Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2022
Высновы:
- 24 лютага ўзброеныя сілы Расійскай Федэрацыі з розных кірункаў, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, уварваліся на тэрыторыю Украіны;
- Праваабарончы цэнтр "Вясна" асудзіў дзеянні беларускіх і расійскіх улад, якія падрываюць асновы мірнага суіснавання народаў, парушаюць Канстытуцыю і законы Беларусі, а таксама палажэнні заключаных міжнародных дамоў;
- на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзян паводле палітычных матываў, у тым ліку за антываенныя выступы;
- у месцах няволі па прысудах судоў на канец лютага знаходзілася 1068 палітвязняў, іх колькасць працягвае няўхільна павялічвацца;
- у следчым ізалятары паводле адвольных абвінавачванняў працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ "Вясна": старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябар Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч; каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк; сябар ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка і валанцёрка "Вясны" Таццяна Ласіца асуджаны адпаведна да трох і двух гадоў і шасці месяцаў зняволення, прысуд у дачыненні да іх набыў моц;
- працягваюцца затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, у тым ліку антываенных, а таксама адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў асабістым жыллі і на прыватных тэрыторыях, за распаўсюд інфармацыі; за люты, згодна са звесткамі ПЦ "Вясна", затрымана не менш за 952 чалавек. ПЦ "Вясна" вядома пра 13 штрафаў на агульную суму больш як 500 базавых велічынь і 135 адміністрацыйных арыштаў агульнай працягласцю ў 1 917 сутак;
- праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, зняволеных паводле палітычных матываў, затрыманых і адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў пазбаўлення волі нялюдскія ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ "Вясна" як катаванні;
- катаванні і забароненыя віды абыходжання па-ранейшаму ўжываюцца падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў;
- 27 лютага адбыўся рэферэндум па пытанні занясення змен у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь; экспертная місія па назіранні за працэсам правядзення рэферэндуму кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" зафіксавала шматлікія парушэнні закона падчас яго правядзення і прыйшла да высновы аб тым, што вынікі рэферэндуму нельга прызнаць адпаведнымі волевыяўленню выбаршчыкаў.
Вайна ва Украіне
У ноч на 24 лютага расійскія ўзброеныя сілы ўварваліся ва Украіну з усходняга кірунку, а таксама з тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, вайна, якая пачалася з баявых дзеянняў на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны ў красавіку 2014 года, у якой Украіне супрацьстаялі аб'яднаныя сілы сепаратыстаў, падтрыманых войскамі РФ, уступіла ў новую вострую фазу і распаўсюдзілася практычна на ўсю тэрыторыю краіны. Акрамя разбурэння вайсковых аб'ектаў і аб'ектаў інфраструктуры, удары зазналі вуліцы гарадоў і жылыя дамы. Колькасць ахвяр сярод вайскоўцаў і мірнага насельніцтва не падлягае дакладнай ацэнцы, разам з тым вымяраецца ў тысячах людзей; вайна пацягнула гуманітарны крызіс праз з'яўленне сотняў тысяч уцекачоў, якія імкнуцца трапіць у меней небяспечныя раёны ці за мяжу.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" разам з іншымі арганізацыямі і праваабаронцамі выступіў з заявамі, у якіх асудзіў агрэсію, запатрабаваў санкцыі ў адносінах да дзяржавы-агрэсара, заклікаў улады Беларусі вярнуцца ў канстытуцыйныя і дамоўныя рамкі ўзаемаадносін з дзяржавамі, спыніць удзел у эскалацыі міжнароднай напружанасці і адмовіцца ад удзелу ў вайне; прыкласці ўсе магчымыя высілкі дзеля завяршэння Расіяй ваеннай інтэрвенцыі ва Украіне, а таксама заявіў, што адмова вайскоўцаў ад удзелу ў агрэсіўнай вайне павінна разглядацца выключна як рэалізацыя сваіх канстытуцыйных грамадзянскіх правоў.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
За мінулы месяц улады актыўна прыцягвалі да крымінальнай адказнасці ўдзельнікаў пратэсных выступаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 г., іншадумцаў і крытыкаў улады. Крымінальны пераслед — гэта найбольш жорсткая форма рэпрэсій, якая захоўвае масавы і паўсюдны характар.
Як заявіў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч, паводле пратэсных крымінальных спраў са жніўня 2020 года па люты 2022 года асуджана 1 832 чалавекі, з якіх 168 чалавек былі асуджаны за арганізацыю і падрыхтоўку масавых беспарадкаў, або актыўны ўдзел у іх, 396 — за групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, 468 — за абразу прадстаўніка ўлады, 126 чалавек за хуліганства, 86 — за здзек з дзяржсімвалаў.
Колькасць палітвязняў за месяц павялічылася на 46 чалавек і па стане на канец лютага склала 1 068 чалавек, працягваючы няўхільна павялічвацца.
У СІЗА працягваюць утрымлівацца паводле надуманых абвінавачванняў старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, сябар Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марыя (Марфа) Рабкова, валанцёр "Вясны" Андрэй Чапюк. Асуджаны да зняволення кіраўнік гомельскага аддзялення Леанід Судаленка (да трох гадоў калоніі) і валанцёрка Таццяна Ласіца (да двух з паловай гадоў калоніі).
Палітвязень Уладзімір Мацкевіч у зняволенні абвясціў галадоўку. Ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА з 4 жніўня 2021 паводле абвінавачвання ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Першыя 10 дзён філосаф галадаў на вадзе, пасля перайшоў да сухой галадоўкі; палітвязень патрабаваў змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыяздзе, завяршыць следчыя дзеянні і прызначыць дату суда.
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў
Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў. У судах дагэтуль выносяцца прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступаў 2020 года:
У Ленінскім судзе Брэста ўжо месяц па "пінскай справе" паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) судзяць 23-гадовага палітвязня Алега Ардзюка. Яго вінавацяць у тым, што на акцыі пратэсту ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года ён "кінуў палку і жменю зямлі" ў бок міліцыянераў. Хлопца затрымалі летась 15 верасня ў войску, калі ён праходзіў тэрміновую службу. Справу разглядае суддзя Святаслаў Каліна.
26 студзеня 2022 года суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў Сяргея Альшэўскага да двух гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу разгледзела суддзя Марына Клімчук. Сяргея Альшэўскага прызналі вінаватым у тым, што ён браў удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем супрацоўнікам міліцыі, — мітынгу 10-11 жніўня 2020 года.
У судзе Заводскага раёна Мінска 16 лютага быў абвешчаны прысуд у крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 КК супраць палітзняволенага актывіста з Вілейкі, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Кудзіка. Суддзя Алег Каляда асудзіў яго да двух гадоў калоніі.
Па-ранейшаму супрацоўнікі міліцыі ажыццяўляюць "адпрацоўку" гарадоў, розных раёнаў Мінска і прыгарадаў, урываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках пратэснай сімволікі, затрымліваюць на працы; праводзяць вобшукі і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць сваімі дзеяннямі. У судах праходзяць разгляды адміністрацыйных спраў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сцягі і налепкі на вокнах і ў кватэрах, вывешванне нацыянальных сцягоў і іншай сімволікі, рэпосты і каментары ў сацсетках, а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў.
У "Вясны" ёсць звесткі пра адміністрацыйны пераслед за рэалізацыю права на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў удзельнікаў мірных акцый пратэсту, у тым ліку антываенных, а таксама адвольныя затрыманні грамадзян за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў асабістым жыллі і на прыватных тэрыторыях, за распаўсюд інфармацыі; за люты, згодна са звесткамі ПЦ "Вясна", затрымана не менш як 952 чалавекі. ПЦ "Вясна" вядома пра 13 штрафаў на агульную суму больш за 500 базавых велічынь і 135 адміністрацыйных арыштаў агульнай працягласцю ў 1 917 сутак. Гэта далёка не поўныя дадзеныя пра колькасць палітычна матываваных адміністрацыйных спраў: у шматлікіх выпадках суддзі таемна праводзяць пасяджэнні ў фактычна закрытым рэжыме пасродкам відэаканферэнцыі без абвяшчэння даты і месца слухання, што груба парушае працэсуальныя і канстытуцыйныя правы асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, а назіральнікі пераследуюцца за сваю правамерную дзейнасць.
Артыкул 19.11 КаАП, паводле якога караецца распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, увесь час выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі дзеля рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў. Як правіла, караецца рэпост розных матэрыялаў грамадска-палітычнага характару з рэсурсаў, чыя інфармацыйная прадукцыя прызнаная экстрэмісцкай.
Распаўсюджаным інструментам рэпрэсій па-ранейшаму з'яўляецца пераслед за паклёп на прэзідэнта, абразу прадстаўнікоў улады, суддзяў, пракурораў, міліцыянтаў, А. Лукашэнкі (арт. 367, 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса), здзек з дзяржаўных сімвалаў. Па ўсёй тэрыторыі Беларусі праходзяць судовыя пасяджэнні паводле такіх абвінавачванняў.
15 і 16 лютага суд Маскоўскага раёна Брэста разгледзеў справу Ігара Новікава, якому выставілі абвінавачванні паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", а таксама паводле арт. 341 "Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці". Судовае пасяджэнне вяла суддзя Марына Скалковіч. Ігара Новікава абвінавацілі ў тым, што з красавіка па снежань 2021 года ён зрабіў 7 надпісаў на фасадах будынкаў, за што яму і прад'явілі абвінавачванне паводле арт. 341 КК РБ. Як паведамляе "Берасцейская Вясна", два з гэтых надпісаў абражалі Лукашэнку. Таму за надпіс "Лукашенко психованная крыса" мужчыну абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 368 КК РБ. А за "Жыве Беларусь. Лукашенко псих и убийца. В Гаагу" прад'явілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 368 КК РБ. Прысуд — 2 гады ў папраўчай калоніі.
1 лютага ў судзе Полацкага раёна і Полацка разгледжаная справа Аляксандра Ледака. Яго абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 — "Абраза прадстаўніка ўлады": мужчына напісаў пад здымкам капітана міліцыі Андрэя Комара ў "Аднакласніках" каментар "Иуда". Прысуд — два з паловай гады абмежавання волі.
7 лютага суд Бераставіцы і Бераставіцкага раёна прысудзіў 69-гадовай пенсіянерцы з Ваўкавыска Галіне Міхальчук 2,5 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Яе ўзялі пад варту ў зале суда. Прысуд вынес суддзя Андрэй Талочка. Галіну Іванаўну прызналі вінаватай па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса за паклёп на А. Лукашэнку, абразу А. Лукашэнкі і абразу прадстаўніка ўлады і асудзілі на два з паловай гады пазбаўлення волі.
2 лютага суд Веткаўскага раёна асудзіў 44-гадовага жыхара (прозвішча праваабаронцам невядомае) да двух гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Паводле версіі абвінавачвання, у лютым-красавіку 2021 года ён пакідаў у "Аднакласніках" пад пастамі свайго інтэрнэт-сябра абразлівыя каментары. "Негатыўную ацэнку ў сувязі з выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў атрымалі ваенны камісар Гомельскай вобласці і былы памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, былы міністр унутраных спраў і міністр замежных спраў, а таксама кіраўнік дзяржавы. Дзеля дыскрэдытацыі прэзідэнта веткаўчанін выкарыстоўваў і асабістую старонку, размяшчаючы там фотаматэрыялы абразлівага характару". Дзеянні жыхара Веткі былі кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўнікоў улады).
7 лютага Навабеліцкі раённы суд Гомеля разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да Уладзіміра Еўстраценкі за абразу А. Лукашэнкі. Справу разглядаў суддзя Арцём Манжос. Паводле абвінавачвання, 21 жніўня 2021 года У. Еўстраценка здзейсніў тэлефанаванне на спецлінію "102", "падчас якога зрабіў заявы, што ўтрымлівалі ненарматыўную лексіку, у адносінах да кіраўніка дзяржавы, тым самым публічна абражаючы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Еўстраценка прызналі вінаватым і асудзілі да 1 года пазбаўлення волі ў калоніі.
11 лютага сацсеткі "Вясны" з'явіліся ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Экстрэмісцкім быў прызнаны 21 інтэрнэт-рэсурс Праваабарончага цэнтра — пералік іх займае цэлыя 2,5 старонкі ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іншага, "экстрэмісцкай" была прызнаная старонка пра "Вясну" на сайце арганізацыі Front Line Defenders, тэг "Вясны" на сайце Reform.bу, а таксама рускамоўная версія галоўнай старонкі сайта праваабарончага цэнтра.
Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, зневажальнае абыходжанне
Вызваленыя палітвязні працягваюць адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоваў утрымання для арыштаваных па палітычна матываваных справах, якія ў выніку мяжуюць з катавальнымі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і нялюдскімі. Праваабаронцам "Вясны" працягвае паступаць інфармацыя пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў ізалятарах Мінска. Затрыманыя і арыштаваныя паводле палітычных матываў утрымліваюцца ў перапоўненых камерах, не атрымліваюць ані медыцынскай дапамогі, ані шпацыраў, ані перадач. Паляпшэння ўмоваў утрымання ім даводзіцца дамагацца галадоўкамі. У жорсткіх умовах знаходзяцца таксама зняволеныя паводле крымінальных спраў, зазнаюць ціск і катаванні вязні ў калоніях.
Палітзняволенаму фігуранту брэсцкай "справы карагодаў" Дзмітрыю Абрамуку праз парушэнні рэжыму ва ўстанове адкрытага тыпу суд замяніў пакаранне на зняволенне. 17 лютага палітвязня змясцілі ў ШІЗА на 10 сутак за адмову прыборкі туалетаў. Тым часам над Дзмітрыем адбыўся суд, які і замяніў пакаранне на больш жорсткае: замест трох гадоў "хіміі" — 1 год і 1 месяц калоніі. Цяпер Дзмітрый утрымліваецца ў СІЗА Віцебска. У канцы лістапада адміністрацыя ПУАТ-9 у Віцебску паставіла палітвязня на новы ўлік як "схільнага да самавольнага сыходу з установы". У снежні-студзені ён па чатырох рапартах аб парушэннях быў змешчаны ў ШІЗА на 40 сутак.
Стала вядома, што палітвязня Мікіту Емяльянава караюць штрафным ізалятарам. Двойчы яму выносілі спагнанні за адмову прыбіраць прагулачны дворык. Яшчэ адзін раз — за тое, што не зрабіў даклад падчас праверкі. Вядома, што супрацоўнікі адміністрацыі не прымаюць скаргі і заявы ад Мікіты, таму ён у знак пратэсту абвясціў сухую галадоўку з 3 лютага і трымаў яе 10 дзён. Затым ён пачаў піць ваду, бо дрэнна пачуваўся, але працягнуў галадоўку. Мікіта Емяльянаў з 18 студзеня бесперапынна знаходзіцца ў ШІЗА. За гэты час яму вынеслі чатыры спагнанні агулам на 34 сутак. З 27 студзеня яго пачалі судзіць на тэрыторыі турмы №4 паводле абвінавачвання ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнні правіл унутранага распарадку (ч. 2 арт. 411 КК). Палітвязню пагражае дадаткова да 2 гадоў зняволення.
170 парламентарыяў з 16 еўрапейскіх краін падпісалі сумесны ліст, які будзе адпраўлены Міністэрству ўнутраных спраў Беларусі і кіраўнікам 48 беларускіх турмаў, у якіх знаходзяцца палітвязні. Еўрадэпутаты заклікаюць турэмныя ўлады спыніць усе парушэнні і ўшчамленні правоў зняволеных ва ўсіх беларускіх месцах няволі. Ліст падпісалі парламентарыі з Аўстрыі, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Італіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Шатландыі, Славакіі, Іспаніі, Швецыі і Швейцарыі.
Пра катаванні і жорсткае абыходжанне заяўлялі абвінавачаныя ў судзе. Па-ранейшаму не расследаваныя шырока вядомыя шакавальныя выпадкі катаванняў, пра якія раней заяўлялі палітвязні.
У Мінскім гарадскім судзе 8 лютага вынесены прысуд двум палітзняволеным экс-супрацоўнікам "Белтэлекама" — Аляксею Бычкоўскаму і Арцёму Пархамовічу. За перадачу звестак пратэсным Telegram-каналам суддзя Святлана Бандарэнка асудзіла іх паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнага. Суд праходзіў у закрытым рэжыме з 25 лістапада. Працэс закрылі згодна з хадайніцтвам пракуроркі Наталлі Сакаловай "у мэтах бяспекі сям'і пацярпелага і ягоных асабістых дадзеных, а таксама ў мэтах нераспаўсюджання экстрэмісцкіх матэрыялаў". На відэа МУС відаць, што мужчыны былі збітыя. Жонка Аляксея Бычкоўскага заяўляла, што мужа збілі пасля затрымання.
Рэферэндум
Падрыхтоўка і правядзенне рэферэндуму па занясенні зменаў у Канстытуцыю не адпавядалі шэрагу асноўных міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і справядлівых электаральных кампаній і суправаджаліся шматлікімі парушэннямі дадзеных прынцыпаў і патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства. Гэта было абумоўлена атмасферай страху напярэдадні і падчас правядзення рэферэндуму, выкліканай рэпрэсіямі ўладаў супраць грамадзян, арганізацый грамадзянскай супольнасці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, няроўным доступам да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі для прыхільнікаў і праціўнікаў зменаў Канстытуцыі, выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу ў мэтах падтрымкі прадстаўленага на рэферэндум тэксту зменаў у Канстытуцыю, адвольным пазбаўленнем права прагаласаваць грамадзян, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, шматлікімі фактамі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю выбарчых працэдур для назіральнікаў.
Бесперапынныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, падрыхтоўка і правядзенне рэферэндуму ў атмасферы татальнага страху, а таксама ўвядзенне ЦВК абмежаванняў па колькасці назіральнікаў на ўчастках для галасавання прывяло да адсутнасці незалежнага назірання за ўсімі відамі галасавання (датэрміновым, у дзень выбараў і па месцы знаходжання выбаршчыкаў), а таксама за падлікам галасоў; гэтыя важныя этапы выбарчай кампаніі прайшлі цалкам непразрыста.
Істотныя парушэнні нацыянальнага заканадаўства і асноватворных прынцыпаў правядзення справядлівых і дэмакратычных выбараў пры правядзенні рэферэндуму, у тым ліку пазбаўленне назіральнікаў магчымасці бачыць падлік вынікаў галасавання, не дае падставаў давяраць вынікам выбараў, агучаным ЦВК, і лічыць іх адлюстраваннем рэальнага волевыяўлення грамадзян Рэспублікі Беларусь.