Паказанні засакрэчаных сведак і допыт мытнікаў: што адбывалася на чацвёртым і пятым пасяджэннях па "справе Вясны"
У судзе Ленінскага раёна Мінска 11 і 12 студзеня працягнуўся суд па "справе Вясны". Паводле ч. 4 арт. 228 ("кантрабанда арганізаванай групай") і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак") судзяць старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча. У межах гэтага працэса таксама завочна судзяць праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва, які быў вымушаны пакінуць Беларусь праз крымінальны пераслед. Справу разглядае сумна вядомая суддзя Марына Запаснік, а дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Распавядаем, што адбывалася на чацвёртым і пятым пасяджэннях па гучнай справе супраць праваабаронцаў "Вясны".
Пятае судовае пасяджэнне: допыт мытнікаў і лічбы са столі
На судзе па "справе Вясны" працягваюць дапытваць сведак і зачытваць іх паказанні. На першым пасяджэнні Алесь Бяляцкі заявіў, што па справе ўсяго праходзяць каля 100 сведак і было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне.
Сёння суддзя Запаснік усё ж такі агучыла паказанні засакрэчаных сведак, адной з якіх з'яўляецца — Карповіч. Валянцін Стэфановіч на першым пасяджэнні настойваў, што гэта прапагандыстка "СБ" Алена Красоўская, і прасіў выдаліць яе з залі суда. Суддзя не задаволіла хайдайніцтва праваабаронцы, бо нібыта гэта толькі яго здагадкі. У "мэтах бяспекі" прозвішчы двух сведак у матэрыялах справы былі змененыя.
Таксама 12 студзеня дапыталі супрацоўнікаў мытнай службы. Спецыяліст Мытнага камітэту на судзе заявіў, што нібыта з 2011 па 2021 год у інтарэсах ПЦ "Вясна" ў Беларусь было ўвезена два мільёны даляраў. Крымінальная адказнасць за ўвоз наяўных грошай у буйным памеры без дэкларавання была ўведзена ў Беларусі толькі ў 2016 годзе, таму ў крымінальнай справе фігуруе сума каля 250 тысяч даляраў за гэты перыяд. З паказанняў мытнікаў стала зразумела, што гэтыя сумы ім былі прадыктаваныя іншымі структурамі. Невядома, адкуль узяліся такія лічбы і як абвінавачванне будзе пацвярджаць іх.
Шостае судовае пасяджэнне прызначана на 13 студзеня на 10:30.
Юрыст "Вясны" Павел Сапелка пра суд над калегамі: "Гэта расправа над праваабаронцамі пад выглядам правасуддзя"
Абмеркавалі працэс з нашым калегам — юрыстам "Вясны" Паўлам Сапелкам.
Чацвёртае судовае пасяджэнне: паказанні засакрэчаных сведак, хворыя праваабаронцы ў кайданках
11 студзеня суд працягнуў знаёміцца з паказаннямі сведак. Але ні адзін з іх сёння не быў дапытаны асабіста па розных прычынах — у асноўным, таму што знаходзяцца за мяжой. На судзе зачыталі іх паказанні, дадзеныя падчас следства. Сярод іх, напрыклад, паказанні магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля.
Акрамя гэтага, суддзя знаёмілася з пратаколамі допыту двух сведак са змененымі прозвішчамі. Але Запаснік не зачытвала гэтыя паказанні ўслых «у мэтах бяспекі» гэтых засакрэчаных сведак.
Трох праваабаронцаў на судзе працягваюць утрымліваць у клетцы ў кайданках, нягледзячы на іх хадайніцтвы на папярэдніх пасяджэннях зняць іх. Уладзь, якому ўчора выклікалі «хуткую» на суд, працягвае хварэць. Захварэў таксама і Алесь Бяляцкі.
Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Храналогія суда па "справе Вясны":
У Мінску па "справе Вясны" судзяць чатырох праваабаронцаў.
Суд пакуль адкрыты — мы онлайн сочым за ходам судовага працэсу.
Працягваецца суд па "справе Вясны". Другі дзень
У судзе Ленінскага раёна Мінска 6 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны".
Трэці суд па "справе Вясны": Уладзю Лабковічу выклікалі "хуткую", праваабаронцы зноў просяць зняць кайданкі з іх
У судзе Ленінскага раёна Мінска 10 студзеня працягваецца суд "па справе Вясны"
Абое пераследавалі мастака Алеся Пушкіна: што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны"
Распавядаем, што вядома пра пракурора і суддзю па "справе Вясны".