viasna on patreon

Ад 5 да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму запрасіў пракурор для Тамаза і Цімура Піпія, Дзяніса Болтуця і Віталя Шышлова

2021 2021-06-17T18:33:16+0300 2021-07-03T10:19:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_antifa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віталь Шышлоў, Тамаз Піпія, Дзяніс Болтуць і Цімур Піпія

Віталь Шышлоў, Тамаз Піпія, Дзяніс Болтуць і Цімур Піпія

У судзе Маскоўскага раёна г. Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да былых футбольных фанатаў "Партызана". Іх вінавацяць па шэрагу артыкулаў за падзеі 10 жніўня і 23 верасня 2020 года: Цімура Піпію, Віталія Шышлова і Дзяніса Болтуця – па ч. 2 арт. 293ч. 1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса; Цімура Піпію ячшэ і арт. 419 КК; а Тамаза Піпію толькі па ч. 2 арт. 293 КК.

Справу вядзе суддя Святлана Бандарэнка. Бок дзяржабвінавачвання прадстаўляе пракурор Раман Бізюк. Пацярпелымі па справе прызнаныя супрацоўнікі міліцыі Зелянеўскі і Карабанаў.

"Я не дзейнічаў ні па якіх загадах, у мяне ўласная грамадзянская пазіцыя". У судзе дапыталі братоў Цімура і Тамаза Піпія

14 чэрвеня ў працэсе заслухалі пісьмовыя паказанні Віталя Шышлова, якія ён даваў на папярэднім следстве, а таксама дапыталі братоў Піпія. І Цімур, і Тамаз заявілі аб катаваннях пасля затрымання.

17 чэрвеня адбываліся спрэчкі бакоў. Папярэдне пракурор прасіў далучыць да матэрыялаў справы грамадзянскія іскі ад “Мінсктранса” за нанесеную шкоду прадпрыемству за спыненне транспарту да ўсіх абвінавачаных – на суму 21831 рублёў 69 капеек за падзеі 10 жніўня, і ў дачыненні да Цімура Піпія і Віталя Шышлова на суму 16869 рублёў 69 капеек за падзеі 23 верасня.

Ніхто з абвінавачаных не пагадзіўся з заяўленымі пазоўнымі патрабаваннямі. Абарона хадайнічала аб выкліку ў суд прадстаўніка "Мінсктранса" для ўдакладнення заяўленых сумаў, бо пры разліках – вуліцы, названыя ў актах, не адпавядаюць тым, што былі агучаныя ў судзе. Пракурор выступіў супраць. Суд хадайніцтва адхіліў, палічыўшы выклік прадстаўніка прадпрыемства зацягваннем працэсуальнага часу, а пытанне аб выдзяленні заяўленага іска ў асобнае судаводства Святлана Бандарэнка вырашыць асобна ў дарадчым пакоі.

У спрэчках бакоў дзяржабвінаваўца заявіў, што ў заслуханых у судзе размовах па тэлефоннай сувязі выявілася сапраўдная пазіцыя абвінавачаных да супрацоўнікаў міліцыі. Зыходзячы з іх, ступень свайго ўдзелу ў масавых мерапрыемствах абвінавачаныя называюць не інакш як "удзел у вайне", спалучанай "з гвалтам у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў". Здзяйсняючы супрацьпраўныя дзеянні абвінавачаныя называюць сябе "футбольнымі хуліганамі". Яны ўсведамляюць усю проціпраўнасць сваіх дзеянняў, а таксама адказнасць, якая можа наступіць. Так, Тамаз Піпія ў размове з дзяўчынай казаў, што хаваецца ад супрацоўнікаў міліцыі, баючыся адказнасці за зробленае. Са слоў палітвязня: "Нам здрадзілі", пракурор робіць выснову, што заклікі да масавых беспарадкаў, якія былі размешчаныя ў інтэрнэце, не пацягнулі належнага эфекту для абвінавачаных: асобы, якія падштурхоўваліся на іх здзяйсненне, не апраўдалі надзей і выклікаюць пачуццё расчаравання.

Удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) усіх абвінавачаных выявіўся ў тым, што яны, кіруючыся заклікамі ў загадзя спланаваных масавых беспарадках, размешчаных у сетцы інтэрнэт, вечарам 10 жніўня на скрыжаванні пр. Прытыцкага з вуліцамі Пушкіна і Жудро, "знаходзячыся ў натоўпе ўдзельнікаў, стваралі сваёй прысутнасцю масавасць, агрэсіўнасць, выкрыквалі розныя лозунгі, заклікі і падбухторванні, вышуквалі неўстаноўленыя прадметы, якія размяшчалі ў месцах узвядзення барыкад, выкарыстоўвалі камяні і іншыя неўстаноўленныя прадметы для знішчэння чужой маёмасці і ўзброенага супраціву супрацоўнікам міліцыі і здзейснілі не менш аднаго кідка ў напрамку міліцэйскага спецтранспарту, перакрывалі праезную частку і адмаўляліся яе пакінуць, што пацягнула парушэнне працы грамадскага транспарту і грамадскага спакою грамадзянаў".

Віна, на думку абвінавачвання, пацвярджаецца супярэчлівымі паказаннямі саміх фігурантаў справы, пратаколамі агляду месца падзей, у якіх зафіксавана абстаноўка ад ст.м. "Пушкінская" да ст. м. "Спартыўная", і відэазапісаў, дэталізацыямі тэлефонных злучэнняў і білінгам тэлефонаў абвінавачаных аб месцы іх знаходжання, пратаколам агляду тэлефона Цімура Піпія, у якім даецца ацэнка наступным падзеям – аб прымяненні фізічнага гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, робіцца выснова аб тым, што супрацоўнікі міліцыі іх баяцца.

Па словах пракурора, 23 верасня Цімур Піпія, Дзяніс Болтуць і Віталь Шышлоў, знаходзячыся на вул. Раманаўская Слабада і Гарадскі вал па наўмыснай папярэдняй змове, аказваючы відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, не рэагавалі на заклікі вызваліць пешаходную і зялёную зону, выкрыквалі лозунгі, здзяйснялі гучныя воплескі рукамі, блакавалі рух транспарту шляхам сумеснага выхаду на палосы руху праезнай часткі, што пацягнула парушэнне працы грамадскага транспарту.

У працяг злачыннага намеру, знаходзячыся на скрыжаванні вул. Пляханава і пр. Ракасоўскага, таксама выкрыквалі лозунгі, гучна пляскалі ў далоні, перакрылі праезную частку, чым зноў парушылі працу грамадскага транспарту. Пры гэтым Болтуць трымаў запаленую піратэхнічную сігнальную прыладу – фаер, а Шышлоў наўмысна зняў з кантактных правадоў токапрыёмнікі тралейбуса. Сваімі дзеяннямі абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК).

Віна ў здзяйсненні злачынства даказваецца паказаннямі саміх абвінавачаных, пратаколамі допыту пацярпелых, кіроўцы тралейбуса, дэталізацыяй мабільных тэлефонаў, пратаколамі агляду тэлефона Цімура Піпія, у тым ліку аўдыёпаведамленнямі ў тэлеграме.

Здзейсненае злачынства па арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў АУС) пацвярджаецца таксама паказаннямі абвінавачаных, прызнаннем Шышловым сваёй віны, матэрыяламі аператыўна-вышуковай дзейнасці – праслухоўкі тэлефонных размоў, заключэннем медыцынскай экспертызы ў дачыненні да міліцыянта Зелянеўскага аб атрыманне ім хімічнага апёку кан'юнктывы абодвух вачэй, заключэннямі экспертаў аб знойдзеных узорах распыленага рэчыва ў салон машыны і іншымі доказамі.

Віна Цімура Піпія па арт. 419 КК пацвярджаецца яго паказаннем і прызнаннем віны, матэрыяламі справы.

На падставе выкладзенага Раман Бізюк прасіў прызнаць усіх фігурантаў справы вінаватымі і прызначыць ім наступныя пакаранні:

Дзянісу Болтуцю і Віталю Шышлову

па ч. 2 арт. 293 КК – 5 гадоў пазбаўлення волі,

па ч.1 арт. 342 КК – 2 гады пазбаўлення волі,

па арт. 364 КК – 3 гады пазбаўлення волі,

канчаткова прызначыць 6 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму;

Цімуру Піпія

па ч. 2 арт. 293 КК – 5 гадоў пазбаўлення волі,

па ч.1 арт. 342 КК – 2 гады пазбаўлення волі,

па арт. 364 КК – 3 гады пазбаўлення волі,

па арт. 419 – 3 месяцы арышту,

канчаткова прызначыць 6 гадоў 3 месяцы і 2 дні пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму;

Тамазу Піпія паводле ч. 2 арт. 293 КК – 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пасля гэтага ў спрэчках выступіў адвакат Дзяніса Болтуця, які прасіў палітвязня апраўдаць з-за адсутнасці складу злачынства.

Астатнія абаронцы запрасілі час для падрыхтоўкі да спрэчак з улікам заяўленага пазову аб кампенсацыі шкоды.

Спрэчкі бакоў працягнуцца 23 чэрвеня ў 10.00

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Падтрымаць лістамі і паштоўкамі абвінавачаных Цімура Піпія, Тамаза Піпія, Дзяніса Болтуця і Віталя Шышлова можна па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства