viasna on patreon

На "палітычных" судах ігнаравалі заявы пра катаванні. Што вядома пра суддзю і пракурора па справе над Марфай Рабковай і яшчэ 9 палітвязнямі 

2022 2022-05-05T14:29:19+0300 2022-05-05T16:18:56+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrypach_bizyk.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Cуддзя Сяргей Хрыпач і пракурор Раман Бізюк

Cуддзя Сяргей Хрыпач і пракурор Раман Бізюк

У Мінскім гарадскім судзе сёння працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць каардынатаркі Валанцёрскай службы «Вясны» Марфы Рабковай, валанцёра Андрэя Чапюка, палітзняволеных актывістаў анархісцкага руху Акіхіры Гаеўскага-ХанадыАляксандра ФранцкевічаАляксея ГалаўкоАляксандра КазлянкіПаўла ШпетнагаМікіты ДранцаАндрэя МарачаДанілы Чуля — ідзе чацвёрты працэс па справе. Палітвязняў у закрытым рэжыме агулам судзяць па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Разглядае справу суддзя Сяргей Хрыпач, дзяржабвінавачванне падтрымлівае пракурор Раман Бізюк. Вядома, што яны раней вялі «палітычныя працэсы», на якіх палітвязні часта заяўлялі пра катаванні і збіццё, але гэта было праігнаравана як суддзёй, так і пракурорам. «Вясна» распавядае, што вядома пра крымінальныя справы супраць палітвязняў, якія вялі суддзя Сяргей Хрыпач і пракурор Раман Бізюк. 

Тры жорсткіх прысуды па «катавальных справах»

hrypach_q.jpeg
Cуддзя Сяргей Хрыпач

"Палітычных справаў" Сяргей Хрыпач пасля 2020 года браў не шмат. Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны" іх было толькі тры: справа Аляксандра Троцкага, Ягора Дуднікава і Дзмітрыя Падрэза. Усе фігуранты гэтых справаў падвяргаліся катаванням і збіццю, але, нягледзячы на гэта, Хрыпач прызначаў ім вялікія тэрміны.

Справа Аляксандра Троцкага

5 сакавіка мінулага года да 10 гадоў калоніі Хрыпач асудзіў бізнэсмена Аляксандра Троцкага. Яго абвінавацілі ў замаху на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса), але на самой справе мужчына "пракаціў на капоце" сваёй машыне супрацоўніка ДАІ 12 жніўня 2020 года, калі з’язджаў ад яго пасля таго, як той дастаў зброю і накіраваў яе ў яго бок.

На судзе Троцкі распавёў, што тады яго машыну беспрычынна спынілі людзі ў цёмным і балаклавах, а калі той, баючыся за сваё жыццё, адмовіўся выйсці з машыны, супрацоўнік ДАІ "дастаў баявую зброю і накіраваў у яго бок, прыцэліўся прама ў галаву", пасля гэтага ён з'ехаў з месца. Але ў хуткім часе яго затрымалі і жорстка збілі. Аляксандр пасля гэтага прабыў у бальніцы тры тыдні. Ён быў прыкаваны кайданкамі да ложка, яго ахоўваў канвой. На судзе Аляксандр распавёў, што яго жорстка і беспадстаўна збілі, а аўтамабіль пашкодзілі:

«Мяне неаднаразова збівалі з ужываннем дубінак, пісталета і з ужываннем газавага балончыка, распыліўшы мне яго ў твар. Практычна з самага пачатку збіванняў самастойна перасоўвацца я ўжо не мог».

У матэрыялах справы маецца выпіска Троцкага з бальніцы, дзе яму дыягнаставалі страсенне галаўнога мозгу, закрытую чэрапна-мазгавую траўму ў лёгкай ступені, крывападцёкі галавы, множныя ўдары жывата, дыфармацыя насавой перагародкі з нязначным парушэннем дыхання і іншыя пашкоджанні. Таксама ў матэрыялах справы маецца судова-медыцынская экспертыза Троцкага ад 14 жніўня, якая паказала, што паказаныя пашкоджанні на ягадзіцах, спіне, жываце, каленях і інш., маглі ўтварыцца ў выніку ўздзеяння ад цвёрдых тупых прадметаў,“у тым ліку ад ўздзеяння гумовай палкі”.

Гэта ўсё агучвалася на судзе (суд быў адкрыты), але суддзя Хрыпач праігнараваў заявы аб катаванні і прызначыў Троцкаму 10 гадоў зняволення. Таксама суд абавязаў Троцкага выплаціць пацярпеламу супрацоўніку ДАІ 10 тысяч рублёў маральнай і матэрыяльнай шкоды.

Без відэадоказаў і па намаляваных схемах АМАПаўцаў. Як судзяць за наезд на ДАІшніка мінчука

"Вясна" назірае за гэтым судовым працэсам і распавядае, як адбываецца працэс, на якім чалавеку пагражае ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў пазбаўлення волі, і як судзяць іншых за наезды на супрацоўнікаў міліцыі.

На час вынясення прысуду гэта быў самы жорсткі прысуд за падзеі 2020 года [за тыдзень да гэтага ў Брэсце на такі ж тэрмін асудзілі сведку забойства Генадзя Шутава Аляксандра Кардзюкова].

Справа Ягора Дуднікава

27 снежня мінулага году суддзя Сяргей Хрыпач абвесціў прысуд 21-гадоваму грамадзяніну Расіі Ягору Дуднікаву — 11 гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. За тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале «ОГСБ», яго асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).Такое пакаранне Хрыпач па прапанове пракуроркі Жанны Баранавай. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, але яшчэ да суда Ягор з СІЗА распавёў пра збіццё і катаванні, якія ён зазнаў пасля затрымання:

"Мяне затрымалі 4 траўня 2021 года жорстка. Паспець уцячы не было сіл. Іх было шмат — я адзін. Я адразу зразумеў "што да чаго": працаваў ГУБАЗ, не шкадуючы рук, — білі нагамі і рукамі пры затрыманні. Крычалі: "Мразь, дабегаўся?" У мяне ўсё ў вачах пацямнела... Былі і супрацоўнікі КДБ. Яны паводзілі сябе інтэлігентна ў адрозненне ад ГУБАЗа — размаўлялі і здымалі на відэа. Яны сказалі, што я — Злойбэт (гэта акаўнт у тэлеграм-канале «ОГСБ», адзін з каналаў беларускай апазіцыі — рэд.). Наступствамі затрымання сталі сінякі і расколаты зуб. Мне сказалі, што я заклікаў людзей да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Таксама тое, што я агучваў відэаролікі, якія ў наступным размяшчаліся на ютуб-канале Ботогсб/ партызанскібот".

egor_90_v.jpg

"Калі я лёг, то пачуў гук перадзёрнутага затвора пісталета". Расіянін Ягор Дуднікаў распавёў з СІЗА пра сваё затрыманне

Ягор праз яго распавёў, як яго затрымлівалі, збівалі, дапытвалі ў СІЗА КДБ і ў чым канкрэтна яго абвінавачваюць. "Новая Газета" публікуе словы Ягора цалкам.  

Справа Дзмітрыя Падрэза

15 сакавіка гэтага года суддзя Сяргей Хрыпач вынес прысуд пра справе палітзняволенага вулічнага мастака і айцішніка Дзмітрыя Падрэза 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У закрытым рэжыме яго асудзілі па трох арыткулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў). Негледзячы на закрыты суд, праваабаронцы дазналіся ад былога сукамерніка Дзмітрыя пра збіццё і здзекі з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКа падчас затрымання.

«Забеглі ў ванную, захапілі і паклалі ў пакоі. На рукі – кайданкі. Супрацоўнік ГУБАЗіКа Высоцкі дастаў з паліцы злепак гіпсавай рукі, нацягнуў прэзерватыў і кажа: “Давайце ўставім ў задні праход". Але паклаў гіпсавую руку каля галавы. А перад гэтым сахравец ударыў нагой па сцёгнах, а іншы – пальчаткай па твары. Спыталі пароль – Дзмітрый даў.

У хатняй бібліятэцы знайшлі руска-польскі размоўнік. Губазавец Асташка ўдарыў размоўнікам па твары са словамі: "Ты что, блять, не патриот?"

Павезлі ў ГУБАЗіК, калі пад’ехалі, Высоцкі сказаў: "Добро пожаловать в гестапо», – распавёў былы сукамернік палітвязня.

«Губазавец сказаў: "Добро пожаловать в гестапо"». Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання мастака Дзмітрыя Падрэза

Праваабаронцам “Вясны” ад яго былога сукамерніка стала вядома пра збіццё і здзекі з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКа над палітвязнем падчас затрымання.

Выступаў дзяржабвінаваўцам супраць 13 палітзняволеных. Гэта першы суд пракурора ў МГС

Пракурор Раман Бізюк па працэсе над Марфай Рабковай
Пракурор Раман Бізюк па працэсе над Марфай Рабковай

Пракурор Раман Бізюк падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачванне па бОльшай колькасці справаў. Яшчэ год таму ён займаў пасаду старшага памочніка пракурора Маскоўскага раёна Мінска. Сёння ён выступае дзяржабвінаваўцам ад мінскай пракуратуры. Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», як мінімум ён выступаў дзяржабвінаваўцам супраць 13 палітзняволеных. Што адметна, усе яны пераследаваліся па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса – удзел у масавых беспарадках.

Але працэс над дзесяццю палітзняволенымі, сярод якіх вясноўцы Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк, – яго першы ў Мінскім гарадскім судзе.

«Cправа аб лазарных указках»

10 чэрвеня мінулага году ў судзе Маскоўскага раёна Мінска да пяці гадоў калоніі асудзілі валанцёраў штаба Бабарыкі, палітзняволеных Ігара Ярмолава, Дзмітрыя Канапелькі, Уладзіслава Карэцкага і Мікалая Сасева, якіх вінавацілі ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК). Менавіта такія тэрміны запрасіў для ўсіх пракурор Раман Бізюк.

У крымінальнай справе па абвінавачванні валанцёраў штаба Віктара Бабарыкі ў масавых беспарадках сваякі палітвязня Ігара Ярмолава заявілі ў судзе аб тым, што «абвінавачанага затрымлівалі дома і жорстка збілі: лекары канстатавалі прабітае лёгкае і зламанае рэбра». На адным з пасяджэнняў мама Ігара Ярмолава распавяла:

«Мы знайшлі яго збітым, з страсеннем галаўнога мозгу, у гематомах. У яго былі зламаныя рэбры, прабіта лёгкае (плача). Тыя бандыты, якія ўварваліся да яго, яны ўзламалі дзверы, яны не прадставіліся, ён не аказваў ніякага супраціву, а яго проста жорстка білі. Яны білі яго ў машыне, калі вазілі, і потым, калі яго ў мяшку чорным вадзілі па двары збітага. Гэта ўсё кажа аб тым, што проста нечалавечы гвалт быў здзейснены над маім сынам. Усе заявы, усе скаргі ў пракуратуру і адпаведныя органы дагэтуль не знайшлі ніякага руху».

У апошнім слове палітвязень Ігар Ярмолаў заявіў пра ціск на следстве:

«На мяне аказваўся ціск у СІЗА КДБ. Першы тыдзень да зняволення я правёў у шпіталі. І мабыць за гэты тыдзень аператыўнікі сталі крыху мякчэй. Калі мяне толькі прывезлі туды ў дзень затрымання ўжо з паламанымі рэбрамі, пнеўматораксам і страсеннем мозгу, аператыўныя супрацоўнікі, задаючы пытанні і атрымліваючы задавальняючыя іх адказы, сказалі, што цяпер засунуць мне дубінку прама ў <нецэнзурная лаянка>, і там у двары КДБ пачалі сілком здзіраць з мяне джынсы. Пасля вяртання са шпіталя кіраўнік аператыўнай групы ўсяго толькі пагражаў мне, што калі я не раскажу тое, што мне загадаюць, мяне адправяць у такую зону, дзе, паводле яго слоў, мяне "будуць драць ззаду з раніцы да вечара". Яго падначалены крыху пазней казаў, што цыганы на этапе адбяруць маю кашулю, а на зоне мне кожны тыдзень будуць зашываць ачко. І дадаткова пагражаў ўздзейнічаць на мяне фізічна. Пасля гэтага я перастаў апранаць кашулю на сустрэчы. Яшчэ ў жніўні я распавёў аб гэтых гутарках адвакату, не цяпер гэтая інфармацыя з'яўляецца. Таму я цалкам веру, што Карэцкі мог пісаць заяву пад ціскам і пад дыктоўку. Ну і так, ніхто з іх не выканаў свае пагрозы, дзякуй богу».

«Справа антыфашыстаў»

2 ліпеня мінулага года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска вынеслі прысуды чатыром антыфашыстам: Віталю Шышлову і Дзянісу Болтуцю – па 6 гадоў калоніі; Цімуру Піпія – 6 гадоў, 3 месяцы і два дні; Тамазу Піпія – 5 гадоў. Менавіты такія тэрміны запрасіў у суддзі Святланы Бандарэнкі для абвінавачаных пракурор Раман Бізюк. Палітвязняў абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 10 жніўня і 23 верасня 2020 года: Цімура Піпію, Віталя Шышлова і Дзяніса Болтуця – па ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК; Цімура Піпію эшчэ і арт. 419 КК; а Тамаза Піпію – па ч. 2 арт. 293 КК.

Некаторыя фігуранты гэтай справы заяўлялі аб катаваннях. Высветлілася, што прызнальныя паказанні Віталь Шышлоў даваў пад катаваннямі:

«Яны загадалі завесці рукі за галаву, стаць на калені, я падпарадкаваўся іх патрабаванням. На рукі мне надзелі кайданкі, у твар залілі пярцовы газ з балончыка, пасля гэтага два ці тры чалавекі наносілі мне ўдары па корпусе рукамі і нагамі —  усяго каля пяці удараў. Я не супраціўляўся. <…>

Пасля гэтага мяне вывелі ў двор, тварам акунулі ў бочку з вадой, затым кінулі ў мікрааўтобус, там працягнулі наносіць ўдары па тулаве. Мяне прывезлі ў лесапаласу побач з кукурузным полем, працягнулі збіваць. Пасля чаго запатрабавалі, каб я на відэакамеру прызнаўся ў здзяйсненні злачынства - прадыктавалі тэкст, які я паўтарыў пад пагрозай гвалту. З тэксту мне стала вядома, што я распыліў балончык з пярцовым газам у твар супрацоўніка міліцыі, які знаходзіўся ў міліцэйскай машыне, прыпаркаванай у мікрараёне Серабранка, знаходзіўся там з Цімурам і Болтам».

Цімур Піпія на працэсе растлумачыў супярэчнасці ў паказаннях паміж тымі, якія ён даваў у судзе і на папярэднім следстве, катаваннямі. Ён распавёў, што пасля затрымання яго паклалі тварам у падлогу ў мікрааўтобусе, па дарозе ў Следчы камітэт сілавікі білі яго рукамі і электрашокерам каля дзвюх гадзін, а паміж гэтым казалі, што трэба будзе казаць, а калі ён будзе адмаўляцца, то наступныя некалькі гадзін катаванні будуць паўтарацца.

Брат Цімура Тамаз Піпія таксама распавёў пра катаванні падчас затрымання. Яго затрымлівалі ў Гародні. Пры затрыманні Тамазу пагражалі агнястрэльнай зброяй, потым з'явілася яшчэ некалькі невядомых людзей, ён зразумеў, што трэба легчы на зямлю, потым пасадзілі ў мікрааўтобус, ехалі хвілін 15, прымусілі падпісваць незразумелыя паперы. Затым завялі ў нейкі будынак, прышпілілі да батарэі. Тамаз не разумеў, што гэта былі за людзі – яны не прадстаўляліся. Пазней яго везлі на машыне, у лясным масіве перасадзілі з іншую машыну, па дарозе супрацоўнікі ГУБАЗіК "навязвалі падзеі пра 23 верасня і 10 жніўня". Тады палітвязень не разумеў, хто яго затрымліваў, таму што супрацоўнікі выглядалі як бандыты. Тамаза прывезлі ў Мінск, запісалі з ім відэаінтэрв'ю.

Але гэтыя заявы пра катаванні не былі прыняты да заўвагі ні суддзёй, ні пракурорам Бізюком. Ніякія меры прыняты не былі.

Таксама пракурор Бізюк выступаў дзяржабвінаваўцам супраць яшчэ аднаго палітзняволенага валанцёра штаба Бабарыкі Антона Бяленскага.

Па запросу пракурора Бізюка да пяці гадоў калоніі таксама асудзілі палітзняволеных Паўла Аўчарава і Эміля Гусэйнава. Таксама ён вёў нейкую частку працэса над палітзняволенай Аляксандрай Патрасаевай.

Суд над Марфай Рабковай, Андреем Чапюком і яшчэ васьмю палітвязнямі 

Палітзняволеныя на судзе 25 красавіка

Нагадаем, 25 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся суд над адразу дзесяццю палітзняволенымі — каардынатаркай Валанцёрскай службы «Вясны» Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком, палітзняволенымі актывістамі анархісцкага руху Акіхірам Гаеўскім-ХанадамАляксандрам ФранцкевічамАляксеем ГалаўкоАляксандрам КазлянкамПаўлам ШпетнымМікітам ДранцамАндрэем МарачамДанілам Чулем. Агулам, у гэтай справе фігуруе 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы крымінальнай справы складаюць 160 тамоў. Разглядаць гэтую гучную справу прызначылі суддзю Сяргея Хрыпача, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Раман Бізюк. Па хадайніцтву пракурора суддзя закрыў працэс. Прычына — "у матэрыялах крымінальнай справы маюцца матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці". Сёння па справе праходзіць чацвёрты працэс.

rabkova_na_sudze.jpeg

Суд над вясноўцамі Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі зрабілі закрытым

«Вясна» распавядае, што вядома пра справу, яе фігурантаў і як пачынаўся суд.

Падтрымайце палітвязняў лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

  1. Марыя Аляксандраўна Рабкова
  2. Андрэй Сяргеевіч Чапюк
  3. Акіхіра Святаслававіч Гаеўскі-Ханада
  4. Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч
  5. Мікіта Вадзімавіч Дранец
  6. Аляксандр Аляксандравіч Казлянка
  7. Даніла Раманавіч Чуль
  8. Аляксей Ігаравіч Галаўко
  9. Андрэй Ігаравіч Марач 
  10. Павел Аляксандравіч Шпетны

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства