viasna on patreon

"Як і тысячам нявінных беларусаў, Алесю не месца ў турме": свет віншуе Алеся Бяляцкага з народзінамі Дапоўнена

2024 2024-09-26T15:26:57+0300 2024-09-26T17:56:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_mural.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Свет далучыўся да віншаванняў зняволенага кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. У дзень ягонага нараджэння да віншаванняў далучыліся міжнародныя і беларускія арганізацыі розных кірункаў дзейнасці, грамадскія актывісты, палітыкі і журналісты. Разам з гэтым яны патрабавалі неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі. Публікуем частку іх выказванняў.

Петыцыя з больш чым 80 тысячамі подпісаў

25 верасня Liberecо і Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) правялі акцыю пратэсту перад амбасадай Рэспублікі Беларусь у Бруселі. Яны ў чарговы раз запатрабавалі вызваліць лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру і заснавальніка Беларускага праваабарончага цэнтра "Вясна". На дэманстрацыі дэпутаты Еўрапарламента Мары-Аньес Штрак-Цымерман, Ційс Ройтэн і Міхал Кобаска, а таксама калега Бяляцкага і былы палітвязень Леанід Судаленка нагадалі пра лёс Бяляцкага і ўсіх іншых больш за 1300 палітвязняў у Беларусі.

“Іх становішча застаецца бязрадасным. Яны падвяргаюцца вельмі цяжкім выпрабаванням у зняволенні, і многім з іх адмаўляюць у кантактах са сваякамі або адвакатамі", — сказала Штрак-Цымерман. Яна стала хроснай для Бяляцкага ў межах кампаніі салідарнасціLiberecо #WeStandBYyou.

Амбасада ў Брусэлі не адказвала на неаднаразовыя запыты, палітык накіравала петыцыю, ініцыяваную Libereco, з больш чым 82 000 подпісамі з 82 розных краін і асабістым лістом да дзвярэй амбасады. У петыцыі ўтрымліваецца заклік да беларускага рэжыму неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў.


Святлана Ціханоўская — да дня народзінаў Алеся Бяляцкага 

Дэмакратычная лідарка Беларусі павіншавала Алеся Бяляцкага:

"Сёння свой дзень народзінаў адзначае праваабаронца, старшыня цэнтра «Вясна» і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. Рэжым кінуў яго за краты толькі за тое, што Бяляцкі пісаў праўду, фіксаваў рэпрэсіі і дапамагаў тым, каго яны закранулі. Дзякуючы яго працы свет ведаў праўду пра стан рэчаў у краіне. 

Нават за час нашага асабістага – хоць і вельмі кароткага – знаёмства я адчула яго бязмежную любоў да Беларусі. Любоў, якая, падаецца, натхняла ўсіх, з кім Алесь сустракаўся на сваім шляху. Ён здолеў падтрымаць і мяне, калі гэта было так неабходна. І хоць знаёміцца з Алесем бліжэй мне давялося ўжо праз гісторыі яго калегаў і людзей, якія мелі гонар добра яго ведаць, я ўпэўненая – абавязкова настане момант, калі мы сустрэнемся зноў. 

Ведаеце, яшчэ пасля свайго першага зняволення Алесь сказаў:

 «Тысячы лістоў, атрыманых, пакуль я сядзеў у турме, стваралі вакол мяне моцную маральную абарону. Гэта тое, што падтрымлівала мяне і нагадвала, што я сяджу там не проста так, што мая барацьба за правы чалавека працягваецца».

Мае дарагія! Падтрымлівайце нашых палітзняволеных. Дапамагайце родным і пішыце лісты ў турмы. І няважна, пра што будзе ваш ліст – пра надвор’е, новую цікавую кніжку ці штодзённую руціну. Кожнае вашае слова – вялізарная падтрымка і магчымасць зрабіць дзень у турме хоць на хвілінку лягчэй".

Прадстаўніцтва ЗША пры арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ)

"...Алесь Бяляцкі зноў вымушаны адзначаць свой дзень нараджэння за кратамі, удалечыні ад сваіх блізкіх. Пасля таго як у 2021 годзе яго зноў пасадзілі ў турму, беларускі рэжым летась прысудзіў Алеся Бяляцкага да 10 гадоў турэмнага зняволення паводле ілжывых абвінавачванняў. Пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года прысуды да 7-10 гадоў пазбаўлення волі сталі звычайнай з'явай у лексіконе рэпрэсій Лукашэнкі. Іх мэта? Прымусіць замаўчаць дэмакратычных лідараў і актывістаў, спрабуючы стварыць ілжывае адчуванне кантролю. Намаганні Лукашэнкі пацерпяць няўдачу. Мы патрабуем свабоды для Аляксея Бяляцкага і больш чым 1400 палітычных зняволеных у Беларусі".


Хельсінкская камісія ЗША: "Як і тысячам нявінных беларусаў, Алесю не месца ў турме"

"Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі з Беларусі, адзначае чарговы дзень нараджэння ў турме Лукашэнкі. Як і тысячам нявінных беларусаў, Алесю не месца ў турме, і ён павінен быць вызвалены. У гэты дзень нашы думкі з ім і яго блізкімі".


Крысціна Ёхансан, амбасадарка па Усходнім партнёрстве, прадстаўніца урада Швецыі па дэмакратычных сілах Беларусі:

"Сёння Алесь Бяляцкі, адзін з самых вядомых абаронцаў правоў чалавека ў свеце і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, зноў праводзіць свой дзень нараджэння за кратамі. Ён павінен быць вызвалены разам з усімі палітвязнямі ў Беларусі".


Праваабарончая арганізацыя "Мемарыял":

"Сёння беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму спаўняецца 62 гады. Гэта яго чацвёрты дзень нараджэння ў турме.

Алесь — не толькі лаўрэат Нобелеўскай прэміі (2022), наш дарагі калега, сябар і бліскучы праваабаронца. Ён таксама валодае ўласнымі правамі чалавека і заслугоўвае свабоды.

У 2021 годзе ён быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаваных абвінавачваннях. Рэжым Лукашэнкі перасьледуе Бяляцкага і ягоных калегаў з "Вясны" за іх праваабарончую дзейнасьць. Кожны дзень яго турэмнага зняволення — гэта парушэнне.

Сёння мы хочам выказаць нашу салідарнасць і павагу да мужнасці і сумленнасці Алеся. Мы жадаем яму моцнага здароўя і сіл, у якіх ён мае патрэбу".


Праваабаронцы Human Rights Watch:

"Сёння дзень нараджэння Алеся Бяляцкага, заснавальніка беларускай праваабарончай арганізацыі Вясна і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру. Гэта чацвёрты дзень нараджэння, які Алесь сустракае за кратамі па палітычна матываваных абвінавачваннях у адплату за сваю праваабарончую працу". 


Правабарончая арганізацыя Amnesty Eastern Europe & Central Asia:

"Алесь Бяляцкі, беларускі праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, правядзе свой дзень нараджэння ў турме. Арышт і турэмнае зняволенне — гэта вынік несправядлівых абвінавачванняў і рэпрэсій з-за яго барацьбы за правы чалавека ў Беларусі. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Алеся без прад'яўлення абвінавачванняў.

Абарона правоў чалавека не злачынства, і яна не павінна карацца турэмнымі тэрмінамі".


Праваабаронцы ARTICLE 19 Europe & Central Asia:

"Сёння дзень нараджэння ў Алеся Бяляцкага, бясстрашнага чалавека, праваабаронцы і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру. Алесь Бяляцкі цяпер адбывае 10-гадовы турэмны тэрмін за сваю важную працу на карысць Беларусі і беларускага народа. #StandWithBelarus

Алесь павінен быць вызвалены!"


 Праваабаронцы Front Line Defenders:

"Сёння мы ўспамінаем праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які "святкуе" свой дзень нараджэння за кратамі. Ён быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі за абарону правоў чалавека. Ён павінен быць дома, з сям'ёй.

Мы заклікаем да яго неадкладнага вызвалення!"


Праваабаронцы Right Livelihood:

"Віншуем з днём нараджэння лаўрэата прэміі #Rightliveless, мужнага праваабаронцу і адданага мужа Алеся Бяляцкага.

Калі ласка, далучайцеся да нас, каб пажадаць яму здароўя і сіл і заклікаць да #FreeAles! Няхай гэта будзе яго апошні дзень народзінаў за кратамі".


Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMCT):

"Сёння вядомы беларускі праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі адзначае свой 62-і дзень нараджэння ў турме ў Беларусі.

Мы патрабуем яго і іншых беларускіх зняволеных безумоўнага вызвалення і жадаем Алесю сіл, здароўя і аптымізму".


Міністарка замежных спраў Швецыі Марыя Стэнэргард:

"Сёння лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі адзначае чарговы дзень нараджэння за кратамі. Ён з'яўляецца адным з больш чым 1300 чалавек, прызнаных у цяперашні час палітычнымі вязнямі ў Беларусі. Швецыя заклікае да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення".


Арганізацыя Index on Censorship:

"Праваабаронца, заснавальнік "Вясны" і лаурэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі адзначае свой чацверты дзень нараджэння ў якасці палітвязня, рэпрэсаванага за нястомную працу па абароне свабоды і правоў беларусаў ва ўмовах дыктатуры".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства