viasna on patreon

"Я не дзейнічаў ні па якіх загадах, у мяне ўласная грамадзянская пазіцыя". У судзе дапыталі братоў Цімура і Тамаза Піпія

2021 2021-06-15T11:58:00+0300 2021-06-15T12:25:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pushkinskaja_10.08.21.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Падзеі 10 жніўня каля ст. м. Пушкінская. Фота з сайта vot-tak.tv

Падзеі 10 жніўня каля ст. м. Пушкінская. Фота з сайта vot-tak.tv

У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Цімура і Тамаза Піпія, Дзяніса Балтуця і Віталя Шышлова.

14 чэрвеня ў працэсе заслухалі пісьмовыя паказанні Віталя, якія ён даваў на папярэднім следстве, а таксама дапыталі братоў Піпія. І Цімур, і Тамаз заявілі аб катаваннях пасля затрымання.

Нагадаем, палітвязняў вінавацяць па шэрагу артыкулаў за падзеі 10 жніўня і 23 верасня 2020 года: Цімура Піпію, Віталія Шышлова і Дзяніса Болтуця – па ч. 2 арт. 293, ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса; Цімура Піпію ячшэ і арт. 419 КК; а Тамаза Піпію толькі па ч. 2 арт. 293 КК.

Справу вядзе суддя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржабвінавачвання прадстаўляе пракурор Раман Бізюк. Пацярпелымі па справе прызнаныя супрацоўнікі міліцыі Зелянеўскі і Карабанаў.

"Я разумеў: ідзе марш незадаволеных тым, што адбываецца ў нашай краіне". У судзе па масавых беспарадках дапытваюць абвінавачаных

У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска на працэсе па справе аб масавых беспарадках 10 чэрвеня былі дапытаныя абвінавачаныя Дзяніс Балтуць і Віталь Шышлоў.

"Загадалі завесці рукі за галаву, стаць на калені". Прызнальныя паказанні Віталь Шышлоў даваў пад катаваннямі

Пацярпелымі былі заяўлены грамадзянскія пазовы аб кампенсацыі шкоды, Віталь Шышлоў прызнаў іх.

Суддзя задавала дадатковыя пытанні, у выніку чаго абвінавачаны сказаў, што паводле арт. 342 і арт. 364 прызнае віну часткова, хоць да гэтага цалкам прызнаваў свой удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Згодна з пратаколам допыту палітвязня ад 26 верасня, Віталь Шышлоў адмовіўся ад дачы паказанняў супраць самога сябе. Далей яго дапытвалі 5 кастрычніка, дзе палітвязень таксама адмовіўся ад дачы паказанняў, але растлумачыў, што першапачаткова даваў паказанні ў момант затрымання з нагоды здзяйснення крымінальнага злачынства пад уздзеяннем пагрозы прымянення да яго гвалту. 26 верасня Шышлоў знаходзіўся ў знаёмых на дачы, калі каля 14 гадзін у дом уварваліся восем супрацоўнікаў у бронекамізэльках, масках, шлемах і са зброяй.

"Яны загадалі завесці рукі за галаву, стаць на калені, я падпарадкаваўся іх патрабаванням. На рукі мне надзелі кайданкі, у твар залілі пярцовы газ з балончыка, пасля гэтага два ці тры чалавекі наносілі мне ўдары па корпусе рукамі і нагамі - усяго каля 5 удараў. Я не супраціўляўся. <…>

Пасля гэтага мяне вывелі ў двор, тварам акунулі ў бочку з вадой, затым кінулі ў мікрааўтобус, там працягнулі наносіць ўдары па тулаве. Мяне прывезлі ў лесапаласу побач з кукурузным полем, працягнулі збіваць. Пасля чаго запатрабавалі, каб я на відэакамеру прызнаўся ў здзяйсненні злачынства - прадыктавалі тэкст, які я паўтарыў пад пагрозай гвалту. З тэксту мне стала вядома, што я распыліў балончык з пярцовым газам у твар супрацоўніка міліцыі, які знаходзіўся ў міліцэйскай машыне, прыпаркаванай у мікрараёне Серабранка, знаходзіўся там з Цімурам і Болтам".

Віталь Шышлоў заявіў падчас допыту, што названага злачынства не здзяйсняў, усё прадыктаваў мужчына ў масцы, апазнаць якога ён не зможа, Цімура і Балта - ён ведае, але не ведае іх анкетных дадзеных. Прасіў правесці праверку па ўказаных ім фактах і выдаць яму пастанову аб праходжанні судовай экспертызы.

27 верасня палітвязень даваў тлумачэнні на апытанні ў адсутнасць абаронцы, дзе ён распавёў, што выходзіў на акцыі пратэсту па выхадных днях, ніякіх злачынстваў не здзяйсняў, а хацеў выказаць сваю незадаволенасць. 23 верасня дома выпіў каля 1,5 літра піва і яшчэ каля 1 літра на вуліцы, на акцыю пайшоў з Балтом і Цімурам, былі на Нямізе, але вырашылі адтуль сысці. У Інтэрнэце прачыталі, што на Ракасоўскага сабраліся людзі, вырашылі далучыцца да іх. У Серабранцы натоўп перакрыў рух транспарту, абвінавачаныя былі там. У нейкі момант у натоўпе пачалі крычаць, што нешта адбываецца, што ў людзей у машыне можа быць зброя. Тады Віталь Шышлоў вырашыў запырскаць аўтамабіль пярцовым балончыкам: падбег да машыны, распыліў газ у прыадчыненае акно, пасля чаго ўбачыў міліцэйскую кепку і зразумеў, што здзейсніў глупства. Адзначаў, што зрабіў учынак пад уздзеяннем алкаголю і эмоцый, прызнаваў віну і раскайваўся, таксама прасіў прабачэння ў пацярпелых.

У той жа дзень, быў праведзены допыт, на якім Шышлоў адмовіўся ад дачы паказанняў. На наступных допытах – 4 і 18 лютага, 3 сакавіка – абвінавачаны таксама адмовіўся ад дачы паказанняў.

Віталь Шышлоў растлумачыў суду, што тлумачэнні 27 верасня ён даваў пасля таго, як увесь папярэдні дзень над ім "здзекаваліся і збівалі". Цяпер ён практычна ўсе тыя паказанні не падтрымлівае.

Цімур Піпія: "Выйшаў на дарогу з хуліганскіх меркаванняў"

Наступным у судзе быў дапытаны Цімур Піпія. Ён не прызнаў віну паводле ч. 2 арт. 293 КК, бо не прысутнічаў на месцы падзей 10 жніўня, паводле ч. 1 арт. 342 КК –  прызнаў віну цалкам, паводле арт. 364 КК – не прызнаў віну, а паводле арт. 419 – прызнаў у поўным аб'ёме.

Па падзеях 10 жніўня абвінавачаны растлумачыў, што ўвечары быў дома, да яго заехаў таварыш Арцём з Гомеля, які распавёў, што шмат людзей выходзіла 9 жніўня, але сам Цімур не верыў, што людзі могуць выйсці. Прачыталі ў тэлеграме, што людзі збіраюцца на ст. м. Пятроўшчына, хацелі паглядзець, што адбываецца, і паехалі туды, па дарозе – спрабаваў датэлефанавацца да брата Тамаза, каб даведацца дзе ён і што робіць, потым вырашыў патэлефанаваць Дзянісу Болтуцю, ад якога даведаўся, што той сустрэўся з Віталём Шышловым. Прапанаваў хлопцам прыехаць да Макдональдса і ў раёне 20 гадзін з імі сустрэўся: Цімур падышоў да машыны, у якой сядзеў Дзяніс, а Віталь у гэты момант адышоў.

Пасля ён вярнуўся да той машыны, на якой прыехаў, даведаўся, што шмат людзей збіраецца на Пушкінскай. Болтуць і Шышлоў з'ехалі туды, Цімур Піпія пазней з таварышам паехалі ў той бок, але яны патрапілі ў корак, у якім прастаялі працяглы час, пасля чаго развярнуліся і з'ехалі. Удзелу ў мерапрыемствах не прымаў, з машыны не выходзіў. Масавых беспарадкаў не назіраў: не бачыў пагромаў, падпалаў, узвядзенне барыкад, каб хтосьці разбіраў тратуарную плітку і кідаў яе ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

23 верасня Цімура на машыне забраў Дзяніс, сумесна з іншымі паехалі ў цэнтр - у бок Нямігі. Былі ў ГЦ «Галерэя» каля 40 хвілін, потым вярталіся да машыны і каля кінатэатра "Беларусь" убачылі мноства людзей. Прызнае, што адзін раз выходзіў на праезную частку ў раёне перасячэння вуліц Раманаўская Слабада і Няміга, да яго спачатку далучылася 3 незнаёмых чалавекі, а пасля – каля 30-40 чалавек выйшлі на дарогу. Сам Цімур на праезнай частцы знаходзіўся не больш за 8-10 хвілін, пасля вярнуўся на тратуар. Таксама абвінавачаны адзначыў, што транспарту на дарозе не было, бо дарога была перакрытая ДАІ.

Абвінавачаны: Выйшаў на дарогу з хуліганскіх памкненняў, а не з якіх-небудзь іншых мэтаў.

Пракурор: Што вы маеце на ўвазе?

Абвінавачаны: Проста выйшаў на дарогу пастаяць. Пустая дарога, калі ў мяне яшчэ будзе магчымасць выйсці на праспект.

Дзе былі іншыя абвінавачаныя – Болтуць і Шышлоў – не ведае, бо да гэтага страціў іх з-пад увагі.

Бачыў каля Макдонольдса на Нямізе каля 200 чалавек, якія проста "стаялі хутчэй спалоханыя". Сам абвінавачаны лозунгаў не выкрыкваў, у далоні не пляскаў, сімволіку не выкарыстоўваў.

Пазней ён зноў сустрэўся з Дзянісам Болтуцем і Віталём Шышловым. Цімур не распавядаў іншым, што выходзіў на праезную частку, фаер у Дзяніса не бачыў. Усе разам абвінавачаныя вырашылі паехаць дадому, на скрыжаванні Ракасоўскага і Пляханава ўбачылі вялікую колькасць людзей, спыніліся і выйшлі з машыны, каб паглядзець, што адбываецца. Палітвязень сустрэў некалькіх сваіх знаёмых, а нейкі малады чалавек прапанаваў перакрыць дарогу, патлумачыўшы гэта тым, што ў іншых месцах горада ёсць складанасці з-за вялікай колькасці супрацоўнікаў міліцыі, і каб прыцягнуць іх увагу і яны раз'ехаліся па іншых раёнах – трэба выйсці на праезную частку.

"Я супраць такой прапановы не пярэчыў, і мы вырашылі з гэтым хлопцам выйсці на дарогу".

У той жа час, Цімур лічыў, што нельга было дапусціць, каб сілавікі наблізіліся занадта хутка да людзей, каб тыя паспелі разысціся па дамах, і ніхто не быў бы затрыманы.

На праезнай частцы знаходзіўся не больш за пяць хвілін, калі яму патэлефанаваў брат і ён пакінуў дарогу. Не бачыў, хто здымаў "штангі" ў тралейбуса, але бачыў, як кіроўца паставіў токапрыёмнікі назад, і ў гэты ж момант падышоў да дарогі і сказаў пратэстоўцам, што трэба сыходзіць і прапускаць транспарт. У цэлым Цімур Піпія тройчы выходзіў на дарогу і знаходзіўся там па 5-10 хвілін.

Іншых абвінавачаных не бачыў, свае дзеянні і мэты з імі не абмяркоўваў.

"Калі б я казаў, што ўсё гэта зрабіў я, брат б не паверыў"

Таксама палітвязень растлумачыў, што ў нейкі момант падышоў мужчына гадоў 40 і сказаў, што быццам на другім баку дарогі ў машыне сядзяць ціхары, трэба пайсці паглядзець. Падахвоцілася парадку 10 маладых людзей, абвінавачаны таксама вырашыў пайсці паглядзець – хлопцы сышлі наперад, а Цімур застаўся на выхадзе з пераходу з двума дзяўчынамі і здымаў на відэа тое, што адбываецца. Праз 1,5 хвіліны ўбачыў, як машына рэзка кранулася і з'ехала, ад іншых хлопцаў даведаўся, што машыну залілі балонам. На месцы падзей ні Болтуця, ні Шышлова абвінавачаны не бачыў.

Пазней Цімур сустрэўся з Дзянісам, абмеркаваў, што збіраецца дадому. Болтуць пацікавіўся, ці праўда, што "залілі ціхароў", Піпія адказаў, што "падаецца, што так". Потым падышоў Віталь, Цімур развітаўся з хлопцамі і сышоў.

Пазней абвінавачаны распавёў брату Тамазу, што "падыходзіў да машыны, стукаў у шкло, што палкамі і камянямі білі машыну, што заліў балонам машыну Віталь Шышлоў". Паводле яго слоў, ён быў выпіўшы, паддаўся эмоцыям, лічыць, што ўсё сказанае брату было перабольшаннем, пазёрствам, "выпендрож простымі словамі". Таксама ў размове з Тамазам абвінавачаны згадваў, што Дзяніс Болтуць паліў фаер. У судзе Цімур растлумачыў, што сказанае не адпавядае рэчаіснасці – ён "выказаў здагадку", сам такога не бачыў. Зноў патлумачыў свае словы жаданнем "павыпендрывацца":

"Калі б я казаў, што ўсё гэта зрабіў я, брат б не паверыў".

Шкадуе, што здзейсніў злачынства па арт. 342 КК.

Супярэчнасці ў паказаннях паміж тымі, якія Цімур даваў у судзе і на папярэднім следстве, а таксама падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, абвінавачаны патлумачыў катаваннямі. Ён распавёў, што пасля затрымання яго паклалі тварам у падлогу ў мікрааўтобусе, па дарозе ў Следчы камітэт сілавікі білі яго рукамі і электрашокерам каля дзвюх гадзін, а паміж гэтым казалі, што трэба будзе казаць, а калі ён будзе адмаўляцца, то наступныя некалькі гадзін катаванні будуць паўтарацца.

Аператыўнае апытанне 6 студзеня таксама праходзіла пад ціскам: кожны раз супрацоўнік казаў, што трэба сказаць, намякаў, што сястра Цімура яшчэ на волі засталася, што яна можа апынуцца ў турме.

У далейшым на допытах па парадзе абаронцы адмаўляўся ад дачы паказанняў.

"Я разумеў, што гэта мітынг, і мэтанакіравана ішоў на яго"

Суддзя таксама зачытала пратакол допыту Цімура Піпія ад 25 верасня 2020 года, дзе ён распавёў, што з'яўляўся футбольным фанатам "Партызана", пакуль клуб не разваліўся, палітыкай не цікавіўся, за выбарчай кампаніяй не сачыў, але хто быў кандыдатамі ведаў. 9 жніўня выходзіў у цэнтр з цікавасці, але ўдзелу ў мітынгу не прымаў, бачыў, што людзей пачалі разганяць сілавікі, пасля чаго пакінуў пратэстную акцыю і накіраваўся дадому. Пазней дадому прыехаў брат Тамаз, хлопцы абмеркавалі сітуацыю, якая адбываецца, і вырашылі на наступны дзень паехаць у цэнтр, каб "паглядзець на свае вочы, што адбываецца", а пры неабходнасці – аказваць дапамогу людзям, якія маглі пацярпець ад дзеянняў сілавікоў, абараняць жанчын. На наступны дзень з іншымі таварышамі паехалі да ст. м. «Пятроўшчына», але там нічога не адбывалася, даведаліся, што людзі збіраюцца каля "Пушкінскай", накіраваліся туды. Там хлопцы прыпаркавалі машыну, выйшлі з яе і накіраваліся да станцыі метро, дзе ўбачылі мноства людзей са сцягамі.

"Я разумеў, што гэта мітынг, і мэтанакіравана ішоў на яго", – сказаў на допыце абвінавачаны.

Каля гадзіны Цімур хадзіў сярод людзей і проста глядзеў, дарога была перакрытая грамадзянскімі аўтамабілямі. Пазней з боку вул. Кальварыйская пачуў выбухі светла-шумавых гранат і ўбачыў супрацоўнікаў міліцыі, ад выбуху адной з гранат Цімура кантузіла, пасля чаго ён пабег на аўтастаянку, а потым пешшу з астатнімі таварышамі пайшоў у бок вул. Харкаўская. Сустрэлі па дарозе сямейную пару – Аляксандру і Арцёма з Гомеля, якія сказалі, што заблукалі; прайшлі з імі, спынілі Uber і пасадзілі сужэнцаў у машыну, а потым і самі злавілі таксі і паехалі па дамах. Пасля гэтага Цімур яшчэ некалькі разоў выходзіў на нядзельныя маршы, але нічога не рабіў – проста стаяў у натоўпе.

23 верасня ён з іншымі хлопцамі даведаўся, што будзе праводзіцца інаўгурацыя, а таксама, што будуць выходзіць людзі. Болтуць, Шышлоў і Цімур Піпія вырашылі прыняць удзел у пратэсце, каб "паказаць сваю грамадзянскую пазіцыю". На Нямізе Цімур бачыў, што людзі стаялі, некаторыя крычалі "Жыве Беларусь", а некалькі чалавек выходзілі на праезную частку і спрабавалі блакаваць рух, але іх было мала і ў іх нічога не атрымлівалася. Тады хлопцы вырашылі, што трэба выйсці на дарогу, каб аўтазакі не маглі праехаць. Падчас допыту Цімур адзначыў, што на дарогу выйшла 14 чалавек, а транспарт спыніўся, пасля чаго іншыя людзі таксама сталі выходзіць на праезную частку; знаходзіліся на дарозе каля 10 хвілін, пасля чаго вырашылі з'язджаць.

Калі прыехалі ў Серабранку, Шышлоў сказаў, што трэба перакрываць дарогу, каб адцягнуць частку міліцыі ад цэнтра. Па дарозе ў бок перакрыжавання Болтуць запаліў фаер, які быў у яго. Калі дайшлі да скрыжавання Ракасоўскага-Пляханава, убачылі там шмат людзей, але на дарозе нікога не было.

"Тады мы ўпяцёх, усім натоўпам выйшлі на праезную частку дарогі і перакрылі рух у бок рынку. Нас адразу падтрымалі іншыя людзі, якія таксама выйшлі на праезную частку".

Праз час да натоўпу пад'ехаў тралейбус, і ў двух мужчын узнікла спрэчка – прапускаць яго ці не. У гэты момант Цімуру патэлефанаваў брат, і ён адышоў у бок, "бачыў, як Суслік падышоў да задняй часткі тралейбуса, пацягнуў за фіксуючыя вяроўкі і зняў кантакты тралейбуса з правадоў, у выніку чаго тралейбус заглух".

Цімур падышоў да групы хлопцаў і сказаў, што трэба сыходзіць з дарогі, бо мэта была не блакаваць яе, а адцягнуць міліцыю з цэнтру. Людзі пагадзіліся і адышлі з дарогі, транспарт змог праехаць. Праз хвілін 15 пратэстоўцы зноў выйшлі на дарогу, заблакавалі яе. У далейшым людзі самі рэгулявалі час блакавання праезнай часткі.

Да абвінавачаных падышоў незнаёмы мужчына, спытаў, ці з'яўляюцца яны футбольнымі фанатамі, бо бачыў да гэтага ў іх фаер, паведаміў, што стаіць машына на аварыйцы, у якой сядзяць двое хлопцаў і здымаюць усё на тэлефон, папрасіў іх пайсці і паглядзець. Да машыне накіравалася каля 20 чалавек, у тым ліку Болтуць, Шышлоў і сам Піпія. Чалавек, які сядзеў на пасажырскім сядзенні ў машыне, прыадчыніў фортку, у гэты момант Шышлоў падышоў да форткі, засунуў руку з пярцовым балонам і спустошыў яго ў салон аўтамабіля. Тых, хто сядзелі ў машыне, спрабавалі выцерці газ з твару, пасля чаго з'ехалі.

"Мы адразу прад'явілі Сусліку, навошта ён так зрабіў, што трэба было спытаць, што ім трэба. На гэта ён толькі адказаў, што гэта сапраўды былі супрацоўнікі міліцыі".

Пасля гэтага абвінавачаныя вярнуліся і працягнулі блакаваць дарогу, а каля 23 гадзін Цімур з'ехаў дадому. Сваю віну падчас допыту палітвязень прызнаў.

Супярэчнасці ў паказаннях Цімур Піпія растлумачыў у судзе тым, што яго дапытваў і аказваў ціск ГУБАЗ, ён стараўся пацягнуць час, казаў пра 23 верасня тое, што прасілі казаць, а пра 10 жніўня – "прыдумаў", бо яму "настойліва рэкамендавалі" расказаць пра падзеі таго дня.

На наступных допытах віну не прызнаваў і адмаўляўся ад дачы паказанняў. Таксама растлумачыў, што адразу быў іншы – дзяжурны адвакат, які даваў свае парады, а сам ён "не кожны дзень трапляе ў СІЗА", таму ў наступным рабіў тое, што казаў наняты абаронца. Гутаркі з супрацоўнікамі ГУБАЗ праходзілі без удзелу адваката.

Тамаз Піпія: "Я не дзейнічаў ні па якіх загадах, у мяне ёсць ўласная грамадзянская пазіцыя"

Тамаз Піпія вельмі хваляваўся і перад допытам у судзе заявіў, што сем гадзін "катаўся ў невядомых месцах, пасля чаго сказаў тое, што трэба было сказаць" ГУБАЗу. Прызнаў, што абгаварыў іншых людзей, і яму за гэта вельмі сорамна. У наступным, калі з'явіўся адвакат, адмаўляўся ад дачы паказанняў, бо лічыў Следчы камітэт некампетэнтным.

Наконт тэлефонных размоў, якія ёсць у матэрыялах справы, адзначыў, што быў у "неўпамятальным стане", п'яны. У масавых беспарадках ўдзелу не прымаў.

"Калі ў вас ці абвінаваўцы ёсць нейкі факт ці відэа, я прызнаю віну. Я хачу сказаць, што я не дзейнічаў ні па якіх загадах, у мяне ёсць уласнае меркаванне, уласная грамадзянская пазіцыя. Папярэдняй змовы ў нас не было".

На пытанні дзяржабвінаваўцы Тамаз Піпія распавёў, што з іншымі абвінавачанымі яго звязваюць "чалавечыя ўзаемаадносіны". Быў фанатам "МТЗ РІПА" 8-10 гадоў таму, на ягоную думку, захапленне футболам не з'яўляецца злачынствам.

Увечары 10 жніўня абвінавачаны ішоў адзін пешшу ад ст. м. "Спартыўная" да ст. м. "Пушкінская", не ведаў, што праходзіць мітынг. У той момант не было сувязі, вырашыў патэлефанаваць Дзянісу Болтуцю, каб даведацца, дзе ён і чым заняты. Дзяніс адказаў, што знаходзіцца каля кінатэатра "Аўрора", Тамаз падышоў да яго.

Пракурор: Хто там яшчэ знаходзіўся?

Абвінавачаны: Там знаходзіліся тысячы людзей па маіх адчуваннях.

Тамаз распавёў, што дарога была перакрытая аўтааматарамі і кіроўцамі грамадскага транспарту, якія выходзілі і далучаліся да пратэстоўцаў. Людзі мірна стаялі і свяцілі ліхтарыкамі: яны не пляскалі ў ладкі і не выкрыквалі лозунгі, палітвязень не бачыў сімволіку або транспаранты. Абвінавачаны не назіраў, каб узводзіліся барыкады, дэмантаваліся агароджы, разбіралася тратуарная плітка або пашкоджвалася якая-небудзь маёмасць, таксама не бачыў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, спецтэхніку, не чуў ніякіх патрабаванняў ад прадстаўнікоў улады.

Не бачыў у той дзень ні Цімура Піпія, ні Віталя Шышлова. На праезную частку ў прысутнасці Тамаза Дзяніс Болтуць не выходзіў. Сам палітвязень, калі ішоў да кінатэатра, пераходзіў дарогу з аднаго боку на другі, бо спуск у падземны пераход быў перакрыты, і спыніўся зняць відэа, як людзі свецяць ліхтарыкамі.

Каля 21.30 хлопцы былі ўжо каля ст. м. "Партызанская", куды прыехалі на аўтамабілі Дзяніса. Пасля абмяркоўваў з дзяўчынай па тэлефоне падзеі [раней у судзе была зачытаная стэнаграма праслухоўкі іх размовы - заўв . рэд.], але быў вельмі п'яны, і калі б не АВМ, то ў прынцыпе не ведаў пра існаванне такой размовы. Паводле яго слоў, у той момант мог сказаць усё, што заўгодна, напрыклад, што "ў Сербіі ваяваў у 99-ым годзе".

Расповяды брата Цімура аб падзеях 23 верасня – аб тым, што залілі ціхароў, блакавалі дарогу – ўспрымаў як браваду, "выпендрыванне адзін перад адным", ён разумеў, што гэта не адпавядае рэчаіснасці.

Убачыў вечарам 23 верасня ў стужцы навін інстаграма відэа, дзе быў хлопец з фаерам у Серабранцы. Гэтага чалавека Тамаз Піпія не пазнаў, а жартам у тэлефоннай размове з братам сказаў, што на відэа "бачыў Балта". Цімур на гэта пасмяяўся.

"Баяўся за сваё жыццё з самай першай хвіліны, як апынуўся ў мікрааўтобусе"

Пра абставіны затрымання Тамаз Піпія распавёў, што быў у Гародні, пры затрыманні яму пагражалі агнястрэльнай зброяй, потым з'явілася яшчэ некалькі невядомых людзей, ён зразумеў, што трэба легчы на зямлю, потым пасадзілі ў мікрааўтобус, ехалі хвілін 15, прымусілі падпісваць незразумелыя паперы. Затым завялі ў нейкі будынак, прышпілілі да батарэі. Тамаз не разумеў, што гэта былі за людзі – яны не прадстаўляліся. Пазней яго везлі на машыне, у лясным масіве перасадзілі з іншую машыну, па дарозе супрацоўнікі ГУБАЗіК "навязвалі падзеі пра 23 верасня і 10 жніўня". Тады палітвязень не разумеў, хто яго затрымліваў, таму што супрацоўнікі выглядалі як бандыты. Тамаза прывезлі ў Мінск, запісалі з ім відэаінтэрв'ю.

"Увесь час знаходзіўся пад жудасным ціскам, баяўся за сваё жыццё з самай першай хвіліны, як апынуўся ў мікрааўтобусе".

Пра сутыкненні грамадзян з сілавікамі 10 жніўня ён даведаўся з інтэрнэту.

Працэс працягнецца 17 чэрвеня в 10.30. 

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Падтрымаць лістамі і паштоўкамі абвінавачаных Цімура Піпія, Тамаза Піпія, Дзяніса Болтуця і Віталя Шышлова можна па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства