"Пачалі рагатаць, што чарговага змагара зараз будуць забіваць". Былы арыштант распавёў пра катаванні ў ГУБАЗіКу ўвосень
На пачатку восені сілавікі брутальна затрымалі мінчука на працоўным месцы. Па дарозе ў ГУБАЗіК і ў самым упраўленні мужчыну жорстка збівалі. Каб схаваць сляды збівання на твары для "пакаяльнага" відэа, сілавікам нават давялося надзець мінчуку акуляры. Суд адправіў яго на 15 сутак на Акрэсціна, дзе ён перахварэў на COVID-19, а на выйсці з ізалятара мужчыну перазатрымалі. Адразу пасля вызвалення ён быў вымушаны пакінуць краіну, каб ізноў не патрапіць за краты. Былы арыштант распавёў "Вясне" пра катаванні ў ГУБАЗіКу, умовы ўтрымання на Акрэсціна і як яго памылкова выпусцілі на волю перад другім судом.
З працы выводзілі праз пажарны выхад
У верасні мінчук прыехаў да сябе на працу, дзе яго ўжо чакалі тры супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Яны не прадставіліся і адразу заламалі мужчыну рукі за спіну. Сілавікі забралі ягоны тэлефон, а самога мінчука паставілі ў позу матылька: рукі за спінай паднялі максімальна высока, а твар — максімальна ўніз. Яму нічога не растлумачылі і нічога ў яго не пыталіся. У гэтай жа позе мужчыну вялі да машыны, пры гэтым некалькі разоў паўтарылі:
"Калі, с*ка, пачнеш галасіць, табе п*зда адразу ж".
Затым яму нанеслі ўдар каленамі па нагах і перапыталі, ці зразумела яму. Выводзілі яго праз пажарны выхад, дзе ўжо стаяў прыпаркаваны грамадзянскі аўтамабіль без аніякіх апазнавальных знакаў. Мінчука пасадзілі на пасажырскае сядзенне за кіроўцам, а побач з ім сеў адзін з сілавікоў. На рукі яму надзелі кайданкі. Збіваць мужчыну пачалі яшчэ да таго, як яны ад'ехалі ад месца ягонай працы. Білі рукамі па твары і галаве. Яны патрабавалі пароль ад тэлефона, а як толькі атрымалі, адразу пачалі правяраць Telegram і галерэю з асабістымі фатаграфіямі. Знойдучы тое, што шукаў, сілавік сказаў:
"Ён наш, с*ка, наш!"
Пасля няўдалай спробы ўцёкаў збіваць пачалі мацней
Усю дарогу супрацоўнік ГУБАЗіКа, які сядзеў побач, не пераставаў біць мінчука. На адным са скрыжаванняў, калі машына спынілася, мужчына вырашыў паспрабаваць выскачыць з яе:
"Я рэзка тузануў ручку дзвярэй і наваліўся ўсім целам. Нажаль, дзверы былі заблакаваныя. План уцёкаў не спрацаваў. На жаль для сябе, гэтым я выклікаў яшчэ большы гнеў і той, што сядзеў побач, прыняўся "працаваць" яшчэ старанней. Перыядычна я рабіў выгляд, што "ад'язджаю", губляючы прытомнасць, падсвядома разумеў, што трэба цягнуць час. Я заставаўся ў свядомасці ўвесь час, але выйграныя нават 10-20 секунд без удараў — гэта ўжо штосьці".
"Жыццё — гэта боль. А як ты хацеў?"
Дарогу мужчына не бачыў, таму што ягоную галаву апусцілі максімальна ўніз да ног. Праз 15 хвілін машына пачала тармазіць, а адзін з сілавікоў прыгразіў: "Слухай сюды, г*ўно, цяпер мы заязджаем у галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Калі ты, г*ўно, хоць на каго-небудзь паднімеш вочы, адсюль ты ўжо не выйдзеш ніколі. Ты мяне зразумеў, г*ўно?"
"Вывелі мяне з машыны гэтак жа, як і заводзілі. Сагнуты напалову, тварам у зямлю. Пакуль ішлі, увесь час наносілі ўдары па нагах. Такім чынам, мяне прывезлі на Рэвалюцыйную, у ГУБАЗ. Мы ішлі, мяне практычна валаклі па калідоры, доўга прама і ў самым канцы калідора завярнулі налева ў дзверы. Невялікі кабінет, там яшчэ былі тры чалавекі. Абстаноўка ў кабінеце, як у саўку з 90-х. На сценах нейкія вымпелы, сталінская ануча, партрэт Лукашэнкі і пісулькі, тыпу граматы. Уздоўж сцяны вялікая шафа, па цэнтры — камп'ютарныя сталы з маніторамі на іх. Яны ўсе дружна пачалі рагатаць і каментаваць, што чарговага змагара цяпер будуць забіваць. Штосьці казалі, пра штосьці запытвалі. Па вялікім рахунку, гэта быў проста шум. Ніякай інфармацыйнай нагрузкі ён не нёс. Вялікая частка з гэтага спіча — мацюкі, праклёны і абвінавачванні ва ўсім. Мяне паставілі на расцяжку да сцяны тварам, ногі былі максімальна шырока расстаўленыя. Увесь час хтосьці з іх біў па ступнях, каб ногі не зводзіліся ў звыклае становішча. Ззаду ў такім становішчы атрымаў яшчэ некалькі ўдараў у галаву і вобласць нырак.
Хтосьці схапіў мяне за кашулю ззаду і кінуў на падлогу. Загадалі перавярнуцца на жывот. Пасля былі ўдары нагамі па ўсім целе, галаву як мог закрываў. Рукі былі ў кайданках, але перад мной. Шматлікія ўдары прымаў на рукі, тым самым абараняў галаву і скроні. Потым хтосьці з іх узяў палку і прыняўся наносіць удары па целе: ногі, спіна, азадак, рукі. Вакол усе рагаталі, а той, што біў, паўтараў: "Жыццё — гэта боль, жыццё — гэта боль. А як ты хацеў?" Я крычаў ад болю. Так было лягчэй яго пераносіць. Але нікога не прасіў спыніцца і наогул ні пра што не прасіў. Найглыбокая пагарда да іх была і тады, і цяпер".
"Табе ён [крыжык] не спатрэбіцца. Ты ў храме, а мы самі нясем святло!"
"Калі ўдары палкай скончыліся, мяне яшчэ пару разоў штурхнулі нагамі, і ў нейкі момант адзін з іх заўважыў на маёй шыі ланцужок з крыжыкам. Я адчуў, як хтосьці са скацін тузануў за яго і парваў. Крыжык з ланцужком адляцелі ў бок. У той жа момант я захацеў іх падабраць з падлогі. Але гэта было не так проста зрабіць. Цела і рукі не слухаліся. Не ведаю, як гэта працуе, але, атрымліваючы вялікую колькасць удараў па ўсім целе, арганізм нібы блакуе мускульную актыўнасць і любы рух даецца з цяжкасцю. Болю на той момант я ўжо не адчуваў. Галава працавала ясна, быў у свядомасці.
Кісці рук дрыжалі ад напружання, але я здолеў дацягнуцца да крыжыка з ланцужком, якія ляжалі на падлозе, і заціснуў іх у далоні правай рукі, паверх закрыўшы левай. Паралельна паўтараў: "Крыж вярніце. Вярніце мой крыж". Яны б лёгка маглі не даць мне гэтага зрабіць, паколькі ўсе рухі даваліся мне павольна і насілу. Ім падабалася глядзець на мае рукі, якія калаціліся, і наогул на мой стан, яны ўпіваліся сваёй уладай. У нейкі момант адзін з іх сказаў тое, што мяне ўразіла нават у тым стане. На маё "Крыж вярніце" ён прамовіў даслоўна: "Табе ён не спатрэбіцца. Ты ў храме, а мы самі нясем святло". Усе ўхваляльна загаманілі. У гэту секунду я падумаў, што знаходжуся ў нейкім дзёўбаным залюстаркоўі, што гэта ўсё суцэльны сюр. Але нажаль. Гэта было наяве".
Перад "пакаяльным" відэа сілавікам давялося хаваць сляды збіцця на твары мужчыны
"У выніку пасля збівання яны паставілі мяне перад уваходнымі дзвярыма ў кабінет для запісу "пакаяльнага" відэа. Зашпілілі кашулю, на лоб надзелі мае сонцаахоўныя акуляры, забраныя раней. Давялі "да ладу", выплюхнуўшы халодную ваду ў твар з нямытага кубка з рэшткамі кавы. Паправілі валасы на лоб. Сутнасць відэа была ў тым, што я раскайваюся ў тым, што на адным з маршаў сфатаграфаваўся з помнікам гарадавому, папярэдне засунуўшы яму ў руку наш нацыянальны БЧБ-сцяг. Таксама знайшлі мае здымкі з Нінай Багінскай. Відэа са мной яны так і не размясцілі. Думаю, таму што занадта было відавочна, што я збіты. А іншы прычына палягае ў тым, што яны яго перазапісвалі разоў пяць, бо штораз гарлапанілі, што мне ніхто не паверыць і відаць, што я не раскайваюся".
Міліцыянты выбіралі, у якое РУУС адвезці, каб там для мінчука былі найгоршыя ўмовы
Па дарозе да машыны сілавікі выбіралі паміж Савецкім і Цэнтральным РУУС, каб там для мужчыны стварылі максімальна невыносныя ўмовы, але ў выніку адвезлі ў Фрунзенскае:
"Пасля відэа мяне гэтак жа ракам загрузілі ў машыну і павезлі ў РУУС. Дарогу туды наогул не памятаю, пачалі праяўляцца атрыманыя ўдары. У Фрунзенскім РУУС перад тым, як завесці мяне ў кабінет да ўчастковага, пасадзілі на лаўку і правялі лікбез на тэму: калі я што-небудзь не то скажу на судзе, то яны вярнуцца па мяне і тады будзе іншая размова. Далей завялі ў кабінет, забыўшыся зняць кайданкі, за што ўчастковы на іх, як ні дзіўна, накрычаў. Яны паслухмяна мяне расшпілілі, кожны падаў яму руку, і рэціраваліся. Наступную ноч я правёў у камеры РУУС. Позна ўвечары ўжо з камеры мяне яшчэ раз прывялі да ўчастковага Сяргея Дзяшко, ён сказаў, што вымушаны скласці яшчэ адзін пратакол за "непадпарадкаванне". Новы пратакол быў нанова перапісаны, я папрасіў азнаёміцца са сведкамі. Ён не дазволіў. Я ўсё падпісаў і мяне зноў адвялі ў камеру. Уначы мяне злёгку муціла, было холадна.
Увогуле, неяк ноч прабыў і гадзіне а 10-й раніцы, не ведаю дакладна, мяне перавялі ў вялікую паўзалу ці паўкабінет у гэтым жа РУУС. Там знаходзілася чалавек 10-13 ужо. З палітычных быў яшчэ адзін мужчына. Яшчэ праз гадзіны тры-чатыры адбыўся суд. Мяне завялі зноў у кабінет Дзяшко, там стаяў уключаны камп'ютар і падлучаны Skype. Далей пачаўся цырк. Суд доўжыўся хвілінаў 15. Мне інкрымінавалі нецэнзурную лаянку на вуліцы і непадпарадкаванне ў кабінеце Дзяшко. Нібы я лаяўся, мацюкаўся, крычаў і гэтак далей. Як вынік — 15 сутак".
У чатырохмясцовай камеры — 18 чалавек, сярод якіх бяздомны з вошамі
"Пасля суда зноў адвялі ў камеру ў РУУС і да 2:00 ночы наступнага дня я знаходзіўся там. Уначы мяне вывелі на вуліцу і пасадзілі ў патрульны "бобік". Ніхто і нічога не тлумачыў. Завезлі на Акрэсціна. Быў маральна гатовы да збіцця там, але мне пашанцавала. Ніхто там мяне не чапаў, дый я ўжо быў увесь "сіні". Моцна кульгаў на правую нагу. На Акрэсціна правялі праверку з распрананнем дагала і нарэшце мяне завялі ў камеру. Першая ноч там — гэта двухмясцовая камера, там ужо было чатыры чалавекі (тры палітычныя і бяздомны). На працягу ўсяго тэрміну зняволення ўмовы былі наступныя: дошкі драўляныя на падлозе, на іх мы і спалі; святло гарыць круглыя суткі; у залежнасці ад змены былі начныя пераклічкі, часам кожныя дзве гадзіны, часам раз за ўсю ноч. Нары з голым жалезам, матрацаў і ўсяго астатняга няма ад слова "зусім". Ляжаць і спаць на іх немагчыма.
Пачынаючы з другіх сутак мяне перавялі ў чатырохмясцовую камеру. Там ужо было чалавек сем ці восем. Людзей увесь час прывозілі. Да чацвёртых сутак нас зрабілася 13, потым наша колькасць узрасла да 18 чалавек у чатырохмясцовай камеры. Адзін з гэтых людзей заўсёды быў бяздомны. Іх змянялі раз на два-тры дні. Усе былі з вошамі. Як ні дзіўна, на мне гэты "заапарк" не завёўся. Хоць, прызнацца, быў упэўнены і гатовы да гэтага, паколькі ўначы ў вошай дзікая актыўнасць і яны расскокваліся па ўсёй камеры, а ўсе людзі на падлозе. Там жа перахварэў на COVID. Разумеў, што калі будзе зусім ліха, ніхто мне аказваць дапамогу не стане. Заставалася толькі маліцца і спадзявацца. Мой стан пагаршала нага. Жудасныя начныя болі. Некалькі начэй не спаў зусім. Увогуле — пакута".
Вечарамі ў камеры ладзілі цыкл гістарычных лекцый
"Час бавілі ў размовах. Імкнуліся жартаваць і падтрымліваць адзін аднаго. Ляпілі з хлеба шашкі і кубікі. Таксама сярод нас быў хлопец — гісторык. І тады мы прыдумалі наступнае: да абеду кожны займаўся сваімі справамі, а пасля абеду і да самай вячэры ў нас быў цыкл гістарычных лекцый. Наш гісторык садзіўся па цэнтры "хаты" і на загадзя агучаную тэму пачыналася лекцыя. Тэмы былі розныя: станаўленне ВКЛ, Першая сусветная, Другая сусветная, прыход да ўлады бальшавікоў, Японія і феадальны лад і гэтак далей. Пасля лекцыі на зададзеную тэматыку задавалі пытанні, дыскусавалі і спрачаліся. Наогул выдатна праводзілі час з разумнымі людзьмі".
"Курткі забіралі, бо яны нам "не належацца". Былы арыштант распавёў пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ў студзені
Былы арыштант распавёў "Вясне", у якіх умовах адбываў арышт у ЦІПе на Акрэсціна ў студзені.
У камеры ўсё хварэлі на COVID-19, але медыцынскую дапамогу арыштантам не аказвалі
"Штодня паверкі: выходзіш з камеры, становішся да сцяны, рукі перавернутымі кісцямі кладзеш на сцяну. Называюць тваё імя — адгукаешся. Потым здымаеш абутак. Абшукваюць. Заходзіш назад у камеру. Так два разы на дзень і начныя пераклічкі. На дадатковыя размовы з супрацоўнікамі вадзілі амаль усіх, хто са мной сядзеў. Мяне — не. Спрабавалі нас кашмарыць за нібы раскіданыя рэчы ў камеры, чымсьці там пагражалі, але нічога не было. Толькі размовы. На COVID там перахварэлі шмат хто. У мяне пяць сутак не было пахаў і ўначы "гарэў", мабыць тэмпература павышалася. Можна было папрасіць парацэтамол, аспірын і ампіцылін (найпросты антыбіётык з бедным спектрам дзеяння і кучай пабочак). Больш нічога не давалі.
З намі быў хлопец, у яго развіўся дзікі кашаль і "смажыла" тэмпература ўвесь час. Мы яго "хавалі" ўдзень пад нарамі, бо ляжаць удзень забаранялася. А гэта была адзіная магчымасць яму паспаць. Сядзець ён не мог. Дык вось дапамогі нуль. Усім пляваць. Калі б хтосьці памёр, то памёр. Я гэта дакладна ўсвядоміў, яшчэ знаходзячыся там. Нікога не ізалявалі, думаю, што наўмысна".
Выпусцілі памылкова, а зранку сілавікі ўжо дзяжурылі на машыне пад бацькоўскай хатай
"У дзень вызвалення мяне ўжо чакалі тыя ж з ГУБАЗа, хто і прымаў. На першым паверсе зноў надзелі кайданкі і зноў завезлі ў РУУС. Па дарозе сказалі, што я ім вінен. Адкрыта не казалі, але намякалі на грошы. Тыпу, яны штосьці там пра мяне ведаюць, і што мне трэба падумаць, што ім магу наўзамен прапанаваць. Карацей, нейкую бязглуздзіцу неслі. Сказалі, што для пачатку пасядзіш сутак 150, а там яны паглядзяць. Гэтым разам ужо не білі. Проста завезлі ў РУУС. Там сядзеў той жа Дзяшко. Пачаў складаць наступны пратакол. Я папрасіў, каб ён арганізаваў суд хутчэй, калі можа, паколькі ў гэтай камеры я не хацеў начаваць яшчэ адну ноч. Ён сказаў, што паспрабуе, але не абяцае.
І зноў мяне адвялі ў пакой чакання да суда. Там ізноў былі людзі з намёкам на алкагалізм і дробныя зладзюжкі. З палітычных быў толькі я. А далей пачаліся цуды. За ўвесь дзень засудзілі можа тры чалавекі. Астатнія чалавек 13, уключаючы мяне, былі ў зале. І тут а шостай гадзіне вечару адчыніліся дзверы і малады міліцыянт сказаў наступнае: "Усе выходзім, прыйдзеце па позве". Я разумеў, што мяне гэта, відавочна, не тычыцца, але, мабыць, хтосьці кагосьці не папярэдзіў. Калі ўсё выходзілі натоўпам, я выйшаў разам з імі. Ужо на наступны дзень прыязджалі да маіх бацькоў, машына грамадзянская стаяла каля дома (яны жывуць за горадам) некалькі дзён. Калі бацька выйшаў запытацца, хто яны такія і што ім трэба — атрымаў па твары. А Дзяшко ўжо з раніцы наступнага дня тэлефанаваў жонцы з пытаннем, чаму я не ў РУУС. Жонка не была ў курсе майго месцазнаходжання ні тады, ні цяпер. Дзеля яе ж бяспекі я не звязваўся з ёй і нічога не тлумачыў. Дый часу не было на гэта".
"Пазнаёміўся з мясцовымі ў вёсцы і папрасіў мяне за грошы перавезці на іншы бок мяжы"
"Пасля выйсця я ўзяў у мінака патэлефанаваць, пераначаваў у сябра і на наступны дзень з'ехаў на канечны пункт нашай мяжы. Я разумеў, што ў мяне няма часу і што мяне будуць шукаць. Пазнаёміўся з мясцовымі ў вёсцы і папрасіў мяне за грошы перавезці на іншы бок мяжы. Мне пашанцавала: адзін чалавек пагадзіўся. Пайшлі праз лес пешкі. Ішлі некалькі гадзін. Мясцовы сказаў, што мы прайшлі восем кіламетраў. На расійскім баку развіталіся. Там пераначаваў у гасцініцы, бо падаў кулём ад стомы. Наступным днём выехаў у Маскву. А адтуль самалётам у адну з еўрапейскіх краін".