Былога брамніка ФК "Граніт" асудзілі да двух гадоў калоніі за абразу Лукашэнкі
11 красавіка суд Лунінца і Лунінецкага раёна ў будынку мясцовага РАУС разгледзеў справу 33-гадовага Юрыя Церашкевіча — былога брамніка футбольнага клуба "Граніт". Згодна з вядомымі заяўкамі на матчы, ён гуляў за клуб у сезоне 2006/2007.
Суддзя Святлана Братанава прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса і асудзіла да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў Юрый Пракапчук.
Абцяжарваючымі абставінамі суд улічыў тое, што ў мужчыны ўжо была судзімасць паводле дыфамацыйнага артыкула 369 Крымінальнага кодэкса. Падчас гэтага эпізода Церашкевіч высыпаў смецце на міліцэйскі аўтамабіль. Тады яму прысудзілі 3 месяцы арышту.
Згодна з абвінавачаннем, супрацоўнікі ДАІ затрымалі Церашкевіча ўвечары 9 студзеня 2022 года на аўтамабільнай дарозе. У аўтамабілі супрацоўнікаў, бальніцы і па дарозе ў РАУС ён абражаў Лукашэнку, выказваючыся нецэнзурна. Сярод выразаў прысутнічалі: "Животное, быдло, пи..р ёб..ый".
Церашкевіч прызнаў віну і раскаяўся ў тым, што здзейсніў, а таксама папрасіў прабачэння: сказаў, што ня ведае, чаму так паступіў. Ён распавёў, што пасля першага прысуду жыў у маці ў Мікашэвічах. Ён захацеў пабачыцца з бацькам і пайшоў да яго пешшу па дарозе, бо думаў злавіць спадарожную машыну. На сваім шляху Юрый зайшоў на могілкі — памянуць загінулых сяброў, звычайна мужчына не п'е часта, на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансэры ён не ўтрымліваецца. Калі ён вярнуўся на дарогу, да яго пад'ехалі супрацоўнікі ДАІ і прапанавалі аформіць пратакол — тады Церашкевіч збег у лес. Па дарозе дадому ён убачыў аварыю: машына перакулілася на дах і зляцела ў кювет. Юрый пабег дапамагчы, там яго затрымалі супрацоўнікі ДАІ.
Сведкамі па справе выступілі супрацоўнікі ДАІ Антановіч і Вайко, на судзе былі зачытаныя іх паказанні падчас следства.
Пракурор Юрый Пракапчук папрасіў асудзіць былога футбаліста да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, суддзя Святлана Братанава прызначыла менавіта такое пакаранне.