Экс-палітвязень, які каля 10 месяцаў правёў у ШІЗА і ПКТ, распавёў пра ўмовы там

2024 2024-08-30T12:00:00+0300 2024-08-30T15:08:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bobr_kolonija_1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праз бабруйскую калонію № 2 прайшлі дзясяткі палітвязняў, затрыманых пасля пратэстаў 2020 года. Як мінімум 69 асуджаных паводле палітычных матываў на гэты момант утрымліваюцца там. Былы палітвязень Алесь (сапраўднае імя і дадатковыя дэталі ягонай справы не раскрываюцца ў мэтах бяспекі) за ўвесь тэрмін у калоніі № 2 правёў у штрафным ізалятары (ШІЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ) агулам каля дзесяці месяцаў. Па словах былых палітвязняў, зняволенне ў ШІЗА бабруйскай калоніі часта ператвараецца ў выпрабаванне на выжыванне. Жудасныя ўмовы, холад, нізкі ўзровень медычнай дапамогі ды псіхалагічны ціск — толькі малая частка таго, з чым даводзіцца сутыкацца вязням. Пра свой досвед "Вясне" распавёў былы палітвязень Алесь.

Бобруйская колония № 2. Скриншот из видеосюжета ОНТ
Бабруйская калонія № 2. Скрыншот з відэасюжэту АНТ

"Міжсезонка — проста пекла"

Сам Алесь за ўвесь час зняволення ў ШІЗА правёў каля чатырох месяцаў сумарна, і шэсць месяцаў з перапынкам у ПКТ. Як ён адзначае, адным са спосабаў ціску ў калоніі з'яўляецца доўгатэрміновае ўтрыманне ў ШІЗА з невялікімі перапынкамі, таму што паводле закона нельга было ўтрымліваць больш за 10 дзён у ШІЗА (цяпер павялічылі да 15 дзён). Агулам у бабруйскай калоніі каля 2 500 зняволеных. Са слоў Алеся, у ШІЗА звычайна адпраўляюць партыямі ў тры разы на тыдзень. У калоніі вызначана 23 камеры пад штрафны ізалятар, яшчэ 13 — памяшканне камернага тыпу. Большасць камераў знаходзяцца ў падвале. Туды, кажа Алесь, адпраўляюць, у асноўным, палітычных асуджаных. Самае страшнае, па словах былога палітвязня, апынуцца ў ШІЗА ў перыяд, калі адключаюць ці яшчэ не ўключаюць ацяпленне, — так званую міжсезонку.

"Мы з хлопцамі абмяркоўвалі, чаму суткі ў ШІЗА палітвязняў трапляюць менавіта на такія цяжкія перыяды або на вялікія святы. Што гэта не выпадкова.

Камеры ШІЗА ўбогія — нібы з 18-га стагоддзя. Калі ўпершыню я туды трапіў, то не паверыў, што такое памяшканне існуе ў 21-ым стагоддзі ў цывілізаваным свеце. Умовы жудасныя. Там заўсёды мокра і холадна. Праз гэтае спаць па начах немагчыма, асабліва ў міжсезонку. У гэты час ты рыхтуешся, што на сутках будуць бяссонныя ночы. Днём ужо таксама не паспіш, таму што ўсюды ўсталявалі відэакамеры. Міжсезонка — проста пекла. Непазбежна саджаеш сваё здароўе, таму што там хварэюць усе: тэмпература, гемарой. Людзі не выходзяць адтуль здаровымі, таму што холадна і пастаянныя скразнякі. Выйсці з ШІЗА здаровым нерэальна".

"Кормяць, каб ты не памёр"

Алесь, працягваючы распавядаць пра ўмовы ўтрымання ў ШІЗА, дадае:

"Акрамя гэтага, у ШІЗА і ПКТ не хапае вітамінаў і незбалансаванае харчаванне. Кормяць, каб ты не памёр. Ежа, у асноўным, складаецца з вугляводаў: кашы, макароны, хлеб. У абед даюць суп, які часцяком падобны больш на гарачую поліўку з невялікай колькасцю інгрэдыентаў. І вельмі важна, што замест трох яек у тыдзень даюць толькі адно, і замест двух разоў масла ў тыдзень — ніводнага. Неяк мы абмяркоўвалі з іншымі зняволенымі недахоп вітамінаў у зняволенні, гэта пачуў рэжымны супрацоўнік і здзівіўся: "Як не хапае вітамінаў — вам жа кампот з сухафруктаў даюць, там ёсць усе неабходныя вітаміны!

Некаторыя камеры нават без вокнаў, дзе няма вентыляцыі. Паводле ПУР мусяць быць вокны ў камерах, куды павінна трапляць дзённае святло. Але я сядзеў у камерах ШІЗА, дзе няма святла, а толькі пыл, смурод і цвіль. Санвузлы ніколі не апрацоўваюцца, таму там стаіць дзікі смурод. За год, што я сядзеў у ШІЗА і ПКТ, ні разу не бачыў, каб хлёркай чысцілі прыбіральні, хоць я прасіў. Акрамя таго, бегаюць усякія казуркі, прусакі, мышы і пацукі. Умовы створаныя такім чынам, што нягледзячы на ўстойлівую псіхіку, яны ўсё роўна ціснуць. Акрамя гэтага, амаль заўсёды ў ШІЗА ў камеры я быў адзін. Сядзець месяцамі ў адзіночцы — гэта дадатковая нагрузка на псіхіку, якая цяпер негатыўна адбіваецца на маёй сацыялізацыі".

"Кончыкі шкарпэтак сохнуць амаль суткі"

"Ёсць магчымасць спаць на нарах, але з нюансам. Нары, у асноўным, драўляна-металічныя, а вось сядзенні ды стол шмат дзе сустракаюцца толькі металічныя. Хоць паводле ПУР усё гэта павінна быць драўляным. Пры гэтым, нары рабрыстыя з выпуклымі металічнымі перагародкамі. Мабыць, каб яны ўпіваліся ў ногі. Нагадаю, што матрацы ў ШІЗА не даюць. Раней на ноч выдавалі целагрэйкі, але цяпер іх адмянілі.

У камерах заўсёды вельмі холадна, таму спаць лепш каля батарэі. Хоць яны гарачыя, не даюць цяпло на камеру. Прывяду прыклад, каб зразумець сітуацыю. Калі сціраеш шкарпэткі, то вешаеш іх сушыцца на батарэю. Каб цалкам высахлі шкарпэткі на гарачых батарэях, патрэбныя суткі. Пры непасрэдным судотыку шкарпэтак з батарэямі, у тым месцы яны высыхаюць хутка. Але кончыкі шкарпэтак, якія звісаюць, сохнуць амаль суткі. Я замяраў. Туды чамусьці не даходзіць ужо цяпло. Неяк раз я атрымаў апёк ад батарэі. Я заснуў каля яе, і грэўся, нацягнуўшы рукавы на рукі, але, відаць, рука агалілася ў сне і я прачнуўся з апёкам. Часам я абмотваў батарэі ручніком, каб не апячыся.

Сядзець на падлозе не забаронена, але адміністрацыя гэтага не дазваляе. Так, да мяне ў камеру прыйшоў супрацоўнік Сяргей Паціенка і сказаў: "Калі не ўстанеш, то будзеш яшчэ катацца па ШІЗА".

Пры гэтым яны самі не ведаюць сваіх правілаў. Паводле ПУР супрацоўнікі павінны звяртацца да зняволенага па ўстаноўленай форме, але яны гэтага не выконваюць. Вельмі раздражняе іх пыха і ганарыстасць, калі яны звяртаюцца да цябе: "Гэй, ты!" Так яны звяртаюцца да людзей, якія старэйшыя за іх і больш адукаваныя. А з палітычнымі наогул не цырымоняцца — часцяком стаўленне пыхлівае ды грэблівае".

"Адміністрацыя калоніі ламае тое, што не змаглі зламаць у ІЧУ ці СІЗА", — вялікае інтэрв'ю з экс-палітвязнем бабруйскай калоніі

Чаму амаль усе зняволеныя калоніі — злосныя парушальнікі рэжыму, як абвяшчэнне амністыі паўплывала на запаўненне штрафных ізалятараў, у чым адрозненне жоўтай біркі і жоўтага трыкутніка на форме зняволеных, што змянілася ў калоніі з пачаткам поўнамаштабнай вайны, паводле якіх прыкметаў адміністрацыя калоніі дзеліць палітвязняў і на што гэта ўплывае.

"Пасядзі на святы ў ШІЗА, а потым паедзеш на ПКТ"

Алесь узгадвае, што ў чарговы раз у ШІЗА яго адправілі перад каталіцкімі Калядамі — на вялікія святы.

"Звычайна прыходзяць і кажуць: "Ты павінен паехаць у ШІЗА, пойдзем, будзеш пісаць тлумачальную". Пакуль гэта ўсё адбываецца, ёсць час сабраца ў ізалятар — узяць мыла, туалетную паперу і г. д. Але неяк да мяне прыйшлі і сказалі: "Пайшлі на пакаранне!" І павялі ў клетку на КПП. Гэта было а 8.30 раніцы — у самы разгар нармальнага сняданку, які рабілі сабе самі. Я ў гэты час зрабіў сабе бутэрброды, мяне пачаставалі шакаладам і хурмой. І вось мяне забіраюць у гэтую клетку — тыпу "стакан" у СІЗА — незразумела за што. Я думаў, што гэта нейкае непаразуменне і мяне вернуць: я ежу пакінуў на стале і ў лядоўні... Але не. Мне прапанавалі напісаць тлумачальную за парушэнне, якое сам прыдумаю. Я адмовіўся.

Мяне змясцілі а 8:30 у клетку, а начальнік калоніі Яўген Бубіч прыйшоў толькі ў абед. Ён сказаў мне: "Пасядзі на святы ў ШІЗА, а потым адразу паедзеш на ПКТ да канца свайго тэрміну на некалькі месяцаў". Я адмовіўся пісаць тлумачальную, але было цікава даведацца, за што мяне змясцілі ў ШІЗА. Так, да мяне аднойчы прыйшоў начальнік атрада і сказаў: "Напішаш тлумачальную — скажу, за што ты сядзіш". Звычайна супрацоўнікі дыктуюць, а тут я сам напісаў, дзе адзначыў, што віну не прызнаю. Але сказаў, што такая тлумачальная яго не задавальняе і аж да апошняга дня выхаду майго з калоніі, ніхто мне так і не сказаў нагодаў, паводле якіх мяне зачынілі".

Потым Алесю ўдалося высветліць у аднаго з супрацоўнікаў, што яго змясцілі ў ШІЗА праз размовы.

"Мне адзін з начальнікаў сказаў: "Ты распускаеш язык, таму што распускаеш язык па тых тэмах, якія ты не павінен тут тлумачыць. Ёсць навіновы фармат — калі ласка, у межах яго і кантактуйце. Па версіі Расіі, у іх спецыяльная ваенная аперацыя па ўважлівых прычынах — вось так і кажаце. Чаму гэтыя прычыны непаважлівыя? За тое, што вы гэта абмяркоўваеце, і за свой доўгі язык ты і сядзіш".

"Даносчыкі проста паведамляюць супрацоўнікам факт зносін, а тэму могуць прыдумаць з паветра"

Бобруйская колония № 2. Скриншот из видеосюжета ОНТ
Бабруйская калонія № 2. Скрыншот з відэасюжэту АНТ

Алесь распавядае, што рапарты складаюць па надуманых прычынах. У калоніі існуе невялікі пастаянны спіс такіх прычын: неадпаведнасць вопісу ў тваёй сумцы, не павітаўся з супрацоўнікам калоніі, спаў, не прадставіўся, адмовіўся прыбіраць туалеты. Але па сутнасці ў ШІЗА адпраўлялі за размовы з іншымі палітвязнямі або за размовы на забароненыя тэмы. Алесь распавядае, што ў калоніі "заўсёды нехта даносіць".

"Нават няважна, падслухоўваў ён ці проста ўбачыў, што палітычныя размаўляюць паміж сабой. Мы стараліся захоўваць бяспеку і размаўлялі ўдалечыні ад усіх. Даносчыкі проста паведамляюць супрацоўнікам факт зносін, а тэму могуць прыдумаць з паветра. Начальнік мне казаў часам: "Ты казаў на такую-та тэму". Але не было такога, Праверце свае крыніцы! Але ім усё роўна. Тэма — фармальнасць. У калоніі існаваў негалосны спіс забароненых тэм для размовы. Хоць яны наўпрост нідзе не называліся, але ўсе ведалі, што нельга казаць пра вайну ва Украіне, палітычны і эканамічны лад дзяржавы, асабліва крытыку дзеючай улады. Калі ты загаварыў пра гэта, то будзь гатовы, што на цябе данясуць. Для супрацоўнікаў вызначальным у пытанні "ці стаў зняволены на шлях выпраўлення" з'яўляецца яго пазіцыя з нагоды дзеючай улады. Тут можна граць ролю і казаць тое, што яны хочуць пачуць. А можна не адказваць, але сядзець у ШІЗА".

"Ну ты ж ведаеш, чаму ты тут сядзіш?.."

Праз камісію, якую Алесь называе "судзілішчам", ён праходзіў за ўвесь тэрмін зняволення больш за дзесяць разоў. Менавіта гэтая камісія прызначае тэрмін штрафнога ізалятара.

"Супрацоўнікі засядаюць у маленькім кабінеце, дзе знаходзяцца ШІЗА. У гэтай камісіі абавязкова прысутнічае або начальнік, або яго намеснікі. Часам зняволеных туды прыводзяць у кайданках, зашпіленымі за спіной, як у мяне. І ты ўстаеш перад цэлым кансіліумам супрацоўнікаў, як перад сходам акцыянераў нейкіх. У гэтым маленькім пакойчыку можа сабрацца да 10 чалавек — і ўсе на цябе глядзяць, як быццам цяпер адбываецца нейкая важная падзея, ці ты кажаш нешта важнае! Але насамрэч гэта ўсяго толькі фармальнасць — і ўсе пра гэта ведаюць, але такі спектакль разыгрываюць.

Калі прыходзіш туды, то адразу называеш сябе, а потым цябе супрацоўнік прадстаўляе начальніку: "Гэта такі-та, злосна парушае рэжым, а цяпер у яго такое вось парушэнне!" Хоць усе ведаюць, што ніякага парушэння насамрэч не было. А потым начальнік цалкам сур'ёзна пытаецца: "А навошта ты парушаў? Навошта ты спаў? А чаму ты не прадставіўся?" Гэта такая дзіч! Ты кажаш, што нічога такога не рабіў і наогул ведаеш ПУР, і тут як быццам ты іх раскусіў, пстрыкае камера, матор, і табе кажуць: "Ну ты ж ведаеш, чаму ты тут сядзіш?.."

"Усім палітычным на працы вызначалі месцы"

Алесь распавядае, што супрацоўнікі стараліся зрабіць так, каб палітвязні не размаўлялі паміж сабой:

"Неяк опер Юрый Калеснікаў нават паказваў распрацаваную ім схему, як палітычных разбіваць на групы, каб яны не маглі кантактаваць. На яго раздрукоўцы мы былі пазначаныя жоўтымі пазнакамі. Гэта яго асабістая распрацоўка. На працы, дзе мы рвалі гуму, мы знаходзіліся ў памяшканні са сталамі — каля 80 сталоў на двух паверхах. За гэтымі сталамі працуюць зэкі. Памятаю, у 2021 годзе можна было стаць за які заўгодна стол і працаваць. А потым правілы змянілі: усім палітычным на працы вызначалі месцы аператыўныя супрацоўнікі. Калеснікаў на сваёй схеме паказваў, як праз яго распрацоўкі развальваюцца групкі палітвязняў і яны не маюць зносіны. Схема: падзяляй і ўладар. Калеснікаў прама казаў, што да жоўтабірачнікаў, маючы на ўвазе толькі палітычных, прадузятае стаўленне".

"У ШІЗА адправілі ўсю кампанію з васьмі чалавек, якія пілі гарбату"

Бобруйская колония № 2. Скриншот из видеосюжета ОНТ
Бабруйская калонія № 2. Скрыншот з відэасюжэту АНТ

Як распавядае Алесь, у снежні 2023 года зняволеным забаранілі мець зносіны з палітычнымі:

"Я выйшаў з ШІЗА і не зразумеў, што адбываецца. Мне кажуць прывітанне, але не ціснуць руку. Мяне, вядома, частавалі, як раней, але таемна. З намі забаранілі размаўляць і гуляць у настольныя гульні, аж да шахмат. Такі быў загад начальніка. Нам таксама забаранялася даваць нешта камусьці і прымаць. Мы сталі як "нізкі статус" — засталося толькі ў канец шэрагу нас адправіць і адсадзіць у сталоўцы за асобныя сталы. Калі ўбачаць, што ты з іншымі зняволенымі п'еш гарбату ў секцыі, то ўсіх адправяць у ШІЗА. Добра, калі цябе чарговы раз адправяць у ізалятар, але паедуць яны. Пры мне так у ШІЗА адправілі ўсю кампанію з васьмі чалавек, якія пілі гарбату. Таксама забаранілі мець больш за дзве кнігі на руках. Усе мае 18 штук забралі і пакінулі толькі адну. Казалі, што нейкія кнігі спалілі на "ракеце" (месца, дзе спальваюць смецце). Пасля гэтага знік супрацоўнік Дзмітрый Рудольфавіч Шанвізэ. Нашы лісты, якія перасталі аддаваць, паляць у качагарцы".

"Трэба напісаць тлумачальную, чаму ты меў зносіны з Бабарыкам"

Аднойчы экс-палітвязню дадалі 10 сутак за неіснуючую размову ў ШІЗА з палітвязнем Эдуардам Бабарыкам.

"Мы з Эдзікам хоць і не былі знаёмыя, але нам прыляцела па 10 дадатковых сутак за тое, што нібыта мы размаўлялі. Гэта з разраду таго маразму, які там са мной адбываўся. Прыходзіць супрацоўнік і проста кажа: "Трэба напісаць тлумачальную, чаму ты меў зносіны з Бабарыкам". Але я не кантактаваў, таму нічога не пісаў. На "судзілішчы" начальнік калоніі сур'ёзна пытаўся: "А чаго ты з ім размаўляў? Ты хочаш падмазацца ў гэтыя колы буржуазныя?" Але потым мы з ім пачалі размаўляць. З ім цікава было абмяркоўваць кнігі і бізнес-ідэі.

На яго аказваўся заўсёды больш моцны ціск: не заўсёды выпускалі на шпацыры, не давалі магчымасць узяць новую кнігу, не пускалі адваката. Але Эдзік заўсёды трымаўся на пазітыве, вельмі моцны чалавек. Увесну да яго прыязджалі следчыя з пытаннямі пра тых, хто падтрымліваў яго грашовымі пераводамі і пасылкамі".

"Ствараецца ўражанне, што ты нармальны чалавек"

Каля шасці месяцаў Алеся ўтрымлівалі ў памяшканні камернага тыпу. Адбывалася гэта зноў жа, з надуманых прычынаў.

"Першы раз мяне адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) за тое, што я адмовіўся прыбіраць туалеты. Гэта ўсё было дэманстратыўна запісана на камеру: "У цябе было парушэнне "неадпаведнасць вопісу ў тваёй сумцы" і ў якасці пакарання мы прапануем табе пазачарговую прыборку туалетнага памяшкання". Усе выдатна ведаюць, што туалеты прыбірае толькі "нізкі статус". І ты не можаш пагадзіцца, калі хочаш захаваць нармальныя адносіны з іншымі зняволенымі. На жаль, гэтыя фармальнасці на зоне ўсё яшчэ захоўваюцца.

Камера ПКТ лепей. Самае галоўнае, што там можна чытаць кнігі і пісаць лісты. Таксама можна мець кіпяцільнік, чай, каву і цыгарэты. Акрамя гэтага, там выводзяць на шпацыры. Адразу пасля абуджэння даецца каля 20 хвілін. А пятай раніцы, вядома, сонечнага святла ты не бачыш, але хоць нейкае свежае паветра, і гэта ўжо добра. Вельмі важным момантам з'яўляецца тое, што на ноч табе даюць коўдру і падушку. Таксама раз у месяц ёсць атаварка на адну базавую велічыню (40 рублёў). Звычайна хлопцы на гэтую суму набіраюць чагосьці салодкага, чай, каву і цыгарэты. Мой набор прадуктаў быў спецыфічным: я браў кілаграм цыбулі, тры-чатыры галоўкі часныку, тры-чатыры кілаграмы морквы, качан капусты, парачку буракоў, якія можна зварыць кіпяцільнікам. Вельмі складана ў ПКТ, калі кіпяцільнік ламаецца. У крамах яго няма, а з атрада палітычным не прыносяць. Так я аднойчы два месяцы прасядзеў без кіпяцільніка. А калі ёсць кіпяцільнік, то можна заварыць сабе гарбату і сядзець з кніжачкай. Адразу ствараецца ўражанне, што ты нармальны чалавек".

"Гэта акт помсты і супраціву"

Заключённый шкловской колонии в ШИЗО. Скриншот из сюжета БТ

Са словаў былога палітвязня, расцяжкі або збіццё, як напрыклад у наваполацкай калоніі № 1, у бабруйскай калоніі не практыкуюцца, але часам у адносінах да зняволеных ужываецца фізічнае ўздзеянне.

"Я быў сведкам, як у суседніх камерах ШІЗА збівалі зняволеных. Гэта былі не палітычныя, але мае сукамернікі казалі, што збівалі і палітвязняў. Аднаму з тых, каго збівалі ў суседняй камеры, патрэбна была псіхалагічная дапамога. Але замест гэтага яго збівалі і выганялі без курткі на мароз на прагулачны дворык".

Алесь адзначае, што псіхалагічная і медычная дапамога практычна адсутнічае ў бабруйскай калоніі. Таксама былы палітвязень падкрэслівае, што пры адпраўцы ў ШІЗА мясцовы лекар павінен пасля медагляду пацвердзіць, што зняволены здаровы і яго арганізм вытрымае "суткі" ў ізалятары, але гэтага не робіцца. Акрамя гэтага, нават, калі сам Алесь знаходзіўся на курсе лячэння, яго адправілі ў ШІЗА. Калі ў ПКТ у яго скруціла спіну, то ён неаднаразова пісаў заяву, каб выклікалі тэрапеўта на тэрміновы агляд, але лекар так і не прыйшоў.

"Мне далі тады абязбольваючыя "Кеталарак" і мазь "Ібупрафен", але я не мог самастойна нашмараваць, таму што так балела спіна. Іх не выпісалі, а проста прынеслі. Але часам і гэтага дапрасіцца не можаш — сядзіш з зубным болем дзень-два".

Былы зняволены ВК-2 адзначае, што выступаў супраць існуючай там сістэмы, што не падпісваў ніякія дакументы і не пісаў тлумачальныя, як яны хацелі. Ён адзначае, што адстойваць свае правы там цяжка. Алесь дзеліцца, што на барацьбу сваіх правоў трэба пакласці здароўе, бо за гэта заўсёды адпраўляюць у ШІЗА і ПКТ. Але дадае, што ў доўгатэрміновай перспектыве, каб памяняць сістэму, гэта мае сэнс:

"Я на галадоўку не садзіўся, бо разумеў, што ў тых умовах гэта бессэнсоўна. Іншыя хлопцы, хто галадаў, проста губілі сваё здароўе, нічога не дамагаючыся. Таксама я сур'ёзна задумваўся, каб ускрыцца ў ПКТ. Калі мне начальнік калоніі сказаў: "Пасядзі на святы", я хацеў ім зладзіць "добры" Новы год, каб яны запомнілі яго надоўга. Але ў апошні момант адмовіўся ад гэтага, бо ведаў, што паведамяць маім сваякам... Але гэта быў бы акт помсты і супраціву. Натуральна, я не хацеў заканчваць жыццё самагубствам, таму што ведаў, як і дзе рэзаць. Але прыехала б пракуратура і давялося б усім на месцы ў ПКТ на святы разбірацца".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства