viasna on patreon

Масавы пераслед палітзняволеных "хімікаў": што вядома цяпер

2022 2022-02-20T10:19:12+0300 2022-02-20T14:55:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/puat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З 15 лютага ў папраўчых установах адкрытага тыпу супрацоўнікі КДБ ладзяць затрыманні, ператрусы, допыты, выняцце тэлефонаў на экспертызы ў палітзняволеных. Таксама вядома пра затрыманне былога палітвязня, які ўжо адбыў "хімію", а таксама пра ператрусы ў "хімікаў", якія пакінулі Беларусь. "Вясна" прыводзіць хроніку пераследу асуджаных да "хіміі" палітзняволеных. 

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №52. Ілюстрацыйнае фота з сайта intex-press.by
Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №52. Ілюстрацыйнае фота з сайта intex-press.by

Чат валейбола і "хімікі"  што іх аб’ядноўвае?

Як раней паведамляла "Гомельская Вясна", у ПУАТ №17 у Гомелі ў сярэдзіне студзеня супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы — яны вынялі ў «палітычных» тэлефоны для экспертызы. Праз крыху больш за два тыдні тэлефоны вярнулі.

14 лютага ў спісе экстрэмісцкіх фарміраванняў з’явіўся тэлеграм-чат «Волейбол по выходным». Такое рашэнне прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Як паведамляюць крыніцы, гэты чат аб’ядноўваў палітвязняў, асуджаных на "хімію". Вось, што распавядалі пра яго Zerkalo.io:

«Наогул яго стварылі, каб абмяркоўваць суды па адной са справаў, іншыя навіны па тэме. Наколькі я ведаю, часам там казалі і пра сітуацыю ў краіне, людзі пісалі, і як у каго справы на «хіміі».

«Наколькі я ведаю, сваякам гэтага чалавека сказалі, што яго могуць вінаваціць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. У тым чаце было каля 20 чалавек — як тыя, хто ўжо вызваліўся або змог збегчы з краіны, так і тыя, хто яшчэ знаходзіўся ў розных ПУАТ. Людзі проста размаўлялі паміж сабой, скідвалі навіны нейкія і іх абмяркоўвалі. Чат ужо выдалены».

15 лютага КДБ пачаў «зачыстку».

Затрыманні, ператрусы, допыты, выняцце тэлефонаў на экспертызу

15 лютага у ПУАТ №39 быў затрыманы палітзняволены актывіст з Магілёва Станіслаў Паўлінковіч, у ПУАТ №45 затрыманы палітвязень Дзяніс Граханаў, у ПУАТ №49 — Георгій Васіленка.

Па папярэдняй інфармацыі магілёўскіх праваабаронцаў, Станіслаў Паўлінковіч затрыманы ў межах арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму).

Таксама 15 лютага супрацоўнікі КДБ затрымалі былога палітвязня Юрыя Касцюка, які вызваліўся з "хіміі" 6 студзеня.

А трэцяй гадзіны ночы з 15 на 16 лютага затрыманы ў ПУАТ №24 палітзняволены антыфашыст Уладзіслаў Зяневіч, асуджаны да трох гадоў "хіміі" за ўдзел у Маршы у 2020 годзе.

У ПУАТ №45 супрацоўнікі сілавых структур у якасці сведкі па крымінальнай справе дапыталі палітвязня Лявона Халатрана. Цяпер ён без сувязі і магчымасці выйсці за межы ўстановы. На гэтай «хіміі» перастаў выходзіць на сувязь Віктар Пархімчык.

Вядома, што ў «хімікаў» з ПУАТ №10 вынялі тэлефоны.

У шклоўскай ПУАТ №49 тэлефоны на экспертызу забралі ў палітвязняў Ігната Сідорчыка і Максіма Жарава.

Па месцы прапіскі былі праведзены ператрусы ў асуджаных да «хіміі» палітвязняў, якія пакінулі Беларусь: Аляксея Ліпеня, Уладзіслава Усціна. Таксама прайшоў ператрус у актывісткі Марыны Касінеравай, якая знаходзіцца за межамі Беларусі. Супрацоўнікі КДБ праводзілі ператрусы ў межах арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса "Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім".

Таксама вядома, што супрацоўнікі КДБ наведвалі і іншыя ПУАТ.

17 лютага ператрусы і допыты палітвязняў працягнуліся. Вядома, што яны адбыліся ў папраўчай установе адкрытага тыпу №46 у г.п. Круглае. Там свае тэрміны адбываюць 10 палітвязняў. Ператрусы і допыты праводзілі супрацоўнікі КДБ. Аднаго з палітвязняў дапытвалі 12 гадзін.

Таксама ператрусы адбыліся ў палітвязняў папраўчай установы адкрытага тыпу №43, што месціцца ў Магілёве. На гэтай «хіміі» свае тэрміны адбываюць 20 палітвязняў. Паведамляецца, што з-за ператрусаў зняволеных не выпусцілі на працу.

Увечары 17 лютага супрацоўнікі КДБ зладзілі ператрусы ў зняволеных папраўчай установы адкрытага тыпу №29, што месціцца ў Ваўкавыску, дзе свае тэрміны адбываюць 9 палітвязняў.

Што з затрыманымі?

Асуджанага да 1,5 года «хіміі» 43-гадовага Дзяніса Граханава 15 лютага затрымалі ў папраўчай установе адкрытага тыпу №45 пад Камянцом. Яго туды накіравалі 15 красавіка мінулага году адбываць пакаранне за нанясенне надпісу «Не забудзем» каля «Пушкінскай».

Дзяніс Граханаў. Фота: spring96.org
Дзяніс Граханаў. Фота: spring96.org

Праваабаронцам стала вядома, што супраць Граханава ўзбудзілі новую крымінальную справу і перавезлі ў СІЗА Гомеля. Па папярэдняй інфармацыі, палітвязня абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі па арт. 368 КК. 

Вядома, што супраць былога палітвязня Юрыя Касцюка склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суд над ім чакаецца 21 лютага.

Юрый Касцюк у судзе.
Юрый Касцюк у судзе

24-гадовага берасцейца абвінавацілі ў знявазе дзяржаўных сімвалаў па артыкуле 370 КК. Па матэрыялах следства, 4 верасня 2020 года Юрый ішоў з сябрамі каля гасцініцы “Маладзёжная” ў Брэсце і падчас размовы тузануў дзяржаўны сцяг на будынку, які адразу зваліўся. 17 лістапада 2020 года Юрыю прысудзілі 1 год «хіміі».

23 лістапада 2021 года адбыўся суд па замене пакарання на больш строгае. У выніку Юрыю прысудзілі 1 месяц і 16 дзён калоніі агульнага рэжыму. З «хіміі» яго перавялі ў гродзенскую турму №1. 6 студзеня ў палітвязня скончыўся тэрмін пакарання і ён выйшаў на волю.

Лёс іншых затрыманых высвятляецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства