Падчас следства спіс абвінавачанняў салігорскаму трэнеру Гаўрылаву значна вырас
Справу жыхара Салігорска, трэнера Алега Гаўрылава перадалі ў пракуратуру для далейшага накіравання ў суд.
Палітвязня Алега Гаўрылава затрымалі 13 снежня 2021 года ў Салігорску і першапачаткова падазравалі ў здзяйсненні злачынства па арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).
Пасля затрымання Гаўрылаў быў змешчаны ў следчую турму № 8 у Жодзіна. Але падчас следства спіс крымінальных артыкулаў, прад’яўленых абвінавачанаму, значна вырас.
Экспертыза змесціва “Честной газеты”, з якімі быў затрыманы трэнер, сведчыць аб тым, што Гаўрылаў нібыта датычны да распальвання расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, здзейсненыя групай асоб (ч. 3 арт. 130), апаганьвання будынкаў і псавання маёмасці (арт. 341).
Таксама яго абвінавачваюць па арт. 361 (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі).
Толькі па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса яму можа пагражаць пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў.
8 чэрвеня ў Салігорску ў Алега быў допыт і вочная стаўка, а 13 чэрвеня справа перададзеная ў пракуратуру.