viasna on patreon

«Не ведаў, што слова з Бібліі можа быць непрыстойным». За каментар «Іуда» у Аднакласніках дворніку з Полацка далі 2,5 гады хатняй «хіміі»

2022 2022-02-05T16:31:46+0300 2022-02-05T16:46:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ledak_aleksandr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Лядак

Аляксандр Лядак

Праваабаронцам стала вядома аб выніках судовага пасяджэння, якое прайшло 1 лютага ў судзе Полацкага раёна і Полацка па справе Аляксандра Ледака. Мужчыну абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 369 – «Абраза прадстаўніка ўлады».

Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Андрэй Дзергачоў. Бок дзяржабвінавачання падтрымлівала Таццяна Шабека.

Пра абвінавачанага вядома, што яму 52 гады. Мужчына жыве ў Полацку з 74-гадовай маці, у якой нядаўна здарыўся інсульт, і з братам, які не можа працаваць праз хваробу. Аляксандр разведзены, дзеці ўжо выраслі і з ім не жывуць. Сам ён працуе дворнікам і адзін забяспечвае сябе, маці і брата.

Свае правы ў судзе мужчына адстойваў без адваката. Падчас судовага пасяджэння ён растлумачыў, што адмова ад абаронцы не была вымушанай і што да гэтага рашэння яго ніхто не схіляў.

Аляксандра Ледака абвінавачваюць у тым, што з 9 па 11 ліпеня 2020 года, «маючы намер на абразу прадстаўніка ўлады? старшага ўчастковага інспектара міліцыі Аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі аддзела міліцыі Першамайскага раёна Бабруйска капітана міліцыі Андрэя Камара», мужчына напісаў пад яго фатаграфіяй у Аднакласніках каментар «Іуда».

Гаворка ідзе аб пасце на персанальнай старонцы Вольгі Карач у Аднакласніках. У ім размешчаны фотаздымак Андрэя Камара з подпісам: «Гэта я даваў паказанні ў судзе, каб невінаватых адправілі на суткі – старшы ўчастковы інспектар УУС Бабруйскага гарвыканкама Андрэй Камар».

Пацярпелы на судовае пасяджэнне не з'явіўся з-за далёкасці пражывання, але паведаміў суду, што каментар Аляксандра Ледака прынізіў яго гонар і годнасць, бо слова «Іуда» ўяўляе сабой «ненарматыўную форму маўленчага выказвання». Таксама, па словах Камара, каментар, які пад яго фатаграфіяй пакінуў Лядак, прычыніў яму «маральныя пакуты, падарваў яго аўтарытэт, асабістыя прафесійныя якасці, а таксама аўтарытэт органаў унутраных спраў у вачах нявызначанай групы асобаў».

Дарэчы, акрамя каментара Аляксандра Ледака, пад тым жа пастом у Аднакласніках іншыя карыстальнікі пакінулі больш за 230 запісаў. Пераважная большасць з іх - асуджальная. Участковы ўжо стаў «знакамітым» ў вузкіх колах. Апошнім часам яго прозвішча часцяком гучыць у судах - Камар судзіцца з крыўдзіцелямі і амаль ва ўсіх у якасці маральнай кампенсацыі запытвае 1000 рублёў. Аляксандр Лядак не стаў выключэннем. З яго Камар таксама запатрабаваў 1000 рублёў.

Падчас допыту Аляксандр Лядак цалкам прызнаў сваю віну. Мужчына распавёў, што асабіста ўчастковага Камара ён не ведае, помсціць яму не збіраўся, а на тую старонку Вольгі Карач зайшоў выпадкова.

Дзяржабвінаваўца: «Вы разумелі, што каментар, які вы пакінулі, даступны для публічнага прагляду»?

Абвінавачаны: «Разумеў, проста я не ведаў, што гэта непрыстойнае слова».

Дзяржабвінаваўца:«А якое вы думалі»?

Абвінавачаны: «Гэта слова ёсць у Бібліі. Я не ведаў, што яно можа быць непрыстойным».

Суддзя: «Раскажыце сваімі словамі, навошта вы ўвогуле ўсё гэта зрабілі? Навошта размясцілі каментар»?

Абвінавачаны: «Ды я сам не ведаю».

Суддзя: «Гэта ж невыпадкова. Нельга выпадкова набраць тэкст».

Абвінавачаны: «Гэты тэкст у мяне вырваўся проста. Пісаў я гэта не ў адрас Камара, а ў адрас людзей, якія даюць такія паказанні».

Таксама падчас допыту Аляксандра Ледака, высветлілася, што сума, якую пацярпелы запытвае ў якасці маральнай кампенсацыі, для абвінавачанага практычна непад'ёмная.

Суддзя: «З прад'яўленым вам грамадзянскім пазовам у 1000 рублёў згодныя»?

Абвінавачаны: «Мне няма чым плаціць, я столькі не зарабляю. У мяне заробак 400 рублёў».

Суддзя: «З самой сутнасцю іскавых патрабаванняў вы згодныя»?

Абвінавачаны: «Згодны».

Падчас судовага пасяджэння было зачытана заключэнне лінгвістычнай экспертызы: «Лексема «Іуда» змяшчаецца ў тлумачальным слоўніку сучаснага рускай літаратурнай мовы з указаннем на лаянкавую функцыю, якая прыніжае гонар і годнасць пацярпелага Камара».

Пракурорка прапанавала ўлічыць асабістыя абставіны абвінавачанага

Падчас судовых спрэчак пракурорка Таццяна Шабека выказала пазіцыю боку абвінавачвання: «Віна Аляксандра Ледака пацверджаная падчас папярэдняга следства і ў судовым пасяджэнні. Таксама віна абвінавачанага знайшла сваё сцверджанне ў ходзе даследаванння пісьмовых матэрыялаў справы і лінгвістычнай экспертызы».

Пры прызначэнні пакарання пракурорка прапанавала улічыць той факт, што на «момант здзяйснення злачынства, яно адносілася да катэгорыі злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі», а таксама прапанавала суду ўлічыць асабістыя абставіны абвінавачанага. У прыватнасці тое, што мужчына жыве з маці-пенсіянеркай і з братам, які знаходзіцца на лячэнні, і фактычна толькі Аляксандр Лядак зараз забяспечвае сям'ю.

У якасці пакарання дзяржабвінаваўца запытала прызначыць Аляксандру Ледаку пакаранне ў выглядзе 2 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

У сваім апошнім слове авбінавачаны яшчэ раз паўтарыў, што не хацеў абразіць Камара.

1 лютага суд Полацкага раёна і Полацка прызнаў Аляксандра Ледака вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 369 – «Абраза прадстаўніка ўлады», прызначыўшы яму 2,5 гады хатняй «хіміі». Меру утрымання суд пакінуў ранейшай - падпіска аб нявыездзе і належныя паводзіны да ўступлення прысуду ў законную сілу. Таксама суд абавязаў абвінавачанага выплаціць 1000 рублёў пацярпеламу Камару і 96 рублёў судовых выдаткаў на карысць дзяржавы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства