viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 17-19 лютага Дапоўнена

2022 2022-02-19T17:35:00+0300 2022-02-21T09:13:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/natalia_hirshe_free.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца: па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманне выкладчыкаў

З'явілася інфармацыя пра затрыманне выкладчыцы журфака БДУ Ганны Курэйчык. Па якім артыкуле затрымалі выкладчыцу – пакуль невядома. 

Курэйчык з'яўляецца дацэнтам кафедры тэлебачання і радыёвяшчання журфака БДУ.

Таксама затрымалі былую выкладчыцу ФФСН БДУ Таццяну Сініцу. Па якім артыкуле затрымалі жанчыну — пакуль невядома, паведамляе @volnyBDY. Таццяну ўжо затрымлівалі ў 2020 годзе. На той момант выкладчыца ФФСН усяляк падтрымлівала бастуючых студэнтаў.


У Калінкавічах затрымалі актывіста Аляксандра Елісеева

Аляксандр Елісееў
Аляксандр Елісееў

Раніцай 19 лютага да чальца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Елісеева дамоў прыехаў кіраўнік Аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Калінкавіцкага РАУС Станіслаў Расошка і сказаў, што супраць яго распачалі справу аб адміністрацыйным правапарушэнні і яму тэба праехаць у РАУС, піша "Палеская Вясна". Паводле якога артыкула завялі справу Расошка не паведаміў. Елісееў з РАУС волю так і не выйшаў.

17 лютага Елісееў удзельнічаў у "дыялогавай пляцоўцы" аб рэферэндуме, якая праводзілася ў мясцовым аграрна-тэхнічным ліцэі. Там, акрамя чыноўнікаў, былі таксама старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Сяргей Гвоздзь і дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Калінкавіцкай выбарчай акругі Яўген Адаменка.


Аднакласніцу загінулага Андрэя Зельцэра, якая дала інтэрв’ю журналісту «Камсамолкі», выклікаюць у Следчы камітэт

Жанчына знаходзіцца не ў Беларусі. Ёй патэлефанавалі на замежны нумар са Следчага камітэта Беларусі і выклікалі на допыт у якасці сведкі па «справе Зельцэра». Жанчына пасля гібелі Андрэя Зельцэра як яго аднакласніца дала інтэрв’ю журналісту «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзю Мажэйку, у якім станоўча пра яго адгукнулася.

Менавіта з-за гэтага артыкула 1 кастрычніка мінулага года затрымалі журналіста. Генадзь ужо пяты месяц знаходзіцца за кратамі.


Журналістку Кацярыну Андрэеву перавялі ў СІЗА ў сувязі з «працэсуальнымі дзеяннямі» 

Журналісткі Кацярына Андрэева (справа) і Дар'я Чульцова ў клетцы для падсудных у зале суда ў Мінску, Беларусь, 18 лютага 2021 г. фота: AP
Журналісткі Кацярына Андрэева (справа) і Дар'я Чульцова ў клетцы для падсудных у зале суда ў Мінску, Беларусь, 18 лютага 2021 г. фота: AP

Муж журналісткі Ігар Ільяш пацвердзіў "Белсата", што Кацярыны ў калоніі няма – яе перавялі ў гомельскі СІЗА.

«Так, сапраўды, Каці няма ў папраўчай калоніі – з 10 лютага яна знаходзіцца ў СІЗА №3 г. Гомеля. Я не распаўсюджваў гэтую інфармацыю, бо спадзяваўся спачатку нешта даведацца па сутнасці, разабрацца, што адбываецца. Але ўсё марна. На сённяшні дзень я ведаю толькі тое, што яе перавялі ў СІЗА ў сувязі з нейкімі "працэсуальнымі дзеяннямі"».


Затрыманне ў Мінску

У Мінску 18 лютага супрацоўнікі КДБ затрымалі 45-гадовую жанчыну Алену Бурко. Яе дачка Паліна расказала Свабодзе, як праходзіў ператрус і затрыманне, і як гэта перажыла састарэлая бабуля. 

Паліна Бурко знаходзіцца за межамі Беларусі. У 6:30 ранку 18 лютага да ейных сваякоў прыйшлі «людзі ў чорным са зброяй» з ператрусам з пастановай на вобшук на імя Паліны. Доўга грукаліся ў дзверы. Сказалі, што дзяўчына праходзіць сведкай у нейкай крымінальнай справе.

«Вобшук праходзіў па класіцы беларускіх рэалій: чорныя людзі, зброя. Маці і бабулю паставілі да сценкі».

Ператрус ішоў 4,5 гадзіны. Дзяўчына кажа, што агулам усё адбывалася ветліва. Забралі тэлефон маці, мабільны тэлефон бабулі праверылі.

«Перавярнулі ўвесь дом, нават сметніцу. Бабулю спыталі, ці ёсць у яе зброя. На што яна адказала: „Знайшлі, у каго пытаць“. Бабуля вельмі спужалася, у яе падняўся ціск да 200. Яна ня ведала, што такое можа быць, хоць мы ёй і казалі. Не верыла», — расказвае суразмоўца пра рэакцыю сваёй 75-гадовай бабулі.

У выніку Алену Бурко затрымалі, за што — невядома, яе статус таксама незразумелы. Дзе яна цяпер, блізкія ня ведаюць. У міліцыі ім сказалі, што ў РУУС, але ў якім — не ўдакладнілі.

«Маці павезлі ці то ў КДБ, ці то ў СК. Яны самыя ня ведалі, куды везці, сказала бабуля», — пераказвае дзяўчына.


Рэгіну Лавор, якая адбывае "палітычную" "хатнюю хімію" выклікаюць у РАУС

Жыхарку Іўя Рэгіну Лавор, асуджаную да 2 гадоў «хатняй хіміі» за абразу міліцыянтаў, выклікаюць на 24 лютага ў мясцовы РАУС сведкай па крымінальнай справы. Што гэта за справа – Рэгіна не ведае.

Нагадаем, у канцы студзеня Лавор арыштавалі на 10 сутак за «парушэнне рэжыму адбыцця пакарання». У знак пратэсту з невыноснымі ўмовамі ўтрымання ў ІЧУ Іўя жанчына трымала галадоўку.


Палітзняволены Дзяніс Граханаў, затрыманы на «хіміі», застаецца пад вартай па новай крымінальнай справе

Дзяніс Граханаў. Фота: spring96.org
Дзяніс Граханаў. Фота: spring96.org

Асуджанага да 1,5 года «хіміі» 43-гадовага Дзяніса Граханава 15 лютага затрымалі ў папраўчай установе адкрытага тыпу №45 пад Камянцом. Яго туды накіравалі 15 красавіка мінулага году адбываць пакаранне за нанясенне надпісу «Не забудзем» каля «Пушкінскай».

15 лютага супрацоўнікі КДБ прыехалі ў ПУАТ №45, забралі ва ўсіх тэлефоны, дапытвалі «палітычных». Праваабаронцам стала вядома, што супраць Граханава ўзбудзілі новую крымінальную справу і перавезлі ў СІЗА Гомеля. Па папярэдняй інфармацыі, палітвязня абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі па арт. 368 КК. 

Падтрымайце Дзяніса лістамі салідарнасці:

СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Дзянісу Леанідавічу Граханаву


Аматара памідораў са смятанай зноў арыштавалі на 15 сутак

65-гадовага інжынера Анатоля Шалковіча зноў затрымалі 17 лютага. На наступны дзень справу мужчыны разглядзелі ў судзе Кастрычніцкага раёна. Суддзя Сівец арыштавала Анатоля на 15 сутак па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). У той жа дзень затрымалі і Сяргея Глушакова, якога таксама абвінавацілі па арт. 19.1 КаАП. Ён таксама правядзе ў ЦІП на Акрэсціна 15 сутак.


Затрыманне журналісткі

Ларыса Шчыракова. Фота: Аляксандр Буракоў
Ларыса Шчыракова. Фота: Аляксандр Буракоў

Да гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай 18 лютага сілавікі прыйшлі з ператрусам. За дзень да гэтага журналістка публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі. 

Пасля ператрусу Ларысу забралі сілавікі. Але па якой справе, з якога ведамства – пакуль невядома.

Увечары яе адпусцілі.


Палітзняволенага Дзмітрыя Абрамука пераводзяць з "хіміі" у калонію

Дзмітрый Абрамук каля суда
Дзмітрый Абрамук каля суда

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", палітзняволенаму фігуранту "справы карагодаў" Дзмітрыю Абрамуку праз парушэнні рэжыму ПУАТ суд замяніў "хімію" на калонію. 17 лютага палітвязня змясцілі ў ШІЗА на 10 сутак за адмову прыбірання туалетаў. У гэты час над Дзмітрыем адбыўся суд, які і замяніў пакаранне на больш жорсткае: замест трох гадоў "хіміі" – 1 год і 1 месяц калоніі. Цяпер Дзмітрый утрымліваецца ў СІЗА Віцебска.

Нагадаем, напрыканцы лістапада адміністрацыя ПУАТ-9 у Віцебску паставіла палітзняволенага на новы ўлік як «схільнага да самавольнага сыходу з установы». У снежні-студзені ён па чатырох рапартах аб парушэннях быў змешчаны ў ШІЗА на 40 сутак. Пасля вяртання яго на «хімію» пры паходзе ў краму ён пакінуў ПУАТ — яго змясцілі ў СІЗА да суда. Але праз некаторы час яго вярнулі на "хімію".

Дзмітрый Абрамук – фігурант берасцейскай "справы карагодаў". 15 сакавіка суд пакараў Дзмітрыя двума гадамі "хіміі" па арт. 342 КК. Праз некалькі месяцаў яго асудзілі да двух гадоў "хіміі" яшчэ і па арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі. З улікам неадбытага пакарання, шляхам складання прызначылі тры гады "хіміі".

Днямі ў гэтым жа ПУАТ замянілі пакаранне на больш жорсткае яшчэ аднаму палітвязню – Раману Смолькіну. На гэтай "хіміі" адбываў тэрмін палітзняволены рок-музыка Ігар Банцэр.


Пераслед у Магілёве

18 лютага сілавікі прыйшлі з ператрусам да былога выкладчыка МДУ ім. Куляшова, кандыдату гістарычных навук Аляксандру Агееву.


Затрыманне музыкі ў Мінску

Канстанцін Зімніцкі
Канстанцін Зімніцкі

Раніцай 18 лютага ў сябо дома быў затрыманы 22-гадовы музыка і студэнт Канстанцін Зімніцкі

"Было 7 раніцы, мы спім і чуем званок у дзверы. Косцін тата адчыніў дзверы і забег АМАП і надзеў на Косцю кайданкі. Правялі ператрус, мы не разумелі, за што. Назвалі артыкулы за хуліганства, экстрэмізм і наркотыкі. Яго забралі ва ўпраўленне КДБ. Тэлефон яго забралі і сцягі. Натуральна, ніякіх наркотыкаў не было", —  распавядаюць пра затрыманне музыкі яго родныя.


Вызваленне палітзняволенай Наталлі Хершэ

Першае фота Наталлі Хершэ на волі
Першае фота Наталлі Хершэ на волі

18 лютага на волю выйшла палітзняволеная Наталля Хершэ. Пра гэта паведаміў у сваім Twitter прэзідэнт Швейцарскай Канфэдэрацыі Іньяцыо Касіс.

«Я рады, што дыпламатычныя намаганні Швейцарыі акупіліся. Мы з пасольствам Швейцарыі ў Беларусі працягваем заклікаць да вызвалення ўсіх арыштаваных за ажыццяўленне палітычных і грамадзянскіх правоў», — напісаў Касіс.

Наталля Хершэ павінна была выйсці на волю 27 студзеня 2023 году. Пра гэта яна пісала ў лісце сваёй дачцэ ў кастрычніку 2021 года.

Брат Наталлі Хершэ распавёў "Нашай Ніве" пра яе вызваленне:

«Мяне запрасілі ў амбасаду, сакратарка папрасіла ўзяць дакументы Наталлі, якія захоўваліся ў мяне, але я абсалютна нічога не ведаў. Проста думаў, што для чагосьці спатрэбіліся дакументы.

А мяне павіншавалі з вызваленнем Наталлі і сказалі, што праз 15 хвілін выязджаем на машыне ў аэрапорт у віп-залу. Туды прывезлі Наталлю ў бусіку ў турэмнай робе.

Мы каля 40 хвілін прасядзелі ў зале чакання, праўда, у прысутнасці службовых асобай. Нас пачаставалі кавай, гарбатай, цукеркамі.

Наталля вельмі худая, настолькі тонкая… Усе валасы сівыя, толькі кончыкі бялявыя засталіся. Казала, што траціна валасоў выпала. Але нават так яна выглядае добра. Настрой пазітыўны. Вытрымала».


Затрыманні ў Мінску і Горках

У Мінску 17 лютага супрацоўнікі затрымалі 51-гадовую Алену Левіну. Вядома, што адразу яе даставілі ў Ленінскі РУУС, а потым перавезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. У ліпені Алена адседзела на Акрэсціна 45 сутак запар па трох пратаколах. У верасні яе зноў затрымалі, але пасля суда яе адпусцілі — яе аштрафавалі на 5 базавых велічыняў. Паводле якога артыкулу Алену затрымалі на гэты раз — невядома.

У Левінай ёсць праблемы са слыхам: яна носіць слыхавы апарат. У мінулы раз на Акрэсціна ў Алены селі батарэйкі ў апараце, а без яго жанчына вельмі дрэнна чуе. Супрацоўнікі ЦІПа тады адмовіліся перадаць для яе новыя батарэйкі, пры тым, што яны прынялі іх ад сваякоў жанчыны. На сваю просьбу яна атрымала адказ ад супрацоўніка ЦІПа Аляксея Цішэчкіна: «Мне пох..й чуе яна ці не». Падчас другога суда Левінай усё ж такі выдалі батарэйкі, каб яна магла ўдзельнічаць у судовым працэсе, але адразу пасля суда іх зноў забралі.

17 лютага ў Мінску была затрыманая Кацярына Піскун. Падрабязнасці затрымання і месцазнаходжанне жанчыны невядомыя.

16 лютага наўпрост на працы затрымалі Таццяна Заяц.

17 лютага ў Горках пасля ператрусу затрымалі сябра партыі КХП БНФ Віктара Каралькова. У Мінску ў гэты дзень затрымалі супрацоўніка EPAM Аляксея Паповіча. Прычыны і падрабязнасці затрымання невядомыя.


Ператрусы і допыты палітвязняў на "хіміі"

17 лютага працягнуўся ціск на палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых установах адкрытага тыпу. Так, ператрусы і допыты палітвязняў адбыліся ў папраўчай установе адкрытага тыпу №46 (г.п. Круглае). Там свае тэрміны адбываюць 10 палітвязняў. Ператрусы і допыты праводзілі супрацоўнікі КДБ. Аднаго з палітвязняў дапытвалі 12 гадзін.

Таксама ператрусы адбыліся ў палітвязняў папраўчай установы адкрытага тыпу №43, што месціцца ў Магілёве. На гэтай «хіміі» свае тэрміны адбываюць 20 палітвязняў. Паведамляецца, што з-за ператрусаў зняволеных не выпусцілі на працу.

Увечары 17 лютага супрацоўнікі КДБ зладзілі ператрусы ў зняволеных папраўчай установы адкрытага тыпу №29, што месціцца ў Ваўкавыску, дзе свае тэрміны адбываюць 9 палітвязняў.


Тэрмін утрымання пад вартай палітзняволенага Эдуарда Бабарыкі працягнуты яшчэ на два месяцы

Да 14 красавіка ён будзе знаходзіцца ў мінскім СІЗА, калі гэтае рашэнне не будзе адмененае, піша @viktarbabarykaofficial. Нагадаем, сыну Віктара Бабарыкі прад'явілі новыя абвінавачанні, яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. 

Падтрымаць палітвязня:

СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Эдуард Віктаравіч Бабарыка


Грашовы перавод палітвязню ў СІЗА — «спроба фінансавання тэрарызму»

Наста Лойка
Наста Лойка

Праваабаронца Наста Лойка хацела перавесці 50 рублёў знаёмаму, які знаходзіцца ў СІЗА — ёй адмовілі, а пашпарт дзяўчыны патрапіў пад адмысловы кантроль праз «спробу фінансавання тэрарызму».

"Я прыйшла на пошту, аформіла бланк электроннага пераводу, аддала касіру паперу. І калі яна пачала ўводзіць інфармацыю, у яе высветлілася адзнака [аб тым, што чалавек з СІЗА знаходзіцца ў «Пераліку арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці»]. Яны папрасілі ў мяне пашпарт, зрабілі адзнаку ў фінансавай сістэме, сказалі, што не могуць прыняць перавод і што мае дадзеныя пойдуць на фінансавы кантроль", — кажа Наста.

Мама гэтага ж хлопца спрабавала перавесці яму грошы з моманту ягонага затрымання ў канцы 2020 года, але ёй ні разу не ўдалося гэтага зрабіць. Ужо пасля гісторыі праваабаронцы жанчына прыгадала, што ёй таксама нешта казалі пра фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці, піша блог «Отражение».


Палітвязень Мікіта Емельянаў трымае галадоўку — за гэта яго кідаюць у ШІЗА 

Стала вядома, за што палітвязня Мікіту Емяльянава караюць суткамі ў штрафным ізалятары. Двойчы яму выносілі спагнанні за тое, што Мікіта адмаўляўся прыбіраць прагулачны дворык. Яшчэ адзін раз — за тое, што не зрабіў даклад падчас праверкі.

Мікіта Емяльянаў кажа, што сапраўды адмаўляўся прыбіраць дворык, бо на прагулку яго прыводзілі ва ўжо брудны двор, дзе было наплявана іншымі вязнямі, накідана цыгарэтных агаркаў. Палітвязень не адмаўляецца прыбіраць за сабой, ён сочыць за чысцінёй у камеры, але не разумее, чаму на думку адміністрацыі турмы прыбіраць за астатнімі таксама мусіць менавіта ён.

Вядома, што супрацоўнікі адміністрацыі не прымаюць скаргі і заявы ад Мікіты, таму ён на знак пратэсту аб'явіў сухую галадоўку з 3 лютага і трымаў яе 10 дзён. Пасля ён пачаў піць ваду праз дрэннае самаадчуванне, але працягвае галадоўку.

Нагадаем, Мікіта Емяльянаў з 18 студзеня бесперапынна знаходзіцца ў ШІЗА. За гэты час яму вынеслі чатыры спагнанні агулам на 34 сутак. 

З 27 студзеня яго пачалі судзіць на тэрыторыі турмы №4 па абвінавачванні ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнні правілаў унутраннага распарадку (ч. 2 арт. 411 КК). Палітвязню пагражае да 2 гадоў зняволення.

Прызначаны на 16 лютага працяг судовага пасяджэння не адбыўся праз хваробу суддзі Аксаны Ратнікавай.

Падтрымаць палітвязня:

Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Емяльянаву Мікіту Уладзіміравічу

Палітвязень Уладзімір Мацкевіч спыніў галадоўку

Палітвязень Уладзімір Мацкевіч
Палітвязень Уладзімір Мацкевіч

Увечары 3 лютага палітвязень пачаў галадоўку, патрабуючы змены меры стрымання на не звязаную са зняволеннем, завяршэння следства па справе і прызначэння даты суда. 15 лютага Мацкевіч перайшоў да «сухой галадоўкі». Увечары 16 лютага філосаф спыніў галадоўку.

«Учора я пачаў адключацца. Сусед выклікаў урачоў, рабілі кропельніцу. Пасля працэдуры была сустрэча са следчым, з якой я заключыў, што справа зрушылася з мёртвай кропкі. Я спыніў галадоўку і ўвечары каля 19.00 напісаў заяву. Спадзяюся, што аднаўляць не давядзецца»,перадае словы палітвязня ягоны адвакат.

З заявы, якую распаўсюдзілі праўладныя тэлеграм-каналы, вынікае, што акрамя арт. 342 КК палітзняволенаму Уладзіміру Мацкевічу ікрымінуецца і ч.1 арт.361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Раней пра гэта вядома не было.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства