viasna on patreon

Вясноўцам Марфе — 15 гадоў калоніі, Андрэю — 6: агучаны прысуды адразу дзесяці палітзняволеным Аўдыё

2022 2022-09-06T15:39:19+0300 2022-09-07T11:42:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marfa_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе сёння агучылі прысуд адразу дзесяці палітзняволеным: каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай, валанцёру Андрэю Чапюку, актывістам анархісцкага руху Акіхіру Гаеўскаму-ХанадуАляксандру ФранцкевічуАляксею ГалаўкоАляксандру КазлянкуПаўлу ШпетнамуМікіту ДранцуАндрэю МарачуДанілу Чулю. Суд у закрытым рэжыме цягнуўся чатыры з паловай месяцы — агулам прайшло 70 працэсаў па 158 тамах матэрыялаў крымінальнай справы. Пракурор Раман Бізюк запрасіў тэрміны фігурантам справы: ад пяці да 17 гадоў калоніі. Прысуды 6 верасня абвясціў суддзя Сяргей Хрыпач — ён прызначыў менавіта столькі, колькі запатрабавала дзяржабвінавачванне.

Палітзняволеныя на судзе 25 красавіка
Палітзняволеныя на судзе 25 красавіка

У выніку суддзя Хрыпач прызначыў наступныя тэрміны дзесяці палітзняволеным:

  • Аляксандру Францкевічу — 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў);
  • Акіхіру Гаеўскаму-Ханаду — 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў);
  • Марфе Рабковай — 15 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў);
  • Аляксею Галаўко — 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8 800 даляраў);
  • Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Аляксандру Казлянку, Андрэю Чапюку — па 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Андрэю Марачу, Данілу Чулю — па 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў).

Усім палітвязням выставілі вялікія сумы судовых выдаткаў. Так, Марфе выставілі 5400 рублёў. Таксама праваабаронцы выставілі пазоў ад БТ на суму 2200 рублёў.

Цяпер Марфа Рабкова — палітзняволеная, якой прызначаны самы вялікі тэрмін па "палітычнай справе" сярод жанчын у Беларусі. 17 верасня будзе два гады, як праваабаронцу ўтрымліваюць за кратамі ў СІЗА-1.

Пасля суда затрымлівалі сваякоў і сяброў асуджаных палітвязняў, прадстаўніцу Еўразвязу, праваабаронцу Насту Лойку.

Viasna96 · Прысуд Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку і яшчэ 8 палітвязням

У чым абвінавацілі палітвязняў?

Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, паколькі "ў матэрыялах крымінальнай справы маюцца матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці". Як вядома з паведамленняў Следчага камітэту, пракуратуры і праўладных СМІ, палітзняволеных Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянку, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранца, Андрэя Марача, Данілу Чуля абвінавацілі ў арганізацыі, кіраўніцтве ці ўдзеле ў анархісцкіх групах: "Революционное действие", "Народная самооборона", "Революцiйна дiя", і будуць судзіць за падзеі перыяду 2016-2020 гадоў.

Што паказальна, інтэрнэт-рэсурсы "Революционное действие / Народная самооборона / Революцiйна дiя" МУС прызнаў экстрэмісцкім фарміраваннем 2 лістапада 2021 года — толькі пасля 8-15 месяцаў пасля затрымання ўсіх дзесяцярых фігурантаў справы. Але, нягледзячы на гэта, некаторыя з іх абвінавачваюцца ў стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні (ч. 1 і 3 арт. 361-1 КК).

Трох палітзняволеных, у тым ліку Марфу Рабкову, СК характарызаваў як арганізатараў і кіраўнікоў шэрагу "арганізаваных злачынных групаў, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са сваімі лідарамі".

“Для супрацьпраўнай дзейнасці фарміраваліся "общаки", была створаная інтэрнэт-крама па рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі экстрэмісцкай літаратуры, адзення і іншай атрыбутыкі. У свае шэрагі лідары падбіралі схільную да экстрэмізму моладзь, актыўных удзельнікаў фанацкага руху, шукалі асобаў з дапамогай сацсетак, якія адмініструюцца імі экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў і Telegram-каналаў”, — заявіў СК.

У выніку дзесяць чалавек, у залежнасці ад ролі, абвінавацілі паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова і Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк;
  • ч. 3 арт. 293 (навучанне асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадкаў) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова і Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • ч. 1 арт. 285 (стварэнне і кіраванне злачыннай арганізацыі) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Марфа Рабкова;
  • ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) — Андрэй Чапюк, Андрэй Марач, Павел Шпетны, Аляксандр Казлянка, Мікіта Дранец, Даніла Чуль;
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Марфа Рабкова;
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) (за "Марш недармаедаў" 5 сакавіка 2017 года) — Павел Шпетны, Аляксандр Казлянка, Мікіта Дранец, Аляксей Галаўко, Андрэй Марач, Аляксандр Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) (за перакрыцце трасы М1 на выездзе з горада Берасця ў 2018 годзе) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Казлянка, Аляксандр Францкевіч, Мікіта Дранец, Аляксей Галаўко, Даніла Чуль;
  • ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) —  Андрэй Чапюк;
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці групай асобаў)— Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) (за лямпачкі з фарбай, кінутыя ў рэкламныя шчыты ДАІ ў 2016 годзе і за лямпачкі з фарбай, кінутыя ў будынак БТРК у 2016 годзе) — Марфа Рабкова, Аляксандр Францкевіч;
  • ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) (за дымавую шашку, кінутую ў будынак брэсцкага ГУБАЗіКа ў 2016 годзе) — Павел Шпетны, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) (першамайскае графіці ў Брэсце ў 2020 годзе) — Аляксей Галаўко, Андрэй Марач, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) (графіці супраць Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 3 арт. 218, ч. 3 арт. 339, ч. 2. арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб) (падпал гомельскай падатковай інспекцыі і рэкламнага шчыта ўпраўлення прымусовага выканання пакарання ў Івацэвічах у 2017 годзе) — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада.

Паводле інфармацыі Аляксандра Казлянкі, па справе з дзесяці чалавек — восем адмовіліся даваць паказанні. У асобную вытворчасць вылучана крымінальная справа ў дачыненні да тых, хто з’ехаў за мяжу, — Дзмітрыя ЛяўчукаАртура КандратовічаРамана Халілава і Яўгена Жураўскага, а таксама "нявызначаных асобаў".

"158 тамоў кажуць не пра нашу вінаватасць, а пра палітычную матываванасць працэсу", — Аляксандр Казлянка ў апошнім слове

Апошняе слова палітзняволенага Аляксандра Казлянкі.

Суд над вясноўцамі Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі зрабілі закрытым

«Вясна» распавядае, што вядома пра справу, яе фігурантаў і як пачынаўся суд.

На "палітычных" судах ігнаравалі заявы пра катаванні. Што вядома пра суддзю і пракурора па справе над Марфай Рабковай і яшчэ 9 палітвязнямі

«Вясна» распавядае, што вядома пра крымінальныя справы супраць палітвязняў, якія вялі суддзя Сяргей Хрыпач і пракурор Раман Бізюк.

Падтрымайце палітвязняў лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

  1. Марыя Аляксандраўна Рабкова
  2. Андрэй Сяргеевіч Чапюк
  3. Акіхіра Святаслававіч Гаеўскі-Ханада
  4. Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч
  5. Мікіта Вадзімавіч Дранец
  6. Аляксандр Аляксандравіч Казлянка
  7. Даніла Раманавіч Чуль
  8. Аляксей Ігаравіч Галаўко
  9. Андрэй Ігаравіч Марач 
  10. Павел Аляксандравіч Шпетны

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства