viasna on patreon

«Губазавец сказаў: "Добро пожаловать в гестапо"». Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання мастака Дзмітрыя Падрэза

2022 2022-04-27T18:45:18+0300 2022-04-28T11:13:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/podrez_8q.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволенага айцішніка і стрыт-арт мастака (вядомага як Дзіма Dream) Дзмітрыя Падрэза паўтары месяцы таму асудзілі ў закрытым рэжыме да сямі гадоў зняволення. За перадачу дадзеных сілавікоў тэлеграм-каналу "Чорная кніга Беларусі" яго абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў). Дзмітрыя затрымалі 15 ліпеня мінулага году — тады сілавікі на вяроўках праз вакно ўварваліся ў кватэру айцішніка. Праваабаронцам “Вясны” ад яго былога сукамерніка стала вядома пра збіццё і здзекі з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКа над палітвязнем падчас затрымання. 

Дзмітрый Падрэз
Дзмітрый Падрэз

Губазаўцы балончыкам у калідоры на сцяне напісалі "УКБ". Затрыманне праз вакно

16 ліпеня ў тэлеграм-канале “ГУБОП” з’явілася відэа затрымання айцішніка за “сліў” дадзеных тэлеграм-каналу "Чорная кніга Беларусі". Як высветлілася, гэта быў Дзмітрый Падрэз. На запісе таксама ёсць кадры затрымання айцішніка: двое сілавікоў спусціліся з даху на вяроўках да яго вокнаў і праз іх уварваліся ў кватэру.

На вяроўках спускаліся супрацоўнікі САХРа. Пасля таго, як яны патрапілі ў кватэру, запусцілі супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, сярод якіх былі Валер Высоцкі, Асташка і Волкаў.

"Забеглі ў ванную, захапілі і паклалі ў пакоі. На рукі – кайданкі. Супрацоўнік ГУБАЗіКа Высоцкі дастаў з паліцы злепак гіпсавай рукі, нацягнуў прэзерватыў і кажа: “Давайце ўставім ў задні праход". Але паклаў гіпсавую руку каля галавы. А перад гэтым сахравец ударыў нагой па сцёгнах, а іншы – пальчаткай па твары. Спыталі пароль – Дзмітрый даў.

Пры ператрусе губазавец Высоцкі ўзяў карціну мастака Захара Кудзіна і парэзаў яе тройчы са словамі: "Так будет красивее”. Потым парэзаў фотакарціны. Потым Высоцкі ўзяў стары ноўтбук, разламаў яго на дзве часткі, стукнуў адной часткай па камоду са словамі: “Теперь точно не работает”.

У хатняй бібліятэцы знайшлі руска-польскі размоўнік. Губазавец Асташка ўдарыў размоўнікам па твары са словамі: "Ты что, блять, не патриот?"

Калі праглядзелі ноўтбук, Высоцкі крычаў: “Убью нах*й, если что-то удалишь".

Потым губазаўцы Высоцкі і Волкаў балончыкам у калідоры на сцяне напісалі “УКБ”. Парвалі канапу, калі круцілі яе. Кватэру не далі закрыць.

Павезлі ў ГУБАЗіК, калі пад’ехалі, Высоцкі сказаў: "Добро пожаловать в гестапо", – распавёў былы сукамернік Дзмітрыя.

З пятага дубля. Запіс "пакаяльнага відэа"

Дзмітрый Падрэз
Дзмітрый Падрэз

Пра затрыманне Дзмітрыя Падрэза грамадскасць даведалася пасля апублікаванага “пакаяльнага відэа” ў тэлеграм-канале “ГУБОП”.  У відэа затрыманы кажа, што «неаднаразова прымаў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», «займаўся ідэнтыфікацыяй супрацоўнікаў міліцыі, якія прымаюць удзел у ахове грамадскага парадку падчас масавых беспарадкаў», іх асабістыя дадзеныя «перадаваў у телеграм-канал "Чорная Кніга Беларусі", каб аказаць псіхалагічны ціск на супрацоўнікаў».

Як выстветлілася, гэтае відэа запісалі з пятай спробы.

“Раздрукавалі тэкст, які ён павінен быў прачытаць на відэа”, – распавядае былы сукамернік палітвязня.

Таксама Падрэза прымаў супрацоўнік ГУБАЗіКа Аляксандр Алёкса.

30 сутак на Акрэсціна і ўзбуджэнне крымінальнай справы

Пасля гэтага супрацоўнік Асташка прымусіў напісаць яўку з павіннай, дыктаваў тэкст, што напісаць. Потым яшчэ была “размова” з супрацоўнікам ГУБАЗіКа Андрэем Макарэвічам.

Затым Дзмітрыя Падрэза адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Ён быў асуджаны два разы запар па арт. 24.3 КаАП за “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі”. На “сутках” на Акрэсціна мастак агулам прабыў 30 сутак. Потым ён стаў фігурантам крымінальнай справы. Да суда Дзмітрый утрымліваўся восем месяцаў у СІЗА-1. Прысуд яму вынес суддзя Сяргей Хрыпач.

Пасля прысуду яго перавялі ў магілёўскую турму №4, дзе палітвязень утрымліваецца да гэтага часу. У хуткім часе чакаецца разгляд яго апеляцыйнай скаргі. 

Падтрымаць Дзмітрыя лістамі, грашовымі пераводамі, пасылкамі можна па адрасе:

Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Дзмітрый Іосіфавіч Падрэз

Самыя гучныя гісторыі катаванняў 2021 году і хто да гэтага датычны

"Вясна" ўзгадвае самыя гучныя гісторыі катаванняў у гэтым годзе, а юрыст Павел Сапелка адказвае на галоўнае пытанне: ці будуць прыцягнутыя да адказнасці тыя, хто датычны да катаванняў, і калі гэта адбудзецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства