viasna on patreon

За абразу і паклёп на прэзідэнта жыхара Быхава асудзілі на два гады калоніі

2022 2022-04-01T20:01:48+0300 2022-04-12T13:54:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/byhau-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Быхаўскага раёна 1 красавіка разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да мясцовага жыхара Аляксандра Аўдзеюка. Яго абвінавацілі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 367) і абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт. 368).

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Марозаў.

Да суда Аляксандр Аўдзяюк утрымліваўся ў СІЗА Магілёва.

Паводле матэрыялаў справы, Аўдзеюк не пазней за жнівень 2021 года паставіў «клас» пад пастом у пабліку ў «Аднакласніках» «Мая краіна – вольная еўрапейская Беларусь». У пасце змяшчаўся фотаздымак Лукашэнкі і абразлівы надпіс, звязаны з абвінавачаннем у фашызме.

Судовы працэс распачаўся 23 сакавіка.

Варта адзначыць, што сам Аўдзяюк нічога не размяшчаў – толькі паставіў ацэнку публікацыі. Аднак судова-лінгвістычная экспертыза звярнула ўвагу на «негатыўную ацэнку Лукашэнкі», а дзяржабвінаваўца нават заявіў аб праяве «сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады». Больш за тое, ён падкрэсліў, што Аўдзяюк пакінуў «клас» з помсты», піша mspring.media.

У сваю чаргу, падсудны на працэсе сцвярджаў, што ягоны «клас» ніякай асабістай помстай Лукашэнку не з’яўляецца:

«Гэта не было асабістай помстай прэзідэнту. Пры ім я адслужыў у міліцыі, атрымаў кватэру. Да яго ў мяне ніякіх прэтэнзій не было і няма. Пэўныя дзеянні, якія маглі выклікаць нейкі негатыў, здзяйсняе не ён, а іншыя людзі. Чаму пакінуў клас? Можа павеяў вецер перамен, можа і хацелася перамен тады», – заявіў Аўдзяюк.

Пасля трох пасяджэнняў суддзя Марозаў асудзіў Аляксандра Аўдзеюка да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады калоніі агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства