viasna on patreon

Леанід Судаленка: «Думаю, да восені ўсе палітычныя будуць дома»

2022 2022-02-04T11:47:47+0300 2022-02-04T12:58:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_sudalenko.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка ў судзе. Фота: Гомельскія ведамасці

Леанід Судаленка ў судзе. Фота: Гомельскія ведамасці

У гадавіну свайго арышту і змяшчэння ў СІЗА №3 Гомеля Леанід Судаленка ў лісце з турмы гамяльчанцы Тамары ўзгадвае пагадзінна падзеі таго дня і дзеліцца думкамі наконт судовай сістэмы ў Беларусі на прыкладзе сваёй справы. Пра гэта піша "Гомельская Вясна". 

«Сёння роўна год, як я заехаў у гомельскі цэнтрал. Год таму ў гэты дзень аператыўнікі мяне забралі на службовай «Шкодзе» у 11.00 з ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання, – ад рэд.) і прывезлі ў абласны СК.

Я тады быў абсалютна перакананы, што крымінальная справа будзе па ч. 2 арт. 342 КК РБ, якая не дае права на ўтрыманне да суду пад вартай і думаў, што адпусцяць дадому. Менавіта пра гэта я пісаў у сваім адкрытым лісце, якое было надрукавана пасля майго затрымання.

Гэту ўпэўненасць мне даў намеснік міністра МУС Казакевіч, які напярэдадні па ТВ у вечаровым эфіры, каментуючы вобшук, які прайшоў у маім офісе, казаў менавіта пра другую частку, якая прадугледжвае 2 гады максімальна пазбаўлення волі.

Але я памыліўся, ці дакладней, не чакаў такога бязмежжа, калі яны мне дадалі яшчэ і частку першую арт. 342 – да 3-х год, што дало легальнае права закрыць да суду і мяне, і Таццяну (Ласіца – памочніца Судаленкі, – ад рэд.).

Адкуль мне было ведаць, што 19 студзеня, калі я яшчэ знаходзіўся ў ІЧУ і не была яшчэ ўзбуджана справа, у СК супраць мяне даў паказанні Какойта (Яўген Катляроў, – ад рэд.), які галаслоўна абвінаваціў мяне ў арганізацыі ўсіх пратэстаў у Гомелі. Гэтыя ягоныя паказанні чалавек у мантыі суддзі паклаў у аснову абвінавачання ў прысудзе, а яго трое калег з апеляцыйнага суду іх зацвердзілі. У абодвух выпадках служыцелі Фэміды адхілілі маё хадайніцтва аб допыце Катлярова, але, відаць, у іх была іншая задача – засудзіць мяне любой цаной.

Каля 13.00 мне было прад’яўлена абвінавачанне па абодвум часткам арт. 342 КК. Ад такога бязмежжа ў мяне тады падняўся ціск, з носу пайшла крывя, выклікалі хуткую.

Сяргея Краснова маім адвакатам не дапусцілі ў СК, прызналі яго сведкам. Так з’явілася Ганна Паўлюк, якая потым паціху «злілася», і жонка наняла дзяжурнага адваката Вікторыю Фаменка, якая дайшла са мной да прысуду.

Па сутнасці гэты клоўн Какойта даў паказанні яшчэ да ўзбуджэння справы, што незаконна, але гэтая акалічнасць нікога не здзівіла. Я патрабаваў узбудзіць супраць яго крымінальную справу за ілжэсведчанне абласны СК, пракуратуру і КУС. Занялі колавую абарону – пакуль яго выгароджваюць.

Менавіта па гэтай прычыне я думаю і суд зрабілі закрытым, а не публічным. Таму што, іншым разам –  не да законаў, калі трэба любой цаной.

Пасля абеду мяне год таму спусцілі ў падвал, дзе я прасядзеў у клетцы да 18.00. У 19.00 прыкладна мяне завезлі сюды ў СІЗА. Забралі грошы, шнуркі ды інш. Далі 10 хвілін памыцца ў душы і вось ужо год як я тут.

Узнікае пытанне – нашто ўладзе ўсе гэтыя ліпавыя прысуды, якія дакладна будуць адменены? Бо, нават у СССР пры моцнай КПСС, палітычных рэпрэсаваных рэабілітавалі. Зараз іншы час і думаю гэта адбудзецца хутчэй.

Значыць, трэба дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца. Іншага тлумачэння таму, што адбываецца ў Беларусі, калі ў краіне ўжо за тысячу палітычных, я не бачу.

Думаю, пройдзе яшчэ гэтая мітусня вакол Канстытуцыі і да восені пытанне палітычных усё роўна давядзецца вырашаць. Таму, думаю, да восені ўсе палітычныя будуць дома. Гэта мае прагнозы з турэмнай камеры, дзе радыёкропка і газета «СБ» фармуюць маю навінную павестку.

За гэты час я даведаюся пра жыццё ў калоніі. Мяне, як ты ведаеш, у Віцьбу (ПК-3) вызначылі на перавыхаванне. Туды паеду да канца студзеня. Але ты пішы на гэты адрас, лісты пойдуць услед за мной. Калі даведаюся новы адрас, адразу паведамлю.

20 студзеня 2022 г. Леанід».

Нагадаем, 18 студзеня 2021 года кіраўніка Гомельскай філіі "Вясны" Леаніда Судаленку затрымалі па дарозе на офіс і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).

3 лістапада суд Цэнтральнага раёна горада пакараў праваабаронцу трыма гадамі пазбаўлення волі, а 14 студзеня Гомельскі абласны суд адхіліў яго апеляцыйную скаргу.

26 студзеня палітзняволенага Леаніда Судаленку этапавалі ў папраўчую калонію №3 "Віцьба". 

Падтрымаць нашага калегу Леаніда лістамі салідарнасці

Адрас: ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства