viasna on patreon

Палітвязню, якога утрымліваюць пад вартай ужо 7 месяцаў, прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі за некалькі каментароў у інтэрнэце

2022 2022-03-26T13:47:27+0300 2022-03-28T10:03:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nikalaeu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вадзім Нікалаеў

Вадзім Нікалаеў

22 сакавіка Брэсцкі абласны суд вынес рашэнне па справе палітвязня Вадзіма Нікалаева, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па ч. 1. арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы».

Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Андрэй Лешчанка.

Вядома, што абвінавачанаму 50 год, пад вартай ён знаходзіцца ажно з 7 жніўня 2021 года.

Вадзіма Нікалаева абвінавачваюць у тым, што ў інтэрнэце ён заклікаў да гвалту над міліцыянтамі, супрацоўнікамі пракуратуры і суддзямі. Якім чынам? У тэлеграм-чаце "Пинск 97%" размясціў 4 паведамленні, якія і сталі прадметам судовага разбіральніцтва. Пра якія менавіта паведамленні ідзе гаворка, не паведамляецца.

«У размове ён таксама дзяліўся з удзельнікамі тэлеграм-чата парадамі аб тым, як заставацца ананімнымі ў інтэрнэце», – паведамілі ў МУС.

Вядома, што судзіць мужчыну пачалі 14 снежня 2021 года, аднак суд некалькі разоў прыпынялі для правядзення розных экспертыз. На думку праваабаронцаў, гэта азначае, што падстаў для абвінавачвання ў сілавікоў недастаткова.

11 лютага 2022 года праваабаронцы прызналі Вадзіма Мікалаева палітвязнем.

22 сакавіка Брэсцкі абласны суд прызнаў мужчыну вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1. арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы» і прысудзіў яму два гады пазбаўлення волі.

Вы можаце падтрымаць палітвязня, напісаўшы яму ліст па адрасе: СІЗА-7, Брэст, вуліца Савецкіх памежнікаў, 37, Вадзім Уладзіміравіч Нікалаеў. 

«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства