viasna on patreon

Рэпрэсіі без правілаў: больш за 15 чалавек са спартовай сферы знаходзяцца за кратамі

2023 2023-09-29T13:46:37+0300 2023-10-26T09:46:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prison_sport.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У 2015 годзе ЮНЭСКА задэкларавала доступ да фізічнай адукацыі як фундаментальнае права кожнага чалавека. Аднак на практыцы людзі за кратамі не проста пазбаўленыя гэтага права: яно апынулася яшчэ адным метадам ціску ўладаў, калі ствараюцца немагчымыя ўмовы для любой, нават мінімальнай фізічнай актыўнасці.

30 верасня — Дзень спартовай салідарнасці. Таму сёння мы падрыхтавалі матэрыял пра спартоўцаў, трэнераў і людзей са спартовай сферы, якія цяпер знаходзяцца за кратамі за сваю пазіцыю.

Падтрымка сямей палітзняволеных беларускіх спартоўцаў і прадстаўнікоў спорту

Тут можна падтрымаць палітзняволеных спартсменаў, каб прадэманстраваць салідарнасць як міжнародная спартыўная сям'я. Гэта дапаможа тым, хто выбраў сумленнасць і прыстойнасць.

Падкрэслім, што пераследуючы спартоўцаў, іх таксама пазбаўляюць магчымасці трэніравацца, каб падтрымліваць сябе ў годнай прафесійнай форме, таму яны губляюць свае прафесійныя якасці. Былыя палітвязні падкрэсліваюць, што ім доўга даводзіцца фізічна і псіхалагічна ўзнаўляцца пасля зняволення, пачынаць засвойваць практыкаванні з нуля. Гэта ўсё прыводзіць да немагчымасці працягваць спартовую кар’еру нават пасля выхаду з месцаў несвабоды, нават калі людзі правялі там некалькі месяцаў.

Спорт у зняволенні: як права пераўтварылася ў метад ціску

«Вясна» распытала людзей, якія сядзелі на сутках, у СІЗА, калоніі і ПКТ і ШІЗА, каб распавесці, якія ўмовы для заняткаў спортам былі падчас іх зняволення.

СПАРТОЎЦЫ 

Расціслаў Стэфановіч

Расціслаў Стэфановіч

Архітэктар, гулец каманды па амерыканскім футболе "Мінскія Зубры". У яе складзе стаў срэбным прызёрам ЧУ 2009, 2010, і 2011 гадоў, срэбным прызёрам Eastern Cup, чэмпіёнам УЛАФ 2013, УЛАФ 2016, BSL 2016. Затрыманы 29 верасня 2020, яго асудзілі да васьмі гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Гісторыя палітвязня Расціслава Стэфановіча – архітэктара, які хацеў, каб беларусаў пачулі

Жонка Расціслава распавяла "Вясне" аб ночы пасля затрымання, чаканні мужа і малюнках дачкі.

Дзяніс Марусевіч

Палітвязень Дзяніс Марусевіч

Спартсмен з Брэста, майстар спорту па каратэ, рукапашным баі і армейскім рукапашным баі, быў сябрам нацыянальнай зборнай па каратэ. Быў затрыманы 11 верасня 2020 г. і пазбаўлены волі на чатыры гады ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яму 25 гадоў, 19 з якіх ён займаецца спортам, пачынаў з акрабатыкі.

«Масавыя беспарадкі» на дзве гадзіны

Што вядома пра крымінальную справу за 10 жніўня ў Брэсце?

Юрый Церашкевіч

Былы брамнік ФК "Граніт". Згодна з вядомымі заяўкамі на матчы, ён гуляў за клуб у сезоне 2006/2007. Затрыманы 10 студзеня 2022 і асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Былога брамніка ФК "Граніт" асудзілі да двух гадоў калоніі за абразу Лукашэнкі

Згодна з вядомымі заяўкамі на матчы, ён гуляў за клуб у сезоне 2006/2007.

Андрэй Цыпак

Гандбаліст. Раней гуляў у брэсцкім гандбольным клубе імя Мяшкова. З 2020 па 2021 год працаваў у МТС — і ў гэты час, згодна з версіяй сілавікоў, перадаў даныя некалькіх пракурораў і дзяржаўных службовых асоб у пратэсную ініцыятыву. Былы сукамернік Цыпака распавёў праваабаронцам, што падчас затрымання Андрэя моцна збілі. 

Аляксандр Шарабайка

Вядомы глыбоцкі бодзібілдар. Суд прызначыў Аляксандру год і шэсць месяцаў калоніі за "абразу Лукашэнкі". З улікам таго, што Аляксандр некалькі месяцаў утрымліваўся ў СІЗА, яму застаецца адбываць каля васьмі месяцаў.

ТРЭНЕРЫ

Мікалай Васілевіч

Мікалай Васілевіч

Трэнер-масажыст нацыянальнай каманды па біятлоне, працуе ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы". Яго асудзілі да 9,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штрафу ў 600 базавых велічыняў.

Вадзім Чапялевіч 

Дзіцячы трэнер клуба “Дынама-Брэст”. Яго асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Мужчына нарадзіўся ў вёсцы Ярэмічы, што недалёк ад Кобрына, у горадзе і пачаў займацца футболам. Спачатку быў абаронцам “Кобрыну”, пасля спрабаваў перайсці ў брэсцкае “Дынама”, але атрымаў траўму калена. Пасля гэтага хлопец з адзнакай закончыў факультэт фізічнага выхавання Брэсцкага ўніверсітэту і ўладкаваўся на працу трэнерам у мясцовы Цэнтр алімпійскага рэзерву. Ён працаваў з групай хлапцоў 2009-10 гадоў нараджэння да самага затрымання: бацькі футбалістаў былі ў захапленні ад ягона працы. Вадзім таксама ладзіў дзеткам дадатковыя экскурсіі і іншыя камандныя забаўкі.

Павел Аўчароў 

Трэнер, займаўся айкідо і скончыў БДУФК. Затрыманы 8 кастрычніка 2020 году. Асуджаны да 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Фігурант крымінальнай справы, распачатай пасля акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года, калі ў Мінску прайшла інаугурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Яго і ягонага сябра Гусэйнава прызналі вінаватымі ў тым, што ў той дзень з 21.00 да 23.00 яны заклікалі да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія загадзя былі спланаваныя пад выглядам масавых мерапрыемстваў, блакавалі камунікацыі.

Алег Гаўрылаў

Алег Гаўрылаў

Фітнес-трэнер з Салігорску, асуджаны да дзесяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Затрыманы з асобнікамі “Честной газеты”. Яго прызналі вінаватым ў распальванні варожасці або варажнечы, здзейсненыя групай асоб (ч. 3 арт. 130), апаганьванні будынкаў і псаванні маёмасці (арт. 341). Таксама фігурантаў ягонай справы абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі), ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

magileu-sud-ablasny.jpg

Падчас следства спіс абвінавачанняў салігорскаму трэнеру Гаўрылаву значна вырас

Справу жыхара Салігорска, трэнера Алега Гаўрылава перадалі ў пракуратуру для далейшага накіравання ў суд.

Алег Швайко

Футбольны трэнер, якога асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Вядома, што Алег Швайко працаваў з жаночай камандай у футбольным клубе "Мінск" і выказваў актыўную пазіцыю наконт падзей у Беларусі ў 2020 годзе. У канцы 2021-га трэнер пакінуў структуру "Мінска", а ў 2022-м апынуўся на стажыроўцы ў іншай школе. Там ён займаўся з хлопцамі 8-10 гадоў, дапамагаў больш дасведчаным калегам. У кастрычніку 2022-га Швайко падпісаў кантракт з прыватнай футбольнай школай імя Васілеўскага. У сацсетках мінская арганізацыя прадставіла новага трэнера 20 кастрычніка, літаральна за пару тыдняў да яго затрымання. У зону адказнасці Швайко ўваходзіла праца з камандамі U-9 і U-11.

Аляксей Грыцкевіч

Аляксей Грыцкевіч

Фітнес-трэнер з Нясвіжчыны, якога асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 

gryckevich.png

"Абразіў Лукашэнку і распальваў варожасць у Telegram-чаце"

Трэнера з Нясвіжчыны асудзілі да 2 гадоў калоніі

Сяргей Зайкоўскі 

60-гадовы трэнер па футболе з Бялынічаў. Ён закончыў Магілёўскі педынстытут па спецыяльнасці “настаўнік фізкультуры”. Працаваў у Бялыніцкай школе. У вольны час ён хадзіў з дзецьмі ў паходы з намётамі, займаўся з імі бясплатна, бо ў горадзе не было ДзЮСШ. Выхаваў некалькі знакамітых цяпер спартоўцаў.

Дзмітрый Белямук

Спартовец з Брэсту, яму прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Мужчыну затрымалі ў сярэдзіне лютага 2023 году за каментары.

Акрамя трэнераў і спартоўцаў, за кратамі знаходзяцца людзі з каляспартовага свету: у першую чаргу, гаворка ідзе пра журналістаў і адвакатаў.

Іван Котаў

Іван Котаў

КМС па паўэрліфтынгу, вядзе ўласны ютуб-канал “ВлогИКа”, дзе распавядае навіны спорту. Захапляецца футболам і валейболам. Таксама ён  экс-вядучы сацсетак “Энергетыка-БДУ”. 27 лютага 2023 суд прызначыў Івану тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Аляксандр Данілевіч

Аляксандр Данілевіч

Спартыўны адвакат, арбітр СAS, затрыманы 20 траўня 2022, пазбаўлены волі на дзесяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.  З 2010 г. з'яўляўся намеснікам старшыні Дысцыплінарнай камісіі Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Рэспублікі Беларусь, у 2012 г. уключаны ў Апеляцыйны антыдопінгавы савет пры Міністэрстве спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. З'яўляўся старшынёй Беларускай федэрацыі рэгбі і сябрам юрыдычнага камітэта міжнароднай асацыяцыі "Рэгбі Еўропа". Прайшоў навуковую стажыроўку ў Цэнтры спартовага права Інстытута ім. Т.М.К. Асэра (г. Гаага, Нідэрланды). Данілевіч любіць спорт. Адно з яго захапленняў — веславанне, на якое ён падсаджваў усіх знаёмых. Аляксандр мае некалькі каякоў.

"Я дапамагаю людзям, не маю права ім адмаўляць"

Што казаў на працэсе асуджаны да 10 гадоў калоніі адвакат Данілевіч.

Дзмітрый Сельвеструк

Дзмітрый Сельвеструк. Фота з сацсетак

Аўтар Telegram-канала «Серебряный век. Футбол Беларуси» і экс-супрацоўнік «Народнай газеты». Прама цяпер яго судзяць паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзенасці). Акалічнасці справы праваабаронцам невядомыя. Ён быў затрыманы ў траўні 2023 году.

Падтрымайце блогера: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Сельвеструк Дзмітрый Алегавіч


Адрасы для падтрымкі мужчынаў можна знайсці ў іх профілях па спасылках.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства