«Масавыя беспарадкі» на дзве гадзіны. Што вядома пра крымінальную справу за 10 жніўня ў Брэсце? Фота
У Брэсце пасля стыхійных акцый пратэсту 10 жніўня супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках). У Следчым камітэце сцвярджаецца, што на працягу дзвюх гадзін у горадзе адбываліся масавыя беспарадкі, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі і знішчэннем маёмасці. Праваабаронцам "Вясны" вядома, што фігурантамі крымінальных справаў за 10 жніўня ўжо сталі каля 30 чалавек. 13 чалавек змешчаны ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі дзесяць берасцейцаў палітычнымі зняволенымі. Што здарылася ў той вечар у Брэсце, што вядома пра крымінальную справу за 10-е жніўня, як вядомы спартсмен Брэста Дзяніс Марусевіч і студэнт Ілля Мігно сталі фігурантамі гэтай справы — чытайце ў матэрыяле "Вясны".
Што адбылося 10 жніўня ў Брэсце?
У той вечар жыхары Брэста стыхійна сабраліся ў цэнтры горада ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У СМІ паведамлялася аб жорсткіх сутычках людзей з АМАПам.
"На праспекце Машэрава будавалі барыкады з лавачак, у міліцэйскія шчыты ляцелі кавалкі пліткі, а сілавікі разганялі натоўп шумавымі гранатамі, дубінкамі і гумавымі кулямі", — пісаў tut.by |
Як паведамляе binkl.by, 10 жніўня ў Брэсце сілавікі сапраўды шмат стралялі ў людзей. Як распавёў выданню хірург з Брэсцкай гарадской бальніцы СМП, за суткі ў бальніцу па дапамогу звярнулася каля 100 чалавек, 29 з іх былі шпіталізаваныя. 12 чалавек паступілі ў першае хірургічнае аддзяленне, большасць з іх — з агнястрэльнымі раненнямі.
Так вечарам 10 жніўня па дарозе дадому быў падстрэлены пяць разоў гумавымі кулямі 37-гадовы таксіст Цімур Рызапур. Аднак фігурантам крымінальнай справы за падзеі 10 жніўня стаў ён сам. Цяпер мужчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса і ўтрымліваюць пад вартай у брэсцкім СІЗА. Але Цімур далёка не адзіны, хто патрапіў пад крымінальны пераслед за падзеі 10 жніўня ў Брэсце.
Падстрэлілі пяць разоў гумавымі кулямі і абвінавачваюць у масавых беспарадках
Крымінальная справа на пратэстоўцаў
У пастанове аб узбуджэнні крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса адзначаецца, што масавыя беспарадкі 10 жніўня доўжыліся дзве гадзіны: з 21 да 23. Сама пастанова ва ўпраўленні Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці была прынята роўна ў 23 гадзіны 10 жніўня. Пастанову прымаў следчы па асабліва важных справах УСК па Брэсцкай вобласці Латышэвіч. Ён жа праз месяц распачаў крымінальную "справу карагодаў".
З пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы"Неўстаноўленыя асобы ў перыяд з 21 гадзіны па 23 гадзіны 10.08.2020, знаходзячыся на тэрыторыі г. Брэста, прынялі ўдзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі і знішчэннем маёмасці". |
Як паведамляюць сваякі затрыманых, большасць фігурантаў "брэсцкай справы" апазнаюць па відэа, якое было выкладзена ў інтэрнэт. Але праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін адзначае, што "існуючы відэашэраг з падзеяў 10 жніўня выклікае шмат пытанняў і сумневаў. Часта пад асобу падганяюць нейкія дзеянні".
Так, пазней былі затрыманыя Дзяніс Марусевіч і Ілля Мігно, якія цяпер таксама абвінавачваюцца паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса і ўтрымліваюцца ў брэсцкім СІЗА. Яны прызнаныя палітычнымі зняволенымі.
Як 25-гадовы спартсмен Дзяніс Марусевіч стаў фігурантам "брэсцкай справы"
8 верасня МУС паведаміла, што ў Брэсце па падазрэнні ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня затрымалі 22-гадовага жыхара Камянецкага раёна.
"Мужчына 10 жніўня прыйшоў на акцыю пратэсту, дзе сустрэў былога саслужыўца. Разам яны кідалі камяні ў сілавікоў", – напісала прэс-служба абласной міліцыі.
Праз тры дні пасля гэтага паведамлення быў затрыманы 25-гадовы спартсмен Дзяніс Марусевіч. Яго маці паведамілі, што сына апазнаў па відэа нейкі былы саслужывец, але Дзяніс яго не ведае. Дзяніс Марусевіч да 13 ліпеня гэтага года служыў па кантракце ў 38-ай Брэсцкай асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Цяпер Дзяніса абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. З 11 верасня яго ўтрымліваюць у брэсцкім СІЗА-7. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным. Маці Дзяніса Матусевіча Людміла распавяла "Вясне", як сын трапіў пад крымінальны пераслед.
Як распавядае Людміла, Дзянісу інкрымінуецца тое, што ён нібыта кідаў кавалкі асфальту з натоўпу пратэстоўцаў у сілавікоў і нібыта замахнуўся нагой на міліцэйскую машыну:
"10 жніўня ён быў на мітынгу. Ёсць нейкае відэа вельмі дрэннай якасці. Там нібы бачныя два замаху Дзяніса. І на відэа бачна, калі каля Альтаіра затрыманых адбівалі ад супрацоўнікаў, ён падышоў пазней і, калі машына з'язджала, Дзяніс нібыта ўдарыў па крыле машыны нагой. Гэта ўсё, што яму інкрымінуюць".
Запрасілі ў міліцыю на размову пра сяброў, але пра іх не размаўлялі
Дзяніса Марусевіча затрымлівалі двойчы: 13 жніўня і 11 верасня. Першы раз да яго дадому прыехалі два супрацоўнікі АМАПу і два следчыя з Маскоўскага РАУС Брэста. Яго забралі на 72 гадзіны для размовы: спачатку пагутарылі, а потым суткі патрымалі ў камеры-адзіночцы ў ІЧУ. Пасля гэтага Дзяніса выпусцілі на волю. 28 жніўня яго зноў выклікалі на гутарку "пра сяброў". За ім прыехалі супрацоўнікі дадому і запрасілі праехаць з імі.
"Але іх размова не датычылася яго сяброў. Так Дзяніс даведаўся пра крымінальную справу ў дачыненні да сябе", – распавядае Людміла.
У Дзяніса Марусевіча была ўзятая падпіска аб нявыездзе. Але праз два тыдні, 11 верасня, Дзянісу змянілі меру стрымання на ўтрыманне пад вартай. Пра гэта маме Дзяніса паведаміў па тэлефоне следчы.
"Мне патэлефанавалі і сказалі, што мой сын учыніў злачынства і ён знаходзіцца ў СІЗА. Я спытала ў следчага: "Ён забіў кагосьці, пакалечыў, яго дзеянні нанеслі камусьці калецтвы?" На што ён мне адказаў: "Вы самі ведаеце, што не". Я пытаюся, што ён тады зрабіў? Мне следчы кажа: "Ён здзейсніў злачынства".
Ператрус у доме Дзяніса Марусевіча быў праведзены толькі пасля 2-3 тыдняў пасля затрымання, пры гэтым нічога канфіскавана не было.
"Неаднаразова ўздымаўся сцяг Беларусі дзякуючы яго перамогам"
У лістах бацькам ён піша, што адчувае велізарную падтрымку ад усіх і разумее, што ён не такі ўжо дрэнны чалавек, як спрабуюць яго выставіць.
Дзяніс Марусевіч – майстар спорту па каратэ, рукапашным баі і армейскім рукапашным баі. Ён быў членам нацыянальнай зборнай па каратэ.
"Неаднаразова ўздымаўся сцяг і гучаў гімн Рэспублікі Беларусь дзякуючы яго перамогам. А цяпер, аказваецца, што Дзяніс злачынец? Не, ён проста неабыякавы чалавек", – кажа мама Дзяніса.
Адрас для лістоў і паштовак палітвязню Дзянісу Марусевічу:СІЗА-7, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, 224030. |
Студэнт Ілля Мігно – абвінавачаны ва ўдзеле ў "масавых беспарадках"
23-гадовага Іллю Мігно, студэнта 2-га курса Брэсцкага палітэхнічнага ўніверсітэта, затрымалі 18 жніўня на працы ў Мастаатрадзе па падазрэнні ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня. Пазней яму было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – удзел у масавых беспарадках. Пра затрыманне Іллі бацькі даведаліся ад адваката.
"Першыя тры дні Ілля адседзеў у ізалятары часовага ўтрымання. Потым сказалі, што яго адпускаюць, але на волю ён так і не выйшаў. Мне ператэлефанавалі і паведамілі, што яго затрымліваюць па крымінальнай справе і пераводзяць у СІЗА. Следства па справе зноў працягнулі да студзеня месяца", – распавядае мама Іллі.
Па словах мамы Іллі, пасля затрымання дома правялі ператрус. Шукалі вопратку, якая адпавядала б той, у якой ён быў скрыншоце з відэа: шорты, красоўкі, заплечнік. Аднак маці Іллі падрабязнасці абвінавачвання невядомыя, бо адвакат знаходзіцца на падпісцы аб невыдаванні.
7 кастрычніка праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.
Па словах маці Іллі, са здароўем у яго ўсё добра, але ў самым пачатку ў камеры быў чалавек з пацверджаным COVID-19. Некалькі сукамернікаў заразіліся ад яго, але Ілля – не. Усю камеру пасадзілі на каранцін.
Адрас для лістоў і паштовак палітвязню Іллю Мігно:СІЗА-7, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, 224030. |
Затрыманні за 10-е жніўня ў Брэсце працягваюцца
У Брэсце дагэтуль працягваюцца затрыманні і пераслед людзей у рамках крымінальных спраў па акцыях пратэсту 10 жніўня супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах.
22 кастрычніка МУС паведаміла, што ў Брэсце ў рамках крымінальнай справы за падзеі 10 жніўня затрыманы 20-гадовы жыхар Брэста.
"Жыхар Брэста, знаходзячыся ў групе агрэсіўна настроеных асоб на праспекце Машэрава, ужываў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, кідаючы ў іх палкі і кавалкі тратуарнай пліткі", — сказана ў паведамленні УУС.
Паведамляецца, што ён змешчаны ў СІЗА і з'яўляецца фігурантам дзвюх крымінальных спраў: па ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) і арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства).
20 кастрычніка па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса быў затрыманы 25-гадовы жыхар Брэста Раман Гваздёлка. Яго забралі ў 7 раніцы прама з хаты. Супрацоўнікі, якія прыйшлі да яго, не прадставіліся і толькі сказалі: "Звані ў Ленінскае РАУС Брэста, там скажуць, хто мы. Нам сказалі прыйсці за табой". Яго змясцілі ў ІЧУ у Брэсце.
*Па стане на 27 кастрычніка, у Беларусі ўзбуджана больш за 500 крымінальных справаў у сувязі з масавымі беспарадкамі і наступствамі пратэстных акцый.
Калі вы ці вашыя блізкія зазналі крымінальны пераслед па палітычных матывах – звяртайцеся ў “Вясну”