У Крупках мужчыну прысудзілі 1,5 гады «хатняй хіміі» за «ган...оны»
Трэцяга сакавіка суд Крупскага раёна вынес вырак па справе Сяргея Шынкевіча, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады».
Разглядаць гэтую справу суд пачаў яшчэ ў лютым. Судовае пасяджэнне ўзначаліла старшыня суда Крупскага раёна Любоў Сівакова. Бок абвінавачвання падтрымлівала старшая памочніца пракурора Крупскага раёна Святлана Стахоўская.
У віну Шынкевічу ставяць тое, што 18 чэрвеня мінулага году ён зайшоў у Аднакласнікі і, пабачыўшы там пост з фотаздымкам, на якім два міліцыянты Дубровенскага аддзелу ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама адабралі ў дзяцей балонікі, пакінуў пад гэтым пастом слова «ган…оны».
Праз гэты ўчынак жыхару Крупак і прад’явілі абвінавачванне па артыкуле 369 КК РБ.
Вядома, што пасля ўзбуджэння крымінальнай справы да мужчыны прыехалі супрацоўнікі міліцыі і запісалі з ім «пакаяльнае» відэа, якое разам са скрыншотам абразлівага каментара фігуравала ў матэрыялах крымінальнай справы ў якасці матэрыяльных доказаў.
Пацярпелыя міліцыянты на судовае пасяджэнне не з’явіліся. Абодва даслалі ў суд аднолькавыя заявы аб тым, каб справу разглядалі без іх удзелу, спаслаўшыся на цяжкую эпідэміялагічную абстаноўку, занятасць на працы і далёкае месцазнаходжанне ад Крупак.
Абвінавачаны Сяргей Шынкевіч цалкам прызнаў сваю віну. Суду мужчына патлумачыў, што той абразлівы каментар ён пакінуў пад уздзеяннем спіртнога, бо ў той дзень выпіў 200 мл піва.
Падчас судовага пасяджэння суддзя высветліла, што пацярпелыя міліцыянты не заявілі аб кампенсацыі ім маральнай шкоды. Калі суддзя запыталася, што пра гэта думаюць бакі абароны і абвінавачвання, адвакатка Шынкевіча акцэнтавала ўвагу на тым, што патрэбы дазнавацца ў пацярпелых пра гэта няма, бо калі б яна захацелі, то ўжо заявілі б адпаведныя патрабаванні. А калі гэтага не адбылося, то, значыцца, і патрэбы ў маральнай кампенсацыі яны не маюць. Але суддзя ўсё ж вырашыла высветліць гэтае пытанне асабіста ў пацярпелых. З гэтай нагоды яна нават перанесла судовае пасяджэнне на іншы дзень.
3 сакавіка суд Крупскага раёна прызнаў Сяргея Шынкевіча вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ і прысудзіў яму 1,5 гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пастанавіўшы кампенсаваць пацярпелым маральную шкоду ў памеры 500 рублёў кожнаму, а таксама кампенсаваць абражаным міліцыянтам юрыдычныя выдаткі, якія склалі прыблізна 1 300 рублёў.