Спорт у зняволенні: як права пераўтварылася ў метад ціску
У 2015 годзе Міжнародная хартыя фізічнага выхавання, фізічнай актыўнасці і спорта ЮНЭСКА задэкларавала доступ да фізічнай адукацыі як фундаментальнае права кожнага чалавека. Гэта значыць, што доступ да фізічнай актыўнасці мусіць быць забяспечаны ў тым ліку і зняволеным. Аднак на практыцы людзі за кратамі не проста пазбаўленыя гэтага права: яно выявілася яшчэ адным метадам ціску ўладаў, калі ствараюцца немагчымыя ўмовы для любой, нават мінімальнай нагрузкі.
Таму «Вясна» распытала людзей, якія сядзелі на сутках, у СІЗА, калоніі і ПКТ і ШІЗА, каб распавесці, якія ўмовы для заняткаў спортам былі падчас іх зняволення і як магчымасць фізічнай актыўнасці ўплывала на іх стан.
Суткі: немагчымыя ўмовы для спорту
Найгоршыя ўмовы для заняткаў створаныя ў ізалятарах часовага ўтрымання, дзе людзі сядзяць на «сутках»: перапоўненыя камеры, цяжкі псіхалагічны стан у першыя дні пасля затрымання, адсутнасць самых неабходных сродкаў гігіены робяць немагчымым нават мінімальную фізічную актыўнасць. Прафесійны гімнаст і артыст цырку «Дзю Салей» Сямён Букін распавядае, што падчас сваіх 15 сутак у лістападзе 2020 года ён амаль не мог займацца, што было для яго роўнае катаванням.
— Першыя шэсць содняў у Жодзіна нас было 18 чалавек на шасцімясцовую камеру, — узгадвае ён. — Таму не было ні месца, ні жадання займацца: я быў у такім стане, што проста нічога не хацеў. Толькі на пятыя суткі нас адвялі на шпацыр у памяшканне, прыблізна 5х5 метраў, і там быў турнік — я не змог яго абмінуць. Нават улічваючы невялікі перапынак, падцягвацца было цяжка, а на наступны дзень балелі цягліцы, што было прыемна.
Калі мяне перавялі ў Магілёў, там было большае памяшканне: я пару разоў меў магчымасць зрабіць нейкія адцісканні, стойкі на руках, прыседы. Я хацеў, каб у мяне проста не балела цела, бо без нагрузак менавіта так і здараецца — такая ўжо звычка. Я памятаю, што было шмат энэргіі, якую не было куды падзець, бракавала і снарадаў для нармальных заняткаў. Для такіх, як я, адсутнасць фізічных практыкаванняў — жорсткі гвалт, нават у псіхалагічным плане.
Пасля вызвалення Сямён прыходзіў у фізічную норму каля тыдня. Псіхалагічна было крыху прасцей, бо ў прафесійным спорце ён адаптаваўся да ціску: хлопец адзначае, што здзекі міліцыянтаў не падаліся яму нечым незвычайным, у параўнанні з дыктатарскімі метадамі аднаго са сваіх трэнераў.
Палітзняволеная трэнерка па ёзе Іна Шырокая распавядала, што нават у жудасных умовах жанчыны кампенсавалі сітуацыю заняткамі ёгай, медытацыямі, мантрай «Ом», пранаямамі.
СІЗА: абмежаваная прастора і недахоп паветра
Калі ты трапляеш у СІЗА, у камеры мала прасторы, нават каб проста рухацца, не гаворачы ўжо пра паўнавартасныя заняткі спортам. Аднак пры абмежаваных шпацырах і адсутнасці абсталявання людзі спрабуюць знаходзіць любыя магчымасці парухацца.
Іна Шырокая намагалася рабіць практыкаванні, бо разумела, што абязрушванне прывядзе на сумных наступстваў. Палітзняволеная таксама прыводзіла станоўчыя аргументы заняткаў іншым жанчынам і прапаноўвала тэхнікі, каб зняць прыгнечаны стан, але старалася не парушаць асабістыя межы іншых. У камеры былі заняткі на шконках на расцяжку і прывядзенне сябе да шпагату, на шпацыры жанчыны таксама паказвалі адна адной разнастайныя практыкаванні і бясконца хадзілі па маленькім дворыку: па дзесяць хвілінаў у кожны бок, каб не так моцна кружылася галава.
— Пасля турмы я яшчэ месяц кульгала, бо прывыкла хадзіць па акружнасці ў маленькай абмежаванай прасторы, — распавядае Іна. — Я бачыла, што людзі мелі праблемы з суставамі, моцна гублялі альбо набіралі вагу. У мяне атрымлівалася захоўваць добрую фізічную форму, толькі таму што я выкарыстоўвала ўсе свае навыкі выкладчыцы ёгі. Некаторыя комплексы я пераўтварала: каб не класціся на каменную брудную падлогу, прыбрала з «Вітання сонцу» і «Вітання поўні» асаны, якія трэба было выконваць лежачы. Некаторыя перакуленыя асаны мы выконвалі толькі на верхніх шконках і нават саступалі на час практыкаванняў свае месцы тым, хто «жыў» на першых ярусах. Я абавязкова рабіла ранішнюю пранаяму Бхастрыку і Капалобхаці: гэта было голасна для шостай раніцы і мне было няёмка ад гукаў, якія я рабіла. Аднойчы адна з сукамерніц сказала, што гэта гучыць агідна — давялося тлумачыць карысць і чаму я прафесійна не магу перарваць практыку.
І хаця Іна старалася прыцягнуць да заняткаў астатніх, не заўсёды людзі былі дастаткова матываваныя, таму хутка яна перайшла да самастойных практыкаванняў, аднак перад выхадам пакінула ў агульным сшытку для запісу вершаў і песень комплексы ёгі і правільныя паставы асанаў, якія памятала. Іна тлумачыць, што ёй было важна такім чынам падтрымаць іншых.
Палітзняволеная таксама распавядае, што згубіла ўзровень кваліфікацыі і пасля выхаду з СІЗА пачынала ўсё з нуля. Да таго ж, нават на волі ейная кожнадзённая практыка мела трывожныя асацыяцыі, таму яна дагэтуль не можа вярнуцца да асабістых медытацый: цяпер яны выклікаюць ПТСР. Выйсце жанчына знайшла толькі ў практыках з іншымі ўдзельнікамі, дзе яна можа адчуваць сябе бяспечна.
— Першы час я задыхалася ад нават невялікіх нагрузак, у мяне моцна сапсаваўся зрок, пачаліся праблемы з зубамі, вылез даўно забыты піеланефрыт і праблемы з ныркамі. І, вядома, праблемы з псіхікай, — узгадвае Іна. — Выйсці псіхічна паўнавартасным чалавекам з турмы немагчыма. Мне спатрэбілася сур'ёзная рэабілітацыя, якая неабходная і дагэтуль. Праз тэрміновыя ўцёкі я не змагла прайсці поўнае медыцынскае абследаванне, здаць аналізы (у камеры былі ВІЧ і гепатыт інфікаваныя), прапіць патрэбныя лекі. Я спадзяюся, што з часам гэта ўсё адбудзецца. Я працую з псіхолагам, працягваю выкладаць і дзяліцца досведам, стараюся аказваць сабе своечасовую медыцынскую дапамогу, п'ю вітаміны. Дай бог, усё стане на свае месцы. Кожны раз, калі я бачу тую каласальную шкоду, якую я панесла з-за помсты маёй дзяржавы, я ўспамінаю тых, хто да гэтага часу не змог вырвацца з лап карнай сістэмы.
Псіхалагічная дапамога: Цяжкасці адаптацыі палітвязняў і спосабы ім дапамагчы
Палітзняволеная Таццяна Барысовіч распавядала, што фізічныя практыкаванні дапамагалі ёй захоўваць здароўе і не з’ехаць з глузду:
— Калі трэніруешся, розум робіцца халодным, — казала яна. — Штодня патрошкі я рабіла зарадку, прысяданні, на ложку выконвала практыкаванні на прэс, ногі і спіну.
Яна таксама раіла дасылаць у лістах палітвязням прыклады практыкаванняў, якія можна выконваць у абмежаванай прасторы.
— У нас была спартовая камера, бо з намі быў Максім Знак, — распавядае палітзняволены Андрэй Шляпаў. — Ён нас варушыў і ўвесь час заахвочваў займацца. Калі яго этапавалі, не ўсе працягнулі гэта рабіць. Я ж цікавіўся практыкаваннямі з вагой уласнага цела яшчэ да затрымання, таму абапіраючыся на той досвед, склаў сабе графік трэніровак у СІЗА, наколькі гэта магчыма. Аднак трэба было прыглядацца, каб гэта асабліва не заўважылі: я чуў, што ў пэўных месцах зняволення за заняткі спортам могуць пасадзіць у карцар, збіць ці павесіць «паласу», што ты рыхтуешся збегчы.
Андрэй стараўся наладзіць свае трэніроўкі такім чынам, каб займацца ў той час, калі менш людзей паляць: звычайна, гэта час пасля абеду, калі людзі разыходзяцца па сваіх ложках, і вызваляецца прастора ў камеры. Па панядзелках палітвязень прысядаў з поўнымі паўтаралітровымі бутэлькамі, закінутымі ў сумку. У сераду — адціскаўся. У пятніцу — падцягваўся на нарах дзвюма рукамі.
— Там усё абмяжоўвалася выключна тваёй фантазіяй, — тлумачыць Андрэй. — Калі ты хочаш займацца, будзеш гэта рабіць. Памятаю, якой раскошай быў момант, калі нас зімой вывелі ўтрох ў адзін з самых вялікіх дворыкаў на Валадарцы — я змог проста пабегаць 15-20 хвілін па коле. Гэта былі тыя часы, калі дазвалялі хадзіць на шпацыры часткай камеры, бліжэй да лета правілы змянілі: калі нехта з камеры не хацеў ісці на прагулку, заставаліся ўсе.
Палітзняволены Віталь Жук распавядае пра важны момант заняткаў у СІЗА, у параўнанні з калоніяй. Пакуль ты знаходзішся ў СІЗА, у цябе ёсць магчымасць дазваляць сабе выдаткоўваць больш энэргіі на заняткі спортам, таму што ёсць магчымасць падсілкавацца дадатковымі калорыямі, купіўшы на «атаварцы» сухое малако, садавіну, дзіцячае харчаванне, ці паласаваўшыся перадачкамі.
— Але паўнавартасна займацца ў цеснай камеры немагчыма, — кажа Віталь. — У 12-мясцовай камеры адначасова могуць хадзіць хіба што двое, пакуль астатнія сядзяць за лаўкай, але руху там бракуе, бо шпацыры таксама максімум гадзіну на дзень — так лёгка змарнець. Таму людзі пачыналі рабіць практыкаванні. Нехта выбіраў адносна пустое месца і вольны час, каб хадзіць па камеры, нехта клаўся на ложак і трэніраваў прэс. Можна было запаўняць вадой пустыя бутэлькі ад соку, каб атрымалася гіра, ці купляць соль. Супрацоўнікі разумеюць, што такім чынам хлопцы займаюцца спортам, таму забіраюць ваду і соль падчас праверак, а нядаўна агулам забаранілі купляць соль у пакунках.
Былі і іншыя метады ціску на тых, хто спрабаваў рабіць у СІЗА фізічныя практыкаванні: калі калідорныя заўважалі, што нехта здымаў цішотку, каб спаласнуцца вадой пасля заняткаў, то заляталі ў камеру і пужалі парушэннямі і ШІЗА, бо фармальна знаходжанне без майкі ў камеры — парушэнне распарадку. Хаця мужчынаў гэта не спыняла: напрыклад, палітзняволены Святаслаў Герасімук умудраўся бегаць у камеры на месцы, ствараючы імітацыю бегавой дарожкі.
— Усё гэта — сталінская сістэма, — кажа Віталь Жук. — Абмяжаваць чалавека ў руху, каб ён атрафаваўся. Ты не можаш займацца паўнавартасна — нават шпацыраваць. Калі 12 чалавек адначасова трапляе ў прагулачны дворык, немагчыма хадзіць усім разам ад сценкі да сценкі. Таму мы станавіліся ў кола і хадзілі спачатку па гадзіннікавай стрэлцы, а потым — рэзка супраць. Так усе маглі рухацца адначасова.
Калонія: спорт як прывілей
У калоніі крыху больш магчымасцяў трымаць сябе ў фізічнай форме, менш абмежаваная прастора. Аднак улічваючы зусім некаларыйную ежу, маленькую колькасць грошай на атаварку і невялікія перадачы, пры добрых фізічных нагрузках чалавек не можа паўнавартасна харчавацца. Часта найлепшае рашэнне ў такой сітуацыі — не займацца фізічнымі нагрузкамі зусім, каб не пашкодзіць сабе.
Віталь Жук распавядае, што ціск на зняволеных папраўчай калоніі №2 у Бабруйску, якія хочуць займацца спортам, пачынаецца яшчэ на двухтыднёвым карантыне, які абавязкова праходзяць усе перад тым, як іх перавядуць у атрад.
— На карантыне нас кожныя дзве гадзіны выганялі на мароз, — узгадвае Віталь. — І там проста каб крыху сагрэцца, мы з Юрам Бялько спрабавалі абапірацца на лаўку і адціскацца. Але як толькі пачалі, выбеглі супрацоўнікі і пачалі казаць, што нельга гэтага рабіць, бо могуць прыпісаць спробу уцёкаў. Таму калі мы далей адціскаліся ў карантыне, другі чалавек стаяў на варце.
У атрадах ёсць так званыя «лакалкі» — аточаная агароджай прастора, якой карыстаюцца два-тры атрады. Там ёсць турнікі, на якіх можна займацца ў вольны час. Аднак калі імі адначасова хочуць скарыстацца людзі з трох атрадаў, атрымліваецца шэраг нязручнасцей: людзі вымушаныя выдаткоўваць увесь свой вольны час, каб дачакацца чаргі. Дарэчы, у гэтыя пару гадзін у зняволеных таксама з’яўляецца шанец пабегаць, не рызыкуючы атрымаць бірку «схільнага да ўцёкаў». Але лепшае, што ёсць у калоніі для фізічнай актыўнасці — спартовая заля.
— Гэта мара, улічваючы, што зімой ці восенню займацца на турніках складана, — кажа Віталь Жук. — Але вялікае пытанне — хто туды трапляе. Спартовая заля апынаецца такім жа прывілеем, як і дадатковая пасылка, спатканне ці яшчэ нешта станоўчае з боку адміністрацыі. Большая частка тых, хто там займаецца, — заўгасы і днявальныя, людзі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Так, яны таксама могуць наведваць залю толькі ў асабісты час, але ў іх няма такіх абмежаванняў на атаварку: атрымліваецца паўнавартасны здаровы лад жыцця. Палітзняволеных туды не дапускаюць адразу.
Псіхалагічная дапамога: Як перажыць ізаляцыю ў адзіночнай камеры і падчас вымушаных уцёкаў
Аднак зусім іншая сітуацыя — у ШІЗА ці ПКТ. Там людзі робяць пэўныя фізічныя практыкаванні, хутчэй каб сагрэцца, асабліва калі трапляюць туды увосень ці ўзімку. Калі чалавек трапляе туды летам, ён робіць практыкаванні хаця б для таго, каб цягліцы не атрафаваліся: ва ўмовах абмежаванай прасторы пачынаюць балець суставы, косці і хрыбетнік. Да таго ж зняволены яшчэ больш абмежаваны ў харчаванні: у ШІЗА нельга атрымліваць перадачкі наогул, у ПКТ іх вага можа дасягаць максімум двух кілаграмаў.
— Там ты вымушаны балансаваць паміж дасяжным харчаваннем і фізічнай актыўнасцю, каб пачуццё голаду не накрыла цябе яшчэ да абеду, — распавядае Віталь Жук. — Фактычна там можна адціскацца, прысядаць ці трэніраваць прэс. Апошняе рабіць вельмі складана: калі робіш гэта на цвёрдай падлозе, зноў пачынае балець хрыбетнік. Уявіце, як чалавек займаецца зімой: ён слабы, галодны, але мусіць рабіць практыкаванні, каб сагрэцца. Як толькі я спрабаваў рабіць мінімальныя практыкаванні, мяне хіліла ў сон. Усе гэтыя акалічнасці ў выніку толькі шкодзяць чалавеку. Гэта вельмі складана псіхалагічна: практыкаванні адначасова і аслабляюць, і саграваюць цябе. І такі стрэс з людзьмі адбываецца кожны дзень ПКТ. Чалавек у такіх умовах пачынае атрафавацца — губляе вагу, пастаянна мёрзне, не атрымлівае пажыўныя рэчывы. Гэта знішчэнне чалавека без прамога фізічнага кантакту, проста генацыд, у якім удзельнічаюць усе. Напрыклад, Яўген Прапольскі хадзіў «на турнікі», але пасля частых ШІЗА сказаў, што перастаў займацца, бо ў яго пастаянная слабасць.
Атрымліваецца, больш-менш займацца фізічнымі практыкаваннямі ў зняволенні магчыма хіба што ў калоніі, калі ёсць доступ да турнікоў і бегу. Аднак у сітуацыі, калі шматлікіх палітзняволеных не выпускаюць з карцараў і ПКТ, складана сцвярджаць пра хаця б мінімальную спробу рэалізацыі права зняволеных на фізічную актыўнасць. Гэта наносіць здароўю людзей непапраўную шкоду, якую наўрад ці можна будзе неяк кампенсаваць.