Без відэадоказаў і па намаляваных схемах АМАПаўцаў. Як судзяць за наезд на ДАІшніка мінчука, якому пагражае да 25 гадоў калоніі
Мінскі гарадскі суд працягвае разгляд крымінальнай справы за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса) супраць 45-гадовага бізнэсмена Аляксандра Троцкага. Паводле абвінавачвання, ён правёз 12 жніўня на капоце сваёй машыне супрацоўніка ДАІ Юрава, у выніку чаго той атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Па словах Троцкага, яго машыну беспрычынна спынілі людзі ў цёмным і балаклавах, а калі той, баючыся за сваё жыццё, адмовіўся выйсці з машыны, супрацоўнік ДАІ "дастаў баявую зброю і накіраваў у яго бок, прыцэліўся прама ў галаву". Справа разглядаецца пад старшынствам суддзі Сяргея Хрыпача. Усё судовае следства па гэтай справе заняла чатыры паседжанні. "Вясна" назірае за гэтым судовым працэсам і распавядае, як адбываецца працэс, на якім чалавеку пагражае ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў пазбаўлення волі, і як судзяць іншых за наезды на супрацоўнікаў міліцыі.
Сцісла пра суд над Аляксандрам Троцкім па ч. 1 арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэксу:
|
У чым абвінавачваюць мужчыну?
Па абвінавачванні кіроўца Аляксандр Троцкі ў перыяд часу з 19:50 па 19:55 12 жніўня на праезнай частцы на праспекце Пераможцаў па кірунку вуліцы Мельнікайтэ і праспекта Машэрава на неаднаразовыя патрабаванні супрацоўніка АМАПа заглушыць рухавік, выйсці з аўтамабіля, адкрыць багажнае аддзяленне для агляду Троцкі катэгарычна адмовіўся ў грубай форме. Пры гэтым, "рухавік наўмысна не заглушыў, з аўтамабіля не выйшаў, багажнае аддзяленне для надгляду не падаў". Затым Троцкі, працягваючы знаходзіцца ў аўтамабілі, "маючы мэту на здзяйсненне забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў Юрава, жадаючы перашкодзіць яго законнай дзейнасці, з помсты Юраву па выкананні ім абавязкаў па забеспячэнні ім аховы грамадскага парадку, выкарыстоўваючы ў якасці прылады забойства крыніцу падвышанай грамадскай небяспекі — аўтамабіль «Шкода-кадзіак», назіраючы перашкоды ў выглядзе які стаяў каля капота Юрава раптам наўмысна пачаў рух на Юрава".
Па абвінавачванні, калі супрацоўнік ДАІ ўпаў на капот і стукнуўся целам аб аўтамабіль, з мэтай рэалізацыі забойства Юрава Троцкі наўмысна працягнуў рух на аўтамабілі, калі той быў на капоце, "тым самым маючы намер на яго забойства". Давесці да канца забойства Юрава Троцкі не змог па незалежных ад яго абставінах, паколькі пацярпелы ў момант наезду знаходзіўся ў бронекамізэльцы. Юраў перакаціўся па капоце па рухомым аўтамабілю і ўпаў на праезную частку. Такім чынам, на думку дзяржабвінаваўцы, Троцкі здзейсніў замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў у сувязі са здзяйсненнем ім у сувязі з выкананнем ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку — ч. 1 арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэксу.
"Супрацоўнік ДАІ дастаў баявую зброю і накіраваў у мой бок". Мінчука судзяць за замах на забойства супрацоўніка
Што адбылося 12 жніўня?
12 жніўня на праезнай часткі на скрыжаванні вул. Мельнікайтэ і пр-та Пераможцаў у Мінску ахову грамадскага парадку ажыццяўляў супрацоўнік ДАІ Уладзімір Юраў з групай АМАПа пад кіраўніцтвам камандзіра 5 роты АМАПа Дзмітрыя Кароты. На месцы, акрамя камандзіра, былі супрацоўнікі АМАПу Дайнэка, Міхаіл Рыжанкоў, Аляксандр Казлоў. Чатыры супрацоўнікі ў судзе заяўлены ў якасці сведак, аднак дапытаць Кароту, які фактычна кіраваў 12 жніўня групай АМАПа, якая затрымлівала Троцкага, не атрымалася, бо ён камандзіраваны ў Гродзенскую вобласць. Усе былі ў чорным адзенні, балаклавах, бронікамізэльках, пласцікавых шчытках. Троцкі ў судзе заяўляе, што «ўстанавіць, што гэта былі супрацоўнікі АМАПу, а адзін з іх быў супрацоўнік ДАІ — было немагчыма». Тым больш, што самі супрацоўнікі АМАПу на судзе не змаглі адназначна адказаць, ці былі бачныя надпісы АМАПу і ДАІ, знакі адрознення.
Супрацоўнікі АМАПу распавялі на судзе, іх задачай 12 жніўня была праверка аўтамабіляў на прадмет забароненых рэчаў, а таксама незарэгістраванай сімволікі. У выніку такой праверкі і адбыўся інцындэнт з Аляксандрам Троцкім. Па словах абвінавачанага, ён баяўся выходзіць з аўто, але быў гатовы прадаставіць дакументы праз акно і адкрыць для агляду багажнік. Як распавёў Троцкі на судзе, ён з’ехаў з месца прыпынку супрацоўнікамі, калі на яго накіравалі пісталет. У гэты час, калі Троцкі выкручваў налева, супрацоўнік ДАІ апынуўся на капоце, пасля чаго хутка ўпаў на зямлю. Па машыне пачалі страляць, у хуткім часе яе спынілі, а Троцкага затрымалі і жорстка збілі.
Абвінавачаны больш пацярпеў, чым пацярпелы
Заявы абвінавачаных аб збіцці і катаваннях пры затрыманні і падчас следства ігнаруюцца судамі. Справа Троцкага —не выключэнне. Аляксандр пасля затрымання прабыў у бальніцы тры тыдні. Ён быў прыкаваны кайданкамі да ложка, яго ахоўваў канвой. Трэцяга верасня Аляксандра з лякарні перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, дзе ён знаходзіцца і цяпер.
На судзе ён распавёў, што яго жорстка і беспадстаўна збілі, а аўтамабіль пашкодзілі:
«Мяне неаднаразова збівалі з ужываннем дубінак, пісталета і з ужываннем газавага балончыка, распыліўшы мне яго ў твар. Практычна з самага пачатку збіванняў самастойна перасоўвацца я ўжо не мог».
У матэрыялах справы маецца выпіска Троцкага з бальніцы, дзе яму дыягнаставалі страсенне галаноўга мозгу, закрытую чэрапна-мазгавую траўму ў лёгкай ступені, крывападцёкі галавы, множныя ўдары жывата, дыфармацыя насавой перагародкі з нязначным парушэннем дыхання і іншыя пашкоджанні. Таксама ў матэрыялах справы маецца судова-медыцынская экспертыза Троцкага ад 14 жніўня, якая паказала, што паказаныя пашкоджанні на ягадзіцах, спіне, жываце, каленях і інш., маглі ўтварыцца ў выніку ўздзеяння ад цвёрдых тупых прадметаў, “у тым ліку ад ўздзеяння гумавой палкі”.
Згодна з матэрыяламі справы, супрацоўніку ДАІ Юраву ў выніку дзеянняў Троцкага прычыненыя крывападцёкі правага перадплечча, левай бакавой паверхні тулава, драпіна на правай ступні, якія адносяцца да цялесных пашкоджанняў, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя.
Што кажа пацярпелы на судзе?
Пацярпелы 40-гадовы супрацоўнік УДАІ Маскоўскага раёна Мінска Уладзімір Юраў змог з'явіцца ў суд толькі на чацвёртае паседжанне: у яго былі падазрэнні на COVID-19.
12 жніўня ён нёс службу ў касцюме ДПС, бронекамізэльцы, балаклаве і з табельнай зброяй — пісталетам Макарава. Нагрудны відэарэгістратар быў пад бронекамізэлькай. На судзе Юраў распавёў, што спачатку на праспекце Пераможцаў яны спынялі машыны з нумарамі рэгіёнаў, а калі перакрылі бліжэйшыя вуліцы, то паступіла распараджэнне спыняць усе машыны. Па яго словах, ён спыніў аўтамабіль Троцкага з выкарыстаннем жазла. Супрацоўнікі АМАПу папрасілі яго падаць дакументы, запатрабавалі выйсці з машыны і адкрыць багажнік.
«Кіроўца ў грубай форме адмовіўся».
Пры гэтым Юраў не змог назваць у судзе, як менавіта Троцкі адмовіўся. Як распавядае пацярпелы супрацоўнік ДАІ, ён пачуў характэрны гук, кіроўца крануўся і збіў яго.
«Аўтамабіль рушыў, я адразу апынуўся на капоце. Ногі былі практычна на зямлі. Аўтамабіль стаяў і былі вывернутыя колы, аўтамабіль накіроўваўся не прама, а з выездам на іншую паласу. Удар прыйшоўся ў бронекамізэльку і я жыватом апынуўся на капоце. Супрацоўнік АМАП сказаў прыгаць і я пачаў скочвацца з капота».
Як кажа Юраў, бронекамізэлька мінімізавала траўмы. Калі ён апынуўся на зямлі, то супрацоўнікі АМАП вырабілі тры стрэлы. Але Юраў не змог сказаць з якой зброі.
Пацярпелы ацаніў маральную і фізічную шкоду на 20 тысяч
Супрацоўнік ДАІ Уладзімір Юраў заявіў у судзе пазоў на 20 тысяч рублёў: маральная шкода — 10 тысяч і матэрыяльная шкода — 10 тысяч. Маральныя пакуты Юрава выяўляліся ў тым, што ён доўгі час не мог спаць, нерваваўся. Але да лекараў не звяртаўся — «сам справіўся». Дакументальнага пацверджання няма. Пазоў Аляксандр Троцкі не прызнаў.
«Калі б ён сыходзіў прама, то я пацярпеў бы больш. Ён сыходзіў лявей, таму што колы былі вывярнуць налева», — сказаў на судзе пацярпелы супрацоўнік ДАІ.
Юраў не памятае, колькі часу ён прабыў на бальнічным. Па яго словах, ён адчуў пагрозу жыцця і здароўя, звязаную з непадпарадкаваннем кіроўцы.
«Я не ведаю, хто за рулём: ад згоншчыка да маньяка. Калі б апынуўся пад бамперам, то 99% быў бы труп».
Адвакат запытваў у пацярпелага, ці можа ён стаяць перад капотам машыны як супрацоўнік ДАІ, на што супрацоўнік адказаў, што «рабіў тое, што было неабходна».
Камандзір роты Карота следчым казаў, што каманду пра ўжыванне спецсродкаў не даваў. На судзе ў Юрава запыталі, чаму тады без каманды камандзіра ён дастаў зброю, на што супрацоўнік ДАІ адказаў, што «на падставе закона».
«Мне здалося, што ён даваў такое ўказанне. Я зразумеў, што будзе неабходнасць выкарыстоўваць зброю».
Што кажуць сведкі?
Першым у якасці сведкі быў дапытаны супрацоўнік АМАПу Дайнэка. Ён распавёў, што 12 жніўня каля Стэлы ахоўваў з іншымі супрацоўнікамі АМАПу і ДАІ грамадскі парадак. Па словах Дайнэкі, у іх задачу ўваходзіла, у тым ліку, дапамога супрацоўнікам ДАІ:
«Мы даглядалі транспартныя сродкі на прадмет наяўнасці забароненай сімволікі, прадметаў, то бок зброі, петардаў, феерверкаў».
Алгарытм па словах Дайнэкі: супрацоўнік ДАІ спыняе аўтамабіль, просіць пасведчанне, просіць выйсці грамадзяніна з машыны, паказаць транспарт, калі ўсё добра, то адпускаюць яго. Супрацоўнік АМАПу распавёў на судзе, што Троцкі адмаўляўся выконваць патрабаванні Кароты, не рэагаваў: «Я не чуў, але бачыў».
«Ён знешне пачаў мешкацца, дзёргацца».
Па словах Дайнэкі, пасля папярэджання супрацоўніка АМАПу, што ў выпадку непадпарадкавання будзе выкарыстана фізічная сіла, Троцкі пачаў дзёргаць каробку перадач. На судзе супрацоўнік АМАПу заявіў, што ў гэты момант паступіла каманда падрыхтавацца, у тым ліку зброю. Хаця па паказаннях камандзіра Кароты, ён такіх указанняў не даваў.
"Чалавек паводзіў сябе незразумела, абуральна".
Сведка-супрацоўнік АМАПу Міхаіл Рыжанкоў на судзе сказаў, што не бачыў, як машына Троцкага збіла Юрава — бачыў толькі, як ён падаў. Рыжанкоў следчым пацвердзіў, што супрацоўнік ДАІ сапраўды накіроўваў на Троцкага ў машыне зброю.
«У сувязі з апошнімі падзеямі не выключаў, што давядзецца выкарыстоўваць зброю»
На судзе таксама дапыталі 27-гадовага сведку Аляксандра Казлова — былога супрацоўніка АМАПу, які 12 жніўня страляў па машыне Троцкага, калі той з'язджаў. У яго на грудзях вісела зброя: драбавік з патронамі (першыя тры — металічныя, астатнія — гумовыя).
На судзе ён распавёў, што адразу зброю на аўтамабіль Троцкага не накіроўваў, але падрытхаваў яе, калі кіроўца не выйшаў з машыны:
«Узяў яго ў рукі, на машыну не накіроўваў. У сувязі з апошнімі падзеямі не выключаў, што давядзецца выкарыстоўваць зброю».
На судзе Казлоў падцвердзіў, што супрацоўнік ДАІ накіроўваў зброю ў кіроўцу, але «не ведае, куды канкрэтна». Па словах сведкі, ён пачаў страляць, калі ДАІшнік Юраў упаў з капота: першы стрэл — у вобласць пярэдняга колы, потым — у вобласць задняга колы. Далейшыя дзеянні супрацоўніка ДАІ ён не бачыў, бо накіраваўся на аўтамабілі за абвінавачаным. Сам ён Троцкага не затрымліваў, а трымаў аўтамабіль на кантролі.
Камандзір АМАПа
Камандзір 5 роты АМАПа Дзмітрый Карота, які фактычна кіраваў 12 жніўня групай АМАПа, якая затрымлівала Троцкага, так і не змог з’явіцца на суд — з 26 лютага па 6 сакавіка «задзейнічаны ў затрыманні асоб, якія маюць дачыненне да здзяйснення злачынства ў Гродзенскую вобласць». Начальнік мінскага АМАПу Дзмітрый Балаба накіраваў у суд ліст пра гэта. Суддзя вырашыў працягнуць працэс без удзелу гэтага сведкі. На працэсе агучылі яго паказанні, дадзеныя падчас следства. Следчым Карота распавядаў, што 12 жніўня яны спынілі аўтамабіль і папрасілі Троцкага выйсці. На просьбу выйсці кіроўца паведаміў, што баіцца. Пры гэтым, колы аўтамабіля Троцкага былі вывернутыя налева. Юраў выйшаў перад аўтамабілем і дастаў пісталет. Потым убачыў, як ён стукнуўся аб аўтамабіль. Карота не сказаў, што супрацоўнік ДАІ размаўляў з кіроўцам.
«Мужчына быў інтэлігентнага віду на новай машыне, я не думаў, што будуць праблемы з аглядам. Кіроўца пачаў нервавацца, сказаў, што баіцца».
Следчым Карота сказаў, што каманду пра ўжыванне спецсродкаў не даваў.
Відэарэгістратараў у супрацоўнікаў не было. А што з доказамі?
Падчас следства быў праведзены следчы эксперымент у частцы наезду. Негледзячы на тое, што па ўсіх паказаннях абвінавачанага, пацярпелага і сведак колы машыны Троцкага былі вывернуты ў левы бок, у момант следчага эксперыменту колы стаялі прама. Гэта пацвердзіў на судзе і пацярпелы Юраў.
У судзе было прагледжана пяць відэазапісаў з вулічных камер назірання з праспекту Пераможцаў, якія нібыта зафіксавала інцыдэнт, але здалёк. На адным відэа няма ні даты, ні часу. На гэтым відэа, якое доўжыцца каля 20 хвілін, нельга ідэнтыфікаваць ні машыну Троцкага, ні сам інцыдэнт — настолькі далёка гэта было.
"Усё, што ўбачылі, то ўбачылі", — рэзюмаваў суддзя.
На судзе было прагледжана яшчэ адно відэа з камер відэаназірання, датаваная 12.08.2020. На ўжо ім стаіць час: з 19:42 па 20:00. На ім зафіксавана толькі тое, як пацярпеламу супрацоўніку ДАІ, які сядзіць на зямлі, аказваюць дапамогу людзі ў чорным, меркавана, супрацоўнікі АМАПа. Сам інцыдэнт на відэа не зафіксаваны.
На трэцім відэа, на якім таксама прастаўлены дата і час, зафіксавана толькі тое, што машына Троцкага разварочваецца на перакрыжаванні. На ім таксама няма моманту наезду на супрацоўніка ДАІ.
У судзе было прагледжана яшчэ адно відэа — з дваравой камеры назірання. На ім крупным планам — сметніца і лавы. Нібыта ўдалечыні пад вуглом павінна было быць бачна момант інцыдэнту, але і нам нічога не бачна.
У матэрыялах справы маюцца намаляваныя асадкай схемы, на якім супрацоўнікі АМАПу паказвалі, як размяшчаліся 12 жніўня машына Троцкага, аўтазакі і бусы АМАПу.
Такім чынам, пра факт наезду на супрацоўніка ДАІ ў матэрыялах справы вядома толькі са словаў пацярпелага і некаторых супрацоўнікаў АМАПу.
Суд адхіліў каля 10 хадайніцтваў абаронцы Троцкага
Падчас судовага следства адвакат Аляксандра заявіў не менш за 10 хадайніцтв — усе, якія тычыліся сутнасці справы, былі не задаволеныя.
Адвакат прасіў суд дапытаць у якасці сведак лекара Барысава, які выязджаў у Цэнтральнае РУУС, і супрацоўнікоў Цэнтральнага РУУС Андрэевіча і Мартыненку, які складаў пратакол затрымання — адмоўлена. Абаронца прасіў выклікаць у суд эксперта для аўтаэкспертызы, каб даведацца пад якім вуглом знаходзіўся аўтамабіль, — адмоўлена. Таксама суд не задаволіў хадайніцтва аб выкліку начальніка ДАІ Маскоўскага раёна Шкурскага і яшчэ аднаго эксперта. Адвакат прасіў далучыць відэазапіс з затрымання, на якім адлюстраваныя пацярпелы і сведка, і бачная іх форма. Пацярпелы запярэчыў, бо «зроблены запіс з аднаго ракурсу і нашыўкі там не бачныя». Суд задаволіў часткова: далучыў скрыншоты, а відэазапіс — не.
Суд далучыў да матэрыялаў справы дамову аб атрыманні платнай адукацыі сынам Троцкага.
Судовае следства па гэтай справе доўжылася чатыры працэсы. На сераду ўжо прызначаны судовыя спрэчкі.
Як судзяць іншых за наезды на супрацоўнікаў міліцыі падчас пратэстаў?
Падобных выпадкаў падчас пратэстных акцый, пасля якіх была ўзбуджаная крымінальная справа, праваабаронцам “Вясны” вядома яшчэ мінімум чатыры: вынесены два прысуды, адзін суд яшчэ ідзе і адна справа рыхтуецца да суда. Па кваліфікацыі такіх дзеянняў няма адзінай практыкі. Яшчэ адна справа, як і Троцкага, кваліфікавана як замах на забойства. Хаця адразу, нагадаем, у дачыненні да Аляксандра адразу распачалі крымінальную справу паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса — гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў. Аднак у снежні — перад перадачай справы ў пракуратуру — артыкул перакваліфікавалі. Яшчэ дзве справы кваліфікаваныя па арт. 364 і 363 Крымінальнага кодэксу.
Працягнуў міліцыянта за машынай — 4 гады калоніі
Палітзняволенага дальнабойшчык са Жлобіна Аляксандра Французава асудзілі 18 снежня да 4 гадоў калоніі за тое, што ён наехаў 10 жніўня на намесніка начальніка Жлобінскага РАУС Дзмітрыя Дзядзюна. У тую ноч у Жлобіне міліцыянты спынялі аўтамабілі, затрымлівалі кіроўцаў. Аляксандр спалохаўся і даў задні ход. Міліцыянт ухапіўся за дзверы машыны і разбіў рацыяй шыбу. Паводле абвінавачвання, руку міліцыянта заблакавала ручка дзвярэй і ён вымушана разбіў шыбу, а кіроўца наўмысна паскорыў рух і працягнуў міліцыянта за машынай. Калі машына набрала хуткасць, то міліцыянт упаў. Дзеянні Французава кваліфікавалі па арт. 364 КК — гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Жлобінскі раённы суд прызнаў Аляксандра Французава вінаватым па арт. 364 КК і асудзіў да 4 гадоў пазбаўлення волі, а таксама абавязваў выплаціць пацярпеламу 1500 рублёў маральнай шкоды.
Здзейсніў наезд на інспектара ДАІ — артыкул 363
Суд Заводскага раёна горада Мінска 25 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы супраць 37-гадовага інжынера-будаўніка Аляксея Сцерлікава. Згодна абвінавачванням, у ноч з 23 на 24 верасня, калі адбываліся пратэсты з нагоды інагурацыі Аляксандра Лукашэнкі, Сцерлікаў не падпарадкаваўся патрабаванням супрацоўніка ДАІ спыніць машыну і, пачаўшы рух заднім ходам, здзейсніў наезд на інспектара ДАІ Завадскага, што пацягнула пашкоджанне форменнага абмундзіравання супрацоўніка і нанесла яму сіняк на плячы і некалькі драпін. Дзеянні Сцерлікава кваліфікавалі па частцы 2 артыкула 363 КК — супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучаны з пагрозай прымянення гвалту.
Судовае разбіральніцтва па гэтай справе працягваецца.
«Пры наезде 11 жніўня пацярпелі пяць вайскоўцаў» — ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 14 і 362
Як паведаміла 15 лютага БЕЛТА, следчыя завяршылі расследаванне крымінальнай справы пра наезд на супрацоўнікаў МУС, які адбыўся ўначы 11 жніўня.
Паводле следства, каля гадзіны ночы 24-гадовы кіроўца ехаў на BMW па вуліцы Прытыцкага. Як заяўляюць следчыя, хлопец накіраваў свой аўтамабіль на групу супрацоўнікаў міліцыі, якія былі ў форме і стаялі да яго спінай. Перад гэтым ён, маўляў, зняў рэгістрацыйныя знакі з аўто.
Пасля гэтага ён уцёк з месца здарэння. Гаворыцца, што пры наездзе пацярпелі пяць вайскоўцаў унутраных войскаў МУС ва ўзросце ад 23 да 29 гадоў.
На наступны дзень мінчук падаў заяву пра ўгон аўтамабіля. Аднак следства выявіла, што ўладальнік утапіў сваю машыну ў вадаёме.
Супраць хлопца распачалі крымінальную справу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках), ч. 1 арт. 14 і 362 (замах на забойства супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), ч. 1 арт. 400 (загадзя ілжывы данос). Яму пагражае ад 10 да 25 гадоў зняволення. Паведамляецца, што крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.
Верагодна, гаворка ідзе пра Ціхана Осіпава. Яго жонка распавядала 15 жніўня "Нашай Ніве", што ноччу 11 жніўня Ціхан з сябрамі ехаў праз скрыжаванне вуліц Прытыцкага і Глебкі і каля 00:30-01:00 іх машыну спынілі сілавікі.
"Хлопцы ўбачылі, што з суседняй машыны выцягваюць людзей і пачалі збіваць дубінкамі. У Ціхана машына была зачыненая, яго выкінуць не паспелі, толькі разбілі задняе левае Шкло. Муж вывернуў машыну на суседнюю паласу і паехаў. Ён спалохаўся, калі пачалі біць машыну. Сілавікі разбегліся.
На наступны дзень мужа затрымалі. Павезьлі на Акрэсьціна, дзе ён прабыў больш двух дзён. Выпусцілі ўчора ў 5:30 раніцы. Дома паеў, крыху паспаў. А ўжо ў 15:30 у кватэру прыйшлі з Следчага камітэта, яго зноў забралі. Тады і паведамілі, што яго абвінавачваюць у замаху на жыццё супрацоўніка ўнутраных спраў. Мне паказалі відэа, але на ім ніякага наезду няма, там наогул нічога не зразумела".
Прадстаўнік СК таксама паведаміў, што ў вышук абвешчаны 41-гадовы кіроўца аўтамабіля Volkswagen Passat, які здзейсніў 11 жніўня на вул. Прытыцкага наезд на вайскоўцаў унутраных войскаў. З месца здарэння абвінавачаны схаваўся, аўтамабіль без рэгістрацыйных знакаў пакінуў на тэрыторыі Мінскага раёна.