Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2022
Высновы:
- Працяг вайны ва Украіне і яе наступствы кардынальна змянілі актуальны парадак дня ў Еўропе і ў свеце; наступствамі падтрымкі беларускімі ўладамі агрэсіі Расійскай Федэрацыі сталі новыя санкцыі і абмежаванні, уведзеныя краінамі дэмакратыі ў дачыненні да Беларусі;
- Праваабарончы цэнтр «Вясна» рашуча асуджае дзеянні беларускіх і расійскіх улад, што падрываюць асновы мірнага суіснавання народаў, парушаюць Канстытуцыю і законы Беларусі, а таксама палажэнні заключаных міжнародных дамоў;
- безадказныя дзеянні кіраўніцтва Беларусі, што супярэчаць інтарэсам грамадства, паставілі краіну ў адзін шэраг з агрэсарам; такая палітыка ўлад выклікае непрыманне і супраціў з боку грамадзян, якія прытрымліваюцца дэмакратычных каштоўнасцяў;
- у сакавіку ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзян з палітычных матываў, у тым ліку за антываенныя выступы; працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і тэрыторыях, а таксама за распаўсюд інфармацыі; паводле звестак ПЦ «Вясна», за месяц было затрымана не менш за 445 чалавек, за сакавік ПЦ «Вясна» вядома пра 36 штрафаў на агульную суму больш як 2500 базавых велічынь і 476 адміністрацыйных арыштаў, прызначаных судамі паводле спраў пратэстоўцаў;
- у месцах няволі паводле прысудаў судоў на канец лютага знаходзіліся 1110 палітвязняў, іх колькасць працягвае няўхільна павялічвацца;
- у следчым ізалятары паводле адвольных абвінавачванняў працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ «Вясна»: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябар Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч; каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк; сябар ПЦ «Вясна», кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка і валанцёрка «Вясны» Таццяна Ласіца асуджаныя адпаведна да трох гадоў і двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі, прысуд у дачыненні да іх набыў моц;
- праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі паводле палітычных матываў, затрыманых і асуджаных да адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў зняволення нялюдскія ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ «Вясна» як катаванні;
- катаванні і забароненыя віды абыходжання па-ранейшаму ўжываюцца падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў;
- 9 сакавіка на 49-й сесіі Савета па правах чалавека ААН быў прадстаўлены даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. і пасля іх». У дакладзе Вярхоўны камісар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека прадставіла агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў сувязі з выбарамі 9 жніўня 2020 г., уключаючы адвольныя затрыманні, катаванні і іншыя жорсткія, нялюдскія ці прыніжальныя годнасць віды абыходжання, адмову эфектыўна расследаваць заявы пра такія парушэнні і невыкананне правоў на належную прававую працэдуру і справядлівы судовы разгляд;
- Amnesty International прадставіла свой гадавы «Даклад Amnesty International 2021/22: Правы чалавека ў сучасным свеце».
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
Як і ў папярэднія месяцы, улады ўжывалі адвольныя рэпрэсіі да ўдзельнікаў пратэсных выступаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, выступаў пазнейшых перыядаў, іншадумцаў і крытыкаў улады. Крымінальны пераслед — гэта найбольш жорсткая форма рэпрэсій, якая захоўвае масавы і паўсюдны характар. Судовыя органы зрабіліся эфектыўным інструментам падаўлення правоў і свабод, суддзі актыўна ўдзельнічаюць у рэпрэсіях, не даючы аб'ектыўную крытычную ацэнку сфабрыкаваным доказам, слепа прымяняючы недэмакратычнае заканадаўства і селектыўна ўжываючы найбольш жорсткую практыку прызначэння пакаранняў абвінавачаным.
Колькасць палітвязняў за месяц павялічылася на 42 чалавекі і на канец лютага склала 1110 чалавек, працягваючы няўхільна павялічвацца.
У СІЗА працягваюць утрымлівацца паводле надуманых абвінавачванняў старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі, сябар Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марыя (Марфа) Рабкова, валанцёр «Вясны» Андрэй Чапюк. Асуджаны да зняволення ў калоніі кіраўнік гомельскага аддзялення Леанід Судаленка (да трох гадоў папраўчай калоніі) і валанцёрка Таццяна Ласіца (да двух з паловай гадоў папраўчай калоніі). Зняволеных праваабаронцаў наўмысна адвольна абмяжоўваюць у ліставанні.
Палітвязням працягваюць тэрмін пазбаўлення волі: 11 сакавіка на тэрыторыі турмы №4 г. Магілёва на выязным судовым пасяджэнні абвясцілі прысуд палітзняволенаму анархісту Мікіту Емяльянаву, якога абвінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнні правіл унутранага распарадку (ч. 2 арт. 411 КК). Суддзя Аксана Ратнікава палічыла віну даказанай і асудзіла яго да двух гадоў пазбаўлення волі. Канчаткова суд прызначыў Мікіту пакаранне ў выглядзе трох з паловай гадоў у папраўчай калоніі шляхам поўнага складання вынесеных у дачыненні да яго прысудаў. 25 сакавіка ў будынку магілёўскай калоніі №15 за некалькі гадзін разгледзелі крымінальную справу супраць палітвязня Ціхана Осіпава, асуджанага да 11 гадоў зняволення. Яго асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) да сямі месяцаў зняволення і змянілі рэжым з узмоцненага на строгі. Такі прысуд вынесла суддзя Кастрычніцкага раёна Магілёва Наталля Крашкіна.
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў
Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў. У судах дагэтуль выносяцца прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступаў 2020 года:
9 сакавіка ў Мазыры да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі суддзя Валянціна Новікава асудзіла Антона Кошчанку паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Згодна з абвінавачваннем, той падрыхтаваў тэкставы дакумент, мэтай якога з'яўляўся збор грамадзян для абмеркавання, знаёмства і размеркаванні роляў для правядзення несанкцыянаванай акцыі. 2-10 жніўня 2020 года яны мусілі выйсці на вуліцы г. Мазыра і г. Калінкавічы, а таксама прыбыць да аўтамабільных дарог паміж паказанымі населенымі пунктамі і знаходзіцца там на працягу аднаго ці двух дзён. Ён жа 30 чэрвеня 2020 года з дапамогай мэсэнджара Telegram пераслаў гэты тэкставы дакумент нявызначанай асобе «з мэтай азнаямлення і ўзгаднення правядзення гэтых дзеянняў». Таксама яго абвінавацілі ў тым, што з 4 да 10 жніўня 2020 года на адным з каналаў у мэсэнджары ён неаднаразова размяшчаў паведамленні з заклікамі да актыўнага ўдзелу грамадзян у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, — у тым ліку, блакавання будынка райвыканкама, аддзела міліцыі, Следчага камітэта і пракуратуры.
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 12 сакавіка завяршыў разгляд крымінальнай справы вядоўцы радыёстанцыі «Гомель», палітвязня Аляксея Кругляка, вядомага пад псеўданімам Аляксей Каверын. Журналіста абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Справу разглядаў суддзя Віктар Казачак. Паводле абвінавачвання, Аляксей Кругляк, знаходзячыся на працоўным месцы на Гомельскім тэлебачанні, са свайго тэлефона ў прафесійным закрытым чаце 12 жніўня 2020 года напісаў некалькі паведамленняў адносна палітычнай сітуацыі ў краіне пасля выбараў. На эмоцыях Аляксей прапанаваў выходзіць на вуліцы ў Гомелі, ладзіць маршы, станавіцца ў ланцугі. Сам гатовы быў удзельнічаць у любых актыўных дзеяннях, нават надзець белае адзенне і далучыцца да жанчын з кветкамі, а калі будзе неабходна — то і ў сукенцы. Гэтыя паведамленні расцанілі як заклікі да несанкцыянаваных мітынгаў і дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а яго самога — як арганізатара гэтых дзеянняў. Пакаранне —пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год у папраўчай калоніі.
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 17 сакавіка да двух гадоў папраўчай калоніі асудзілі 40-гадовага палітзняволенага мінчука Андрэя Чудзінава. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у «Маршы Новай Беларусі» 23 жніўня 2020 года. Справу разглядала суддзя Вольга Няборская.
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 16 сакавіка суддзя Марына Скалковіч асудзіла яшчэ двух фігурантаў «справы карагодаў». Палітзняволенаму экс-следчаму Аляксандру Антанюку прызначылі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) 1 год і 6 месяцаў калоніі, а Руслану Гачынскаму — два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Паводле «карагоднай справы» ўжо асуджана 116 чалавек. Пракуратура паведамляе, што крымінальная справа яшчэ супраць шасці фігурантаў «справы карагодаў» накіравана ў суд.
16 сакавіка 2022 года ў судзе Маскоўскага раёна быў вынесены прысуд палітвязню Сяргею Красоўскаму: суддзя Юрый Машкетаў прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзіў да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Паводле абвінавачвання, 9 жніўня 2020 года Красоўскі ўдзельнічаў у дзеяннях, спалучаных з неаднаразовым непадпарадкаваннем патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, перашкаджаў руху транспарту, а таксама перакрываў дарогу. Акрамя гэтага, палітвязень «здзяйсняў блакаванне руху ў счэпцы локцямі ў першых шэрагах».
Супрацоўнікі міліцыі па-ранейшаму ажыццяўляюць «адпрацоўку» гарадоў, розных раёнаў Мінска і прыгарадаў, урываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках пратэснай сімволікі, затрымліваюць на працы; праводзяць вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлад. У судах праходзяць разгляды адміністрацыйных спраў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сцягі і налепкі на вокнах і ў кватэрах, вывешванне нацыянальных сцягоў і іншай сімволікі, рэпосты і каментары ў сацсетках, а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў.
«Вясна» мае звесткі пра адміністрацыйны пераслед за рэалізацыю права на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў удзельнікаў мірных акцый пратэсту, у тым ліку антываенных, а таксама адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і тэрыторыях, за распаўсюд інфармацыі. Згодна са звесткамі ПЦ «Вясна», за месяц былі затрыманыя не менш як 445 чалавек, за сакавік ПЦ «Вясна» вядома пра 36 штрафаў на агульную суму больш як 2500 базавых велічынь і 476 адміністрацыйных арыштаў, прызначаных судамі паводле спраў пратэстоўцаў. Гэта далёка не поўныя дадзеныя пра колькасць палітычна матываваных адміністрацыйных спраў: у шматлікіх выпадках суддзі таемна праводзяць пасяджэнні ў фактычна закрытым рэжыме з дапамогай відэаканферэнцыі без абвяшчэння даты і месца слухання, што груба парушае працэсуальныя і канстытуцыйныя правы асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, а назіральнікі за выкананнем стандартаў справядлівага правасуддзя зазнаюць пераслед за сваю правамерную дзейнасць.
Так, 10 сакавіка ў Мінску затрыманы 32-гадовы Дзмітрый Мацюшонак. У яго на балконе быў плакат «No war». Паведамляецца, што пра гэта ў АУС заявіў сусед: сфатаграфаваў плакат і паведаміў участковаму.
Увечары 27 лютага каля будынка Генштаба ў Мінску сабралася шмат людзей на антываеннай акцыі супраць нападу Расіі на Украіну. Людзі скандавалі «Слава Украіне» і «Не вайне». Праз некаторы час сілавікі пачалі іх жорстка затрымліваць. Міліцыянты збівалі ўдзельнікаў акцыі дубінкамі, а затым змяшчалі іх у аўтазакі. На працягу трох дзён судовага канвееру ў канцы лютага і пачатку сакавіка суддзі разгледзелі больш за 628 адміністрацыйных спраў і прызначылі адміністрацыйны арышт мінімум 589 чалавекам.
Артыкул 19.11 КаАП, паводле якога караецца распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, увесь час выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі дзеля рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў. Як правіла, караецца рэпост розных матэрыялаў грамадска-палітычнага характару з рэсурсаў, чыя інфармацыйная прадукцыя прызнаная экстрэмісцкай.
За месяц істотна папоўніўся Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэннямі судоў прызнаная экстрэмісцкай прадукцыя Тelegram-канала «Маланка» і іншых рэсурсаў з назвай «Маланка Медыя», Telegram-канал з назвай «DW Беларусь», лагатып (вадзяны) знак у выглядзе дзвюх англійскіх літар «D» і «W» на фоне колаў сіняга і белага колераў, Telegram-канал з назвай «Zerkalo.io навіны», інтэрнэт-старонкі з назвай «Zerkalo.io» у сацыяльных сетках, візуальны матэрыял (малюнак, лагатып, лічбавы вадзяны знак і да т.п.) або тэкст «Zerkalo.io» з якімі-небудзь надпісамі ці без выкарыстання надпісаў, незалежна ад носьбіта інфармацыі, лагатыпы (вадзяныя знакі) наступных каналаў: «Каратели Беларуси», «Белсат», у тым ліку — Кацярыны Бахвалавай і Дар'і Чульцовай на аранжавым фоне з выявай савы белага і аранжавага колеру; «Хартыя 97», «БАСТА», «Еўрарадыё», «Радыё Свабода — Беларусь», «ВЯСНА» — выява далоні белага колеру на бэзавым фоне з узорамі сіняга колеру і надпісам «ВЯСНА» і шэраг іншых.
Экстрэмісцкімі прызнаныя шматлікія рэгіянальныя рэсурсы ў Telegram і сацыяльных сетках, а таксама Telegram-канал з назвай «Беларускі Гаюн», які зрабіўся вядомым антываенным рэсурсам.
Адзіным правамерна ўключаным у паказаны перыяд у Пералік рэсурсам з'яўляецца інтэрнэт-супольнасць у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» — «Веселые Nazi ;)» і пералічаная ў Спісе інфармацыйная прадукцыя паказанага інтэрнэт-рэсурсу.
Праваабаронцы «Вясны» працягваюць маніторынг судовых крымінальных спраў, звязаных з нецярпімасцю беларускіх улад да любых формаў праяў пратэсту. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле дыфамацыйных артыкулаў за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за знявагу дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ). Па ўсёй тэрыторыі Беларусі праходзяць судовыя пасяджэнні паводле такіх абвінавачванняў.
Так, 15-16 сакавіка суддзя Сяргей Боландзь з суда Смаргонскага раёна разгледзеў справу мясцовага жыхара Яўгена Шулюка, які абвінавачваўся ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 367 «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». У віну мужчыну ставілася тое, што на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» ён размясціў знойдзеную ў інтэрнэце выяву А. Лукашэнкі з надпісамі, якія змяшчаюць словы «коварен», «жаден», «таракан», «обманщик» і інш. Судова-лінгвістычная экспертыза прыйшла да высновы, што гэтыя словы з'яўляюцца абразлівымі, негатыўна характарызуюць А. Лукашэнку і ўтрымоўваюць у сабе паклёп. Яўген Шулюк прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 367 «Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», яму прызначана 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
10 сакавіка суддзя Добруша і Добрушскага раёна Святлана Лук'янава асудзіла Уладзіміра Балюнова да года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса («Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»). Згодна з абвінавачваннем, ён размясціў у інтэрнэце паведамленне з інфармацыяй, якая ганіць А. Лукашэнку.
16 сакавіка ў Мінскім абласным судзе асудзілі блогера і актывіста, палітвязня Паўла Вінаградава. Ён стаў фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»), ч. 2 арт. 367 КК, а таксама арт. 342 КК. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
У Цэнтральным судзе Гомеля 4 сакавіка вынесены прысуд паводле крымінальнай справы Віктара Рысінскага. Справу разглядаў суддзя Віктар Казачак. Згодна з матэрыяламі следства, абвінавачваны Рысінскі, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, у канцы 2021 года, у вечаровы час, «маючы імкненне публічна прадэманстраваць сваё непаважлівае стаўленне да дзяржаўнага сімвала, дэманстратыўна, выяўляючы паказную адвагу і дзёрзкія паводзіны, накіраваныя на знявагу дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь», здзейсніў злачынства — наўмысна сарваў сцяг разам з мацаваннем з фасада будынка. Прысуд — пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год у папраўчай калоніі.
7 сакавіка суд Ленінскага раёна Магілёва вынес прысуд у дачыненні да Алесі Барысавай. Пра гэта паведамляе MAYDAY.TEAM. Суддзя Аксана Ратнікава асудзіла яе да двух гадоў абмежавання волі ў ПУАТ паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Падставай для крымінальнай справы супраць Барысавай зрабіўся каментар у «Аднакласніках» у дачыненні да двух міліцыянтаў з Дуброўна: старшага інспектара аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Дубровенскага РАУС Аляксандра Шлупакова і оперупаўнаважанага групы па барацьбе з наркотыкамі і процідзеянні гандлю людзьмі Дубровенскага РАУС Сяргея Шрамава. 17 чэрвеня 2021 года на адной са старонак у «Аднакласніках» з'явіўся фотаздымак Шрамава і Шлупакова з подпісам «гэтыя супрацоўнікі, рызыкуючы жыццём, канфіскавалі паветраныя шары». Барысава, як яна прызналася на судзе, дадала каментар: «Два дэбілы — гэта сіла».
У Мінскім гарадскім судзе 30 сакавіка вынесены прысуд паводле крымінальнай справы палітвязня, вядомага беларускага мастака і перформера Алеся Пушкіна. Ён абвінавачваўся ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК). Справу разглядала суддзя Алена Шылько. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Падставай для завядзення крымінальнай справы стала размяшчэнне на выставе, якая праходзіла ў памяшканні ўстановы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў г. Гродна 19 сакавіка 2021 г., партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства мастака Алеся Пушкіна. Паводле паведамлення пракуратуры, падчас выставы Алесь Пушкін «характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, барацьбіта з бальшавікамі, чым услаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні».
На беларускіх адвакатаў пачалі ціснуць за подпісы пад антываеннай петыцыяй: 1 сакавіка ў інтэрнэце з'явілася петыцыя, у якой, спасылаючыся на нормы дзейснай Канстытуцыі, аўтары абгрунтавалі, што з тэрыторыі Беларусі не павінны ўзлятаць ракеты, самалёты і верталёты для нападу на суседнюю дзяржаву. На гэты момант зварот падпісалі 258 юрыстаў. Як паведамляе defenders.by, пасля гэтага адвакатаў выклікалі ў органы самакіравання і патрабавалі ў іх тлумачэнняў. Нягледзячы на ціск і рэпрэсіі, беларускія юрысты і адвакаты працягваюць пакідаць свае подпісы пад петыцыяй.
Свабода асацыяцый
9 сакавіка ў Мінгарсудзе адбылося пасяджэнне з нагоды ліквідацыі грамадскага аб'яднання «Радзіслава». Паведамляецца, што суд вынес рашэнне ліквідаваць арганізацыю. З гэтага дня перастала працаваць гарачая лінія «Радзіславы», куды можна было патэлефанаваць у любы час сутак і атрымаць падтрымку кансультанткі, а часам — выратаваць сабе жыццё.
«Радзіслава» — некамерцыйная недзяржаўная дабрачынная арганізацыя, створаная ў 2002 годзе ў горадзе Мінску дзеля аказання дапамогі пацярпелым ад гвалту жанчынам. У лістападзе 2021 года затрымалі былую кіраўніцу «Радзіславы» Вольгу Гарбунову — МУС лічыць, што яна кіравала жаночымі маршамі.
У Гомельскім абласным судзе 25 сакавіка разгледзелі крымінальныя справы супраць двух адміністратараў Telegram-канала «Петриков 97%». 42-гадовага жыхара Петрыкава Віктара Бедрыя і 25-гадовага майстра з Петрыкава Яўгена Клімава прызналі вінаватымі ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем — Telegram-каналам «Петриков 97%» (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Акрамя гэтага, Яўгена прызналі вінаватым у распальванні сацыяльнай варожасці за рэпост паведамлення пра АМАП з Telegram-канала «Nexta». Суддзя Руслан Царук асудзіў Віктара і Яўгена да трох і пяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму адпаведна.
Пераслед журналістаў і СМІ
Свабода слова ў Беларусі па-ранейшаму парушаецца ў самых розных формах. У прыватнасці, СМІ пазбаўляюцца рэгістрацыі і акрэдытацыі, а іх журналісты зазнаюць крымінальны пераслед за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў. Не менш за 60 прадстаўнікоў СМІ знаходзяцца пад крымінальным пераследам, 26 з іх пазбаўленыя волі.
Так, у судзе Савецкага раёна Мінска 3 сакавіка суддзя Сяргей Шаціла вынес прысуд былому журналісту пазбаўленага акрэдытацыі «Радыё Свабода» Алегу Груздзіловічу і прызначыў яму паўтара года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Груздзіловіча прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях у той момант, калі МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі замежныя СМІ, у тым ліку «Радыё Свабода».
15 сакавіка 2022 года ў судзе Заводскага раёна Мінска вынесены прысуды галоўнаму рэдактару «Нашай нівы» Ягору Марціновічу і кіраўніку аддзела маркетынгу і рэкламы Андрэю Скурко. Суддзя Анжэла Касцюкевіч прызнала іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса і асудзіла кожнага да двух гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Згодна з версіяй абвінавачвання, «Скурко і Марціновіч, з'яўляючыся службовымі асобамі выдавецкага прадпрыемства, а Марціновіч — яшчэ і ўласнікам прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, з траўня 2017 года да чэрвеня 2021 года размясцілі ў кватэры, якая належыць Скурко, офісы гэтых арганізацый дзеля ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці». Пры гэтым яны працягвалі аплачваць камунальныя паслугі паводле тарыфаў для фізічных асоб. «Мінсквадаканал» і «Мінскэнерга» не мелі прэтэнзій да абвінавачаных паводле грамадзянскага пазову, паколькі яны цалкам пакрылі шкоду.
Зведваюць пераслед і рэгіянальныя СМІ: пракуратура Лунінецкага раёна распачала крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара і заснавальніка ТАА «МП-Кампані», якое з'яўляецца ўладальнікам сеткавага выдання «Медыя-Палессе». Ім ставіцца ў віну злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.
Смяротнае пакаранне
Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» атрымалі дакументальнае пацверджанне расстрэлу Віктара Паўлава. Згодна з пасведчаннем аб смерці, расстрэл адбыўся 13 траўня 2021 года.
Камітэт ААН па правах чалавека асуджае Рэспубліку Беларусь за прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да Віктара Паўлава, чыя справа ўсё яшчэ знаходзіцца на разглядзе Камітэта. З 2010 года Віктар Паўлаў з'яўляецца ўжо 15-й па ліку асобай, пакаранай Рэспублікай Беларусь падчас разгляду ягонай справы Камітэтам ААН па правах чалавека, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы Камітэта прыпыніць выкананне прысуду на час разгляду скаргі аб заяўленых ім парушэннях ягоных правоў.
Катаванні. Жорсткае, нялюдскае, зневажальнае абыходжанне
6 сакавіка ў Мінску затрымалі былога акцёра Тэатра імя Горкага Арсенія Сячко. А 20-й гадзіне, праходзячы каля свайго дома, хлопец заўважыў, як міліцыянты затрымлівалі мужчын нападпітку і зрабіў ім заўвагу. За гэта Арсенія таксама затрымалі і склалі на яго пратакол за пікетаванне паводле арт. 24.23 КаАП. Арсенія моцна збілі ў Фрунзенскім РУУС. 7 сакавіка суддзя Дзмітрый Лукашэвіч, нягледзячы на дрэнны стан здароўя хлопца і просьбу даць штраф, асудзіў яго да 13 сутак арышту. Але ў ізалятар Арсеній так і не трапіў: медык у ІЧУ адмовілася прыняць яго, бо ў хлопца зламаныя тры рэбры. Сячко шпіталізавалі ў лякарню. Лекарам давялося зрабіць пракол лёгкага, бо там пачала збірацца вадкасць.
Вызваленыя палітвязні працягваюць адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоў утрымання для арыштаваных паводле палітычна матываваных спраў, якія ў выніку мяжуюць з катавальнымі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і нялюдскімі.
Праваабаронцам «Вясны» працягвае паступаць інфармацыя пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў ізалятарах Мінска. Затрыманыя і арыштаваныя паводле палітычных матываў утрымліваюцца ў перапоўненых камерах, не атрымліваюць ані медыцынскай дапамогі, ані шпацыраў, ані перадач. З'явіліся сведчанні збіванняў арыштаваных.
У прыватнасці, 2 сакавіка стала вядома, што для затрыманых паводле адміністрацыйных спраў у турме Жодзіна, куды затрыманых на антываенных акцыях у Мінску перавезлі 1 сакавіка, не прымаюць перадачы. На папярэднім тыдні іх таксама не прымалі і ў ізалятарах на зав. Акрэсціна. Прычынай названыя меры супраць распаўсюду COVID-19. Таксама частку затрыманых на антываенных акцыях у Мінску перавезлі ў СІЗА г. Баранавічы і ў магілёўскую турму. Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, некаторых людзей пасля затрымання збівалі, а ў ізалятарах на зав. Акрэсціна ім не давалі ежу.
У жорсткіх умовах утрымліваюцца таксама зняволеныя паводле крымінальных спраў, зазнаюць ціск і катаванні абвінавачаныя і зняволеныя ў папраўчых калоніях.
Па-ранейшаму не расследаваныя шырока вядомыя жудасныя выпадкі катаванняў, пра якія раней заяўлялі палітвязні.