viasna on patreon

«Курткі забіралі, бо яны нам "не паложаны». Былы арыштант распавёў пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ў студзені

2022 2022-02-05T10:29:37+0300 2022-02-05T16:48:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/izaliatar2.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Вясны" працягваюць фіксаваць сведчанні бесчалавечных умоваў утрымання, у якіх утрымліваюць беларусаў, арыштаваных па "палітычных" артыкулах. Беларускія суддзі ў студзені прызначылі мінімум 41 адміністрацыйны арышт агульнай працягласцю ў 543 сутак. У арыштантаў забіраюць цёплае адзенне, ім не перадаюць перадачы і не аказваюць медыцынскую дапамогу. Камеры на Акрэсціна дагэтуль перапоўненыя: на дзве "шконкі" — па 20 чалавек. Былы арыштант распавёў "Вясне", у якіх умовах адбываў арышт у ЦІПе на Акрэсціна ў студзені.

Ілюстрацыйнае фота spring96.org

У двухмясцовай камеры знаходзіліся адразу 19 чалавек

Больш за год адміністрацыя Акрэсціна, нягледзячы на COVID-19, наўмысна закідвае "палітычных" у перапоўненыя камеры. Арыштантам па-ранейшаму не выдаюць матрацы і пасцельную бялізну, таму ім даводзіцца спаць на металічнай рашотцы нараў, на падлозе або на лаўцы. Хлопец распавёў, што хоць перадачы для "палітычных" у ЦІПе пасля паўгадавога перапынку сталі зноў прымаць, але да арыштантаў яны не даходзяць. Таму сродкамі гігіены яны карыстаюцца тымі, якія застаюцца ад папярэдніх арыштантаў.

«Камера называецца кантрольнай, у ёй павінна знаходзіцца мінімум 16 чалавек. За дзень да майго вызвалення нас было 19 чалавек. Спалі мы на падлозе, падкладалі абутак пад галаву, хтосьці спаў на лаўцы і стале, пару чалавек спалі пад ложкам, двое клалі галаву на тумбачкі і спалі там, на саміх ложках амаль ніхто не спаў, бо яны жалезныя, іх называлі "грыль", спаць на іх было вельмі некамфортна. Тыя, хто рызыкаваў там спаць, часта перагортваліся, бо ў іх зацякала рука, таму ўсе стараліся спаць на падлозе».

Цёплыя рэчы "палітычным" не паложаны, а туалетную паперу і мыла трэба выпрошваць кожны дзень

«Нам пашанцавала з камерай: шчоткі дасталіся ад мінулых людзей, у кагосьці была паста, але мы ў асноўным чысцілі зубы чорным вуглём. Мыла і туалетнай паперы амаль не было, іх мы прасілі кожны дзень. Але варта адзначыць некаторых дзяжурных, якія нам два разы прынеслі дзёгцевае мыла. Пры яго з'яўленні большасць ляцела мыцца, сам я мыў ім галаву. Мыліся мы у туалеце над унітазам, набіраючы ў бутэлькі цёплую ваду. У нас было дастаткова бутэлек, а ёсць камеры, дзе іх амаль няма. Вопратку мылі ў ракавіне, сушылі яе на батарэі. Цёплых рэчаў не было, курткі забіралі, бо яны нам "не паложаны". Адзенне не высушыць, бо вільготнасць ў камеры таксама павышаецца. Бяздомных людзей да нас не падсаджвалі, але з намі быў Віталік, якога Жонка з-за кажнага ап'янення здае ў міліцыю. Ён мыўся, таму ніякага дыскамфорту з-за яго не было».

З чорнага хлеба робяць сухары, каб ён лягчэй пераварваўся

«Харчаванне было трохразовае: на сняданак — заўсёды чай і каша, якую часта накладвалі мала і гэтым нельга было наесціся; на абед — каша, катлета, бочкавы зялёны памідор, агурок, салата з капусты; вячэра падобна на абед, нічога асаблівага не было. Раніцай і ў абед давалі белы і чорны хлеб, але ён быў не вельмі добры і ад яго магло круціць жывот, таму я еў у асноўным белы. Чорны ж хлеб мы маглі сушыць на батарэі, тады атрымліваліся сухарыкі і сам хлеб пераварваўся лягчэй. Былі дні са смачным меню. У аўторак на абед давалі капусту, у сераду — расольнік, у чацвер — боршч, у суботу на абед — макароны з каўбасой, пятніца — рыбны дзень».

Падчас "шмонаў" супрацоўнікі ЦІПа раскідвалі ўсе рэчы на падлогу

"Канфліктаў з дзяжурнымі і ўсімі астатнімі не было. Варта адзначыць, што там ёсць вельмі чалавечныя людзі, многія дзяжурныя адкрывалі нам "кармушку", казалі час, пры просьбах не грубіянілі, прыносілі мыла, паперу і хлорку. Падчас шмонаў, у адной з супрацоўніц быў фетыш: раскідваць усе рэчы з тумбачак на падлогу і кідаць смеццевае вядро ў туалет. Пасля яе ў нашай камэры заўсёды быў хаос».

«Мы былі адной з самых гучных камер на паверсе»

Хлопец распавёў, што з 19 чалавек у камеры — 18 затрымалі па палітычных матывах. З ім, напрыклад, сядзелі тры блогера, якія запусцілі дрон над «Траецкім прадмесцем». На іх склалі пратаколы па арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», а пазней арыштавалі на 15 сутак кожнага. Акрамя гэтага, з ім сядзеў літовец, якога разам з жонкай арыштавалі за белы аркуш паперы А4 на акне. Суд пакараў іх з жонкай 15-сутачным арыштам, а мужчыну пасля "сутак" дэпартавалі. Сярод сукамернікаў былі і кіроўца аўтобуса, кіроўца хуткай дапамогі, айцішнік, зваршчык, індывідуальныя прадпрымальнікі.

"Кожны чалавек быў цікавым са сваёй гісторыяй і жыццёвым шляхам, разумным, адукаваным. У нас склалася выдатная кампанія, усе адзін аднаго падтрымлівалі. Мне пашанцавала з камерай, адносіны былі чалавечныя і паважлівыя, у нас не было канфліктаў, было весела, мы былі адной з самых гучных камер на паверсе».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства