Калі вы ці вашыя блізкія зазналі крымінальны пераслед па палітычных матывах – звяртайцеся ў “Вясну”
Генеральны пракурор Андрэй Швед 15 кастрычніка паведаміў журналістам, што ў Беларусі за парушэнне грамадскага парадку з 9 жніўня распачата больш за 400 крымінальных спраў.
Эксперты і юрысты “Вясны” ад пачатку масавага пераследу ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту збіраюць і аналізуюць звесткі пра крымінальны пераслед грамадзян. Па стане на 14 кастрычніка праваабаронцы сабралі больш за 300 імёнаў і прозвішчаў такіх людзей з розных гарадоў краіны. 91 чалавек з гэтага спісу на дадзены момант прызнаны палітычнымі зняволенымі.
Увогуле, ад пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года, амаль за пяць месяцы ў краіне заведзена больш за 350 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, актывістаў іх штабаў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбыліся пасля выбарчай кампаніі.
Крымінальны пераслед з пачатку выбарчай кампаніі. Спіс ад праваабаронцаў "Вясны"
Тым не меней, здараецца, што некаторыя крымінальныя справы застаюцца па-за ўвагаю праваабаронцаў. Так, 16 кастрычніка ў Мінску на два гады калоніі агульнага рэжыму быў асуджаны раварыст, якога затрымалі яшчэ 7 жніўня, за два дні да выбараў, калі ён удзельнічаў у роварным прабегу, папулярным у перадвыбарчы час. Міліцыянты спрабавалі затрымаць яго нібыта за адсутнасць люстэрка, але той не падпарадкаваўся і стаў вырывацца.
Праваабаронцы звяртаюцца да ўсіх, чые сваякі, альбо яны самі, праходзяць падазраванымі па крымінальных справах, узбуджаных следчымі органамі за удзел у масавых беспарадках, за арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, з просьбаю паведамляць праваабаронцам пра такія справы.
Маніторынг крымінальных спраў, якія маюць палітычную афарбоўку, мае важнае значэння для ацэнкі сітуацыі з парушэннямі правоў чалавека ў час масавых рэпрэсій, а агалоска такога пераследу можа дапамагчы стрымаць магчымыя фальсіфікацыі і выяўляць працэсуальныя парушэнні пад час следства альбо суда.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства, якое можа мець палітычную афарбоўку, тэрмінова паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
+375 17 377 55 40
+375 44 734 45 51
+375 29 835 94 49