viasna on patreon

Ціск у СІЗА, аператыўная відэаздымка ў брэсцкім офісе, сведкі на паперы. Што стала вядома на шостым пасяджэнні па "справе Вясны" Дапоўнена

2023 2023-01-13T18:25:19+0300 2023-01-15T13:14:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna_96.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска 13 студзеня адбылося шостае судовае пасяджэнне па "справе Вясны". Паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак") судзяць старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча. У межах гэтага працэса таксама завочна судзяць праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва, які быў вымушаны пакінуць Беларусь праз крымінальны пераслед. Справу разглядае сумна вядомая суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. "Вясна" працягвае сачыць за працэсам над палітзняволенымі калегамі і патрабаваць іх вызвалення. 

Суд па
Суд па "справе Вясны"

Ужо шостае пасяджэнне судзе па "справе Вясны" працягваюць дапытваць сведак і зачытваць іх паказанні. Але асабіста даць паказанні на судзе змаглі адзінкі: большасць сведак знаходзіцца за мяжой, а сёння на судзе высвятліўся яшчэ шэраг прычын, па якіх сведкі не могуць з'явіцца на судовы працэс.

13 студзеня асабіста на судзе быў дапытаны сведка з Гомеля, якому дапамагаў кіраўнік гомельскай філіі "Вясны" Леанід Судаленка, асуджаны да трох гадоў калоніі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). Справа ў тым, што следства прызнала, што Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч і Дзмітрый Салаўёў ажыццяўлялі "падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці" ў складзе арганізаванай групы. У гэтую групу, на думку абвінавачвання, уваходзілі ўжо асуджаныя гомельскія праваабаронцы Таццяна Ласіца, Леанід Судаленка, а таксама Марыя Тарасенкаправаабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч, кіраўнік брэсцкай філіі "Вясны" Уладзімір Вялічкін, заснавальнікі Фондаў салідарнасці BYSOL і By_help Андрэй Стрыжак і Аляксей Лявончык.

Сведка з Гомеля на судзе заявіў, што не ведае абвінавачаных, і наогул быў здзіўлены, што яго выклікалі па гэтай справе сведкам. На пасяджэнне яго дапытвалі пра тое, чым яму дапамагаў Судаленка, які ўжо адбывае тэрмін у віцебскай калоніі.

Астатнія сведкі, якія былі запланаваны на 13 студзеня, у суд не з'явіліся. Яны даслалі заявы аб разглядзе без іх прысутнасці. У асноўным, яны спасылаліся на адсутнасць сродкаў, каб прыехаць, на наяўнасць непаўналетніх дзяцей, на стан здароўя. Але адвакаты праваабаронцаў выступілі супраць зачытвання паказанняў, бо заяўленыя прычыны не з'яўляюцца выключаючымі магчымасць іх прысутнасці. Абаронцы вясноўцаў заўважылі, што заявы напісаныя як пад капірку, і дзіўна, што ва ўсіх няма грошай, хоць усе яны ў Беларусі. Дакументаў, якія пацвярджаюць дрэннае самаадчуванне, сведкі не прадаставілі. Адвакатка заўважыла, што гэта пазбаўляе абвінавачаных права на абарону, бо ў іх няма магчымасці задаць дадатковыя пытанні. Яшчэ адна адвакатка заўважыла, што сведак на суд можна даставіць і прымусова. Але, негледзячы на пярэчанні адвакатаў, суд прызнаў паважлівымі прычыны няяўку сведак і вырашыў зачытаць іх паказанні, дадзеныя падчас следства. 

Алесь Бяляцкі, які яшчэ на першым пасяджэнні заяўляў, што ён не паспеў азнаёміцца з больш за 70 тамоў матэрыялаў крымінальнай справы (на вывучэнне 283 тамоў справы па 300 старонак быў адведзены ўсяго месяц), сёння папрасіў дзяржаўнага абвінаваўцу зачытваць паказанні сведак як мага падрабязна. А Валянцін Стэфановіч запатрабаваў абвясціць два дакументы з першага тому, якія сведчаць аб тым, што на абвінавачаных моцна ціснулі ў СІЗА. Таксама Валянцін заявіў, што доказы збіралі ў абвінавачаных з парушэннямі, пра што таксама сведчаць гэтыя дакументы. Валянцін Стэфановіч, дадаў, што "ўсе ведаюць, чым у нас у краіне займаецца ГУБАЗіК". Гэтыя дакументы з'яўляюцца запытамі ГУБАЗіКа ў МУС і КДБ на дазвол іх супрацоўнікаў прыняць удзел у допыце абвінавачаных. Адказы ведамстваў пакуль невядомыя.

На судзе 13 студзеня, у асноўным, зачытвалі паказанні сведак з Брэста, якія тычыліся дзейнасці брэсцкай філіі "Вясны". Днямі ўжо былі зачытаныя паказанні Маргарыты Вялічкінай з Брэста. З матэрыялаў справы стала вядома, што ў офісе "Брэсцкай Вясны" была ўсталявана відэакамера, і ў ажыццяўлялася аператыўная відэаздымка. Сведкам падчас следства дэманстравалі, у тым ліку, распіскі і кадры відэазапісаў з гукам, на якіх яны мусілі апазнаць сябе.

Праваабаронцаў па-ранейшаму працягваюць утрымліваць на судзе ў кайданках. Канваіры зачыняюць падчас судовых пасяджэнняў дзверы на ключ знутры. Валянцін заявіў, што на судзе іх не кормяць. Праваабаронца адзначыў, што суддзя павінна думаць пра харчаванне абвінавачаных і не прызначаць судовыя пасяджэнні занадта часта. 

Наступнае пасяджэнне прызначана на панядзелак, 16 студзеня ў 11:00.

Юрыст "Вясны" Павел Сапелка пра суд над калегамі: "Гэта расправа над праваабаронцамі пад выглядам правасуддзя"

Абмеркавалі працэс з нашым калегам — юрыстам "Вясны" Паўлам Сапелкам.


Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводаміСІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Храналогія суда па "справе Вясны":

У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў.

Суд пакуль адкрыты — мы онлайн сочым за ходам судовага працэсу.

Працягваецца суд па "справе Вясны". Другі дзень

У судзе Ленінскага раёна Мінска 6 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны".

Трэці суд па "справе Вясны": Уладзю Лабковічу выклікалі "хуткую", праваабаронцы зноў просяць зняць кайданкі з іх

У судзе Ленінскага раёна Мінска 10 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны"

Паказанні засакрэчаных сведак і допыт мытнікаў: што адбывалася на чацвёртым і пятым пасяджэннях па "справе Вясны"

Распавядаем, што адбывалася на чацвёртым і пятым пасяджэннях па гучнай справе супраць праваабаронцаў "Вясны".

Абое пераследавалі мастака Алеся Пушкіна: што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны"

Распавядаем, што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны". 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства