viasna on patreon

Як па дыфамацыйных артыкулах судзілі за апошнія паўмесяца? Падборка прысудаў

2022 2022-03-05T16:58:36+0300 2022-03-19T20:52:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_minsk1_1.10.20.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы і валанцёры «Вясны» працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ). «Вясна» распавядае, каго і за што ў Беларусі судзілі па гэтых артыкулах за апошнія паўмесяца.

«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

 Судовая зала. Ілюстратыўнае фота

Дзмітрыя Сушчыка затрымлівалі двойчы і нават дапытвалі ў лесе. Суд Навагрудскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у "абразе прэзідэнта" і "апаганьванні сцяга і герба Беларусі" і прысудзіў 2 сакавіка да 1,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага Кодэкса РБ "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" і арт. 370 "Здзек з дзяржаўных сімвалаў"). Дзмітрый Сушчык з'яўляецца палітвязьнем.


У віну Уладзіміру Сільвановічу з Іўеўскага раёна ставілі 8 эпізодаў "абраз" у адрас прадстаўнікоў улады ў "Аднакласніках". З сайта Вярхоўнага суда інфармацыя пра судовае паседжанне над ім у адзін момант прыбралі. Мужчыну асудзілі на 2,5 гады пазбаўлення волі. Акрамя гэтага ён павінен сплаціь пацярпелым прадстаўнікам улады 4000 беларускіх рублёў матэрыяльнай кампенсацыі маральных пакут (заўв. 1 ч. 3 арт. 203 КК "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных", арт. 370 КК "Здзек з дзяржаўных сімвалаў", арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады" і ч. 1 арт. 368 КК "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).


У Крупках 3 сакавіка Сяргея Шынкевіча прыгаварылі да 1,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”) за слова “ган*оны” у дачыненні да двух міліцыянтаў. Ім Шынкевіч да таго ж мусіць сплаціць па 500 беларускіх рублёў матэрыальный кампенсацыі маральных пакут і 1500 беларускіх рублёў кампенсацыі юрыдычных выдаткаў (арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады").


Жыхара Ганцавічаў Уладзіміра Паўловіча арыштавалі на 3 месяцы за тое, што той у студзені патэлефанаваў у мясцовы РАУС і выказаў “асабістае пасланне Лукашэнку” (ч. 1 арт. 368 КК "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь").


За "абразу" мінчуку Віктару Чэркасу далі 4 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Такі прысуд вынесла суддзя суда Ленінскага раёна горада Мінска Юлія Шут.


Як стала вядома правабаронцам, яшчэ 14 лютага ў судзе горада Пінска і Пінскага раёна па артыкуле 369 КК РБ ("Абраза прадстаўніка ўлады") асудзілі Аляксандра Шуміла. Пад вартай абвінавачаны знаходзіўся з 13 студзеня 2022 года, а эпізод “абразы” быў здзейснены 20 чэрвеня 2021 года, калі Шуміла працаваў у Польшчы. У той час, згодна з прысудам, ён у сацсетках на рэсурсе “ДВИЖ” напісаў пад публікацыяй пра супрацоўніка чацвёртага аддзела трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК “негатыўны” каментар. А на наступны дзень Шуміла пакінуў яшчэ адзін каментар, яккі суд палічыў “абразлівым”.

За гэта суддзя Андрэй Бычыла прыгаварыў Аляксандра Шуміла да пакарання на тэрмін 2 гады абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”), а яшчэ прызначыў штраф у памеры 100 базавых велічыняў (3200  беларускіх рублёў).


Таксама праваабаронцам стаў вядомы чарговы прысуд за абразу ў інтэрнэце ганцавіцкага міліцыянта Ігара Вольніча. Той ізноў стаў пацярпелым па крымінальнай справе (арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады"). У "абразе" абвінавацілі Міхаіла Чумакова.  25 лютага суд Лепеля і Лепельскага раёна за 45 хвілін правёў над ім судовае пасяджэнне і прысудзіў Чумакову 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама Чумакову патрэбна выплаціць Вольнічу маральную кампенсацыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства