viasna on patreon

Затрыманні і вобшукі не спыняюцца. Хроніка палітычнага пераследу за 21-23 лютага Дапоўнена

2022 2022-02-23T13:35:00+0300 2022-02-23T20:29:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/martau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца: па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні

Мінск

23 лютага на выхадзе з кватэры супрацоўнікамі ГУБАЗіК быў затрыманы Андрэй Бясько. У яго кватэры, а таксама ў кватэры яго маці прайшлі ператрусы. Былі выняты планшжт, ноўтбук і тэлефон сына. Вядома, што Андрэя павезлі ў Кастрычніцкі РУУС.

Паведамляецца пра затрыманне ў Мінску Вольгі Краснарадцавай. Падрабязнасці невядомыя.

22 лютага ў Мінску былі затрыманы настаўніца англійскай мовы Ганна Барысовіч і дзве яе дачкі - Яна і Таццяна Барысовіч. Дома ў іх прайшоў вобшук у межах крымінальнай справы. 

Таксама паведамляецца пра затрыманне ў гэты дзень Уладзіміра Сапегі.

20 лютага была затрымана Антаніна Найдовіч. Яе забралі наўпрост з дому і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна, нягледзячы на тое, што жанчына хворая на каранавірус і даглядае сваякоў, якія перанеслі аперацыі. Жанчыну асудзілі на 15 сутак арышту па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыі).

Лепель

22 лютага быў затрыманы вядомы віцебскі лекар Уладзімір Мартаў. Гэта адбылося на ягонай дачы пад Лепелем. Зараз Уладзімір знаходзіцца ў ІЧУ ў Лепелі, паведамляе Таццяна Матвеева са спасылкай на жонку доктара. Мартава абвінавачваюць у «незаконным пікетаванні» (артыкул 24.23 КаАП).

martau.jpg
Уладзімір Мартаў

Белаазёрск

У Белаазёрску 23 лютага каля 7 раніцы затрымалі для гутаркі Уладзіміра Зубрыцкага. Сутнасць справы пакуль невядомая.

Віцебск

У Віцебску 22 лютага быў затрыманы Аляксандр Даўгяла за публікацыю ў інтэрнэце. Падрабязнасці высвятляюцца.

Бабруйск

Увечары 22 лютага падчас выгулу сабакі быў затрыманы Іван Манько. Падстава затрымання невядома, цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ. Раней Івана некалькі разоў затрымлівалі па палітычных адміністрацыйных артыкулах.

Ваўкавыск

21 лютага ў Ваўкавыску быў затрыманы Андрэй Зайцаў. Абставіны затрыманны высвятлюцца. 

Гродна

22 лютага ў Гродна быў затрыманы супрацоўнік ТЭЦ-2 Барыс Каламыцкі. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі на працоўным месцы супрацоўнікі АМАП. Прычына затрымання невядома.

Ліда

Паведамляецца пра затрыманне 21 лютага Сяргея Чарнецкага.

Адвакатку Юлію Юргілевіч выключылі з адвакацкай калегіі Гродна

Яна абараняла некаторых палітвязняў: мастака Алеся Пушкіна, студэнта Арцёма Баярскага, музыку Ігара Банцэра, сына святара Андрэя Аўсіевіча.

Фактычна гэты крок азначае пазбаўленне адвакацкай ліцэнзіі і забарону на працу, бо ў Беларусі немагчыма адвакацкая дзейнасць па-за дзяржаўнымі адвакацкімі калегіямі.

Як піша "Белсат", намеснік пракурора Гарадзенскай вобласці Андрэй Скурат выказаў сумневы ў прафесіяналізме адвакаткі, якая працуе з 2004 года. Ён падаў скаргу, па якой прайшоў Савет Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў. Савет пастанавіў звольніць Юлію «за непрафесіяналізм». За папярэднія 18 гадоў працы прэтэнзій да адвакаткі не было.

Чарговая крымінальная справа супраць заснавальнікаў "Байсола"

stryzhak_levonchik.jpg
Андрэй Стрыжак і Аляксей Лявончык

На заснавальнікаў фонду салідарнасці "Байсол" Андрэя Стрыжака і Аляксея Лявончыка завялі чарговую крымінальную справу. Камітэт дзяржкантролю абвінавачвае іх ў фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання. Раней па гэтым жа артыкуле на іх завялі справу ў Следчым камітэце.

Аднаго з індывідуальных прадпрымальнікаў, які пералічыў грошы фондам, затрымалі. У КДК таксама сцвярджаюць, што выявілі жыхара Гомеля, які пералічваў грошы на крыптакашалёк "Байсол" — але ён «раскаяўся», «супрацоўнічае са следствам», таму на яго крымінальную справу не заводзілі.

Звальненні

abrashina_zhadaeva.jpg
Наталля Абрашына-Жадаева

Прафесарку Наталлю Абрашыну-Жадаеву, якая запісала зварот у абарону калегі, звольнілі з БДУ. Прафесарка кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ ў студзені апублікавала відэа ў падтрымку звольненага дацэнта Максіма Шундалава. Абрашына-Жадаева працавала ў БДУ 45 гадоў, у тым ліку на фізічным факультэце 40 гадоў.

Новыя палітычныя арышты

Маці актывісткі Паліны Бурко Алену Бурко арыштавалі на 12 сутак

У Мінску 18 лютага «людзі ў чорным са зброяй» з ператрусам прыйшлі да сваякоў актывісткі і былой студэнткі Акадэміі мастацтваў Паліны Бурко, якая цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі. Але ў выніку пасля ператрусу супрацоўнікі КДБ затрымалі яе маці — 45-гадовую Алену Бурко. 21 лютага, дзяўчына ў Instagram паведаміла, што маці арыштаваная на 12 сутак арышту.

Палізняволенага Рамуальда Улана, якога затрымалі на «хіміі», арыштавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Рамуальд Улан у судзе. Фота spring96.org
Рамуальд Улан у судзе. Фота spring96.org

На мінулым тыдні ў папраўчых установах адкрытага тыпу супрацоўнікі КДБ ладзілі затрыманні, ператрусы, допыты, выняцце тэлефонаў на экспертызы ў палітзняволеных. Сярод затрыманых быў і палітвязень Рамуальд Улан, які адбывае пакаранне ў ПУАТ-17. У яго вынялі тэлефон на экспертызу, пасля чаго склалі пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».У выніку, Рамуальда асудзілі да 14 сутак арышту за падпіску на «экстрэмісцкі» тг-канал. Арышт палітвязень будзе адбываць у гомельскім ІЧУ.

Былы палітвязень Юрый Касцюк асуджаны на 15 сутак арышту

Юрый Касцюк у судзе.
Юрый Касцюк

Стала вядома, што былога палітвязня Юрыя Касцюка 21 лютага пакаралі 15-сутачным арыштам па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля затрымання хлопца змясцілі ў брэсцкі ІЧУ, дзе да суда ўтрымлівалі амаль тыдзень. З перадачы прынялі толькі цёплыя рэчы і сродкі гігіены.

Выкладчыцы атрымалі па 15 сутак арышту

Затрыманай 18 лютага выкладчыцы журфака БДУ Ганне Курэйчык прысудзілі 15 сутак арышту. Яе судзілі па артыкуле 24.3 «Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы. Таксама на 15 сутак арыштавалі былую выкладчыцу ФФСН БДУ Таццяну Сініцу.

Папаўненне ў спісах экстрэмісцкіх матэрыялаў і фарміраванняў

Песня «ХайТак — На белай сценке выканкама ўціхара» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Такое рашэнне 17 лютага прыняў суд Камянецкага раёну. Паведамляецца, што гэты аўдыёзапіс быў размешчаны ў суполцы «Камянецкая паказуха» ў «Вконтакте».

Тэлеграм-канал «Бобруйск Online» прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем па рашэнні МУС.

Інфармацыйная прадукцыя telegram-канала «Cynic» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Такое рашэнне яшчэ 11 лютага прыняў Чыгуначны суд Віцебска.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства