viasna on patreon

«Размясціў і захоўваў малюнак БЧБ-балонікаў». За што ў Мастах пакаралі 13 чалавек у студзені

2022 2022-02-22T14:23:26+0300 2022-02-22T14:31:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baloniki.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У апошнія некалькі месяцаў улады сталі ўсё часцей выкарыстоўваць артыкул 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) супраць беларусаў. Па ім караюць за перасыл паведамленняў з «экстрэмісцкіх» каналаў, за захоўванне гэтых матэрыялаў у асабістых перапісках і чатах, а таксама за падпіску на каналы ў розных сацыяльных сетках. Судзяць за «экстрэмізм» па ўсёй Беларусі, але ў рэгіёнах замест сутак часцей прызначаюць штрафы. У Мастах, напрыклад, толькі за студзень асудзілі мінімум 13 мясцовых жыхароў, а на шасцярых з іх склалі таксама і пратаколы за «несанкцыянаванае пікетаванне». Але суд пастанавіў спыніць усе справы па арт. 24.23 КаАП, бо адсутнічае склад правапарушэння. На іх складалі пратаколы за стыкеры ў чаце, фота невядомых людзей з БЧБ-сцягам і рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў. «Вясна» сабрала ўсе дзіўныя фармулёўкі з пратаколаў супраць жыхароў Мастоў і распавядае, як іх пераследуюць па «палітычных» артыкулах.

Ілюстрацыйнае фота

Суд Мастоўскага раёна з 3 студзеня па 2 лютага асудзіў па арт. 19.11 КаАП мінімум 13 чалавек. Ва ўсіх выпадках суддзі прызначалі мясцовым жыхарам штрафы ад 20 да 30 базавых велічыняў, а ў некаторых — с канфіскацыей тэлефонаў. Сярод асуджаных былі электраманцёр, начальнік службы аховы працы, інжынер па ахове працы, укладнік піламатэрыялаў, настаўнікі і вартаўніца.

У аднаго з жыхароў у пратаколе пазначана, што, апроч усяго, ён здзейсніў парушэнне, зрабіўшы рэпост відэа з назвай «Канстантiн Райкiн чытае апошнi лiст Вiтольда Ашурка да мацi». Суд прызнаў мужчыну вінаватым і пакараў яго штрафам у памеры 640 рублёў (20 базавых велічыняў).

Таксама мастаўчан штрафавалі за рэпосты з тг-каналаў «STOP LUKА», «ДВИЖ», «Беларусь головного мозга», ТУТ.бай, Нехта, «Белсат» і «Tribuna.com Беларусь». Сваю віну падчас суда ўсе прызналі.

На шасцярых жыхароў Мастоў, акрамя арт. 19.11 КаАП, склалі дадатковы пратакол па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Але суд пастанавіў спыніць адміністрацыйныя справы за «пікетаванне» за адсутнасцю ў іх дзеяннях складу правапарушэння.

Суд адзначыў, што «размяшчэнне у тэлеграм-канале малюнкаў з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў, не з'яўляецца адзіночным пікетаваннем, бо ў кампетэнцыю мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў не ўваходзіць прыняцце рашэнняў аб дазволе або забароне размяшчэння малюнкаў у інтэрнэце».

Што пісалі ім у пратаколах?

Амаль усе мастаўчане «пікетавалі» ў мясцовым чаце «Мосты для жизни», які таксама быў прызнаны экстрэмісцкім. Публікацыі з сімволікай былі апублікаваныя ў розны час у 2020 годзе. Вось, як выглядае «несанкцыянаванае адзіночнае піветаванне» у Мастах, на думку міліцыянтаў Мастоўскага РАУСа:

«Маючы намер на публічнае выказванне сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў, 11 кастрычніка 2020 года і 8 снежня 2020 года у агульным доступе ў тэлеграм канале «Мосты для жизни чат» захоўваў па 16 снежня 2021 года малюнак бел-чырвона-белай сімволікі невядомай жанчыны з бел-чырвона-белым сцягам».

«16 жніўня 2020 года са свайго профілю ў агульным доступе ў тэлеграм канале «Мосты для жизни чат» размясціў і захоўваў па 20 снежня 2021 года малюнак бел-чырвона-белай сімволікі».

«19 жніўня 2020 года размясціў у тэлеграм-канале «Мосты для жизни чат» і захоўваў па 20 снежня 2021 года малюнак з двума невядомымі мужчынамі, якія трымаюць плакаты ў руках, а таксама маецца выява бел-чырвона-белага сцяга».

«15 жніўня 2020 года ў тэлеграм канале «Мосты для жизни чат» размясціў і захоўваў да гэтага часу малюнак бел-чырвона-белых балонікаў».

«27 жніўня, 1 верасня і 20 снежня 2020 года размясціла ў Facebook у агульнадаступнай стужцы навін і захоўвала па 15 снежня 2021 года свае фатаграфіі з выявай бел-чырвона-белага сцяга».

Пераслед за стыкеры ў тэлеграме

Стыкеры, за якія на жыхара Мастоў склалі адміністрацыйны пратакол

А гэты пратакол быў складзены за адпраўленыя ў чат стыкеры:

«З 21 жніўня 2020 года па 15 лістапада 2020 года ў месенджары “тэлеграм“ у агульнадаступным чаце “Мосты для жизни чат“ размясціў і захоўваў па 13 снежня 2021 года, малюнак у выглядзе кісці рукі з паднятым вялікім пальцам уверх і выявай бел-чырвона-белага сцяга, малюнак у выглядзе кісці рукі з паднятым вялікім пальцам уверх і выявай бел- чырвона-белага сцяга з тэкстам “Файна“, малюнак у выглядзе кісці рукі з паднятым вялікім і паказальнымі пальцамі ўверх і надпісам бел-чырвонага колеру з тэкстам “Жыве Беларусь“, выява бел-чырвона-белага сцяга, выявы бел-чырвона-белага сцяга з тэкстам “Сцяг свабоды над галавой“, выява надпісу бел-чырвона-белага колеру “Страна для жизни“ і выява герба “Пагоня“».

Агулам жыхароў Мастоў за студзень аштрафавалі на 330 базавых велічыняў (10 тысяч 560 рублёў), а ў трох з іх яшчэ канфіскавалі тэлефоны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства