viasna on patreon

Рэдактара Вікіпедыі асудзілі да двух гадоў калоніі за "дыскрэдытацыю Беларусі"

2022 2022-04-07T15:09:41+0300 2022-04-07T15:16:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pernikau_75.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 7 красавіка асудзілі 30-гадовага Паўла Пернікава. Яго абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса) праз праўкі ў артыкулы на Вікіпедыі пра забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай і Генадзя Шутава, а таксама артыкул на сайце нямецкай праваабарончай арганізацыі пра катаванні і забойствы беларусаў падчас пратэстаў. Павел на судзе віну не прызнаў. Суддзя Яўген Брэган прызначыў яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне прасіла пракурорка Алена Ціхановіч. 

Павел Пернікаў
Павел Пернікаў

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны з 29 снежня 2020 года па 30 красавіка 2021 года «прадставіў грамадскасці загадзя ілжывыя звесткі аб дзейнасці праваахоўных і дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь: размясціў недакладную інфармацыю на інтэрнэт-сайтах замежнай арганізацыі «Вікімедыя Фаўндэйшн, Інк.» (ЗША) і міжнароднай арганізацыі «Міжнароднае таварыства правоў чалавека» (Германія)». Акрамя таго, абвінавачаны нібыта «перадаў загадзя ілжывыя звесткі аб датычнасці органаў улады Беларусі да забойства ў кастрычніку 2004 года журналісткі Веранікі Чаркасавай, а таксама да катаванняў і забойстваў людзей».

Як піша "Брэсцкая Вясна", паводле версіі абвінавачвання, Пернікаў дыскрэдытаваў родную дзяржаву тры разы. У канцы снежня 2020 года ўнёс праўкі ў артыкул "Вікіпедыі" пад акаўнтам Pr12402. Змены былі зробленыя ў адзін артыкул на дзвюх мовах, рускай і беларускай тарашкевіцы:

Падчас унясення правак змяняў частку пра гібель свайго зямляка Генадзя Шутава, а таксама прэамбулу (у якой сцвярджаецца, што МУС і ўлады не прызналі адказнасці ні за адну смерць пратэстоўцаў).

Шляхам рэдагавання пазначанага артыкула, палічыла дзяржабвінавачанне, Пернікаў дыскрэдытаваў дзяржорганы Беларусі. Абвінавачаны на судзе з гэтым не згаджаўся.

Таксама 6 сакавіка 2021 года ў рускамоўнай Вікіпедыі карыстальнік Pr12402 дадаў у артыкул "цэнзура в Белоруссии" адзін радок. Гэтым радком было:

«20 октября 2004 года в Минске была убита журналистка оппозиционной газеты "Салідарнасць" Вероника Черкасова».

На судзе з боку дзяржабвінавачання гучала, што артыкул пра забойства Чаркасавай быў ўжо ў Вікіпедыі. Але Пернікаў вырашыў дадаць гэтую інфармацыю ў артыкул пра рэпрэсіі — а значыць, гэтым хацеў дыскрэдытаваць Беларусь.

Таксама яму інкрымінавалі артыкул на сайце праваабарончай арганізацыі ў канцы красавіка 2021 года, які пачынаўся словамі:

«В центре Европы людей пытают, убивают».

У дадзеным матэрыяле сцвярджалася, што ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі адбываюцца катаванні і забойствы па віне адміністрацый.

Паводле версіі абвінавачвання, у такім артыкуле зноў жа была дыскрэдытацыя Беларусі, бо пракуратура спасылалася на дакумент ад Дэпартамента выканання пакаранняў. І паводле гэтага дакумента з грыфам "для службовага карыстання", у ходзе праведзеных праверак паведамленні аб катаваннях не пацвярджаліся.

Абвінавачаны на судзе не адмаўляў, што менавіта ён размяшчаў усе гэтыя артыкулы і праўкі. Але віну ён не прызнаў. Пракурорка Ціхановіч падчас спрэчак бакоў папрасіла суд прызнаць Паўла Пернікава вінаватым і прызначыць яму два гады калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Яўген Брэган менавіта такое пакаранне і прызначыў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства