viasna on patreon

Жыхара Іўеўскага раёна асудзілі па чатырох артыкулах, а прысуд у 2,5 гады пазбаўлення волі вынеслі незаўважна для старонніх вачэй і вушэй

2022 2022-02-28T17:50:04+0300 2022-03-01T16:58:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud-nesvij.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцам стала вядома пра вынікі судовага пасяджэння па справе Уладзіміра Сільвановіча, якое прайшло ў Іўі.

Мужчыну абвінавачваюць адразу па чатырох крымінальных артыкулах: заўв. 1 ч. 3 арт. 203 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных», арт. 370 «Здзек з дзяржаўных сімвалаў», арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» і ч. 1 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Мяркуючы па раскладзе, які вывешваецца на сайце Вярхоўнага суда Беларусі, прысуд па справе Уладзіміра Сільвановіча павінны былі вынесці 28 лютага. Аднак у апошні момант без тлумачэння прычын з раскладу гэты суд знік. Неўзабаве праваабаронцам стала вядома, што рашэнне па гэтай справе было вынесена яшчэ 21 лютага, але шырокай грамадскасці пра яго не было вядома да гэтага часу. Ні на мясцовых, ні на рэспубліканскіх сайтах няма не тое каб інфармацыі пра дэталі судовага пасяджэння, але нават пра яго вынікі.

Вядома толькі, што судовае пасяджэнне па гэтай справе ўзначаліла старшыня суда Іўеўскага раёна Марыя Каханоўская. Бок абвінавачвання падтрымлівала памочніца пракурора Вікторыя Аўсейчык.

Інтарэсы Уладзіміра Сільвановіча ў судзе абараняў адвакат Павел Піваварчык. Ён жа абараняў Пятра Буцько з Іўя - экс-міліцыянта, які падтрымаў акцыі пратэсту і быў пазбаўлены за гэта вайсковага звання, але ў турму на 6 гадоў сеў з-за бойкі з калегам.

Усю наступную інфармацыю праваабаронцам «Вясны» ўдалося даведацца з вартых даверу крыніц.

Так, напрыклад, нам стала вядома, што абвінавачаны родам з вёскі Лаздуны Іўеўскага раёна. Мужчына займаўся прыватнымі перавозкамі. Уладзіміра арыштавалі яшчэ ў кастрычніку мінулага года. Спачатку яго ўтрымлівалі пад вартай у ІЧУ Іўя, а пазней этапавалі ў Гродна. Як паспеў паведаміць сам мужчына, умовы ў ІЧУ былі нашмат лепшымі, чым у Гродне.

Першае пасяджэнне па справе Уладзіміра Сільвановіча было прызначана яшчэ на 26 студзеня, але з-за хваробы суддзі пасяджэнне перанеслі на тэрмін не раней чым на 21 лютага.

Вядома, што ў віну Уладзіміру ставяць 8 эпізодаў абраз – у адрас прадстаўнікоў улады мужчына пакінуў зняважлівыя каментары ў Аднакласніках, а таксама распаўсюдзіў іх персанальныя дадзеныя. Пра дэталі абвінавачвання па іншых артыкулах нічога не вядома.

Судовыя пасяджэнні па справе Уладзіміра Сільвановіча рабілі выязнымі і праводзілі ў будынку РАУС.

У канчатковым выніку мужчыну прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па ўсіх прад'яўленых яму артыкулах (заўв. 1 ч. 3 арт. 203, арт. 370, арт. 369, ч. 1 арт. 368) і прысудзілі 2,5 гады пазбаўлення волі. У якасці маральнай кампенсацыі суд пастанавіў Сільвановічу выплаціць пацярпелым 4000 беларускіх рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства