viasna on patreon

За слова “дрышч” мінчука асудзілі да трох месяцаў арышту

2022 2022-03-26T19:19:42+0300 2022-03-26T19:32:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_biaroza.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Бярозаўскага раёна 23 сакавіка разгледзеў крымінальную справу па абвінавачанні жыхара Мінска Юрыя Юдчыца ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Кавалевіч, дзяржабвінаваўца – прадстаўнік пракуратуры Яфімаў.

Юрый Юдчыц быў змешчаны пад варту 17 студзеня 2022 года. На судзе ад адваката ён адмовіўся.

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Юрый Юдчыц, 22 красавіка 2021 года ў 7 гадзін 44 хвіліны, публічна, “з мэтай прыніжэння гонару і годнасці” абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў —  міліцыянта ўзвода АМАПа УУС Брэсцкага гарвыканкама Уладзіслава Шукаева. З дапамогай мабільнага тэлефона маркі Samsung у сацыяльнай сетцы “Вконтакте” пад публікацыяй у дачыненні да Шукаева як супрацоўніка органаў унутраных спраў, Юдчыц наўмысна размясціў каментар для ўсеагульнага агляду на адрас Шукаева з выкарыстаннем ненарматыўнай формы маўленчага выказвання.

Суду Юрый Юдчыц патлумачыў, што раніцай 22 красавіка, гартаючы навіны ўбачыў публікацыю пра кіроўцу ўзвода АМАП Шукаева, не стрымаўся і на эмоцыях пакінуў абразлівы каментар: “Пазыўны – дрышч”.

На пытанне пракурора, ці быў раней прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за масавыя мерапрыемствы, Юдчыц адказаў: “Так”.

У якасці сведкі на судовы працэс быў выкліканы брат абвінавачанага Андрэй Юдчыц. Ад дачы паказанняў ён адмовіўся.

Сам пацярпелы Уладзіслаў Шукаеў на судовае паседжанне не з’явіўся. Ён даслаў заяву, у якой прасіў суд разгледзець крымінальную справу без яго удзелу ў сувязі з неспадзяванай камандыроўкай. Таму ў судзе зачыталі паказанні Шукаева ў пісьмовым выглядзе:

“Каментар з'яўляецца для мяне абразлівым, бо прыніжае мае гонар і годнасць як супрацоўніка АМАП, так і чалавека. Па якой прычыне [Юдчыц] мог пакінуць дадзены каментар, я не ведаю, але я ўпэўнены, што гэта не звязана з нашымі асабістымі адносінамі і хутчэй за ўсё па прычыне таго, што я з'яўляюся супрацоўнікам АМАПу. На дадзены момант я жадаю прыцягнуць да адказнасці дадзенага чалавека, грамадзянскі пазоў будзе заяўлены мною ў судзе”.

Сваю віну Юрый Юдчыц у ходзе судовага працэсу прызнаў цалкам.

Суд пастанавіў прызнаць Юрыя Юдчыца вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на тры месяцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства