viasna on patreon

Праўкі ў Вікіпедыі, званкі ў 102, відэаролікі, "лайкі" і каментары ў пару словаў... Падборка дыфамацыйных прысудаў за апошнія тры тыдні

2022 2022-04-09T20:30:05+0300 2022-05-30T12:55:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fiamida.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы і валанцёры «Вясны» працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ). «Вясна» распавядае, каго і за што ў Беларусі судзілі па гэтых артыкулах за апошнія паўмесяца.

«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

Зрабіў выснову, што АМАП займаецца прыватным бізнэсам...

17 сакавіка ў Гродне асудзілі Юрыя Давыдава. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса), а менавіта кіроўцу АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Паўла Вашкевіча.

Сам Юрый Давыдаў растлумачыў суду, што 15 лістапада ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" пад допісам з фотаздымкам 31-гадовага Вашкевіча ён прачытаў, што ва ўласнасці ў пацярпелага ёсць мікрааўтобус Ford Transit 2015 года выпуску. Зыходзячы з гэтага абвінавачаны зрабіў выснову, што, акрамя працы ў АМАПе, пацярпелы займаецца яшчэ і прыватным бізнэсам, што, згодна з законам, дзяржслужачаму забаронена. Пра гэта Давыдаў і напісаў свой каментар. На судовым працэсе гэты каментар не цытаваўся.

Прысуд — два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Падрабязней:

За "праяву нянавісці" да супрацоўніка АМАПу жыхара Гродна асудзілі на 2,5 гады "хіміі"

17 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна суд вынес прысуд па справе Юрыя Давыдава, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні крымінальнага злачынства паводле арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады".


"Ищите тихарей"

1 сакавіка ў Брэсце асудзілі Сяргея Санюту за “Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы” ( ч. 1 арт. 130 КК). Яго абвінавацілі ў тым,  што 12 жніўня 2020 года ў тэлеграм-чаце "Барановичи 97%" ён пакінуў паведамленне, у якім, па версіі абвінавачвання, утрымліваюцца заклікі да гвалту. Іх угледзелі ў фразах:"ищите тихарей, бейте их толпой” і ”выманивайте ОМОН в засады”.

Прысуд — тры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Падрабязней:

Жыхару Баранавічаў прысудзілі тры гады калоніі за допіс з прапановай шукаць і біць "ціхароў" і выманьваць АМАП у засады

Падчас суда Сяргей Санюта цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся.


Чатыры паведамленні

22 сакавіка ў Брэсце разгледзелі справу палітвязня Вадзіма Нікалаева, якога абвінавацілі ў ч. 1. арт. 130 (“Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы”).  Згодна з абвінавачваннем, Нікалаеў заклікаў да гвалту над міліцыянтамі, супрацоўнікамі пракуратуры і суддзямі. Якім чынам? У тэлеграм-чаце "Пинск 97%" размясціў чатыры паведамленні, якія і сталі прадметам судовага разбіральніцтва.

"У размове ён таксама дзяліўся з удзельнікамі тэлеграм-чата парадамі аб тым, як заставацца ананімнымі ў інтэрнэце", – паведамілі ў МУС.

Прысуд — два гады пазбаўлення волі. Падрабязнасці:

Палітвязню, якога утрымліваюць пад вартай ужо 7 месяцаў, прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі за некалькі каментароў у інтэрнэце

Вядома, што абвінавачанаму 50 год, пад вартай ён знаходзіцца ажно з 7 жніўня 2021 года.


“Пазыўны – дрышч”

23 сакавіка ў Бярозе разгледзелі справу жыхара Мінска Юрыя Юдчыца. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса) —  міліцыянта ўзвода АМАПа УУС Брэсцкага гарвыканкама Уладзіслава Шукаева.

Суду Юрый Юдчыц патлумачыў, што раніцай 22 красавіка 2021 года, гартаючы навіны ўбачыў публікацыю пра кіроўцу ўзвода АМАП Шукаева, не стрымаўся і на эмоцыях пакінуў абразлівы каментар:

“Пазыўны – дрышч”.

Прысударышт тэрмінам на тры месяцы. Падрабязней:

За слова “дрышч” мінчука асудзілі да трох месяцаў арышту

Сам пацярпелы Уладзіслаў Шукаеў на судовае пасяджэнне не з’явіўся.


"Ну і рожа"

29 сакавіка ў Ганцавічах разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да жыхаркі Мінска Ірыны Сташкевіч. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Пацярпелым па справе аказаўся былы міліцыянер Віталь Куляшоў. На момант здзяйснення “абразы” ён ужо не працаваў у міліцыі.

У віну Ірыне Сташкевіч ставілася тое, што 21 кастрычніка 2020 года пад здымкам Куляшова ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" яна напісала каментар у тры словы:"Ну і рожа".

Прысуд — тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Падрабязней:

Тры словы — тры гады. Жыхарку Мінска асудзілі за абразу былога міліцыянта, якому было "вельмі некамфортна"

"За што тры гады? Я маці-адзіночка…".


Працэс закрылі

30 сакавіка ў судзе горада Барысава быў агучаны прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Ігара Петрусевіча. Мужчыну абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзілі на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія").

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму ніякія іншыя падрабязнасці працэсу невядомыя. Справу разглядала суддзя ТаццянаДзеравянка.


Не за каментары, а за ацэнкі публікацыі

1 красавіка ў Быхаве разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да мясцовага жыхара Аляксандра Аўдзеюка. Яго абвінавацілі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 367) і абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт. 368).

Варта адзначыць, што сам Аўдзяюк ніякіх каментароў і паведамленняў не пісаў, а толькі паставіў ацэнку публікацыі. Аднак судова-лінгвістычная экспертыза звярнула ўвагу на "негатыўную ацэнку Лукашэнкі", а дзяржабвінаваўца нават заявіў аб праяве "сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады". Больш за тое, ён падкрэсліў, што Аўдзяюк пакінуў "клас" з "помсты".

Прысуд пазбаўленне волі тэрмінам на два гады калоніі агульнага рэжыму. Падрабязней:

За абразу і паклёп на прэзідэнта жыхара Быхава асудзілі на два гады калоніі

"Гэта не было асабістай помстай прэзідэнту. Пры ім я адслужыў у міліцыі, атрымаў кватэру..."


Cпаліў дома ў катле чырвона-зялёны сцяг

4 красавіка суд Краснапольскага раёна асудзіў 38-гадовага мясцовага жыхара Уладзіміра Матырка па арт. 370 Крымінальнага кодэкса за здзек над дзяржаўным сімвалам. Пра гэта паведаміла MAYDAY.TEAM.

Згодна версіі абвіначвання, Матырко ў стане алкагольнага ап’янення ў студзені 2022 года сарваў дрэўка са сцягам з будынку Краснапольскага раённага вузла электрычных сетак і кінуў яго на снег. Пасля ён падабраў сцяг і адвёз яго да сабе дадому, дзе спаліў ў ацяпляльным катле.

Сваю віну Уладзімір Матырко прызнаў цалкам. Суддзя Краўцова асудзіла яго да трох месяцаў арышту.


"Давно пора валить их"

4 красавіка ў Брэсце вынеслі прысуд палітвязню Дзянісу Карабану, затрыманаму за каментар у інтэрнэце пасля гібелі Андрэя Зельцэра. Карабана прызналі вінаватым паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу. 

Палітвязню паставілі ў віну тое, што 28 верасня 2021 года ў суполцы ВКонтакте "ПЛОХИЕ НОВОСТИ БЕЛАРУСЬ" ён пакінуў каментар: "А*уенчик, давно пора валить их"

Прысуд — два з паловай гады  пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Падрабязнасці:

Палітвязня асудзілі да 2,5 гадоў калоніі па "справе Зельцэра"

Судова-псіхалагічная экспертыза пацвердзіла ўскосную накіраванасць каментара да падахвочвання да гвалтоўных дзеянняў у адносінах сацыяльнай суполкі.


"Усе фашысты"

4 красавіка ў Полацку асудзілі жыхарку вёскі Дуброўны Любоў Цвярдову за абразу прэзідэнта Беларусі (ч. 1 арт. 368 КК).

Паводле абвінавачвання, 19 жніўня 2021 года ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” на сваёй персанальнай старонцы Цвярдова пакінула паведамленне ў дачыненні да прэзідэнта Беларусі — “фашыст”.  Ана ж пазней на сваёй старонцы напісала каментар са словамі “Усе фашысты”. Таксама размясціла ў тэлеграм-канале “Краіна для жыцця. Полацк-Наваполацк” пад пастом з фатаграфіяй прэзідэнта каментар “фашыст” і неаднаразова пакідала каментары “Жыве Беларусь!” ў тэлеграм-чатах.

Прысуд — чатыры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”) і штраф у памеры 3 200 рублёў. Падрабязней:

Чатыры гады "хатняй хіміі" прысудзілі жыхарцы Полацкага раёна за абразу прэзідэнта

Адвакат спрабаваў аспрэчыць вынікі, паколькі прызначэнне экспертызы прайшло з парушэннямі ГПК.


Відэаролікі да 10 секунд

5 красавіка ў Ашмянах вынеслі прысуд у дачыненні да Ягора Багдзевіча, якога вінавацілі ў абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК). 

Паводле абвінавачвання, Ягор Багдзевіч з дапамогай спецыяльнага прыкладання зрабіў 10 ролікаў з урыўкамі з фільмаў і музычных кліпаў працягласцю да 10 секунд, у якіх твар кінагероя ці спявачкі мяняў на твар Лукашэнкі. На прыканцы жніўня і напачатку верасня 2020 года абвінавачаны размясціў ролікі ў гарадской групе ў тэлеграме.

Прысуд — два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”). Падрабязней:

Мужчыну судзілі за абразу прэзідэнта ў 2020 годзе, а прызначылі 2,5 гады "хіміі" па новай рэдакцыі кодэкса

Нягледзячы на тое, што абвінавачаны знаходзіцца ў адпачынку па дагляду за сваёй 2-гадовай дачкой, пракурор палічыў віну Ягора Багдзевіча даказанай.


Два званкі на 102

6 красавіка 2022 года ў Магілёве асудзілі Ігара Гелахава. Яго прызналі вінаватым у заведама ілжывым паведамленні аб небяспецы (арт. 340 Крымінальнага кодэкса) і абразе прэзідэнта Беларусі (арт. 368 КК).

Згодна з матэрыяламі справы, у ноч з 9 на 10 снежня 2021 года, Гелахаў у стане алкагольнага ап'янення патэлефанаваў па нумары 101 і заявіў наступнае:

"Майго брата ўзарвалі. Проста так Лукашэнка падарваў яго і абвінаваціў яго, што ён вінаваты, а я табе кажу, што я не вінаваты. І цяпер ён, Аляксандр Рыгоравіч, вінаваты ў тым, што не выплаціў грошы".

Прысуд — тры гады калоніі. Падрабязней:

У Магілёве мужчыну асудзілі на тры гады калоніі за два званкі

"Казаў, што ён [Лукашэнка] дрэнны".


Копіпаст пра падпалкоўніка міліцыі

6 і 7 красавіка 2022 года ў Ленінскім судзе Брэста разглядалася справа ў дачыненні да Марыі Рой. Дзяўчыну абвінавачвалі па артыкуле 188 КК РБ (Паклёп). Суддзя — Аляксандр Семянчук, а дзяржабвінаваўцам выступіў Аляксандр Бацюшка. Пра гэта паведамляе брэсцкая "Вясна".

14 верасня 2020 года ў тэлеграм-чаце "Брэст 97%" розныя карыстальнікі рабілі рэпосты, а таксама публікавалі ад свайго імя адзін і той жа тэкст. Гэтыя паведамленні былі пра камандзіра АМАП УУС Брэстаблвыканкама Максіма Міховіча (у жніўні 2020 года быў у званні падпалкоўніка міліцыі, а зараз, паводле інфармацыі брэсцкай "Вясны", ужо стаў палкоўнікам). У тэксце сцвярджалася, што Міховіч з'яўляецца "паталагічным садыстам і забойцам", а таксама былі выкладзены адрас і асабісты нумар тэлефона амапаўца. Марыю Рой, якой у верасні 2020 года было ўсяго толькі 16 гадоў, абвінавацілі ў тым, што яна выклала такі ж тэкст. А значыць, абгаварыла Міховіча. Падчас судовага працэсу дзяўчына поўнасцю прызнала сваю віну. Максім Міховіч у статусе пацярпелага не стаў запытваць якой-небудзь грашовай кампенсацыі за маральную шкоду. Прарурор запытаў для юнай дзяўчыны паўтара гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову ("хатняя хімія"). Суддзя Семянчук з двума народнымі засядацелямі пастанавілі прызначыць Марыі Рой менавіта такое пакаранне.


Адзін званок на 102

7 красавіка 2022 года ў судзе Барановіч і Баранавіцкага раёна вынеслі прысуд мясцоваму жыхару — 44-гадоваму Сяргею Вікулаву. Яго абвінавацілі ў абразе прэзідэнта Беларусі (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядаў суддзя Мікалай Кміта. Бок дзяржабвінавачання падтрымала памочнік Баранавіцкага міжраённага пракурора Юлія Мірановіч.

Вядома, што Сяргей Вікулаў знаходзіцца на ўліку ў наркалагічным дыспансеры з дыягназам “сіндром залежнасці ад алкаголю сярэдняй ступені”.

Згодна з абвінавачваннем,  13 студзеня 2022 года ён публічна абразіў Аляксандра Лукашэнку, патэлефанаваўшы на спецлінію 102 у АДС Баранавіцкага ГУУС у стане алкагольнага абвінавачвання. Негатыўную ацэнку Лукашэнка ў непрыстойнай форме выказванні, якое не зачыталі ў судзе, пацвердзіла лінгвістычная экспертыза.

Вікулаў прызнаў віну і растлумачыў, што не памятае падзеі таго дня: каля 7 месяцаў ён працаваў у Расіі, дзе працаваў па 12-14 гадзін, потым у яго памерла шмат сваякоў, і ён сышоў у запой. Тады ён патэлефанавала ў хуткую, казаў, што яму дрэнна, і прасіў, каб яго забралі. У той дзень ён выказаўся “зусім неспадзявана”.

На пасяджэнні выступілі сведкі. 26-гадовая псіхіятр-нарколаг Алеся Жукоўская пацвердзіла, што ў той дзень прыязджала ў складзе брыгады хуткай дапамогі да абвінавачанага: у пацыента былі скаргі на немагчымасць перапыніць запой шэсць дзён, ён выказваў трывогу, а напярэдадні яго шпіталізавала іншая брыгада з аналагічнымі сімптомамі.

24-гадовая Лізавета Сяўрук, якая працуе ў дзяжурнай частцы Баранавіцкага ГУУС, распавяла, што менавіта яна размаўляла з абвінавачаным у той дзень. Ён скардзіўся, што яму баліць сэрца, прасіў, каб яго забралі, на што Лізавета патлумачыла, што “міліцыя так не працуе і не можа па званку забіраць людзей з дому”. Дзяўчына распавяла, што пасля гэтага ён абразіў Аляксандра Лукашэнку: яна далажыла аб тым, што здарылася, аператыўнаму дзяжурнаму.

Былая жонка абвінавачанага Наталля Вікулава ўказала, што ў той дзень мужчына тэлефанаваў ёй і казаў, што адчувае сябе дрэнна і хоча выклікаць хуткую дапамогу. Пара ў разводзе з 2015 года, у іх двое сумесных дзяцей, якім мужчына дапамагае.

Прысуд — тры месяцы арышту з прымусовым лячэннем ад алкагольнай залежнасці, а таксама канфіскацыя тэлефона мужчыны як сродка учынення злачынства. Менавіта столькі патрабавала дзяржабвінавачванне.


Праўкі ў Вікіпедыі

7 красавіка ў Брэсце асудзілі Паўла Пернікава. Яго абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса) праз праўкі ў артыкулы на Вікіпедыі пра забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай і Генадзя Шутава, а таксама за артыкул на сайце нямецкай праваабарончай арганізацыі «Міжнароднае таварыства правоў чалавека» пра катаванні і забойствы беларусаў падчас пратэстаў.

Пад акаўнтам Pr12402 Пернікаў зрабіў наступныя праўкі:

"20 октября 2004 года в Минске была убита журналистка оппозиционной газеты "Салідарнасць" Вероника Черкасова".

"В центре Европы людей пытают, убивают".

Прысуддва гады калоніі агульнага рэжыму. Падрабязнасці:

Рэдактара Вікіпедыі асудзілі да двух гадоў калоніі за "дыскрэдытацыю Беларусі"

На судзе з боку дзяржабвінавачання гучала, што артыкул пра забойства Чаркасавай быў ўжо ў Вікіпедыі. Але Пернікаў вырашыў дадаць гэтую інфармацыю ў артыкул пра рэпрэсіі — а значыць, гэтым хацеў дыскрэдытаваць Беларусь.

«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram@ViasnaSOS@spring96infoі Emailviasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства