viasna on patreon

11 гадоў калоніі — палітзняволенаму расейцу Ягору Дуднікаву агучылі прысуд

2021 2021-12-27T15:11:54+0300 2021-12-27T15:52:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dudnikau_83.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ягор Дуднікаў у судзе

Ягор Дуднікаў у судзе

У Мінскім гарадскім судзе 27 снежня абвесцілі прысуд па гучнай крымінальнай справы супраць 21-гадовага палітзняволенага расейца Ягора Дуднікава — 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Такое пакаранне вынес суддзя Сяргей Хрыпач па прапанове пракуроркі Жанны Баранавай. Дуднікава затрымалі 4 траўня ў Мінску, моцна збілі і катавалі, пра што ён сам распавёў. Сем месяцаў хлопца ўтрымлівалі ў СІЗА па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса праз тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале "ОГСБ". Але асудзілі Ягора зусім па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі). Суд над Дуднікавым праходзіў у закрытым рэжыме па прычынах "выключэння распаўсюджвання экстрэмісцкай прадукцыі" і "абароны спецыяліста Князева". Палітвязню прызначылі амаль максімальна магчымае пакаранне па гэтых артыкулах.

У чым абвінавацілі палітвязня?

Суд па справе быў закрыты і доўжыўся тыдзень, таму ў чым канкрэтна абвінавацілі палітвязня вядома толькі з матэрыялаў Следчага камітэта і пракуратуры, якія размяшчаліся ў адкрытых крыніцах. Як паведамлялася на сайце пракуратуры, згодна з матэрыяламі справы «з 19 студзеня па 21 траўня [Ягор быў затрыманы 4 траўня] 2021 года з дапамогай кампутарнай тэхнікі ў адным з Telegram-чатаў з мэтай нагнятання напружанасці і канфліктнасці ў грамадстве і дзяржаве размясціў не менш 55 агучаных ім галасавых паведамленняў пабуджальнага характару. Сваімі паведамленнямі абвінавачаны распальваў сацыяльную варожасць і розніцу па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці. Фармаваў адмоўны вобраз прадстаўнікоў улады і непрыязнасць да іх. Схіляў грамадзян да запланаваных проціпраўных дзеянняў. Ён жа ў Telegram-чаце заклікаў да захопу дзяржаўнай ўлады, гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу, ўзнікнення масавых беспарадкаў з гвалтам да прадстаўнікоў улады, а таксама іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы краіны».

"Акрамя гэтага, Дуднікаў імкнуўся сфармаваць у грамадзян нянавісць да сілавога блоку, а таксама падбухторваў да гвалту і супраціву. Са словаў абвінавачанага, тэксты паведамленняў ён прыдумляў самастойна, а галоўная яго мэта — спрыяць звяржэнню дзеючай улады".

18 жніўня Вярхоўны суд прызнаў арганізацыю «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» тэрарыстычнай, яе дзейнасць у Беларусі забароненая.

Паведамляецца, што ён прызнаў віну.

Што вядома пра затрыманне і катаванне расейца?

Ягора Дуднікава затрымалі 4 траўня ў Мінску, на здымнай кватэры правялі ператрус (канфіскавалі толькі мікрафон) і змясцілі ў СІЗА КДБ. Пры затрыманні ён быў збіты.

"Мяне затрымалі 4 траўня 2021 года жорстка. Паспець уцячы не было сіл. Іх было шмат — я адзін. Я адразу зразумеў "што да чаго": працаваў ГУБАЗ, не шкадуючы рук, — білі нагамі і рукамі пры затрыманні. Крычалі: "Мразь, дабегаўся?" У мяне ўсё ў вачах пацямнела... Былі і супрацоўнікі КДБ. Яны паводзілі сябе інтэлігентна ў адрозненне ад ГУБАЗа — размаўлялі і здымалі на відэа. Яны сказалі, што я — Злойбэт (гэта акаўнт у тэлеграм-канале «ОГСБ», адзін з каналаў беларускай апазіцыі — рэд.). Наступствамі затрымання сталі сінякі і расколаты зуб. Мне сказалі, што я заклікаў людзей да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Таксама тое, што я агучваў відэаролікі, якія ў наступным размяшчаліся на ютуб-канале Ботогсб/ партызанскібот", — распавёў Ягор праз адваката.

Сілавікі пагражалі, што дзяўчыне Дуднікава "мала не падасца", і абяцалі, што калі ён напіша яўку з павіннай, то яго проста дэпартуюць у Расію, а не абвінавацяць у тэрарызме. У выніку ён напісаў яўку.

Пасля шэрагу допытаў у КДБ Дуднікаву, паводле яго словаў, сказалі рыхтавацца да прыезду тэлерэпарцёраў з АНТ і вывучыць на памяць наступны тэкст: "Я Дуднікаў Ягор, вядомы як Злойбэт. Вы лохі, балаболы, я расчараваны ў вас і я супрацоўнічаю са следствам". Падобнае потым паказалі па тэлебачанні. 

У чэрвені маці Ягора Юлія папрасіла Следчы камітэт змяніць меру стрымання сына з заключэння пад варту на хатні арышт. Акрамя таго, Юлія звярнулася да старшыні Дзяржаўнай думы Вячаслава Валодзіна, а таксама напісала зварот на прамую лінію Уладзіміру Пуціну. Але ўсюды атрымала адмовы.

Пасля судовых спрэчак, дзе палітвязню запрасілі вялікі тэрмін, расійскія дыпламаты заявілі, што будуць дамагацца экстрадыцыі грамадзяніна РФ Ягора Дуднікава.

"Калі я лёг, то пачуў гук перадзёрнутага затвора пісталета". Расіянін Ягор Дуднікаў распавёў з СІЗА пра сваё затрыманне

Ягор праз яго распавёў, як яго затрымлівалі, збівалі, дапытвалі ў СІЗА КДБ і ў чым канкрэтна яго абвінавачваюць. "Новая Газета" публікуе словы Ягора цалкам. 

Палітвязень Ягор Дуднікаў: "Стакан" параўнальна з камерай — рай, я там кайфану ў цішыні

Ягору Дуднікаву працягнулі знаходжанне пад вартай да 6 жніўня. Паводле маці Ягора Юліі, следчы адмовіў у пераводзе яе сына пад хатні арышт. Спаткацца з сынам маці таксама не дазволілі

"Ён закаханы хлапчук, а не падрыхтовец паўстанняў". 20-гадовага расейца абвінавачваюць у арганізацыі пратэстаў у Мінску

20-гадовага грамадзяніна Расейскай Федэрацыі Ягора Дуднікава затрымалі 5 траўня ў Мінску, на здымнай кватэры правялі ператрус і змясцілі ў СІЗА КДБ. Хлопцу прад'явілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), па якой яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Мама Ягора Юлія распавяла «Вясне» аб пераездзе сына ў Беларусь, яго затрыманні і пераслед беларускімі ўладамі. 

Падтрымаць Ягора лістамі салідарнасці можна па адрасу:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Ягору Аляксандравічу Дуднікаву

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства