viasna on patreon

"Калі сілавікі даведаліся пра маю эпілепсію, зменшылі разрад электрашокера". Гісторыя былога вязня

2024 2024-09-27T15:35:53+0300 2024-09-27T16:34:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kiryl-ivanou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Восенню 2023 года да мінчука Кірыла Іванова ў кватэру ўварваліся сілавікі. Падчас затрымання яго, хворага на эпілепсію, моцна збівалі электрашокерам. Мінчука асудзілі за каментар пра супрацоўніка памежнай службы на два гады "хатняй хіміі". Падчас адбывання пакарання ў мужчыны ў тэлефоне знайшлі ліставанне, у якім мінчук выказваў падтрымку Украіне. На Кірыла пачалі моцна ціснуць і пагражалі адправіць у калонію. Праз пагрозу небяспекі мужчына з’ехаў з Беларусі.

Кірыл распавёў "Вясне" пра расейскі трыкалор і сцяг СССР у кабінеце ГУБАЗіК. Як у міліцэйскім бусе яго моцна збівалі, як канваіры забаранялі казаць у турме, адкуль у яго сінякі па ўсім целе. А таксама, як інспектары на "хатняй хіміі" імкнуцца адправіць палітычных вязняў у калонію.

kiryl-ivanou.jpg
Кірыл Іваноў. Фота з асабістага архіву героя

Мінчук шмат каментаваў у інтэрнэце яшчэ і да падзей 2020 года. Заўсёды імкнуўся нікога не абражаць, але часам некаторыя рэзкія слоўцы праскаквалі, кажа суразмоўца. На Кірыла завялі крымінальную справу за восеньскі каментар 2021 года ў тг-канале "Усы Лукашенко" пад відэаролікам пра начальнкіа аддзелу сувязі Дзяржпамежкамітэту .

"Я паглядзеў, што гэты памежнік выглядае вельмі маладым, а ўжо мае званне палкоўніка. Напісаў: "Не слишком ли молод этот выпердыш для палкана?"

"Заткніся, тварына". Затрыманне

Праз два гады пасля напісання каментара, у кастрычніку 2023 года, да Кірыла ў кватэру прыйшлі “людзі ў масках”. Супрацоўнікі ГУБАЗіК а сёмай раніцы выламалі дзверы ў тамбуры і пачалі ламіцца ў дзверы кватэры.

"Я вырашыў адкрыць ім дзверы. Да мяне ўламіліся пяць чалавек у поўнай амуніцыі. Першы быў са шчытом і накіраваў на мяне пісталет. Мяне адразу паклалі на падлогу, рукі за спіну. Ніхто не прадставіўся. На любое слова ў іх бок я атрымліваў удар па нагах і абразлівае: “Заткніся, тварына”. Я сказаў ім, што нічога падпісваць не буду, пакуль не прыйдуць панятыя. Адзін з сілавікоў адвёў мяне ў ванны пакой і кажа: “Ты ўвогуле разумееш, хто да цябе прыехаў?”. І далей пачаў мяне моцна збіваць. Біў рукамі па твары, у жывот.

Сілавікі нават не паведамілі, з-за чаго яны прыйшлі да мяне. Я вельмі доўга з іх выцягваў, у чым увогуле справа. У адказ адзін з іх спытаў: "Ты ў інтэрнэце розную ху*ню пісаў?". Толькі ў кабінеце ГУБАЗіК на допыце мне ўжо сказалі канкрэтную прычыну".

"Ты што, змагар?". У бусе білі нагамі і электрашокерам

Пасля вобшуку сілавікі пасадзілі Кірыла на падлогу буса, дзе пачалі моцна збіваць нагамі і электрашокерам. Старшы сілавік сеў спераду і даў загад калегам: "З гэтым трэба пагаварыць. Занадта ён борзы". Кірыл знаходзіўся на прыступках на ўваходзе ў бус, а сілавік перасоўваўся па праходзе і біў з разгону. Мужчыну пыталі: "Ты што, змагар?" і адразу білі нагою ў твар.

"Таксама мяне двойчы збівалі электрашокерам, ад якога засталіся моцныя сляды на руцэ, назе і жываце. Сілавікі адразу спыталі, ці я маю хранічныя захворванні. Калі даведаліся, што ў мяне эпілепсія, то загадалі паменьшыць разрад электрашокера. У мяне пыталі каго я падтрымліваю ў вайне. Я адказаў, што я за Украіну. Тады сілавікі са здзекам пыталі: "Можа ты яшчэ і за Ізраіль?". І пра "дзе вы былі 8 гадоў?" таксама было. Пыталі, калі пачалася Другая сусветная, а калі Вялікая айчынная войны".

У кабінеце вісеў расейскі трыкалор і сцяг СССР. Допыт у ГУБАЗіК

Далей Кірыла павезлі на допыт у аддзяленне ГУБАЗіК. Праз захворванне эпілепсіяй мужчына мае праблемы з вестыбулярным апаратам – ён дрэнна перасоўваецца па лесвіцы.

"Я быў у кайданках і папрасіў іх расшпіліць, каб трымацца за парэнчы. У адказ сілавік вельмі моцна два разы ўдарыў мяне ў сцягно. Гэта быў самы балючы ўдар, пасля якога застаўся вялікі сіняк на ўсё сцягно".

У кабінеце з Кірылам размаўлялі вельмі ветліва і нават называлі яго на "Вы". Суразмоўца мяркуе, што гэта магла быць гульня ў "добрых паліцэйскіх". Бо, як ён кажа, "дрэнныя" з ім ужо паразмаўлялі. Начальнік, які зайшоў у кабінет, тлумачыў збіццё Кірылу “дваравымі” паняццямі.

"Мне нарэшце патлумачылі, за што мяне затрымалі. Размаўлялі спакойна і без абразаў. Далей у кабінет зайшоў нейкі начальнік і пытае: “Калі б ты ў дварэ камусьці так сказаў, як напісаў укаментары? Напэўна, адразу атрымаў бы. Вось і атрымлівай цяпер”. У іх так усё напаўвараўское", – кажа суразмоўца.

У аддзяленні вісеў расейскі трыкалор і сцяг СССР, а таксама партрэты Сталіна і Дзяржынскага.

"Мяне гэта вельмі засмуціла. Не беларусы гэта".

Сілавікі намагаліся "раскруціць" Кірыла, каб ён нагаварыў на сябе і сазнаўся ў тым, чаго не рабіў. Яму абяцалі, што ўсе эпізоды пойдуць у адну крымінальную справу. У адваротным выпадку пагражалі завесці яшчэ адну справу.

"Супрацоўнікі ізалятара пабачылі, што я ўвесь амаль сіні". ІЧУ на Акрэсціна

Пасля кароткага візіту ў Следчы камітэт Кірыла адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна.

"Падчас агляду я распрануўся і супрацоўнікі ізалятара ўбачылі, што я ўвесь амаль сіні. Яны адразу спыталі, адкуль гэтыя сінякі. Я сказаў, што гэта іхныя калегі так пастараліся".

Спачатку Кірыла на некалькі дзён змясцілі ў звычайную камеру, пасля чаго перавялі ў карцэр.

"У аднамесным карцэры нас было 10 чалавек і ўсе палітычныя. Там я таксама правёў трое сутак. Там так мала месца, што нават не ўсе могуць змясціцца на падлозе".

Адсутнасць сна было самым цяжкім выпрабаваннем для Кірыла. Кожную ноч а другой і чацвёртай гадзіне вязняў будзілі на праверкі. Днём нельга было спаць і ляжаць на ложку, кажа суразмоўца.

"У Жодзіна скажаш, што ніхто цябе не збіваў"

Жодзінская турма №8. Фота Алеся Лапіцкага
Жодзінская турма №8. Фота Алеся Лапіцкага

Перад адпраўкай у жодзінскую турму канваіры пабачылі сінякі Кірыла і сказалі, каб ні ў якім разе не казаў па прыбыцці, што яго збівалі сілавікі. У турме не прыймаюць вязняў у збітым стане, кажа суразмоўца. У ІЧУ на Акрэсціна былі значна горшыя ўмовы, чым у Жодзіна, таму, каб Кірыла не адправілі назад у ізалятар, ён вырашыў паслухацца канваіраў. Мінчук правёў у зняволенні да суда тры месяцы.

"Канваіры спачатку нават падумалі, што ў мяне нейкі "нізкі" артыкул і мяне за гэта збілі самі вязні. Але калі зазірнулі ў справу, то ўсё самі зразумелі.

У звычайных зэкаў да палітычных было нейтральнае стаўленне. "Хіба гэта злачынцы? Найшлі каго саджаць", – казалі яны. Гэта былі пераважна рабавальнікі крамаў і іншыя. Агулам добрыя людзі з дрэннымі ўчынкамі. Як ты там сябе паводзіш, так да цябе і ставяцца".

Апошні тыдзень перад судом суразмоўца паспеў адбыць на Валадарцы. Кірыл бачыў, як адміністрацыя рыхтавала СІЗА да пераезду ў новы будынак у Калодзішчы і вымала ў камерах тэлевізары. Іх прагляд вязні замянілі вывучэннем ангельскай мовы і разгадваннем красвордаў, якія там былі на вагу золата, кажа мужчына.

"На Валадарцы я ўжо прасіўся ў канкрэтную камеру. Адзін бандзіт папрасіў мяне перадаць прывітанне сябру, які сядзеў у той самай камеры на Валадарцы. На дзіва, мяне туды і засялілі".

Кірыл распавядае, што на Валадарцы стаўленне канваіраў да вязняў было даволі лагодным. Да таго ж у мінскім СІЗА можна было днём ляжаць на ложку, чаго нельга было нават уявіць у жодзінскай турме.

"Нарэшце я прайдуся па вуліцы". Суд

Перад судом Кірыл здаў усе рэчы на склад. Яму выдалі аркуш паперы, асадку і бутэрброд. Тым, хто едзе на пасяджэнне, сняданак прыносяць раней, чым іншым.

"Мой суд быў у Маскоўскім раёне. Мяне зранку пасадзілі ў вузкае цеснае памяшканне, дзе я доўга чакаў пачатку працэса. Вакно было пад самай столяй. Лаўка адмыслова зроблена нязручнай, каб на ёй нельга было паляжаць. Але ў мяне ўсё роўна атрымалася. Я чакаў абвяшчэння прусуду недзе 3-4 гадзіны. Гэта было вельмі стомна.

Бывалыя зэкі ў турме казалі: "Рыхтуйся да горшага. Калі лепшае здарыцца, то і добра". Таму я рыхтаваўся да калоніі".

Кірыла прыехалі падтрымаць сваякі і сябры. Мужчыну прызначылі два гады “хатняй хіміі”. “Спачатку я быў у эйфарыі. Нават не ведаў, што сказаць сваякам. Першае, што падумаў, нарэшце я прайдуся па вуліцы. Калі выйшаў, было адчуванне нібы пару гадзін адсутнічаў. Адзинае, што снег паспеў выпасці”, узгадвае суразмоўца.

"Я нават не мог зайсці ў краму". "Хатняя хімія"

Па вызваленні суразмоўца стаў на ўлік. Яго інспектарам быў Шалік Ілля Андрэевіч. Імя сілавіка ўнесена ў "Чорную кнігу Беларусі", чым інспектар вельмі ганарыўся, распавядае Кірыл.

Кожны панядзелак Кірыл прыходзіў у інспекцыю адзначацца. Агулам з ім прыходзіла каля 130 палітвязняў.

"Мы ўсе сядалі ў актавай зале аддзялення міліцыі, і нас кожнага называлі па прозвішчу. Падыходзіш, распісваешся, сядаеш на месца. Пакуль усіх не назавуць, ты нікуды не сыходзіш".

У інспекцыі Кірылу далі тры тыдні, каб ён афіцыйна ўладкаваўся на працу. Як распавядаюць былыя палітвязні, працадаўцы вельмі неахвотна бяруць новых сурпацоўнікаў, якія адбываюць “хімію”. Суразмоўцу пашчасціла ўладкавацца па спецыяльнасці ў прыватную фірму.

Па ўладкаванні на працу Кірылу зменшылі колькасць вольнага часу.    

"Да працаўладкавання ў мяне быў вольны час з 16 па 18 гадзіну. Пасля графік змяніўся. З 17 па 18 гадзіну я мусіў паспець даехаць да дому. І яшчэ гадзіна вылучалася для вольнага часу. Пры гэтым падчас дарогі дамоў я не меў права нікуды заходзіць. Я не мог нават зайсці ў краму. Інспектар за гэтым вельмі сачыў" – распавядае Кірыл.

Падчас адбывання “хатняй хіміі” да палітычных часта прыходзяць з праверкамі ў начны час. Кірыл не стаў выключэннем.

"Праз тое, што ў мяне эпілепсія, я не магу хутка падымацца з ложка. А пакуль правяраючыя званяць у дамафон, трэба паспець прачнуцца і дабегчы да трубкі. Гэта ўсё было непрыемна і нервова і дадаткова абцяжарвала жыццё".

"Ты што, бл*дзь! Расейская армія для цябе ўроды?". Ад’езд з Беларусі

Так Кірыл адпрацаваў амаль паўгады. Акрамя панядзелкавых сходаў былых вязняў прыядычна збіралі па чацвяргах, дзе чыталі лекцыі ад Чырвонага крыжа і на розныя сацыяльныя тэмы.

"Гэтыя лекцыі былі карысныя пераважна для тых вызваліўшыхся, якім не было куды падацца і якім была патрэбная падтрымка. Для нас, хто працаваў, гэта быў дадатковы "гемарой", бо трэба было зноў адпрашвацца з працы".

На адным з такіх сходаў усім сказалі ісці, акрамя палітычных.

"Нам загадалі здаць тэлефоны на праверку. Праверылі. Здаецца, усё было добра. А ўжо вечарам мне патэлефанавалі і выклікалі на наступны дзень у інспекцыю. Там мне здалёк пачалі задаваць пытанні палітычнага характару: на якіх рэсурсах я пісаў каментары і якога яны былі зместу. Разам з старым інспектарам мяне апытваў новы, таксама Ілля Андрэевіч, але па прозвішчу Клок. Вось гэта мярзота поўная. Ён стаў распытваць пра сваякоў. А ў мяне бацька былы палітвязень, а брат у Польшчы. Калі ён пра гэта пачуў, то стаў з мяне кпіць і вырашыў праверыць тэлефон. А там убачыў у фэйсбуку жоўта-блакітную аватарку маёй стрыечнай цёткі з Украіны. Палез у нашую з ёй перапіску. А я там выказваўся пра злачынствы расейскай арміі:

– Расейская армія забіваеі гвалціць дзяцей. Дзе іхняя царква?

– Дык царква і пакрывае гэтых уродаў.

Гэты Клок як зараве на мяне: "Ты што, бл*дзь! Расейская армія для цябе ўроды? Дык ты змагар?".

Інспектары пачалі правяраць Кірыла на запісах камер відэаназірання. Шукалі, ці не ўдзельнічаў той у пратэсных акцыяй. А таксама загадалі кожны дзень хадзіць на праверкі. Раз у дзень яны па чарзе правяралі з дапамогай адмысловых ботаў кожную з сацсетак Кірыла. Шукалі каментары і лайкі, кажа суразмоўца. 

"Адразу пасля той размовы я прыняў рашэнне збягаць, бо нічым добрым гэта б не скончылася. Інспектары мне наўпрост пагражалі, што я паеду ў калонію. Увесь непрацяглы час, пакуль я рыхтаваўся да ад’езду, я штодзень хадзіў да іх на праверкі".

У выніку Кірыл з’ехаў з Беларусі і цяпер наладжвае новае жыццё ў адной з еўрапейскіх краінаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства