viasna on patreon

Класіка судовага жанру? Несастыкоўкі ў паказаннях і сведчанні аб катаваннях ніяк не паўплывалі на вынік судовага разгляду ў Бярозе

2022 2022-03-28T13:30:18+0300 2022-03-28T14:52:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/narychniki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

Праваабаронцам стала вядома пра вынікі судовых пасяджэнняў па справе Алега Нічыпоркі і Івана Ката. Гэты судовы працэс быў сапраўды складаным і вельмі супярэчлівым: адзін з абвінавачаных мяняў паказанні некалькі разоў, сведчыў аб катаваннях і ціску на яго падчас утрымання пад вартай. На судовых пасяджэннях фізічна кепска рабілася і абвінавачанаму, і яго сваякам. У вінаватасць Нічыпоркі па некалькіх эпізодах не верылі нават сведкі і некаторыя пацярпелыя. Многія ўдзельнікі гэтага працэсу спадзяваліся, што на гэтай справе судовая машына, якая ўжо доўгі час жорстка "закатвае" беларусаў у турмы, нарэшце, зламаецца. Спойлер: не зламалася.

Утрымліваюць пад вартай больш за 4 месяцы і ставяць у віну больш за 30 злачынных эпізодаў

Справу разглядала суддзя Бярозаўскага раёна Наталля Мінчанка.

Івана Ката абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 205 КК “Крадзеж”. Алега Нічыпорку — па ч. 1 і ч. 2 арт. 205 КК "Крадзеж", арт. 341 КК "Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці", арт. 370 КК "Здзек з дзяржаўных сімвалаў”, а таксама па ч.1 і ч. 2 арт. 218 КК “Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці".

Вядома, што Алегу Нічыпорку 23 гады. Хлопец жыве ў Бярозе, раней быў судзімы. Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў яго затрымалі 17 лістапада мінулага года. 20 лістапада 2021-га Алега змясцілі пад варту.

Івану Кату 24 гады. Ён таксама з Бярозы, судзімы ніколі не быў. Гэтак жа, як і Алега, хлопца затрымалі 17 лістапада мінулага года, а праз трое сутак — 20 лістапада— узялі пад варту.

Агулам у віну Нічыпорку і Кату ставяць больш за 30 злачынных эпізодаў.

У большасці з іх абвінавачваюць Алега Нічыпорку. У прыватнасці, у тым, што ў верасні 2020-га года ён размаляваў балончыкам з фарбамі платы ў вёсцы Нівы Бярозаўскага раёна, прыпынкі, гаражы і будынкі ў Бярозе, расклеіў улёткі на гарадскіх слупах, размаляваў уваходныя дзверы і фасад дома супрацоўніка міліцыі, скраў амаль два дзясяткі камер відэаназірання, сапсаваў фасады шматпавярховак "вадкасцю з утрыманнем нафтапрадуктаў", пашкодзіў некалькі дзяржаўных сцягоў…

Паводле версіі дзяржабвінавачання, аэразольнымі балончыкамі з фарбамі Нічыпорка наносіў "цынічныя надпісы і малюнкі, якія абражаюць пачуцці грамадзян, дэманструюць непавагу да маральных каштоўнасцяў, дыскрэдытуюць і зніжаюць аўтарытэт дзяржаўнай улады", дэманстраваў "негатыўнае стаўленне да праваахоўнай сістэмы Беларусі і супрацоўнікаў Міністэрства унутраных спраў", а таксама наўмысна “пашкодзіў чужую маёмасць, прычыніўшы тым самым шкоду ў буйным памеры".

Разам Нічіпорку і Ката абвінавачваюць у тым, што на працягу 2021 года яны абакралі некалькі дамоў у дачным кааператыве. Увесь спіс скрадзеных рэчаў задоўгі. Для разумення агульнай карціны пералічым толькі некаторыя з іх: самаробныя лямпы, зарадныя прылады, дынамікі, калонкі, гітара, узмацняльнік гуку, касетны магнітафон, электроды, тры металічныя слупы, аўтазапчасткі…

На першых судовых пасяджэннях Алег Нічыпорка цалкам прызнаў сваю віну па ўсіх прад'яўленых яму эпізодах. Іван Кот толькі часткова прызнаў віну паводле ч.2 арт. 205 “Крадзеж”.

Разам Кот і Нічыпорка распавялі, што скрадзеныя рэчы яны падзялілі між сабой. Штосьці паспелі прадаць.

На адным з першых судовых пасяджэнняў дзяржабвінаваўца спытаў Нічыпорку:

"Скажыце, вы добраахвотна даяце сёння паказанні?"

"Так, добраахвотна", — адказаў Алег.

"А следству вы добраахвотна давалі паказанні?"

"Так, добраахвотна".

"Вашы паказанні адрозніваліся крыху, вы не прызнавалі ўсе эпізоды падчас следства".

Аказваецца, першапачаткова хлопец сазнаваўся толькі ў тым, што разам з Катом яны абкрадалі дачы, а па астатніх 29-ці эпізодах - не. Аднак ужо на судзе Алег сказаў, што здзяйсняў усе злачынствы, якія яму інкрымінуюць. Неадпаведнасці ў паказаннях хлопец растлумачыў наступным чынам:"Калі трохі пасядзеў у ІЧУ, вырашыў прызнацца ва ўсім, у чым мяне абвінавачваюць". Тут жа выявіліся і іншыя несастыкоўкі. Аказалася, што падчас следства абвінавачаны даў паказанні аб тым, што некаторыя злачынствы ён здзейсніў у нецвярозым стане, але ўжо на судзе Алег сказаў, што быў цвярозым, і што ён увогуле п'е ў выключных выпадках.

Ілюстрацыйнае фота.

"У лісце папярэдзіў, што сазнаецца ў тым, чаго не здзяйсняў"

Падчас апытання сведак і пацярпелых высветлілася, што некаторыя з іх знаёмыя з Нічыпоркам.

Так, да прыкладу, адзін з пацярпелых — былы калега хлопца. Мужчына ахарактарызаваў Алега як вельмі прыстойнага і ветлівага чалавека. Пераконваў суд у тым, што абвінавачаны проста заблытаўся ў няпростых жыццёвых абставінах, сказаў, што зла на яго не трымае, і выказаўся за максімальна няжорсткае пакаранне.

Сведка, якую апытвалі па справе аб сапсаваным фасадзе дома, сказала:

"Я ведаю, чаму ён зрабіў гэта. У яго душы пратэст. Пратэст супраць бацькоў, пратэст супраць грамадства. Яму трэба было папрацаваць з псіхолагам, каб яму далі параду. І падтрымка, патрэбна падтрымка".

У якасці сведкі па справе праходзіў і бацька Алега Нічыпоркі.

Мужчына паскардзіўся суду на тое, што яго перадачы для сына перадаюць не адразу, і што ў адным са сваіх лістоў Алег папярэдзіў, што на судзе збіраецца сазнацца ў тым, чаго ён не здзяйсняў.

Мужчына выказаў упэўненасць, што яго сын не вінаваты ў 29 злачынных эпізодах, у якіх першапачаткова не прызнаваўся. Бацька абвінавачанага распавёў, што служыў у Карабаху і стараўся годна выхоўваць сына; што апошнім часам Алег шмат працаваў у таксі і проста фізічна не мог кудысьці ездзіць і нешта там псаваць і размалёўваць.

Мужчына падкрэсліў, што балончыкаў з фарбамі падчас ператрусу ў іх дома не знайшлі, а палітыкай Алег увогуле ніколі не цікавіўся. Аднак пацвердзіў, што на гарышчы ў іх знайшлі рэчы, якія былі скрадзены з дачных дамоў.

"Вы ведаеце, што агульная шкода складае больш за 52 тысячы, а кампенсавана прыблізна 3? Як вы плануеце іх кампенсаваць?" — спытаў дзяржабвінаваўца ў бацькі Алега Нічыпоркі.

"Калі дакажуць, што гэта рабіў ён, то не ведаю, дзе я іх знайду", — адказаў мужчына.

Вы кампенсавалі з якой мэтай? Каб пакаранне было мякчэйшым?

"Ну, вядома".

"Ці ёсць у вас нейкія просьбы і пажаданні"?

"Хачу, каб улічылі тое, што я сказаў, і каб абгрунтавана прынялі рашэнне, разабраліся. Калі вінаваты — карайце. Я ўпэўнены, што ён не рабіў гэтага.

У лістах не адмаўляў сваю датычнасць да злачынстваў?"

У апошнім лісце напісаў, што на судзе сазнаецца ва ўсім, бо за гэта яму паабяцалі "хімію".

Некаторыя сведкі па справе нават не разумелі, навошта іх выклікалі

На працягу некалькіх судовых пасяджэнняў суд апытваў сведкаў па справе. Але шмат хто з іх нават не разумеў, навошта іх выклікалі і ў чым абвінавачваюць Ката і Нічыпорку. Некаторыя распавядалі, што выпадкова ўбачылі надпісы на платах або сценах, але хто гэтыя надпісы зрабіў, сведкі не мелі нават уяўлення.

Вось, да прыкладу, паказанні аднаго са сведкаў, які працуе ў ЖКГ:

"3 сакавіка 2021 года ўбачыў надпісы на кантэйнерах. Абслугоўваю гэтую тэрыторыю. Спачатку вырашыў, што надпісы "80%" — гэта заводскі надпіс. Чорнай фарбай было напісана. Мне выдалі фарбу, сказалі зафарбаваць. Навошта — не ведаю. Сказалі я зафарбаваў. Што гэта за "80%" — не ведаю. Надпісаў "3%" не бачыў".

Яшчэ адзін сведка:

"Раніцай у выходны прачнуўся, убачыў у акно, што на доме насупраць з’явіўся надпіс. Ноччу нічога не чуў. Хто мог зрабіць - не ведаю".

Прыкладна такая ж гісторыя са сведкам па справе аб размаляваным гаражы. Вось што распавёў старшыня гаражнага кааператыва Іван Прыходзька:

"Пацвярджаю, што сцены былі размаляваныя. Але асабіста гэтых надпісаў не бачыў. Я бачыў іх толькі на фотаздымках, якія мне паказалі ў ЖКГ. Шкода нанесеная, але кааператыў ніякіх выдаткаў не панёс, бо сцяну зафарбоўвалі супрацоўнікі ЖКГ. Гэта быў верасень 2021-га года".

Таксама мужчына распавёў, што пераглядаў запісы з камеры відэаназірання, але злачынца на іх так і не пабачыў. Ён жа выказаў здагадку, што абвінавачаны на тэрыторыю кааператыва не заходзіў, бо малюнкі былі нанесеныя звонку.

А вось якія паказанні даў медык з ЦРБ Бярозы Віктар Палковіч:

Дзяржабвінаваўца: "Што вы можаце нам патлумачыць?"

Віктар Палковіч: "А якая справа ўвогуле??

"Па абвінавачванні Ката і Нічыпоркі".

"У чым? Я не ведаю".

Суддзя называе артыкулы, якія інкрымінуюць абвінавачаным.

"Калі раніцай вяртаўся з працы, убачыў, што на трансфарматарнай падстанцыі з’явіліся надпісы чырвонага колеру. Што было напісана — не памятаю".

Таксама сведка падкрэсліў, што ён не выявіў надпісы, як гэта напісалі ў пратаколе, а проста ўбачыў. Хто іх зрабіў і калі, ён не ведае.

Ілюстрацыйнае фота

"Ну, гэтак сказала міліцыя"

З сапсаванымі дзяржаўнымі сцягамі — падобная гісторыя. Адзін за адным сведкі гаварылі, што выпадкова убачылі парэзаныя сцягі на будынках, але хто іх пашкодзіў, яны не ведаюць. Устанавіць злачынцу па камерах відэаназірання сведкам таксама не ўдалося, пры гэтым амаль усе сумняваліся, што Нічыпорка фізічна мог дацягнуцца да флагштока і парэзаць сцягі такім чынам, як ён сам паказаў падчас следства, бо сцягі гэтыя вісяць занадта высока.

Вось што суду распавяла супрацоўніца "Еўраопта" Ірына Караль, на будынку якога быў знойдзены адзін з сапсаваных сцягоў:

"Нічога не вядома, акрамя таго, што мы прыйшлі на працу, і нам пакупнікі паведамілі, што сцяг на нашым будынку пашкоджаны".

Дзяржабвінаваўца: "Што яны сказалі?"

"Ну, што сцяг пашкоджаны".

"Гэта вам стала вядома ад пакупнікоў, так? Вы пераканаліся ў гэтай інфармацыі? Быў пашкоджаны на самой справе? Выйшлі, напэўна, на вуліцу і паглядзелі?"

"Ну так, паглядзелі... Як быццам, ці то сонцам, ці то што ... Увогуле незразумела, якім чынам і дзе пашкоджаны.

"Якія былі пашкоджанні?"

"Калі знялі сцяг, то бачна было, што ён нібыта на палосачкі парэзаны".

"Як быццам парэзалі, так?"

"Ну, я не ведаю, парэзаны ці што. Гэта ўжо потым сказалі ў міліцыі".

"Ну, меліся пашкоджанні?"

"Так, былі".

"Характэрныя пашкоджанні, як быццам яго парэзалі. Я так разумею?"

"Ну, гэтак сказала міліцыя".

Не менш дзіўная гісторыя — з плямамі на дамах. Паводле версіі абвінавачвання, Нічыпорка спачатку замешваў сумесь, у якую дадаваў нафтапрадукты, у тым ліку і адпрацаваны маторную аліву; потым наліваў гэтую сумесь у слоікі, закідваў гэтыя слоікі на дахі будынкаў, пасля чаго залазіў на гэтыя дахі, дзе прывязваў слоікі вяроўкай і “шляхам замахвання разбіваў слоікі аб сцены дамоў на ўзроўні 4-5 паверхаў.

Версія гучыць амаль фантастычна. Сведкі ў верагоднасць такога развіцця падзей верыць адмаўляліся. Але сам Нічыпорка гэтую версію пацвярджаў, хоць часцяком і блытаўся ў сваіх жа словах.

Тое, што абвінавачаны дае дзіўныя паказанні, адзначыў і яго абаронца:

Адвакат: "На мінулым пасяджэнні вы казалі, што слоікі з даху кідалі. Цяпер кажаце, што з горкі".

Нічыпорка: "Ля розных дамоў з розных месцаў кідаў. Дзе побач былі дарогі, там кідаў з даху".

Адвакат: "Яшчэ раней вы казалі, што праз бялізнавую падняліся на дах, і з даху кідалі".

"Дзеля ажыццяўлення такога злачынства патрэбныя навыкі атлета"

У гісторыі з крадзенымі камерамі — зноўку несастыкоўкі.

Першапачаткова Нічыпорка тлумачыў суду, што камеры ён скраў, каб прадаць іх расейцам, якія, з ягоных слоў, замовілі ў яго гэтае злачынства. Але атрымаць грошы за скрадзенае ў яго так і не атрымалася. Нібыта, яго падманулі.

Пры гэтым сведкі запэўнівалі, што камеры відавочна былі сапсаваныя вандаламі, а не былі скрадзеныя дзеля далейшага продажу, бо падчас злачынства былі пашкоджаныя працоўныя механізмы камер — яны пасля гэтага ўжо непрыдатныя да выкарыстання.

Падчас судовага пасяджэння высветлілася, што калісьці Нічыпорка і сам займаўся ўсталяваннем камер відэаназірання. Пасля гэтага сумневаў з'явілася яшчэ больш, бо калі б ён хацеў скрасці камеры дзеля продажу, ён бы зняў іх “правільна”, а не вандальскім спосабам. Да таго ж, спачатку Нічыпорка казаў, што скрадзеныя камеры хаваў у мех, а сведкі суду распавядалі, што некаторыя скрадзеныя камеры знайшлі на беразе ракі. Потым Нічыпорка раптам сказаў, што такім чынам, ля вады, ён спрабаваў іх схаваць. Пасля высветлілася, што падчас учынення крадзяжу адной з камер, у якім абвінавачваюць Алега, ён увогуле знаходзіўся ў афіцыйнай камандзіроўцы, і гэта пацвердзіў яго былы начальнік.

Вось, што ён сказаў на судзе пра Алега:

"Нават зараз для мяне гэта сур'ёзны шок, ну не мог ён гэтага зрабіць, ну не мог... Ён быў адказным спецыялістам, і калі б гэта рабіў ён, ён бы банальна ўзяў адвёртку і адкруціў".

А вось што распавёў сам Алег, калі суддзя папрасіла яго патлумачыць, якім чынам ён краў камеры:

"Залез на дах, каб вывернуць камеры, трымаўся на вяроўцы. Камеры не дэмантаваў з дапамогай адвёрткі, бо гэта было б доўга".

Сведкі адзначылі, што дзеля здзяйснення такога злачынства патрэбны, як мінімум, навыкі атлета.

"Пагражалі стрэлам у галаву і білі кулакамі"

З кожным судовым пасяджэннем супярэчнасцяў па гэтай справе рабілася ўсё больш.

На пасяджэнні, якое адбылося 18 лютага, стала вядома, што Нічыпорка падаў хадайніцтва аб спыненні ўдзелу абаронцы. Нібыта, яму даслалі тлумачэнне суда, і ён не падтрымаў сваё хадайніцтва.

У судзе зачыталі пратакол допыту, які падчас следства праводзіў оперупаўнаважаны Бярозаўскага РАУС Іванюк. У ім Алег нібыта падрабязна прызнаецца і раскайваецца ва ўсіх інкрымінаваных яму злачынствах. Кажа, што не падтрымлівае Лукашэнку, асуджае дзеянні беларускай міліцыі.

Раптам Нічыпорка вырашыў паведаміць суду, што адмаўляецца ад гэтых паказанняў. Суд аб'яўляе перапынак, пасля якога Алег заяўляе, што прызнаецца толькі ў крадзяжы з дачных дамоў, а ўсё астатняе, як ён сам казаў, — "не маё".

Суддзя запатрабавала патлумачыць такі паварот падзей.

Нічыпорка: "Калі да мяне прыязджалі... наконт камер відэаназірання, я сказаў, што гэтага не рабіў. Я ў той час быў з дзяўчынай дома. У мяне быў фотаздымак з датай і часам, калі гэта было...Яны прыехалі і спыталі: "Зможаш залезці на слуп"? Я сказаў, што не змагу. Адзін з іх: "А калі я стрэлю"?

Суддзя: “Калі я што зраблю”?

Нічыпорка: "Ну, калі стрэліць... Я сказаў: "Страляйце". Потым яны забралі мяне... Потым мы з дзяўчынай амаль рассталіся, не ведаю калі, не памятаю... Пасля гэтага, наступнай раніцай, мяне зноў забралі. Пачалі пытацца, што я рабіў, што не рабіў. Ну, я ім сказаў толькі, што мы з Катом... крадзежы гэтыя... Потым мяне павезлі, гадзін дзесьці ў восем ці дзевяць, у Следчы камітэт. Я там ім падрабязна распавёў, як усё было. Яны запісалі ўсё. Потым паехалі раніцай у РАУС. Потым адпусцілі дадому пад адказнасць... А потым зноў забралі. Сказалі: "Пасядзі, потым пагаворым". Раніцай са мной пачаў размаўляць начальнік крымінальнага вышуку. Казаў такое, што мне стала страшна. Два разы па галаве ўдарыў кулаком. Потым узяў за кофту і ў сценку ўдарыў. Пасля гэтага я напісаў заяву, пасадзілі ў камеру. Прасядзеў у камеры, прыйшоў следчы, пачаў пытацца. Я вырашыў, што лепей сазнацца. Потым адумаўся. Зноў сказаў, што не рабіў гэтага. Пасля ў мяне пачалі матрацы забіраць, прадукты не выдаваць... Гарачую ваду не давалі. Забарона у мяне была на гэта. На шпацыры не выводзілі, ціснулі".

Суддзя пацікавілася ў абвінавачанага, як у такім выпадку ён падрабязна даваў прызнальныя паказанні аб тым, дзе і як краў камеры, размалёўваў сцены, рэзаў сцягі і г.д., калі гэтага не рабіў.

Нічыпорка растлумачыў, што супрацоўнікі міліцыі, якія на яго ціснулі, падрабязна распавялі яму, што і як трэба гаварыць пра кожнае злачынства, паказвалі фотаздымкі мясцовасці і надпісаў, плям на сценах.

Калі суддзя спытала ў абвінавачанага, чаму ён нікуды не звяртаўся са скаргамі аб тым, што на яго аказваецца ціск, хлопец адказаў:

"Я са скаргай не мог звярнуцца, таму што большасць маіх заяў проста не адпраўлялі нікуды".

Пасля такіх прызнанняў бацьку Алега Нічыпоркі стала дрэнна наўпрост ў залі суда. Ды і самому абвінавачанаму падчас судовых пасяджэнняў таксама станавілася кепска. Некалькі разоў хлопцу давалі піць ваду, каб той мог супакоіцца.

Алег працягнуў гаварыць:

"У РАУС сказалі, што калі я прызнаю віну, то за мяне замовяць слова і выпусцяць. Гэта адбылося, калі апошнія паказанні даваў... Сказалі: "Ну навошта ты так, лепей прызнай віну". Начальнік РАУС сказаў: “Я абяцаю, што цябе выпусцяць". Гэта ўсё адбывалася падчас допыту, калі следчыя эксперыменты праводзілі".

Ілюстрацыйнае фота.

"Мне надакучыла, што на мяне ціснуць"

Таксама Алег распавёў, што першы допыт прайшоў без адваката, а другі і трэці ўжо быў з абаронцам. Па словах абвінавачанага, "пасля допытаў, дзесьці праз хвілін 20-30, прыходзіў начальнік РАУС альбо начальнік крымінальнага вышуку. І пасля гэтага мне пачалі ваду не даваць, матрацы забіраць”.

Прысутныя ў зале суда пачалі бурна рэагаваць на словы Алега.

"Сынок, трымайся", — сказаў бацька абвінавачанага.

Суддзя зрабіла папярэджанне.

Абаронца, які на гэтым пасяджэнні ў Алега ўжо быў, запытаўся:

"Колькі вы ўжо знаходзіцеся пад вартай?"

Абвінавачаны: “Амаль 5 месяцаў".

"Увесь час у адной камеры"?

"Так".

"А ваш душэўны стан як"?

Алег не знайшоў у сабе сілы адказаць...

Суддзя абвясціла перапынак.

Ужо на наступным судовым пасяджэнні Алег Нічыпорка зноў прызнаў сваю віну... Хлопец растлумачыў гэта тым, што на мінулым пасяджэнні быў не ў стане бачыць пакуты сваіх бацькоў, таму адмовіўся ад злачынстваў.

Пазней Алег выступіў з хадайніцтвам зрабіць суд закрытым, каб не наносіць маральную траўму бацькам. Суд адхіліў хадайніцтва і доўга распытваў хлопца пра дэталі ўчынення злачынстваў, чытаў яўкі з павіннай і чыстасардэчныя прызнанні, якія абвінавачаны пісаў падчас следства. Алег спачатку вельмі няўцямна нешта адказваў, а потым раптоўна выдаў:

"Мне гэта ўжо ўсё надакучыла. Мне надакучыла, што на мяне ціск аказваюць".

"Які ціск на вас аказваюць?" — спытала суддзя.

"Ціснуць супрацоўнікі міліцыі", — адказаў Алег.

Пасля гэтых слоў у зале суда зноў пачалі абурацца прысутныя. Суддзя абвясціла бацьку Алега чарговае папярэджанне і выдаліла яго з пасяджэння.

Алег патлумачыў свае словы:

"Учора пасля суда мяне прывезлі ў ІЧУ. Спачатку было ўсё нармалёва. Потым забралі ўсе рэчы, якія ў мяне былі ў камеры, і сказалі, каб я сядзеў на лаўцы і нічога не рабіў. Потым прыйшоў начальнік РАУС і кажа: "Табе хацелі даць "хімію", а ты цяпер такое нагаворыш, што дадуць дзесяць гадоў".

Спачатку, калі мяне прывезлі ў РАУС, у кабінеце былі толькі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Яны пагражалі. Прыйшоў начальнік крымінальнага вышуку і сказаў, што калі я не скажу ўсё, як яны хочуць, мяне пасадзяць у камеру, дзе я дыхаць не змагу, і пасля гэтага скажу ўсё як міленькі. Пасля кожнага допыту да мяне падыходзілі альбо начальнік РАУС, альбо начальнік міліцыі. Пасля таго, як я ўсе паказанні даў, пачалі да мяне нармалёва ставіцца, сталі ўсё выдаваць. Я хачу, каб на мяне не аказваўся ціск".

Пасля гэтых слоў абаронца падаў хадайніцтва аб выпатрабаванні відэазапісу гутаркі з ІЧУ Бярозаўскага РАУС, а таксама запісы адміністрацыі ІЧУ, у якіх павінна быць зафіксавана, хто і калі прыходзіў і гаварыў з Нічыпоркам.

У суд выклікалі супрацоўніка ІЧУ, які, па словах Нічыпоркі, ціснуў на яго, але той усё адмаўляў. Ён жа распавёў суду, што ІЧУ ў Бярозе паказальнае, што Нічыпорка ўсё прыдумляе. Потым высветлілася, што ў запісах адміністрацыі ІЧУ ўвогуле не пазначана, што ён прыходзіў на гутарку з Нічыпоркам, хоць сам жа гэта пацвердзіў. У выніку ўсе гэтыя несастыкоўкі супрацоўнік ІЧУ патлумачыў "чалавечым фактарам" і банальнай апіскай. На пытанні суда адказваў з ухмылкай ці не па сутнасці. А на ўсе пярэчанні з боку Нічыпоркі адказваў нешта ў стылі: "Што, зноў мяняеш паказанні?". Спробы адваката задаць пытанні супрацоўніку МУС ці высветліць у яго якія-небудзь акалічнасці засталіся непачутымі ці без уцямнага адказу. Сам жа Нічыпорка сцвярджаў, што не вінаваты ў астатніх 29 эпізодах, гаварыў, што можа даказаць гэта, бо ён працаваў у таксі, і вызначыць, дзе і калі знаходзілася яго машына, вельмі проста. Тое ж самае можна адсачыць і па сігнале яго мабільнага тэлефона... Але ўсе гэтыя аргументы так і засталіся непачутымі.

Што вырашыў суд

18 сакавіка суд Бярозаўскага раёна вынес рашэнне па справе Алега Нічыпоркі і Івана Ката. Абодвух прызналі вінаватымі ў здзяйсненні інкрымінаваных ім злачынстваў.

Івану Кату па ч. 2 арт. 205 прысудзілі 1 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Алегу Нічыпорку на падставе ч. 1 арт. 218 КК прызначана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 3 месяцы; на падставе ч. 2 арт. 218 КК прысудзілі абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады. У адпаведнасці з ч. 1 арт. 71 КК пры паўторнасці злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 і ч. 2 арт. 218 КК, шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім, прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады. Па ч.1 арт.205 КК Нічыпорку пакаралі арыштам на 3 месяцы. Па ч. 2 арт. 205 КК — пазбаўленнем волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў. Па арт. 341 КК1 годам пазбаўлення волі. Па арт. 370 ККабмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады.

У адпаведнасці з ч. 2 арт. 72 КК па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання прызначаных пакаранняў канчаткова Нічыпорку прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Таксама суд пастанавіў спагнаць з абвінавачанага на карысць пацярпелых больш за 42 000 беларускіх рублёў.

Прысуд не набыў законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаным заканадаўствам парадку.

«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства