«Дзе ты была, калі катавалі беларускі народ?» Рэгіна Лавор распавядае пра 10 сутак арышту ў ІЧУ Іўя і галадоўку
Стваральніца Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіна Лавор, асуджаная да двух гадоў «хатняй хіміі» за абразу намесніка начальніка Іўеўскага РАУС і старшага інспектара, у канцы студзеня была арыштаваная на 10 сутак за «парушэнне рэжыму адбыцця пакарання». Невыносныя ўмовы ўтрымання ў ІЧУ пры Іўеўскім РАУСе, галадоўка, пагрозы ад начальніка ІЧУ – Рэгіна распавяла «Вясне», што ёй прыйшлося перажыць за гэтыя 10 сутак арышту ў адзіночнай камеры.
Першая вымова
50-гадовая Рэгіна Лавор пачала адбываць «хатнюю хімію» з 1 снежня. Як яна раней распавядала «Вясне», за месяц яе паспелі праверыць 23 разы, у тым ліку, у начны час. Пасля ўступлення прысуду ў сілу жанчыне далі 15 дзён на працаўладкаванне. Рэгіна па адукацыі культуролаг і музеязнаўца, 24 гады адпрацавала ў галіне культуры, таму яна шукала працу ў сферы культуры, але ўсюды яна атрымлівала адмовы, таму Рэгіна зарэгістравалася рамесніцай. У сярэдзіне студзеня жанчына запісалася на прыём да старшыні райвыканкама і атрымала на гэта пісьмовы дазвол у інспектара мясцовага РАУС. Але наведванне райвыканкама усё адно было расцэнена як парушэнне рэжыму «хатняй хіміі».
Гэта была першая вымова за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання. Рэгіна не пагадзілася з гэтым і падала скаргі ў УУС Гродзенскага аблвыканкама і МУС, але безвынікова.
«У 23.29 я нібыта адсутнічала па месцу жыхарства». Другая вымова
28 студзеня каля 20:00-21:30 участковы Стубеда праводзіў чарговую праверку адбыцця «хатняй хіміі» Рэгіны Лавор. 1 лютага раніцай начальнік ДАІ Дзмітрый Ткач выклікаў жанчыну да сябе позвай. Пасля гэтага жанчына пайшла ў інспекцыю, каб атрымаць дазвол ехаць у Мінск для набыцця матэрыялаў для рамесніцтва. Але замест размовы пра працоўную паездку жанчыны, ёй паказалі рапарт аб парушэнні рэжыму «хатняй хіміі»:
«Стубеда пры кантрольнай праверцы склаў рапарт, што ў 23:29 я нібыта адсутнічала па месцу жыхарства. Мне нават не далі прачытаць рапарт да канца».
На сустрэчы з Лавор прысутнічалі інспектар Д. Варабей і міліцыянт Д. Галавенка. Тлумачэнні Рэгіна пісаць адмовілася, бо не разумела, пра якое парушэнне ідзе гаворка. З пастановай аб накладанні пакарання яна таксама адмовілася знаёміцца.
«У выніку разборак мне стала дрэнна і каля 12 гадзін у інспекцыю выклікалі хуткую. Паколькі ў мяне была тэмпература 37,2 фельдшарка сказала, што вымушана мяне ізаляваць з грамадскага месца, але ў гэты час ў кабінет прыйшоў начальнік Іўеўскага РАУС Вадзім Шчурскі».
Замест прыёма ў пракуратуру – ІЧУ у швэдары і шкарпэтках
Пасля гэтага Рэгіну паспрабавалі абшукаць, але яна не дазволіла. Замест гэтага яна паспела напісаць скаргу ў пракуратуру аб затрыманні і заяву аб абвяшчэнні галадоўкі.
«Калі я выйшла ў калідор, то ўбачыла сястру і паспела перадаць ёй заяву ў пракуратуру».
Што характэрна, Рэгіна Лавор у той дзень была запісана на прыём у пракуратура. Але замест пракуратуры, яна апынулася ў ІЧУ.
«Я апынулася ў ІЧУ без рэчаў – у адным швэдары і шкарпэтках. Верхнюю вопратку і абутак забралі».
Камера-адзіночка, цвіль на сценах і «асаблівыя» ўмовы ўтрымання
Усе 10 сутак арышту Рэгіну ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры. Па словах жанчыны, яна там сядзела ў 2021 годзе па крымінальнай справе, па якой яе асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі». У ІЧУ жанчыне забаранілі ліставанне. Рэгіне аддалі лісты, калі яна ўжо выйшла на волю пасля арышту.
«Пра тое, што ў мяне асаблівыя ўмовы ўтрымання, я сама даведалася праз некалькі дзён. У ІЧУ у мяне забралі сумку, грошы, тэлефон, карткі, футру і боты. Два міліцыянты груба схапілі мяне за рукі і кінулі ў камеру. Я апынулася на падлозе.
Камера – звычайная. Драўляныя нары на чатыры чалавекі, стол і лава на два чалавекі, туалет і ўмывальнік. Там было вельмі брудна, сцены чорныя ад цвілі. Мне адразу не далі ні пасцельнай бялізны, ні матраца, ні падушкі, ні коўдры».
Чатыры дні галадоўкі і шпіталь
Галадоўку ў знак пратэсту Рэгіна абвесціла з моманту затрымання, калі перадала заяву ў пракуратуру праз сястру. На другі дзень арышту, па словах Рэгіны, яна ўчыніла бунт: біла ў дзверы, крычала. За час галадоўкі жанчына схуднела на пяць кілаграм – цяпер яна важыць 45 кілаграмаў.
«Пазней мне прынеслі халат, штаны, трусы, швэдар, шкарпэткі, зубную пасту і шчотку, туалетную паперу і ваду. На другі дзень арышту, калі я папіла вады, то ў мяне пачалася рвота: яна была ад абеда да вечара. Да мяне выклікалі хуткую дапамогу, нават вазілі ў прыёмны пакой Іўеўскага шпіталю. Там некалькі гадзін аказвалі дапамогу, але ў шпіталізацыі адмовілі, нават не прапісалі пасцельны рэжым. У выніку, я вярнуся на голыя нары.
Праз чатыры дні галадоўкі, я вырашыла, што мне трэба змагацца. У суботу ў абед я спыніла галадоўку. У абед я з'ела некалькі лыжак супу».
Паляпшэнне ўмоваў і "адсутнасць парушэнняў"
Рэгіна Лавор лічыць, што менавіта галадоўкай яна дамаглася паляпшэння ўмоваў утрымання:
«Адзенне перадалі, лекі таксама дазволілі. Якасць ежы палепшылася, цёплую ваду па просьбе давалі, камеру праветрывалі, пракурора выклікалі. Мне нават дазволілі ляжаць на нарах, на якія я падсцілала ўсё, што мела: трусы, шкарпэткі, штаны. Мне нават далі два аркушы паперы і ўзялі мае скаргі».
Па словах Рэгіны, 1 лютага ў ІЧУ прыходзіў намеснік пракурора Віктар Жыдзель.
«Адчынілі дзверы, я стаяла ў камеры, ён – у калідоры. Я зрабіла заўвагі наконт маіх парушэнняў і накладання пакаранняў, прасіла правесці праверку».
Але намеснік пракурора адказаў пісьмова толькі трэцяга лютага: «Парушэнняў з боку супрацоўнікаў няма, пракурорскага рэагавання не патрабуецца».
Па словах Рэгіны, матрац, коўдру, падушку давалі з 22 вечара і да 6 раніцы, вада была халодная, святло гарэла ўвесь час, прагулак не было. У камеры было зімна, ацяпленне а 6 гадзін раніцы нібыта адключалі. Перадач яе пазбавілі адразу:
«Нават у нядзелю не прынялі лекі, што я прасіла».
«Прашу ўсіх спыніць галадоўку»
Але нягледзячы на эфектыўнасць такога спосабу пратэсту як галадоўка, Рэгіна заклікае не галадаць за кратамі:
«Магчыма, іншай магчымасці выказваць пратэст няма, але непадрыхтаванаму чалавеку вытрымаць складана. Правільна сказала Вольга Івашына [жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына]: "Не трэба радаваць ворага, трэба змагацца, а сілы для гэтага патрэбны". Таму прашу ўсіх, хто зараз галадае ў знак пратэсту, спыніць галадоўку: «Вы патрэбныя нам жывыя, здаровыя, каб будаваць будучыню нашай краіны».
«Збірала крошкі хлеба»
Рэгіна адзначае, што нягледзячы на тое, што ежу для арыштантаў гатуе мясцовы рэстаран, яе немагчыма было есці:
«На сняданак былі зліплыя макароны, гарбата і хлеб. На абед – суп, тыя ж макароны, рыба, хлеб. На вячэру ў пяць гадзін вечара давалі катлету, салат з капусты, кісель. Есці гэта было немагчыма. На сняданак я брала гарбату і хлеб, у абед ела суп з гнілой капусты і буракоў.
Самае каштоўнае – хлеб, хоць і чэрствы. Я нават збірала крошкі. Чамусьці ўспомніла, як матуля мне распавядала, як пасля вайны ёй парвалі сукенку ў чарзе за хлебам».
Пасля заўваг Рэгіны адказнаму па РАУС, якасць ежы "трохі палепшылася". Пра адносіны супрацоўнікаў ІЧУ жанчына адзначае, што ўсё залежала ад змены. Некалькі разоў за 10 сутак ёй давалі цёплую ваду, каб памыцца і грэлі ежу, калі яна прасіла.
«Начальнік ІЧУ пагражаў калоніяй»
Як распавядае Рэгіна, на праверку яе выводзілі два разы на дзень: у восем раніцы і восем увечары. На іх асабіста прысутнічаў начальнік ІЧУ Віталь Спевак.
«Начальнік пагражаў мне папраўчай калоній № 4, што я хутка там апынуся, крычаў.На кожнай праверцы я змагалася: выказвала заўвагі на ўмовы ўтрымання, па ежы. Таксама выказвалася пра іх сумленне, бо ўсе мы ў Іўе ведаем адзін аднаго».
«Мне не будзе сорамна перад унукам»
Як распавядае Рэгіна, трымацца і змагацца нават у зняволенні ёй дапамагалі думкі пра родных і будучыню ўнука:
«Я ведала, што я не адна. Пакуль я змагалася за кратамі, мая сям'я змагалася на волі: звярталіся ў РАУС, пракуратуру, шпіталь.
За кратамі я думала пра сям'ю, мужа, дзяцей, пра будучыню свайго ўнука, пра тое, што я шчаслівы чалавек. Калі мой унук запытае ў мяне: «Бабуля, а дзе ты была, калі катавалі беларускі народ, што ты рабіла для нашай краіны?» Мне не будзе перад ім сорамна, бо гэтае пытанне хутка паўстане перад кожным. Дзеці і ўнукі тых, хто сёння катуе народ, таксама запытаюць пра гэта. За кратамі я шмат думала пра Марфу Рабкову [палітзняволеную каардынатарку Валанцёрскай службы “Вясны”]”.
Цяпер у планах Рэгіны Лавор заняцца адраджэннем рамёстваў, развіццём мовы і культуры, захаваннем бацькоўскай спадчыны праз кнігі, рэчы, традыцыі і рамёствы. А таксама абскарджваць незаконнае пакаранне і ўмовы ўтрымання. У пракуратуры Іўеўскага раёна жанчыне паведамілі, што яе скарга перанакіраваная ў УУС Гродзенскага аблвыканкама, пракуроры паставілі пытанне на кантроль.
За месяц — 23 праверкі. Як жыхарка Іўя адбывае «палітычную хатнюю хімію»