viasna on patreon

У Магілёве мужчыну асудзілі на тры гады калоніі за два званкі

2022 2022-04-06T19:59:01+0300 2022-04-06T19:59:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaia_zala01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Судовая зала. Ілюстрацыйнае фота spring96.org

6 красавіка 2022 года суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 6 красавіка асудзіў Ігара Гелахава да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у заведама ілжывым паведамленні аб небяспецы (арт. 340 Крымінальнага кодэкса) і абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэксу).

Згодна з матэрыяламі справы, у ноч з 9 на 10 снежня 2021 года, Гелахаў у стане алкагольнага ап'янення патэлефанаваў па нумары 101 і заявіў наступнае:

«Майго брата ўзарвалі. Проста так Лукашэнка падарваў яго і абвінаваціў яго, што ён вінаваты, а я табе кажу, што я не вінаваты. І цяпер ён, Аляксандр Рыгоравіч, вінаваты ў тым, што не выплаціў грошы».

Дыспетчар Кацярына Азаранка, якая выступіла на судзе сведкам, пацвердзіла факт і сэнс званка:

«Казаў, што ён [Лукашэнка] дрэнны, пра нейкія выбухі, што ўзарвалі нешта, што ён сам вайсковец. Казаў, што ягонага брата ўзарвалі і што Лукашэнка не выплаціў ніякіх грошай сваякам. Нібыта, будзе размаўляць з нейкім генералам. Размова цягнулася дзве хвіліны».

Пасля званка ў 101, Ігар Гелахаў набраў па нумары 102, каб заявіць у міліцыю аб падрыхтоўцы выбуху ў сярэдняй школе №18. Сам мужчына на судзе цалкам прызнаў сваю віну. Ён паведаміў, 9 снежня выпіў «літр ці два гарэлкі, быў вельмі п'яны і цьмяна ўсё памятае»:

«Лёг спаць, потым прачнуўся, была ноч, патэлефанаваў у 102 пагутарыць, проста пагутарыць. Сказаў, што школа замінаваная, хацеў праверыць, як працуюць супрацоўнікі міліцыі. Што было далей — не памятаю. Праз 5 хвілін выйшаў паглядзець, пераканацца, што супрацоўнікі міліцыі прыехалі да школы, але там нікога не было. Прыйшоў дадому, там мяне затрымалі і завялі крымінальную справу", — сказаў Гелахаў.

Пасля некалькіх пасяджэнняў суддзя Таццяна Міхайлава вынесла рашэнне асудзіць Ігара Гелахава да трох гадоў калоніі паводле двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Мужчына знаходзіцца пад вартай з 24 лютага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства